Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Прапановы ТБМ па прэзентацыі Беларусі падчас Еўрапейскіх гульняў 2019 і па правядзенні грамадскай кампаніі перад перапісам насельніцтва

2018.09.21 0

На ліпеньскім паседжанні сакратарыята ТБМ было прынята некалькі важных рашэнняў, якія датычаць дзейнасці арганізацыі ў звязку з правядзеннем Еўрапейскіх гульняў і Перапісам насельніцтва ў 2019 г., а таксама пра падпіску на “Наша слова”.

І. Для таго, каб падчас правядзення Еўрапейскіх гульняў наша краіна была прэзентавана як адметная сваёй культурай (у тым ліку і мовай,) гісторыяй, цікавымі мясцінамі, месцамі адпачынку, ёсць прапанова стварыць сіламі краязнаўцаў па ўсіх раёнах Беларусі буклетаў на беларускай мове па наступным прыкладным узоры.

1.     Кароткая гістарычная даведка пра раён і яго цэнтр.

2.     Мясцовыя культурныя ўстановы (музеі і інш.).

3.     Помнікі гісторыі (замкі, палацы, храмы).

4.     Месцы адпачынку: сядзібы, гасцініцы, кавярні і г.д.

Некалькі адпаведных фотаздымкаў, па магчымасці – карта праезду ад сталіцы і маршрут па саміх мясцінах. Буклеты плануем рабіць дзвюхмоўнымі: беларуска-англійскі, -французскі, -іспанскі, -польскі, -літоўскі, -нямецкі, -італьянскі. Галоўнае – мець на першым этапе беларускі тэкст. Такія буклеты можна было б прапанаваць для размяшчэння па гасцініцах сталіцы ў якасці інфармацыйных матэрыялаў для замежных турыстаў.

ІІ. Для правядзення кампаніі па Перапісе някепска было б мець аргкамітэт з удзелам зацікаўленых асоб з розных арганізацый. У межах такой кампаніі можна было б правесці шэраг публікацый у СМІ, распрацаваць і выпусціць прадукцыю ў выглядзе налепак, буклетаў, абвестак, надпісаў на майках, відэа-ролікаў і інш. Калі такая супраца кагосьці зацікавіць, то напачатку верасня можна сабрацца для складання сумеснага плану дзейнасці.

ІІІ. Для таго, каб мець лепшыя камунікацыі ўнутры арганізацыі і даваць інфармацыю пра нашыя справы шырэй, прапануем нашым структурным арганізацыям павялічыць падпіску на газету “Наша слова” на 50%. Гэта дазволіць распавядаць пра нашыя справы не “на пальцах”, а праз публікацыі. І тым самым паспрыяе пашырэнню кола нашых прыхільнікаў, чытачоў і чальцоў.

Далучайцеся! З прапановамі супрацы і ідэямі пішыце на адрас siadziba@gmail.com 


← вярнуцца ў навіны