Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

У Баранавічах бацькі першакласнікаў дамагліся стварэння беларускамоўнага класа ў гімназіі

2018.08.01 0

 Выява мае ілюстрацыйны характар.

Два гады жыхары Баранавіч дабіваліся стварэння беларускамоўнага класа ў гімназіі, што знаходзіцца ў цэнтры горада, паведамляе мясцовае выданне Intex-press. Раней улады прапаноўвалі ім іншыя школы ў мікрараёнах.

Адкрыць беларускамоўны клас ў гімназіі прапанаваў Сяргей Пузікаў, кіраўнік упраўлення па адукацыі гарвыканкама, пасля сустрэчы бацькоў з кіраўніцтвам горада 25 ліпеня.

30 ліпеня ва ўпраўленні па адукацыі прынялі канчатковае рашэнне стварыць клас на базе гімназіі №4. Першы год дзеці будуці навучацца ў садку №50, які размяшчаецца ў Паўночным мікрараёне. З другога класа заняткі будуць праходзіць на базе гімназіі.

– Нас такі варыянт задавальняе. Першыя класы гімназіі будуць навучацца таксама ў садках, і мы не выключэнне, – распавяла Intex-press Таццяна Малашчанка, маці адной з будучых першакласніц.

Цяпер бацькі азадачаныя пытаннем, хто можа стаць першай настаўніцай у іх дзяцей. Ва ўпраўленні па адукацыі іх упэўнілі, што ў гімназіі ёсць 6 настаўнікаў, якія могуць навучаць па-беларуску іх дзяцей.

– Якасць адукацыі ў гімназіі вельмі добрая, таму спадзяёмся, што пытанняў да настанікаў у нас не будзе, – сказала Таццяна Малашчанка.

Калі вы таксама жадаеце, каб вашыя першакласнікі навучаліся на беларускай мове, звяртайцеся ў гімназію №4. Пакуль заявы ў такі клас падалі 9 чалавек.

Кацярына Бубен, Intex-press

svaboda.org узяла каментар у дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў, старшыні Таварыства беларускай мовы Алены Анісім, якая спрычынілася да стварэння беларускамоўнага класа ў Баранавічах. І хоць Баранавічы па-за межамі яе выбарчай акругі, Анісім туды ездзіла і размаўляла з кіраўніцтвам горада.

"Я лічу, што гэта адзін з самых нармальных крокаў, які павінны быць зроблены паўсюль, дзе бацькі жадаюць даць сваім дзецям навучанне ці выхаванне, як у садках, на беларускай мове. Гэта нармальная сітуацыя.

Тут і ўлада паказала, што яна на сваім месцы і што ў ёй ёсць адказныя людзі. Яны чуюць грамадства, працуюць у прававым полі. Мой гонар і павага бацькам, якія ведаюць, чаго яны хочуць, і дамагаюцца свайго. Перамовы былі хоць і даўгія, але ў выніку сталі плённымі", — сказала Алена Анісім.

Уладзімер Глод, svaboda.org

Паводле афіцыйнай статыстыкі, беларускамоўных школ у краіне 46,6%, але бальшыня ў сельскай мясцовасці. У 2016/2017 навучальным годзе ў 1–11-х класах школ Беларусі навучалася прыкладна 967 тысяч дзяцей, з іх 128,6 тысячы (13,3%) — на беларускай мове.

У сталіцы Беларусі 7 беларускамоўных школ і гімназій, у абласных гарадах няма ніводнай беларускамоўнай школы. У некаторых абласных цэнтрах (Магілёве, Горадні) ёсць толькі малакамплектныя беларускамоўныя класы.

Толькі ў двух са 118 раённых гарадоў ёсць беларускамоўныя школы: пачатковая школа пры барысаўскай беларускамоўнай гімназіі № 2 і беларускамоўная сярэдняя школа № 4 у Янаве.

Бацькам беларускамоўных дзяцей нярэдка даводзіцца змагацца за адкрыццё беларускамоўных класаў, а таксама беларускамоўных груп у дзіцячых садках, аднак далёка не заўжды гэтыя высілкі прыносяць плён. Чыноўнікі ў адказ на пытанне бацькоў, як іх дзеці могуць скарыстацца канстытуцыйным правам — навучацца па-беларуску, прапануюць дзецям вывучаць родную мову на факультатывах і ў гуртках па інтарэсах, а таксама наракаюць, што бацькі самі не праяўляюць актыўнасці.


← вярнуцца ў навіны