Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Слова Алены Анісім на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі

2018.04.29 0

  Выява мае ілюстрацыйны характар.

Паважаны Аляксандр Рыгоравіч!

Звяртаюся да Вас з нагоды таго, што неаднаразова падкрэслівалася Вамі падчас сустрэч у Палаце прадстаўнікоў, а менавіта пра важнасць агучваць праблемы, якія ўздымаюць людзі. Калі гаварыць у цэлым, то многіх нашых грамадзян хвалюе тое, каб  у Беларусі беларусы адчувалі сябе не горш, чым рускія ў Расіі, палякі ў Польшчы, італьянцы ў Італіі. Гэта падразумявае пэўныя стандарты якасці і ўзроўню жыцця.

Я хачу да Вас звярнуцца наконт праблемы, якую я неаднаразова ўздымала і ў грамадскай дзейнасці і падчас цяперашняй дэпутацкай, і якая мае непасрэднае дачыненне да таго, пра што Вы казалі ў сваім выступе,  чаму беларусы не адчуваюць сябе гаспадарамі на роднай зямлі, а моладзь усё часцей паглядае, куды з’ехаць. А менавіта пра рэальны статус дзяржаўнай беларускай мовы ў розных сферах.

Пачнём з таго, што у нас у адрозненне ад іншых краін, дзе існуе практыка прыняцця законаў на ўсіх афіцыйных ці дзяржаўных мовах, заканадаўства не прымаецца на дзвюх дзяржаўных мовах. Гэта прыводзіць да дысбалансу, што негатыўна адбіваецца ў стасунках грамадзян з дзяржаўнымі органамі і правакуе непатрэбныя канфліктныя часам сітуацыі. З пункту погляду юрыдычнага, што паказала правядзенне круглага стала ў Палаце прадстаўнікоў, ніякіх перашкод для станоўчага вырашэння пытання няма. Тым не менш, у адказах і прыватных размовах гучыць спасылка на тое, што без вышэйшай палітычнай волі гэта  вырашыць немагчыма.

Таму я, карыстаючыся магчымасцю, звяртаюся да Вас з наступнай просьбай. Магчыма, варта прыняць Указ аб тым, каб тэксты законаў і падзаконных актаў прымаліся адразу на абедзвюх дзяржаўных мовах на ўсіх узроўнях: ад раённага да агульнабеларускага. Акрамя таго, лічу, што было б добра, каб у Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь распрацавалі рэальную праграму пашырэння дзяржаўнай беларускай мовы ў сферы адукацыі і інфармацыйнай прасторы з далучэннем зацікаўленых і дасведчаных людзей з грамадзянскай супольнасці. Я ўпэўнена, што такая дзейнасць будзе прыхільна ўспрынята значнай большасцю грамадзян  нашай краіны, павысіць узровень даверу да ўлады і паспрыяе кансалідацыі грамадства. Як станоўчы прыклад выкарыстання беларускай мовы ў сферы інфармацыі, можна прывесці Міжнародны дзень роднай мовы 21 лютага, калі канал АНТ усе навіны агучваў на беларускай мове і рэакцыя гледачоў была наступнай: Якая  прыгожая беларуская мова! І што замінае рабіць гэта кожны дзень і на ўсіх беларускіх каналах? 

Чаму звяртаю ўвагу на сферу адукацыі. Калі казаць мякка, даволі дзіўна выглядае сітуацыя, што ў нас беларус не мае магчымасці аддаць сваё дзіця ў садок з беларускай мовай, павінен чамусьці збіраць яшчэ бацькоў, каб адкрыць клас з беларускай мовай навучання. І нават калі група збіраецца, бацькам адмаўляюць у праве навучаць дзяцей у дзяржаўным садку на беларускай мове ў рознаўзроставай групе, хоць гэта прадугледжана заканадаўствам. Калі гэта не вырашаецца на раённым узроўні, то на якім яно павінна вырашацца: на гарадскім, ці на ўзроўні Міністэрства адукацыі? Мала каго турбуе, што парушаецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, парушаецца Кодэкс аб адукацыі, не кажучы ўжо пра парушэнне элементарных правоў дзіцяці. Фактычна на пустым месцы ствараецца канфлікт паміж грамадзянамі і органамі ўлады.

Таму я прашу Вас зразумець важнасць гэтага пытання і падтрымаць мае прапановы па пашырэнні ўжывання дзяржаўнай беларускай мовы дзеля паразумення ў грамадстве, для забеспячэння нашай нацыянальнай бяспекі, у тым ліку маючы на ўвазе тую няпростую інфармацыйную сітуацыю, якая зараз склалася ў свеце.


← вярнуцца ў навіны