Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Зварот Сакратарыята ТБМ "Ушануем памяць продкаў"

2017.07.14 0

Зварот Сакратарыята ТБМ

Ушануем памяць продкаў

Шаноўныя сябры!

Неад'емнай часткай культуры кожнага народа з'яўляюцца могілкі.

Калі на могілках чысціня і парадак,значыць нацыя развіваецца, калі ж расце быльнёг і дзядоўнік, то народ і краіна – у вялікай небяспецы. Толькі ў часы нашай незалежнасці беларускія могілкі пачалі прыводзіцца ў парадак, там аднаўляюцца хрысціянскія сімвалы, у тым ліку памятныя крыжы і капліцы. Аднак, нас хвалюе адна небяспечная рэч. З часоў Расійскай імперыі, калі беларуская мова была забаронена, каталікі падпісвалі свае надмагіллі па-польску, а праваслаўныя – па-руску. Выключэнні складалі яўрэі і татары, якія ў той час зберагалі свае традыцыі і карысталіся сваімі алфавітамі.

За нядоўгі перыяд беларусізацыі ў 20-х гадах мінулага стагоддзя пачалі з'яўляцца помнікі з беларускай мовай. Аднак хваля сталінскай і хрушчоўскай русіфікацыі запаланіла нашы могілкі надпісамі на рускай мове. Пацярпелі ў тым ліку яўрэі і татары, бо і іх надпісы пачалі рабіць па-руску.

На жаль, гэта прыкрая для нас традыцыя існуе і зараз. Нягледзячы на тое, што 83,7% насельніцтва краіны вызнае сябе беларусамі, колькасць надмагільных надпісаў па-беларуску не перавышае 1-2%. Нават надмагіллі некаторых дзеячоў беларускай культуры іх нашчадкі падпісваюць па-руску. Пры гэтым, спрадвечныя імёны і прозвішчы беларусаў непазнавальна змяняюцца, Янка становіцца Іванам, а Алена - Еленай.

Таму мы звяртаемся да ўсіх грамадзян Беларусі з прапановай узнавіць спрадвечную традыцыю ўсталявання помнікаў сваім блізкім, якія адышлі ў іншы свет, з надпісамі па-беларуску, каб сцвердзіць сваю нацыянальную свядомасць і прыналежнасць да еўрапейскай сям’і народаў.

12.07.17

 


← вярнуцца ў навіны