Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
ІДЭІ — Міжнародны вопыт - для Беларусі

Чаму на Шры-Ланке ёсць міністэрства моваў

Артыкул распавядае пра напружаную моўную сітуацыю ў Шры Ланке ў 2-ой палове 20 стагоддзя, яе сувязь з іншымі сацыяльна-палітычнымі абставінамі, а таксама расказвае пра працу ланкійскага міністэрства нацыянальных моваў і сацыяльнай інтэграцыі.

 

 

 

Дзяніс Тушынскі,

намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы

 Нядаўна Таварыства беларускай мовы распрацавала законапраект “Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы”, які прадугледжвае стварэнне дзяржаўнага дэпартамента беларускай мовы. На жаль, Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь адмовіўся ўключыць праект у план падрыхтоўкі законапраектаў на 2015 год. Калі ідэя дэпартамента ўсё ж будзе ўвасоблена, то для планавання яго дзейнасці варта вывучыць міжнародны досвед. Спецыфічны прыклад дае Шры-Ланка, дзе існуе Міністэрства нацыянальных моў і сацыяльнай інтэграцыі. Асаблівасці яго дзейнасці абумоўлены гісторыяй моўнага пытання ў гэтай краіне.

 

Для большасці ланкійцаў першай мовай з’яўляецца сінгальская ці тамільская. 87% (ад амаль 17 мільёнаў ва ўзросце ад 10 год) можа размаўляць па-сінгальску, 28,5% – па-тамільску, 24% – па-англійску. Сінгальская належыць да індаеўрапейскай сям’і, а тамільская – да дравідыйскай. Сінгальская мова распаўсюджана пераважна на Шры-Ланцы, але большасць людзей, для якіх родная тамільская (70 мільёнаў), жыве ў суседняй Індыі.

Сярод таміламоўных на Шры-Ланцы вылучаюць ланкійскіх тамілаў, індыйскіх тамілаў і ланкійскіх маўраў-мусульман.

Цэйлон (з 1972 года – Шры-Ланка) стаў незалежным ад Брытаніі ў 1948 годзе. Перад тым і сінгалы, і тамілы ўдзельнічалі ў руху за замену англійскай ў якасці афіцыйнай мовы Цэйлона сінгльскай і тамільскай (у 1953  англійскай валодала 10%). Але тады ж было прапанавана замяніць англійскую толькі сінгальскай (а тамільскую зрабіць афіцыйнай у таміламоўных правінцыях). Маўляў, наданне тамільскай роўнага з сінгальскай статусу можа прывесці ажно да поўнай страты апошняй, бо тамільская мова больш распаўсюджана ў свеце.

 

У выніку шэрагу прычын, напярэдадні незалежнасці доля ланкійскіх тамілаў у англамоўнай дзяржадміністрацыі была большай, чым іх працэнт у насельніцтве (у значна большай ступені гэта было ўласціва нешматлікім нашчадкам еўрапейска-цэйлонскіх шлюбаў і еўрапейцам). Сінгалы ж складалі там меншы працэнт, чым іх доля ў насельніцтве (але дамінавалі). Шэраг аўтараў называе гэта праявай каланіяльнай палітыкі “падзяляй і валадар”. Частка сінгалаў лічыла, што пры брытанцах ланкійскія тамілы былі ў прывеліяваным становішчы. Ёсць меркаванне, што сітуацыя, у якой дзяржаўныя пасады былі прэстыжнымі і эканамічна прывабнымі, была галоўнай прычынай прасінгальскіх заклікаў у моўнай сферы.

Зоны распаўсюду сінгальскай і тамільскай моў

У пачатку 50-х усе асноўныя партыі выступалі за раўнапраўе моў (толькі тамільскай тады валодала 21,6% насельніцтва, 10% – ёй і сінгальскай, 2% – ёй і англійскай). Але праз некалькі год ідэя адной афіцыйнай мовы краіны набрала моц. У 1956-ым прэм’ерам стаў С. Бандаранаіке, які абяцаў выбарцам зрабіць сінгальскую адзінай афіцыйнай мовай (і выкарыстанне тамільскай “у разумных межах”). Раней гэты палітык і яго партыя выступалі за роўнасць моў, і такі паварот тлумачаць эксплуатацыяй настрояў сінгальскага электарату дзеля яго галасоў. Партыя папярэдняга прэм’ера зрабіла такі ж разварот па моўным пытанні. За сінгальскую ў якасці адзінай афіцыйнай мовы краіны выступілі ў тым ліку многія будыйскія манахі (большасць сінгалаў – будысты, тамілаў – індуісты), хаця некаторыя манахі заклікалі да прымірэнчага рашэння. Гучаў і тэзіс, што адну дзяржаўную мову мець танней.

У 1956-ым быў прыняты Закон аб афіцыйнай мове, абвясціўшы адзінай афіцыйнай мовай сінгальскую. Спроба прэм’ера замацаваць у законе і правы таміламоўных правалілася праз супраціў сінгальскіх экстрэмістаў. Удзельнікі сідзячага пратэсту супраць закона былі атакаваныя натоўпам сінгалаў. Тамілаў у сталіцы збівалі і рабавалі іх крамы.

Сярод іншых фактараў, што пагаршалі міжэтнічныя адносіны, было, напрыклад, засяленне ўрадам нядаўна ірыгаваных земляў на ўсходзе і поўначы краіны. Многія пасяленцы былі сінгаламі, і рэзалюцыя Федэральнай партыі, асноўнай тамільскай партыі краіны, назвала мэтай перасялення зрабіць таміламоўных меншасцю ў іх нацыянальных раёнах. У 1948-ым большасць індыйскіх тамілаў (яны з’явіліся на востраве ў 19 – 20 стагоддзях) не атрымала грамадзянства, нямала іх з’ехала ў Індыю.

У адказ на прыняцце закона Федэральная партыя запатрабавала ў тым ліку тамільскай аўтаноміі і роўнасці тамільскай і сінгальскай моў, Партыя і прэм’ер-міністр дасягнулі кампраміснага пагаднення, якое прадугледжвала і афіцыйнае выкарыстанне тамільскай у таміламоўных правінцыях.

У 1958 годзе пад ціскам крытыкі і пратэсту з сінгальскага боку, Бандаранаіке ануляваў пагадненне. У адказ Федэральная партыя арганізавала негвалтоўныя пратэсты на поўначы і ўсходзе. Сінгальскія экстрэмісты атакавалі цягнікі, што маглі везці дэлегатаў на партыйны з’езд. Паднялася хваля гвалту супраць тамілаў. Пацярпелі і сінгалы. Многія з іх давалі прытулак тамілам, і падазраваныя ў гэтым станавіліся ахвярамі. У сваю чаргу, частка тамілаў скіравала гвалт супраць сінгалаў. З 56 года і да грамадзянскай вайны адбыліся і іншыя антытамільскія пагромы; у ліку ахвяр былі і сінгалы.

 У 1958-ым усё ж быў прыняты Закон аб тамільскай мове, які гарантаваў тамілам права вучыцца на сваёй мове, здаваць на ёй экзамены на дзяржаўную пасаду (пры ўмове (а)валодання афіцыйнай мовай), перапісвацца са службоўцамі. У пераважна таміламоўных Паўночнай і Усходняй правінцыі тамільская магла выкарыстоўвацца з адміністратыўнымі мэтамі. Але тамілы патрабавалі шырэйшага ўжытку мовы, напрыклад, права перапіскі на ёй між мясцовымі і цэнтральнымі службоўцамі. Пастанова, на падставе якой павінен быў рэалізоўвацца закон, была зацверджана парламентам толькі ў 1966-ым і не была выканана напоўніцу.

Уступленне ў моц Закона аб афіцыйнай мове ў 1961 годзе было сустрэта кампаніяй пратэсту на поўначы і ўсходзе. У ёй прынялі ўдзел і сінгалы. Шматтыднёвую сідзячую забастоўку, што блакавала ўваход у адміністратыўны будынак, урэшце брутальна разагналі войскі.

У 1970 годзе быў забаронены экспарт таміламоўнай літаратуры і фільмаў з Індыі, спыненыя паездкі ў Індыю тамільскіх студэнтаў. З сінгальскага боку прагучала, што тамільскія экзаменатары

завышаюць адзнакі таміламоўным абітурыентам. Некалькі год дзейнічалі такія правілы прыёму ў ВНУ, што тым, хто здаваў уступныя экзамены на тамільскай, для паступлення трэба было набіраць вышэйшыя балы, чым сінгаламоўным. У 70-я актывізаваліся тамільскія баевікі.

 Канстытуцыя 1978 года і папраўкі да яе канца 80-ых паднялі статус тамільскай мовы. Сёння афіцыйнай мовай з’яўлялецца сінгальская, тамільская “таксама з’яўляецца афіцыйнай мовай”. Многіх, праўда, гэта “таксама” не задавольніла. Англійская мае статус мовы-пасярэдніка. Абедзве афіцыйныя мовы абазначаны як мовы адміністрацыі і судаводства па ўсёй краіне (з пазнакай, што тамільская выкарыстоўваецца гэтак на поўначы і ўсходзе). Замацавана права афіцыйна карыстацца тамільскай у сінгаламоўных раёнах і наадварот. Законы прымаюцца ці публікуюцца на абедзвюх мовах.

 

У 1983 годзе міжэтнічны канфлікт выліўся ў грамадзянскую вайну, у ходзе якой тамільскія сепаратысты імкнуліся стварыць незалежную тамільскую дзяржаву на частцы тэрыторыі вострава. Асноўнай узброенай групай сепаратыстаў (пацярпеўшых паразу) сталі “Тыгры вызвалення Таміл-Ілама”, прызнаныя ЕС і шэрагам іншых краін тэрарыстычнай арганізацыяй. Розныя бакі канфлікта абвінавачваюцца ў ваенных злачынствах. Вайна цягнулася па 2009 год, суправаджалася лютасцю і шматлікімі ахвярамі сярод тамільскага, сінгальскага і мусульманскага мірнага насельніцтва. Па ацэнках ААН, ахвярамі вайны сталі ад 80 да 100 тысяч чалавек.

На кантраляванай “Тыграмі” тэрыторыі ажыццяўляўся моўны пурызм, афіцыйныя ўстановы адхілялі заявы не на чыстай тамільскай мове.

 

Прэса апошніх гадоў сведчыць, што моўная праблема яшчэ не вырашана. Напрыклад, у сталіцы цяжка знайсці добрую працу, калі не валодаеш сінгальскай, тамілам там звычайна даюць падпісваць паліцэйскія пратаколы на сінгальскай, хаця тамілы і маўры складаюць у Каломба большасць. Большасць паліцэйскіх на поўначы краіны не валодае тамільскай і г.д.

 У 2010 годзе было створана міністэрства нацыянальных моваў і сацыяльнай інтэграцыі. Яго місія – фармаванне адзінага ланкійскага грамадства праз дыялог між этнічнымі групамі. Для яе рэалізацыі ўстанова ставіць перад сабой у тым ліку наступныя мэты:

  • забеспячэнне білінгвізму ў сферы дзяржаўнага кіравання;
  • распаўсюд шматмоўнасці (у перспектыве кожны грамадзянін павінен валодаць дзвюма афіцыйнымі мовамі);
  • зацікаўленне этнічных супольнасцяў культурай суседзяў;
  • заахвочванне грамадзян падаваць у адпаведную камісію скаргі аб парушэннях іх моўных правоў;
  • распаўсюд валодання англійскай мовай;
  • распрацоўка моўнай палітыкі.

 Сродкам распаўсюду білінгвізму з’яўляюцца моўныя таварыствы, якія праводзяць навучанне сінгальскай і тамільскай мовам. Да 2012 было запланавана заснаваць 5000 таварыстваў па ўсёй краіне. Таварыствы таксама збіраюць інфармацыю па выкананні моўнай палітыкі ў пэўным раёне. Яны служаць пасярэднікамі ў канфліктах паміж прадстаўнікамі розных этнасаў і арганізуюць міжэтнічныя спартовыя і культурныя мерапрыемствы.

 Трохмоўная шыльда цэнтра вывучэння тамільскай мовы паліцэйскай акадэміі

 

 

 Міністэрству падпарадкаваны шэраг арганізацый, напрыклад, Камісія па афіцыйных мовах, што дае рэкамендацыі ў галіне моўнай палітыкі і праводзіць маніторынг выканання моўнага раздзела канстытуцыі, разглядаючы скаргі грамадзянаў і праводзячы моўны аўдыт. Камісія прапагандуе дзяржаўную моўную палітыку, у тым ліку праз грамадскія круглыя сталы.

 Дэпартамент афіцыйных моваў у тым ліку забяспечвае афіцыйны пераклад у дзяржустановах, праводзіць атэстацыю валодання мовай і курсы мовы для службоўцаў.

 

 З ланкійскага досведу можна зрабіць высновы. Перш за ўсё, бачна, наколькі сур’ёзная рэч моўная палітыка, да якіх страшных і руйнавальных для краіны наступстваў могуць весці пэўныя рашэнні ў гэтай галіне.

 Ланкійская дзяржава прапагандуе сваю моўную палітыку, а нам варта патрабаваць ад уладаў агучыць палітыку адносна развіцця беларускай мовы: з мэтамі, датамі і адказнымі асобамі.

Звернем увагу на абавязковасць абедзвюх ланкійскіх моў у сферы законатворчасці, чаго няма ў нас.

Можна заснаваць інстытут перакладчыкаў для перакладу замежнай літаратуры і распаўсюду нашай культуры ў свеце, а таксама курсы ўдасканалення мовы для службоўцаў.