Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
ІДЭІ — Міжнародны вопыт - для Беларусі

“І” ці “або”? Суіснаванне дзяржаўных моў паводле айчыннага і замежнага заканадаўстваў

Айчынны Закон аб мовах дае магчымасць арганізацыям не карыстацца адной з дзяржаўных моў, нават калі грамадзянін гэтага патрабуе. Няўжо ў іншых краінах таксама так?

Дзяніс Тушынскі

намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы

 

Сутнасць праблемы

У апошні час назіраецца ўздым цікавасці да беларускай мовы, прыкладамі таму новыя моўня курсы і Свята роднай мовы. Некаторыя заявы афіцыйных асобаў нават дораць асцярожную надзею, што дзяржава выпрацуе моўную палітыку, якая будзе спрыяльнай і праактыўнай у адносінах да беларускай мовы.

Але сёння жыхары Беларусі не могуць паўсюдна рэалізаваць сваё права карыстацца ёй у афіцыйных зносінах, напрыклад, атрымліваць на ёй інфармацыю, карыстацца складзенымі на ёй бланкамі, спасылацца на афіцыйныя беларускамоўныя тэксты законаў. І гэта нягледзячы на тое, што адна з мэт айчыннага моўнага заканадаўства – ахова правоў i свабод у сферы ўжывання моў.

 Гэта праблема звязана з выкарыстаннем у шэрагу артыкулаў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” злучніка “або” для раздзялення беларускай і рускай моў. Напрыклад, “акты дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь прымаюцца і публікуюцца на беларускай і (або) рускай мовах”. Агулам паміж найменнямі дзяржаўных моў 23 разы стаіць спалучэнне “і (або)”, 15 разоў – злучнік “або” і 2 разы – злучнік “ці”.

Толькі 7 разоў паміж дзяржаўнымі мовамі стаіць злучнік “і”. Ён выкарыстоўваецца, напрыклад, пры апісанні моваў у пашпартах і пэўных іншых дакументах, абавязку службоўцаў і педагогаў валодаць абедзвюма дяржаўнымі мовамі. Таксама пастанова Міністэрства юстыцыі “Аб зацвярджэнні інструкцыі па справаводстве ў дзяржаўных органах і арганізацыях Рэспублікі Беларусь” абавязвае вырабляць бланкі з рэквізітамі на абедзьвюх мовах. Дарэчы, у гэтай пастанове пазначана, што мовамі справаводства з’яўляюцца беларуская і руская. Але на запыт аб тым, як разумець гэты пункт, Міністэрства юстыцыі адказала, што ўжыванне арганізацыяй ў справаводстве толькі адной з дзяржаўных моў парушэннем інструкцыі не з’яўляецца.

 Згодна з Законам аб мовах, толькі адна з дзяржаўных моў можа ці павінна выкарыстоўвацца, у прыватнасці, у заканадаўстве, справаводстве, тэхнічнай дакументацыі, на транспарце, у гандлі, медыцыне, бытавым абслугоўванні, судаводстве, у міжнародных дамовах, ва ўзброеных сілах, у афіцыйных назвах і аб’явах, у маркіроўцы тавараў.

 Сапраўды, арганізацыя, якая вырабляе, напрыклад, бланкі для кліентаў, мае права выбару мовы. Але калі яна вырашае вырабіць іх толькі на адной дзяржаўнай мове, то ігнаруецца права спажыўца, родная мова якога – іншая. Невялікае месца беларускай мовы ў афіцыйнай моўнай прасторы краіны ставіць пад пагрозу само яе далейшае існаванне – нездарма яна ўнесена ў "Атлас моў свету, якім пагражае знікненне", выдадзены ЮНЭСКА.

Я кажу тут толькі пра праблему для тых, хто жадае карыстацца беларускай мовай, бо менавіта яна знаходзіцца ў Беларусі ў загоне. Так, ёсць рэдкія выпадкі, калі ў пэўных сегментах афіцыйнай сферы выкарыстоўваецца толькі беларуская. Калі хто раптам лічыць прблемай і гэта, то разгледжаныя ніжэй шляхі вырашэння праблемы могуць задавольніць і іх.

Трэба адзначыць, што не кожнае “або” ў тэксце Закона аб мовах дае нагоду для ігнаравання моўных правоў. Напрыклад, наступны пункт закона да ўзнятай праблемы дачынення не мае: “Дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі павінны прымаць і разглядаць звароты, якія падаюцца грамадзянамі на беларускай або рускай мове”.

 Разгледзім хіба некалькі прыкладаў. Па выніках маніторынга, які праводзіць Таварыства беларускай мовы (ТБМ), можна сцвярджаць, што ўсе інтэрнэт-старонкі выканаўчых камітэтаў маюць рускамоўныя версіі, але толькі адзінкі маюць версіі беларускія. У звароце Беларускага Хельсінскага Камітэта ў Канстытуцыйны Суд, прысвечаным моўнаму заканадаўству, адзначаецца, што ў эталонным банку прававой інфармацыі толькі 3,1% нарматыўных прававых актаў на беларускай мове.

У газеце “Наша слова” друкавалася перапіска аднаго з сяброў ТБМ з Міністэрствам па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь. Спадар наракае на адсутнасць беларускамоўных бланкаў падатковай дэкларацыі. Прычым, ён прапануе ўзяць вырашэнне праблемы на сабе: раней ён сам перакладаў тэкст бланка на беларускую. Але аб’ём дэкларацыі ўсё павялічваецца, таму спадар просіць міністэрства распрацаваць новы беларускамоўны бланк, або дазволіць яму запаўняць перакладзены ім стары фармуляр. Яму ж адказваюць, што бланкі незацверджанай формы выкарыстоўваць нельга, а, паколькі заканадаўства не абавязвае дзяржустановы прымаць нарматыўныя прававыя акты на дзвюх дзяржаўных мовах, то міністэрства зацвердзіла форму падатковай дэкларацыі на рускай.

У апошні час над правам атрымліваць інфармацыю на беларускай мове навісла дадатковая пагроза. Згодна пункта 4.1.2 тэхнічнага рэгламента Мытнага саюзу “Харчовая прадукцыя ў частцы яе маркіроўкі” (ТР ТС 022-2011), “…маркіроўка запакаванай харчовай прадукцыі павінна быць нанесена на рускай мове і на дзяржаўнай(ых) мове(ах) дзяржавы-ўдзельніцы Мытнага саюзу пры наяўнасці адпаведных патрабаванняў у заканадаўстве(ах) дзяржавы(аў)-удзельніцы(аў)…”. “Або” ў артыкуле аб маркіроўцы Закона аб мовах зводзіць сітуацыю да наступнага: руская мова зараз у маркіроўцы азначанай прадукцыі абавязковая, а беларуская – не.

Так, на ліст ТБМ з просьбай ахарактарызаваць выкарыстанне беларускай мовы на ўпакоўках прадуктаў харчавання, “Белдзяржхарчпрам” адказвае, што, улічваючы вялікі аб’ём інфармацыі, якую трэба пазначаць на ўпакоўках, абаязковае патрабаванне да размяшчэння яе там на рускай мове і адсутнасць гэткага патрабавання адносна беларускай, дубліраваць тэкст на ўпакоўцы на беларускай мове ў пераважнай большасці выпадкаў не з’яўляецца магчымым. Вось такі “клопат аб свабодным развіцці і ўжыванні ўсіх нацыянальных моў”, і “ўсякія прывілеі ці абмежаванні правоў асобы па моўных прыкметах недапушчальныя” (так, гэта цытаты з Закона аб мовах).

  Слабая прадстаўленасць беларускай мовы ў сферы дзеяння Закона аб мовах і немагчымасць рэалізаваць права паўсюдна ёй у гэтай сферы карыстацца абумоўлены не толькі “або” ў тэксце Закона. Напрыклад, каб людзі не толькі бачылі ў беларускай мове каштоўнасць, але і баранілі яе: масава адстойвалі сваё права паўсюдна карыстацца беларускай мовай, праяўлялі ініцыятыву па яе распаўсюду ў сферы сваёй адказнасці; каб дзяржава зрабіла ўсё магчымае для падтрымкі і папулярызацыі мовы, то нават пры захаванні цяперашніх фрмулёвак у заканадаўстве, сітуацыя з выкарыстаннем мовы магла б быць зусім іншай. Атрымліваецца замкнёнае кола: ігнараванне беларускай мовы ў афіцыйнай сферы зусім не спрыяе выхаванню стаўлення да яе як да каштоўнасці.

Увогуле, у Беларусі няма дэтальнай дзяржаўнай моўнай палітыкі ў дачыненні да беларускай мовы (з мэтамі, тэрмінамі іх дасягнення, адказнымі асобамі і г.д.). Няма і адмысловай дзяржаўнай арганізацыі, адказнай за распрацоўку такой палітыкі, каардынацыю і кантроль яе выканання, абарону моўных правоў.

Акрамя таго, Кодэкс аб адукацыі гарантуе права выбару мовы навучання. Але хіба можа жыхар Беларусі безумоўна рэалізаваць гэта права ў любой установе навучання ці, скажам, на любой спецыяльнасці ў ВНУ? Напрыклад, нядаўна ў Баранавічах бацькам двух дзяцей адмовілі ў просьбе адкрыць беларускамоўны клас. Кодэкс не прапісвае механізм уліку пажаданняў навучэнцаў і іх прадстаўнікоў заснавальнікам установы адукацыі пры вызначэнні мовы навучання.

Рашэнне праблемы павінна ўлічыць розныя яе аспекты.

  

Шляхі рашэння праблемы

Бачацца некалькі шляхоў, якія можна і спалучаць. Адзін з іх – унесці змены ў Закон аб мовах, істотна расшырыўшы сферу адначасовага ці сумеснага прымянення дзяржаўных моў.

Другі шлях – адукацыйна-выхаваўчы: захапляць людзей беларускай мовай, выхоўваць павагу да моўных правоў усіх моўных супольнасцяў краіны.

У заканадаўстве варта замацаваць меры, якія прыме дзяржава па спрыянні (напрыклад, фінансавым) развіццю і распаўсюду беларускай мовы, у тым ліку ў афіцыйнай сферы. Гэта можна зрабіць у выглядзе асобнага закона ці ў межах таго ж Закона аб мовах.

Таксама мае сэнс заснаваць арганізацыю з мэтамі каардынацыі ажыццяўлення дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да беларускай мовы, кантролю яе выканання і абароны моўных правоў.

Наступная магчымасць – расшырыць моўныя правы кліента. Чаму, напрыклад, арганізацыя мае права выбару мовы сваіх бланкаў, а яе кліент – не? Нават пры захаванні сённяшніх “або” ў Законе аб мовах, туды можна ўключыць палажэнні аб абавязку арганізацыі выдаваць кліенту пэўныя дакументы на адной з дзяржаўных моў па яго ці яе патрабаванні. Дзейнічае ж сёння падобнае палажэнне ў дачыненні да зваротаў грамадзян. Ужо друкаваліся прапановы, напрыклад, замацаваць права выбару мовы па грамадзянскай справе за пазоўнікам.

 Забеспячэнне рэальна роўных магчымасцяў карыстання абедзвюма дзяржаўнымі мовамі ва ўсіх сферах грамадскага жыцця можа лічыцца праграмай мінімум. У перспектыве дзяржаве варта зрабіць крокі па наданні беларускай мове ў гэтай сферы прыярытэту. Беларуская мова спрадвечная ў Беларусі і з’яўляецца яе спецыфічнай культурнай прыкметай; рускай мове нічога не пагражае, беларуская – пад пагрозай; у рускай мовы ёсць “рускі свет”, у беларускай – толькі мы.

Натуральна, надаваць мове прыярытэт трэба на фоне доўгатэрміновай праграмы па папулярызацыі мовы і пашырэнні яе карыстання, гэта павінна адпавядаць жаданням жыхароў краіны. Але распачынаць такую праграму варта ўжо зараз.

Трэба адзначыць, што і сёння ў беларускім заканадаўстве ёсць пэўныя палажэнні, якія аддаюць прыярытэт беларускай мове, напрыклад, “Пры атрыманні прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі вывучэнне беларускай мовы навучэнцамі … з’яўляецца абавязковым” (з арт. 23 Закона аб мовах). На жаль, гэтыя палажэнні ніякім чынам не вырашаюць усёй праблемы з магчымасцю карыстання і слабой прадстаўленасцю беларускай мовы ў сферах дзеяння Закона аб мовах.

 

Прапановы ТБМ па ўдасканаленні моўнага заканадаўства і рэакцыя афіцыйных устаноў

Праца Таварыства беларускай мовы прявяла да прызнання моўнага дысбалансу у краіне і надзённасці змяненняў у моўным заканадаўстве Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь. Яшчэ ў 2003 годзе ў адказ на звароты ТБМ Канстытуцыйны Суд у сваім рашэнні ад 4 снежня 2003 г. № П-91/2003 “Аб выкарыстанні беларускай і рускай моў у сферы абслугоўвання, абароту банкаўскіх пластыкавых картак і ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання” звярнуў увагу на тое, што “пры фармальна-юрыдычным раўнапраў’і беларускай і рускай моў на практыцы баланс іх выкарыстання не заўсёды захоўваецца”. Дзеля забеспячэння фактычнай роўнасці дзяржаўных моў Суд прапанаваў разгледзець пытанне аб унясенні ў Закон аб мовах і іншыя акты змяненняў і дапаўненняў. Згаданае рашэнне было ўнесена ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь 5 снежня 2003 г. Тым не менш, змены, накіраваныя на забеспячэнне фактычнай роўнасці дзяржаўных моў, у Закон аб мовах не зробленыя дагэтуль.

У 2008 годзе Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь не ўключыў законапраект ТБМ аб унясенні змяненняў у Закон аб мовах у план падрыхтоўкі законапраектаў на 2009 год, спаслаўшыся на значныя дадатковыя фінансавыя расходы, звязаныя з рэалізацыяй прапанаваных змяненняў і сфармаванасць плана на час зварота ТБМ.  

 

У 2014 годзе Канстытуцыйны Суд у лісце да ТБМ адзначыў, што прававыя пазіцыі суда па пытаннях выкарыстання беларускай мовы знайшлі адлюстраванне ў шэрагу рашэнняў, датычных беларускага заканадаўства. Напрыклад, у 2007 годзе у сувязі з тым, што бланкі заяў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні і бланкі адказаў вырабляліся толькі на рускай мове, Канстытуцыйны Суд прапанаваў Саўміну разгледзець пытанне аб забяспечэнні магчымасці карыстання дзяржаўнымi мовамi пры правядзенні тэсцiравання ў роўнай меры. 

20 студзеня 2015 года старшыня Канстытуцыйнага Суда Пётр Міклашэвіч у штогадовым пасланні Прэзідэнту Беларусі і абедзвюм палатам Парламента адзначыў, “што ў наш час для забеспячэння вольнага доступу да правасуддзя заканадаўчыя акты, якія закранаюць правы і свабоды грамадзян, мэтазгодна выдаваць на дзвюх дзяржаўных мовах – беларускай і рускай, у адпаведнасці з палажэннямі артыкула 17 Канстытуцыі пра роўнасць дзвюх дзяржаўных моў".

Трэба сказаць, што ў 2012 годзе Пастанянная камісія па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ў адказ на прапанову ТБМ уключыць пытанне аб унясенні змяненняў у Закон аб мовах у парадак дня бягучай сесіі станоўча ацаніла прапанаваныя змены. Змены ў накірунку адначасовага ўжывання дзвюх дзяржаўных моў ва ўсіх сферах дзяржаўнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця, на думку камісіі, не супярэчаць Канстытуцыі і будуць спрыяць забеспячэнню фактычнай роўнасці моваў. Але з іншага боку, камісія палічыла, што бавязковае ўжыванне дзвюх моваў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця прывядзе да значнага павялічэння расходаў і дакументазвароту, што дало камісіі паставу паставіць пытанне мэтазгоднасці прапанаваных зменаў.

Як бачым, афіцыйныя структуры, не прыводзячы канкрэтных разлікаў, часта выкарыстоўваюць фінанасвы контртэзіс. Грошы трэба лічыць, але, як сказаў Тэадор Рузвельт: “вялікай нацыяй нас робіць не наша багацце, а тое, як мы яго выкарыстоўваем”. Не патраціць грошы на абарону правоў грамадзян і на падтрымку нацыянальнай мовы не дадасі краіне велічы і гонару. Яшчэ некалькі словаў па гэтым важным фінансавым пытанні будзе сказана ў канцы артыкула.

 У 2014 годзе Пастанянная камісія па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь не падтрымала прапановы ТБМ па прыняцці нарамтыўных прававых актаў на дзвюх дзяржаўных мовах.

 У 2012 годзе Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у адказе ТБМ назвала немэтазгодным выданне ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб забеспячэнні правоў беларускамоўных грамадзян на падставе ў тым ліку таго, што ў Канстытуцыі ўжо замацавана роўнасць грамадзян, у тым ліку незалежна ад іх мовы. Акрамя таго, у дзеючым заканадаўстве, на думку Адміністрацыі, дастаткова ўрэгулявана права грамадзян на свабодны выбар мовы і зносін на ёй, а таксама парадак рэалізацыі такога права.

 ТБМ распрацавала і законапраект “Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы”, які, у прыватнасці, прапісвае пастулаты дзяржаўнай моўнай палітыкі, прадугледжвае дзяржаўныя праграмы падтрымкі беларускай мовы і распісвае дзейнасць дэпартамента беларускай мовы.  ТБМ прапанавала Нацыянальнаму цэнтру заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь уключыць гэты праект у план падрыхтоўкі законапраектаў на 2015 год. Аднак цэнтр рабіць гэта адмовіўся, спаслаўшыся, у прыватнасці, на наступнае.

  • Айчыннае заканадаўства ідзе шляхам паступовага пашырэння выкарыстання беларускай мовы. Як той казаў, калі доўга сядзець на бераце ракі… Цэнтр мае на ўвазе, напрыклад, пункт 17 “Закона аб найменнях геаграфічных аб’ектаў” (“У Рэспубліцы Беларусь найменні геаграфічным аб’ектам прысвойваюцца на беларускай мове, з якой спосабам транслітэрацыі перадаюцца на рускую мову. Найменне геаграфічнага аб’екта належыць дзяржаўнаму ўліку на беларускай і рускай мовах”). Нельга не адзначыць, што гэта фармулёўка была здабыта ў барацьбе.
  • На погляд Цэнтра, адсутнасць патрабавання абавязковага выкарыстання абедзвюх дзяржаўных моў не з’яўляецца падставай для дыскрымінацыі беларускай мовы. Ну, для каго як: гэта залежыць ад пазіцыі канкрэтнай установы.
  • Гэта павялічыць дзяржаўныя расходы. Ды няўжо ж усе законапраекты, якія прымаюцца да разгляду, нясуць толькі эканомію? Трэба тады адкрыць яшчэ некалькі цэнтраў заканадаўства – столькі зэканомім…

Камісія па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якая разглядала зварот ТБМ аб згаданым законапраекце ў 2012 годзе, заявіла, што, на яе погляд, пытанні выкарыстання і развіцця дзяржаўных моў ужо дастаткова поўна ўрэгуляваны дзеючым заканадаўствам. Але ж мы бачылі, што недастаткова для таго, каб паўсюдна карыстацца беларускай у сферы дзеяння Закона аб мовах, недастаткова, каб яна была дэ-факта роўнай ў гэтай сферы рускай. Тады дастаткова для чаго і для каго?

 

Кажуць, што ўсё пазнаецца ў параўнанні. Таму чытачу (як і адказным структурам) можа быць цікава, пазнаёміцца з вопытам моўнага заканадаўства шэрагу шматмоўных краін, у прыватнасці, у сферы рэгламентацыі сумеснага выкарыстання некалькіх дзяржаўных моў. У асноўным мы будзем грунтавацца на, так бы мовіць, асноўных моўных законах, дзеянне якіх распаўсюджваецца на ўсю краіну. Натуральна, набор краін, чые законы разгледжаны ў гэтым артыкуле, абмежаваны. Таксама тут не закранутыя ўсе аспекты заканадаўства.

 

Замежны досвед

Магчыма, найбольш красамоўным прыкладам будць краіны ці іх часткі, законы якіх замацоўваюць сумеснае выкарыстанне некалькіх моў у афіцыйнай сферы, пры тым, што пераважная большасць насельніцтва валодае адной з іх. Першыя тры прыклады з разгледжаных тут – якраз такія.

Пачнем з Рэспублікі Фінляндыя. Згодна канстытуцыі, нацыянальнымі мовамі гэтай краіны з’яўляюцца фінская і шведская. Шведская – першая мова каля 5,4% насельніцтва краіны, пры гэтым яна – абавязковы прадмет у школе.

Галоўны з актаў, якія рэгламентуюць ужыванне моваў – Закон аб мовах 2004 года, чыё дзеянне распаўсюджваецца на суды і іншыя дзяржаўныя ўстановы, улады муніцыпалітэтаў, парламент і адміністрацыю прэзідэнта.

Наяўнасць афіцыйнага білінгвізму на мясцовым узроўні залежыць ад таго, ці з’яўляецца пэўная камуна Фінляндыі адна- ці дзвюхмоўнай. Камуна – нізавы ўзровень адміністратыўна-тэрытарыяльнага падзелу; па стане на 2015 год у краіне 316 камун. Да якой групы належыць пэўная камуна, кожныя дзесяць год вызначае ўрадавы дэкрэт. Камуна прызнаецца дзьвюхмоўнай, калі колькасць прадстаўнікоў моўнай меншасці ў ёй як мінімум 8% ці 3000 чалавек. Зараз у Фінляндыі 32 дзвюхмоўныя камуны (у 14 з іх мовай большасці з’яўляецца шведская), а таксама 17 шведскамоўных камун (16 з іх – на Аландскіх астравах). Агулам у дзвюхмоўных камунах жыве 1,7 мільёнаў чалавек з амаль 5,3 мільённага насельніцтва.

Паводле закона, у дзвюхмоўных камунах дзяржаўныя ўстановы і прадпрыемствы аказваюць паслугі насельніцтву на дзвюх мовах, прычым павінны дэманстраваць сваю дзвюхмоўнасць кліентам рознымі спосабамі. Заканадаўчыя акты, зносіны дзяржаўных арганізацый з грамадскасцю, шыльды, а таксама тэксты на ўпакоўках прадуктаў таксама дзвюхмоўныя.

Цэнтральныя органы дзяржаўнага кіравання, а таксама органы, чые дзеянне распаўсюджваецца хаця б на адну дзвюхмоўную камуну, абвяшчаюцца дзвюхмоўнымі. Калі ў бакоў справы розныя мовы, то выбар мовы справы пакідаецца ўстанове ці выкарыстоўваецца мова большасці насельніцтва рэгіёна, на якую распаўсюджваецца дзеянне ўстановы.

Паводле акта, законы і дэкрэты прымаюцца і публікуюцца на дзвюх мовах. Хаця прапановы па ўдасканаленні заканадаўства і датычныя іх дакументы публікуюцца па-фінску, публікацыя павінна змяшчаць і пераклад тэкста законапраекта на шведскую.

Паводле заканадаўчага акта, які рэгулюе працу паламента, асноўнай яго мовай з’яўляецца фінская, але шэраг працэдур ажыццяўляецца на дзвюх мовах, напрыклад, пратаколы пленарных пасяджэнняў публікуюцца па-фінску разам са шведскім рэзюмэ.

У фінскіх законах, якія вызначаюць правы пацыентаў і карыстальнікаў сацыяльных паслуг, пазнанана, што іх родныя мовы павінны наколькі гэта магчыма брацца да ўвагі пры аказанні ім адпаведных паслуг.

 

Уэльс – частка Вялікабрытаніі, пераважная большасць яго жыхароў добра размаўляе па-англійску. Валійскай мовай, якая калісь была роднай для большасці жыхароў, сёння ў пэўнай ступені валодае 27% ад 3,1 мільённага насельніцтва. 19% жыхароў Уэльса могуць размаўляць на ёй.

Паводле Закона аб валійскай мове 2011 года валійская мова ва Уэльсе мае афіцыйны статус. Гэты закон сярод іншага прапісвае прымяненне стандартаў, якія датычацца выкарыстання валійскай мовы арганізацыямі. Стандарты маюць спрыяць ужыванню валійскай мовы і пашырэнню яе ўжывання, маюць забяспечваць тое, каб стаўленне да валійскай мовы было не менш спрыяльным, чым да англійскай.

Першы набор са 176 стандартаў, дзеянне якіх распаўсюджваецца на кабінет міністраў Уэльса, рады графстваў і буйных гарадоў, а таксама на адміністрацыі нацыянальных паркаў, прыняты ў 2015 годзе. Урад абяцае, што неўзабаве будуць распрацаваныя наборы стандартаў для іншых арганізацый.

Вылучаецца некалькі груп стандартаў. Вось некалькі прыкладаў з групы стандартаў аказання паслуг.

  • Калі прадстаўнік арганізацыі тэлефануе кліенту ўпершыню, ён павінен запытаць, ці жадае кліент размаўляць па-валійску, а затым паступіць у адпаведнасці з жаданнем кліента.
  • Любыя дакументы, што выпускаюцца для грамадскасці, павінны выдавацца па-валійску.
  • Тэкст кожнай старонкі інтэрнэт-сайта арганізацыі павінен быць даступным на валійскай мове.

Паводле стандартаў вызначэння палітыкі арганізацыі, асоба, якая прымае рашэнне ў сферы гэтай палітыкі, павінна, у прыватнасці, прадумваць, як прыняць такія рашэнні, каб яны не пагаршалі сітуацыі і забяспечвалі прагрэс у галінах магчымасцяў ужывання людзьмі валійскай мовы і стаўлення да валійскай мовы не менш спрыяльна, чым да англійскай.

Яшчэ адна група стандартаў павінна спрыяць выкарыстанню валійскай мовы ў сферы ўнутранага адміністравання арганізацыі. Напрыклад, супрацоўніка трэба запытаць, ці жадае ён атымліваць карэспандэнцыю, якая датычыцца яго занятасці, на валійскай мове і паступіць потым у адпаведнасці з яго жаданнем.  

Ва Уэльсе маецца пасада камісара па валійскай мове. Абавязак адпавядаць у сваёй дзейнасці стандартам накладаецца на пэўную арганізацыю пасля таго, як камісар дасылае ёй адмысловае паведамленне. Факт выдачы паведамлення ці змест яго патрабаванняў можна абскардзіць.

Да закона дадаюцца спісы арганізацый і катэгорый арганізацый, на якія можа быць накладзены абавязак адпавядаць стандартам. Кабінет міністраў Уэльса можа дадаваць у спісы арганізацыі, якія належаць да пэўных катэгорый, напрыклад, да органаў улады. Сферы дзейнасці азначаных у папярэдніх двух сказах арганізацый ці іх катэгорый – гэта мясцовае самакіраванне, правасуддзе, паліцыя, ахова здароўя, адукацыя, навука, культура, спорт і адпачынак, банкаўская дзейнасць, камунальная гаспадарка, пошта і тэлекамунікацыі, транспарт, нагляд за пэўнай сферай дзейнасці ды іншыя. Абавязак адпавядаць стандартам можа быць накладзены, у прыватнасці, на кабінет міністраў Вялікабрытаніі, Бі-бі-сі і Брытанскую Раду.

Паводле заканадаўства кабінет міністраў Уэльса павінен распрацаваць стратэгію спрыяння выкарыстанню валійскай мовы, а таксама выдаваць штогадовыя планы рэалізацыі гэтай стратэгіі.

Усё першаснае заканадаўства, прынятае Нацыянальнай асамблеяй Уэльса, з’яўляецца дзвюхмоўным. Па законе роўны статус маюць абедзве моўныя версіі прававога акта, які мае англійскую і валійскую версію на момант свайго зацвярджэння ці свайго стварэння (у выпадку падзаконных актаў). Пратаколы пасяджэнняў Нацыянальнай асамблеі павінны публікавацца на дзвюх мовах.

Рэспубліка Ірландыя. Афіцыйныя мовы краіны – ірландская і англійская. Паводле перапісу 2011 года, насельніцтва Ірландыі складае амаль 4,6 мільёна чалавек. Англійская – першая мова для прыкладна 93% насельніцтва. Амаль 1,8 мільёнаў могуць размаўляць па-ірландску (калісьці ірландская была роднай для большасці жыхароў вострава), але толькі 77 тысяч размаўляе на ёй штодня па-за межамі адукацыйнай сістэмы.

 

Паводле канстытуцыі, ірландская мова мае статус нацыянальнай і першай афіцыйнай мовы, а англійская – статус другой афіцыйнай мовы. У канстытуцыі ёсць і іншыя адсылкі да моўнай тэмы. Так, прэзідэнт краіны абавязаны падпісаць абодва моўныя варыянты любога законапраекта, прынятага парламентам на дзвюх мовах. Калі законапрект прымаецца толькі на адной мове, то павінен рабіцца афіцыйны пераклад на другую. У выпадку розначытання паміж дзьвума моўнымі версіямі, версія на нацыянальнай мове мае прыярытэт. Заўважце, у нас афіцыйныя пераклады законаў не робяцца.

Галоўным законам, які датычыцца моваў у Ірландыі, з’яўляецца “Акт аб афіцыйных мовах”. Адна з мэтаў акта – развіццё выкарыстання ірландскай мовы дзяржаўнымі ўстановамі і пашырэнне выкарыстання імі мовы ў зносінах з насельніцтвам і ў аказанні яму паслуг. У нашай краіне няма закона, які быў бы накіраваны на падтрымку развіцця менавіта беларускай мовы.

Да акта далучаецца спіс з каля 650 дзяржаўных арганізацый, на якія распаўсюджваецца яго дзеянне, у прыватнасці, урад, арганізацыі мясцовай ўлады, установы кіравання сістэмай аховы здароўя, установы вышэйшай адукацыі і паліцыя.

Паводле акта, міністр мастацтваў, спадчыны і Гэлтахта (тэрыторый краіны, дзе ірландская мова найбольш распаўсюджана) сваёй пастановай можа запатрабаваць, каб дзяржаўныя ўстановы рабілі на ірландскай ці на ірландскай і англійскай пісьмовыя і вусныя абвесткі, надпісы на канцылярскіх прыладах і шыльды. Тэкст на ірландскай павінен ісці першым, павінен быць гэткім жа заўважным, як і англійскі і перадаваць дакладна тую ж інфармацыю. Прадугледжаны шэраг выключэнняў з патрабаванняў.

Рассылка звычайных і электронных лістоў групам грамадзян павінна ажыццяўляцца на ірландскай ці на дзвюх афіцыйных мовах.

Дарожныя знакі за пэўнымі выключэннямі мусяць быць дзвюхмоўнымі.

Згодна акта, на дзвюх мовах арганізацыі павінны выдаваць: прапановы па грамадскай палітыцы, любыя штогадовыя справаздачы, вынікі аўдыту, іншыя дакументы вялікай грамадскай значнасці.

Паводле закона, міністр сваім адрасным загадам мае права запатрабаваць ад арганізацыі распрацаваць моўную схему, якая ўяўляе сабой план выкарыстання і пашырэння ўжывання ірландскай мовы арганізацыяй. У схеме павінны быць пазначаны тры катэгорыі паслуг і спосабаў камунікацыі са спажыўцамі: тыя, што будуць ажыццяўляцца па-ірландску, па-англійску і на абедзвюх мовах. У схеме павінны быць прапісаны меры, якія забяспечаць, каб паслугі, што зараз па-ірландску не аказваюцца, аказваліся на ёй у будучыні.

Акт засноўвае пасаду моўнага камісара, адна функцый якога – маніторынг і рассдедаванні адпаведнасці дзейнасці дзяржаўных устаноў акту.

 

Швейцарская канфедэрацыя. Паводле канстытуцыі і Федэральнага закона аб нацыянальных мовах і ўзаемаразуменні паміж моўнымі супольнасцямі (прыняты ў 2010), афіцыйнымі мовамі канфедэрацыі з’яўляюцца нямецкая, французская і італьянская. Рэтараманская мова з’яўляецца афіцыйнай у зносінах з яе носьбітамі. У 2013 годзе сваімі асноўнымі мовамі назвалі нямецкую – 64,5%, французскую – 22,6%, італьянскую – 8,3%, рэтараманскую – 0,5% насельніцтва; 21,7% назвалі асноўнай мовай іншую (можна было называць некалькі моў).

Па канстытуцыі, швейцарскія кантоны самі вызначаюць сваю афіцыйную мову. Большасць кантонаў маюць адну афіцыйную мову, хаця ва ўсіх ці ў большасці кантонаў жыве пэўная меншасць людзей, для якіх асноўнай мовай з’яўляецца адна з афіцыйных моў краіны, але не афіцыйная мова гэтага кантона. У 17 кантонах афіцыйная мова – нямецкая, у 4 – французская, у 3 – нямецкая і французская, у 1 – італьянская і яшчэ ў адным – нямецкая, італьянская і рэтараманская. Дзвюхмоўныя кантоны дзеліць на дзве часткі моўная франка-нямецкая мяжа. Унутры гэтых кантонаў большасць адміністратыўных адзінак населена альбо пераважна нямецкамоўнымі альбо пераважна франкафонамі. Афіцыйнай мовай большасці адміністратыўных адзінак з’яўляецца толькі адна з дзвюх афіцыйных моў кантона.

Пры гэтым сярод мэт згаданага федэральнага закона – умацаванне шматмоўнасці, а таксама гарантаваная канстытуцыяй падтрымка італьянскай і рэтараманскай моў. Закон распаўсюджваецца на парламент Швейцарскай канфедэрацыі, яе ўрад, падпарадкаваную ўраду федэральную адміністрацыю і федэральныя суды.

Канфедэрацыя бярэ на сябе абавязак ставіцца да моваў роўна. Асобная частка закона прысвечана фінансавай падтрымке, якую ўрад аказвае дзейнасці па распаўсюду шматмоўнасці. Па законе канфедэрацыя спрыяе шматмоўнасці свайго персаналу і вайскоўцаў; для службоўцаў прадугледжаны моўныя курсы. Закон патрабуе спрыяння шматмоўнасці навучэнцаў як ад канфедэрацыі, так і ад кантонаў.

Законапраекты, прапановы і іншыя дакументы павінны як правіла падавацца ў парламент на нямецкай, французскай і італьянскай. На гэтых трох мовах, за пэўнымі выключэннямі, павінны адначасова публікавацца дакументы ў штотыднёвым зборніку федэральнага заканадаўства. Надрукаванне ў ім уводзіць акты заканадаўства ў моц. Гэтак публікуюцца федэральныя законы, пастановы федэральнага парламента і ўрада, міжнародныя дамовы, законапраекты і шэраг іншых дакументаў. Усе моўныя версіі маюць аднолькавую моц. Таксама і на рэтараманскай павінны публікавацца тэксты асаблівай важнасці.

Федэральныя ўстановы ажыццяўляюць знешнія зносіны на чатырох мовах, асабліва праз друкаваныя матэрыялы, інтэрнэт-старонкі і шыльды. Ва ўстановах павінны быць фармуляры на ўсіх чатырох мовах.

Моўны закон трохмоўнага кантона Граўбюндэн, у прыватнасці, наступным чынам падтрымлівае меншасныя мовы кантона: рэтараманскую і італьянскую. Абшчыны (найдрабнейшыя адміністратыўныя адзінкі), дзе гэтыя мовы лічацца спрадвечнымі, вызначаюць сваю афіцыйную мову паводле правіла: калі ў абшчыне мінімум 40% носьбітаў спрадвечнай мовы, то афіцыйнай мовай там з’яўляецца спрадвечная, калі ад 20% – абшчына прызнаецца афіцыйна шматмоўнай. 

 

Каралеўства Бельгія. У краіне тры афіцыйныя мовы: галандская (першая мова для амаль 55% насельніцтва), французская (першая для амаль 38%) і нямецкая (0,4%).

Дзеянне Закона, які кіруе выкарыстаннем моваў у адміністратыўных мэтах (прыняты ў 1966) распаўсюджваецца ў асноўным на нацыянальныя і мясцовыя дзяржаўныя ўстановы. Згодна з законам, краіна падзелена на чатыры моўныя акругі: галандска-, франка-, нямецкамоўную, а таксама брусэльскую сталічную акругу.

Мясцовыя ўстановы, размешчаныя ў першых дзвюх (а ў пэўных сферах –трох) акругах, павінны з афіцыйнымі мэтамі выкарыстоўваць мову той акругі, дзе яны размешчаны. Напрыклад, гэта датычыцца складання дакументаў, якія маюць дачыненне да прыватных асоб. Тым не менш, кожны чалавек мае права атрымаць сертыфікаваны бясплатны пераклад такога дакумента на любую з афіцыйных моў.

 Установы павінны выкарыстоўваць аб’явы, паведамленні і фармуляры для грамадзян на дзьвюх мовах (галандскай і французскай) у сталічнай акрузе і ў шэрагу камун, якія знаходзяцца на мяжы галандскамоўнай і франкамоўнай акругаў. У сталічнай акрузе (родная мова большасці там французская – 63%) дзьвухмоўнымі павінны быць дакументы для ўнутранага выкарыстання ўстаноў.

Цэнтральныя офісы ўстаноў, чыё дзеянне распаўсюджваецца на ўсю краіну, у сваіх зносінах з асобнымі моўнымі акругамі выкарыстоўваюць мову акругі. Тым не менш, іх дакументы для ўнутранага выкарыстання і ўсе паведамленні і фармуляры для шырокай грамадскасці павінны складацца на галандскай і французскай мовах.

Выбар мовы абслугоўвання ў шэрагу выпадкаў пакідаецца зацікаўленаму боку. Напрыклад, згаданыя ў папярэднім параграфе офісы павінны выдаваць акты, сертыфікаты, дэкларацыі і аўтарызацыйныя дакументы на любой з трох моў па выбары зацікаўленага бока.

Каралеўскія дэкрэты і пастановы міністэрстваў, калі яны датычацца ўсёй краіны, павінны складацца на галандскай і на французскай і публікавацца адначасова. Кожны міністр у межах сваёй кампетэнцыі клапоціцца аб перакладзе на нямецкую каралеўскіх дэкрэтаў і пастаноў сайго міністэрства.

Арганізацыі, якія размяшчаюцца за мяжой, складаюць усе паведамленні і фармуляры для бельгійскіх грамадзян на галандскай, французскай, а ў пэўных выпадках і на нямецкай мовах.

 

Канада. Паводле канстытуцыі, у краіне дзве афіцыйныя мовы: англійская і французская. У дзвюх тэрыторыях Канады афіцыйнымі, паводле іх уласнага заканадаўства, з’яўляюцца і іншыя мовы.

У 2011 годзе англійская мова была роднай (першай засвоенай і дагэтуль вядомай) для амаль 58% насельніцтва, а французская – для амаль 22%. Толькі ў Квебеку франзузская мова родная для большасці (амаль 79%). Яшчэ ў адной правінцыі, Нью-Брансуіку, – доля франкафонаў складае 32%. Ва ўсіх іншых правінцыях і тэрыторыях колькасць асоб, чыя родная мова франзузская, складае ў сярэднім 2,7%. Толькі французскай валодае  12,6% насельніцтва, абедзьвума мовамі –17,5%.

Паводле Закона аб афіцыйных мовах 1985 года (яго дзеянне распаўсюджваецца на федэральныя ўстановы), усе акты парламента (законы) прымаюцца і публікуюцца на дзвюх мовах. Дзвюхмоўнымі павінны быць і запісы пасяджэнняў парламента, падзаконныя акты, усе дакументы, якія перадаюцца ў парламент урадам; на пасяджэннях парламента мусіць быць забяспечаны сінхронны пераклад; справаздачы аб пасяджэннях друкуюцца на мове пасяджэнняў, але ўтрымліваюць і пераклад на другую афіцыйную мову.

На дзвюх мовах выдаюцца рашэнні федэральных судоў, калі яны маюць вялікую грамадскую значнасць ці калі пасяджэнні хаця б часткова вяліся на дзвюх мовах. На пасяджэннях гэтых судоў павінны быць забяспечаны сінхронны пераклад.

Павінна быць зроблена ўсё магчымае, каб міжнародныя дамовы зацвярджаліся на дзвюх мовах; пэўныя тыпы дамоў паміж Канадай і яе правінцыямі заключаюцца на дзвюх мовах.

У шэрагу рэгіёнаў федэральныя ўстановы павінны забяспечыць, каб іх супрацоўнік мог працаваць на любой мове па сваім выбары. Напрыклад, шырокараспаўсюджаныя сістэмы апрацоўкі і перадачы інфармацыі павінны падтрымліваць абедзве мовы.

Калі закон патрабуе ад федэральнай установы зрабіць паведамленне для грамадскасці, яны павінны пры магчымасці зрабіць гэта як у англамоўных, так і ў франкамоўных выданнях.

 

Кожная федэральная ўстанова павінна забяспечыць, каб любы чалавек мог ажыццяўляць зносіны з яе офісамі і атрымліваць ад іх паслугі на кожнай з афіцыных моў: а) у сталіцы, б) усюды, дзе існуе значная запатрабаванасць у гэтым. Дзвюхмоўныя паслугі павінны прапаноўвацца арганізацыяй актыўна, у прыватнасці, праз вітанне наведвальнікаў на абедзьвюх мовах і г.д.

Ці з’яўляецца запатрабаванасць значнай, вылічваецца на падставе правілаў, зафіксаваных у “Нарматыўным дакуменце па выкарыстанні афіцыйных моваў у зносінах і аказанні паслуг насельніцтву”. У адпаведнасці з гэтымі правіламі сёння каля трэці ўсіх аддзяленняў федэральных устаноў павінны аказваць дзвюхмоўныя паслугі.

Для разліку ўлічваюцца дадзеныя апошняга перапісу насельніцтва і нарматывы па шэрагу асобных ці ўзаемазвязаных фактараў, сярод якіх колькасць і працэнт носьбітаў меншаснай мовы ў тэрытарыяльных адзінках, якія вылучаюцца для мэт перапісу насельніцтва; колькасць філіялаў арганізацыі, якія аказваюць пэўны від паслуг у гэтай адзінцы; колькасць зваротаў з просьбамі аказаць паслугу на пэўнай мове; сфера дзейнасці ўстановы.

Напрыклад, запатрабаванасць прызнаецца значнай, калі ў перапісной гарадской акрузе (адна з адзінак падзелу тэрыторыі краіны для перапісу насельніцтва) больш за 5000 носьбітаў меншаснай мовы,  а ўстанова – адзіны ў гэтай акрузе філіял сваёй арганізацыі, якая аказвае пэўны від паслуг. У Канадзе 33 такія акругі з насельніцтвам ад 5,6 мільёнаў да 119 тысяч чалавек.

Альбо, напрыклад, запатрабаванасць прызнаецца значнай для аэрапорта, вакзала ці марскога тэрміналу, калі не менш за 5 % іх кліентаў за год патрабуюць аказання такой паслугі на пэўнай мове.

 

Акрамя таго, кожная федэральная ўстанова павінна забяспечыць, каб любы чалавек мог ажыццяўляць зносіны з яе офісамі і атрымліваць ад іх паслугі на кожнай з афіцыных моў у вызначаных генерал-губернатарам Канады (прадстаўнік кіраўніка дзяржавы, каралевы Елізаветы ІІ) выпадках, звязаных са здароўем і бяспекай, размяшчэннем офіса і агульнанацыянальным ці міжнародным характарам дзейнасці ўстановы. Пад гэты пункт падпадаюць, у прыватнасці, хуткая дапамога, установы, што карыстаюцца знакамі ці аб’явамі на тэмы здароўя ці бяспекі; дыпламатычныя прадстаўніцтвы; арганізатары выстаў і спаборніцтваў нацыянальнага ці міжнароднага ўзроўню; частка ўстаноў сувязі і г.д.

 

Урад Канады падтрымлівае развіцё англа- і франкамоўных меншасцяў і спрыяе паўнавартаснаму выкарыстанню і прызнанню гэтых моў у грамадстве – гэтаму павінна спрыяць кожная дзяржаўная ўстанова.

 

Закончым Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай. У краіне 11 афіцыйных моў. Закон аб выкарыстанні афіцыйных моў 2012 года абавязвае дзяржаўныя ўстановы і прадпрыемствы вызначыць як мінімум тры афіцыйныя мовы, якія будуць выкарыстоўвацца ў працэсе кіравання ўстновай: у зносінах з грамадскасцю, афіцыйных публікацыях і г.д.

Застаецца пашкадаваць, што ў нас усяго дзве дзяржаўныя мовы. Мо, каб іх было адзінаццаць, то пэўныя нашы ўстановы пачалі б шырока выкарыстоўваць ў сваёй працы болей, чым адну.

 

Такім чынам, нягледзячы на адрозненні моўных сітуацый і заканадаўчых падыходаў у прыведзеных краінах, у іх заканадаўствах прынцып сумеснага выкарыстання некалькіх моў распаўсюджваецца на шэраг сфер, у якіх, паводле нашых законаў, магчыма выкарыстоўваць толькі адну мову. Больш таго, у шэрагу выпадкаў замежныя законы патрабуюць сумеснага выкарыстання, нават калі адна з моў – родная толькі для невялікай меншасці. У разгледжаных законах існуе і шэраг іншых палажэнняў, вартых пераймання, нягледзячы на адрознаенні нашых моўных сітуацый, напрыклад: замацаваная ў заканадаўстве падтрымка моў, чые пазіцыі ў краіне адносна слабыя; актыўная прапанова дзвюхмоўных паслуг; бясплатны афіцыйны пераклад па патрабаванні кліента і сінхронны пераклад у судах. Падаецца, што згаданае вышэй з’яўляецца аргументам на карысць неабходнасці ўдасканалення айчыннага моўнага заканадаўства.

 

Чытач мог пераканацца, што дзяржаўныя структуры часта адказваюць ТБМ-у, што ўносіць змены ў моўнае заканадаўства задорага. Таму на заканчэнне – некалькі словаў да тых, хто сапраўды лічыць, што гэта так.

Спадарства, калі вы не карыстаецеся беларускай мовай, то ўявіце сябе ў такой гіпатэтычнай сітуацыі: вы жывяце ў дзвюхмоўнай краіне, родная і (або) першая, асноўная, любімая мова для вас – адна з дзвюх дзяржаўных, але дзяржаўныя ўстановы прапануюць вам бланкі, інфармацыю на сайтах і на ўпакоўках тавараў, тэксты законаў і г.д. пераважна на іншай, не вашай роднай мове, хай вы яе і ведаеце. Вы б праўда не хацелі, каб дзяржава, якой вы плаціце падаткі, знайшла сродкі, каб рабіць гэта ўсё і на вашай мове? Памятаеце: паступай з іншымі так, як жадаеш, каб яны паступалі з табой.

 А калі вашы дзеці палюбяць беларускую мову, скажам, на ўроках у школе? Вы б не хацелі, каб дзяржава забяспечыла ім ўсе магчымасці для яе паўнавартаснага выкарыстання?

Затым, як паказалі вынікі ТБМ-аўскага маніторынгу стану моўных правоў у Беларусі, у шэрагу устаноў неяк знаходзяцца сродкі на падтрыманне некалькіх моўных версій сваіх інтэрнэт-сайтаў. Напрыклад, на сайце “Нацыянальных спартыўных латарэй” ажно шэсць моў, у тым ліку іспанская і кітайская. Можна толькі захапляцца такім сексталінгвізмам, але ёсць адно але: беларускай сярод гэтых моў няма.

Магчыма таксама, што айчынныя ўлады зараз усведамляюць, што беларуская мова – важны фактар дзяржаваўтварэння і незалежнасці краіны, асабліва на тле імперскіх амбіцый адной суседняй дзяржавы. А за незалежнасць варта плаціць, бо тут сквапны можа заплаціць куды больш, чым двойчы.