Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
ІДЭІ — Міжнародны вопыт - для Беларусі

З’ехаць – каб застацца. Валійская эміграцыя ў Патагонію дзеля захавання ўласнай нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці

Часам узнікае жаданне абстрагавацца ад нашай рэачіснасці і заснаваць штосьці кшталту беларускай калоніі. Калі гэта ідэя нават і мроя, то гэта не значыць, што да яе не варта прыглядзецца. Магчыма, тым, хто задумаецца пра беларускую каланізацыю, будзе цікавы вопыт валійскага засялення Патагоніі ў 19 стагоддзі.

 

 

Дзяніс Тушынскі,

намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы

 

Як пісала амерыканская пісьменніца Шырлі Джэксан: “Ніводзін жывы арганізм не здольны доўга выносіць абсалютную рэчаіснасць і заставацца здаровым; нават птушкі і конікі, відаць, часам мараць”. І беларуская рэчаіснасць, прынамсі, з пункту погляду свядомага чалавека, не выключэнне. Таму не дзіва, што часам узнікае жаданне ад гэтай рэчаіснасці абстрагавацца і заснаваць штосьці кшталту беларускай калоніі – здаецца, калісь бачыў падобныя ідэі і ў прэсе. Такія думкі могуць быць мрояй, відам псіхалагічнай абароны. Нават дзіўна, што беларуская літаратура канца 19 – пачатку 20 стагоддзя не дала нам плеяду пісьменнікаў кшталту Жуля Верна, Майн Рыда ці Бусенара, якія б пісалі пра прыгоды выгнаннікаў-беларусаў, гэткіх ужо не-палескіх рабінзонаў, у дэкарацыях Тыбета ці Барнэа.

Але калі ідэя беларускай калоніі нават і мроя, то гэта не значыць, што да яе не варта прыглядзецца. Як той казаў, калі ў вас манія пераследу, гэта яшчэ не значыць, што за вамі ніхто не сочыць. У гісторыі здаралася, што перасяленне прадстаўнікоў прыгнечаных супольнасцяў у далёкія землі прыводзіла да заснавання там незалежных дзяржаў. Прыгадаем Ізраіль і Ліберыю, заходнеафрыканскую калонію былых амерыканскіх неграў-рабоў, якая стала краінай.

Свет, вядома, мяняецца, але, магчыма, што тым, хто задумаецца пра беларускую каланізацыю, будзе цікавы вопыт яшчэ аднаго прадпрыемства – валійскага засялення Патагоніі ў 19 стагоддзі. Цікавасць да гэтай хвалі эміграцыі абумоўлена, у прыватнасці, яе матывамі. Людзі з’язджалі не столькі па эканамічных прычынах, колькі дзеля захавання сваёй мовы, культуры і рэлігійнай свабоды.

Што неабходна для эміграцыі? У прыватнасці, незадаволенасць склаўшайся на радзіме сітуацыяй і перакананне, што рашыць праблемы на месцы нерэальна. Чаму такая сітуацыя склалася ва Уэльсе? Уэльс – гэта  адзін з аскепкаў і нашчадкаў старажытнай брыцкай, даангласаксонскай і дарымскай Брытаніі. У паслярымскі перыяд на тэрыторыі сучаснага Уэльса ўтвараецца шэраг каралеўстваў, якія некалькі разоў аб’ядноўваліся пад уладай аднаго манарха. У канцы 13 стагоддзя Англія канчаткова скарае краіну, хаця Уэльс і захоўвае фармальна аўтаномны статус да 1536 года, калі афіцыйна замацоўваецца саюз з Англіяй, і на Уэльс распаўсюджваецца англійскае заканадаўства.

На валійскай мове Уэльс называецца Cymru (Камры), а яго беларуская назва паходзіць ад слова, якім германцы абазначалі замежнікаў. Ад яго ж, дарэчы, паходзяць словы Валахія і Валонія. А гэта германскае слова запазычана з лацінскай назвы італійскага племені Вольскаў.

Валійская мова належыць да брыцкай падгрупы кельцкіх моў і найбольш блізкая да корнскай і брэтонскай. На ёй існуе старажытная літаратура, адкрыўшая свету, у прыватнасці, караля Артура. Нягледзячы на панаванне англічан, Уэльс доўга заставаўся пераважна валійскамоўным рэгіёнам, але на пачатак 20 стагоддзя валійская ва Уэльсе стала мовай меншасці. Сёння ёй у той ці іншай ступені валодаюць 27% больш чым трохмільённага насельніцтва. Напэўна, чытач ведае словы коргі (парода сабак) і кромлех, якія паходзяць з гэтай мовы.

Напярэдадні эміграцыі валійцаў у Патагонію, у першай палове 19 стагоддзя, ва Уэльсе адбыліся паўстанні чартыстаў, патрабаваўшых роўных выбіральных правоў, а таксама бунты збяднелых фермераў, выкліканыя высокімі падаткамі, зборамі і невыгоднай для іх коштавай палітыкай. Апасля паўстанняў прагучала меркаванне, што прычына сацыяльнай напружанасці – у недахопе адукацыі. У 1846-ым ва Уэльс была накіравана камісія для вывучэння стану мясцовай адукацыі. Ініцыятар стварэння камісіі, дэпутат парламенту, народжаны ва Уэльсе Уільям Уільямс выказаўся наступным чынам: “маральная моц школьнага настаўніка была больш эканамічным і эфектыўным шляхам кіравання гэтымі людзьмі, чым штых”. Гэты ж парламентар назваў валійскую мову перашкодай на шляху ажыццяўлення правасуддзя ва Уэльсе, а англійскую – адзіным шляхам да цывілізацыі для беднага валійца.

Камісія склала рэзанансную справаздачу. З аднаго боку, у справаздачы крытыкаваліся цялесныя пакаранні за выкарыстанне валійскай мовы, што практыкавалася, прынамсі, у некаторых рэгіёнах. Але з іншага боку, аўтары зняважліва выказваліся пра маральныя якасці валійцаў і нонканфармізм (нонканфармісты – прадстаўнікі пратэстанцкіх веравызнанняў, якія не падпарадкоўваліся дактрыне і практыкам англіканскай царквы: кальвінісцкія метадысты, кангрэгацыяналісты, баптысты і іншыя). Валійскую мову ў справаздачы назвалі перашкодай на шляху да маральнага прагрэсу і эканамічнага дабрабыту. Адзначаецца, што аўтары не былі цалкам самастойнымі ў сваіх сцвярджэннях, а агучвалі стэраэатыпы мясцовых землеўладальнікаў-англікан і часткі англіканскага духавенства. Аўтарамі дакумента былі тры англічаніна, якія не валодалі валійскай мовай, не былі спецыялістамі ў сферы адукацыі і належалі да англіканскай царквы.

На працягу 19 стагоддзя прыніжанасць нонканфармістаў у правах у параўнанні з англіканамі паступова пераадольвалася. Тым не менш, большасць землеўладальнікаў ва Уэльсе былі англіканамі, а ад арандатараў (большасць якіх англіканамі не былі) патрабавалася плаціць дзесяціну на карысць англіканскай царквы. Хаця трэба таксама адзначыць, што многія англіканскія святары зрабілі надзвычай вялікі ўнёсак у валійскамоўную культуру і выступалі супраць антывалійскіх настрояў у сваёй царкве.

У сярэдзіне 19 стагоддзя да нонканфармісцкіх цэркваў належала 4/5 насельніцтва Уэльса. Гэтыя цэрквы былі ў асноўным валійскамоўнымі, а іх пастары прапагандавалі нацыянальныя каштоўнасці, выдавалі валійскую літаратуру і адкрывалі валійскамоўныя школы.

Цікава, што валійскамоўнасці царквы і ўвогуле захаванню валійскай мовы ў свой час паспрыялі самі англічане. Хаця валійскую мову выдалілі з адміністратыўнай сферы, у 16 стагоддзі Елізавета Першая запатрабавала, каб у кожнай валійскай царкве былі Бібліі як на англійскай, так і на валійскай мовах. Меркавалася, што гэта паспрыяе распаўсюду пратэстантызму і знаёмству з англійскай мовай.

Хаця справаздача сапраўды прымусіла многіх людзей паверыць, што валіец можа дасягнуць поспеху ў жыцці толькі праз англамоўную адукацыю, яна справакавала і хвалю пратэстаў, а за ёй і ўздым валійскай палітычнай і  культурнай актыўнасці.

У 19 стагоддзі ў прамысловыя раёны Уэльса прыязджае шмат англамоўных працаўнікоў з іншых частак Брытаніі. Акрамя таго, валійскамоўны друк не можа на роўных спаборнічаць з шырокім распаўсюдам англійскіх СМІ. У 1870-ым увогуле ўводзіцца абавязковае навучанне ў школах на англійскай мове. І хаця праз 20 год зноў пачынаюць засноўвацца валійскія школы, англійская мова ў сферы адукацыі дамінуе. Гэткім быў фон для валійскай эміграцыі ў Патагонію.

 

Частка прадстаўнікоў валійскага нацыянальнага руху лічыла, што на радзіме англізацыя зайшла ўжо занадта далёка, таму варта пакінуць яе і заснаваць валійскую дзяржаву ў іншым месцы. Трэба сказаць, што ў 19 стагоддзі эміграцыя на амерыканскі кантынент не была для валійцаў чымсці новым. Існуе легенда пра валійскага прынца Мадока, які быццам бы дасягнуў берагоў Амерыкі яшчэ ў 12 стагоддзі і заснаваў там калонію, жыхары якой урэшце асіміляваліся з індзейцамі. Публікаваліся нават сведчанні аб валійскамоўных індзейцах. Валійскія паселішчы засноўваліся ў Паўночнай Амерыцы ў 17 – 19 стагоддзях. Ёсць звесткі, што 16 з падпісантаў Дэкларацыі незалежнасці ЗША былі валійскага паходжання, у тым ліку Томас Джэферсан.

 

Для заснавання калоніі патрэбныя натхняльнікі і арганізатары. Для валійцаў адным з такіх людзей стаў вялебны Майкл Дэніэл Джонс. Джонс, кангрэгацыяналісцкі пастар і загадчык тэалагічнага каледжа, марыў аб заснаванні самакіраванага валійскага паселішча, дзе будуць квітнець аўтэнтычная мова і культура. Наведаўшы ЗША ў сярэдзіне 19 стагоддзя, ён быў расчараваны асіміляцыяй тамтэйшых валійцаў у амерыканскае грамадства, у тым ліку і страту роднай мовы. Ідэя заснавання новай калоніі шырока абмяркоўвалася ў валійска-амерыканскай прэсе. Валійскія дзеячы, у тым ліку і Джонс, засноўвалі ў ЗША і Брытаніі таварыствы з мэтай прасоўвання праекту новай эміграцыі.

У 1861 годзе ў Ліверпулі засноўваецца каланізацыйнае (пасяленцкае) таварыства, старшынём якога робіцца Майкл Джонс. Па канцэпцыі яго стваральнікаў, у будучых перасяленцаў павінны быць псіхалагічныя і фізічныя бар’еры для асіміляцыі. Першы бар’ер павінна забяспечыць развітая нацыянальная свядомасць каланістаў, а другі – ізаляцыя калоніі ад знешняга свету. Быў разгледжаны шэраг варыянтаў: ад Каліфорніі да Брытанскай Калумбіі і ад Аўстраліі да Святой зямлі. Можна толькі здагадвацца, як склалася б гісторыя Палестыны, калі б калонію сапраўды заснавалі там.

Майкл Д. Джонс

 

   Льюіс Джонс сярод патагонскіх індзейцаў 

Можна сказаць, што калонія адбылася не дзякуючы той зямлі, якая была ёй вылучана, а насуперак ёй. Праз некалькі год, пабудаваўшы першую ў Аргентыне ірыгацыйную сістэму, каланісты дасягнулі першых высокіх ураджаяў. Пшаніца, вырашчаная ў калоніі, нават будзе ўганараваная медалямі на міжнародных сельскагаспадарчых выставах. На тле поспехаў вярнулася і шмат з’ехаўшых каланістаў.

Пасяленцы пачалі засвойваць прылеглыя тэрыторыі, засноўваючы новыя мястэчкі і даючы зямлі валійскую тапаніміку. Некаторыя з гэтых назваў замацаваліся, але большасць зараз заменена на іспанскія. У 1885 валійцы, якіх падштурхоўвала неабходнасць пошуку свабодных урадлівых земляў,  распачалі засваенне тэрыторыі далёка на захадзе, у Андах, у выніку чаго паўсталі такія селішчы як Трэвелін і Эскель. Гэтыя мясціны, названыя валійцамі Прыемнай далінай, былі сапраўды падобныя да Паўночнага Уэльса, можна сказаць, што валійцы нарэшце знайшлі сваю зямлю абетаваную. Тут ім выпаў шанец абараніць інтарэсы Аргентыны ў рэгіёне. Чылійцы, што прэтэндавалі на гэту частку Патагоніі, накіравалі да іх перамоўцаў з прапановай перайсці пад іх юрысдыкцыю, спакушаючы абяцаннямі зямлі і геапалітычнымі аргументамі (рэкі там цякуць на захад, у Чылі). Але, шчыльна знітаваныя з усходняй калоніяй, валійцы адмовіліся. На рэферэндуме 1902 года яны выбралі аргентынскае, а не чылійскае падданства.

Як ва ўсякай прыстойнай калоніі, і там пачалася залатая ліхаманка. Адзін з каланістаў, Эдвін Робертс, знайшоў у Андах золата. Пачаліся зборы статутнага капіталу для кампаніі, але раптоўная смерць Робертса, які быў адзіным чалавекам, хто дакладна ведаў месца, паклала канец прадпрыемству. Тым не менш, чуткі пра золата зрабілі калоніі добрае паблісіці.

   Ад пачатку існавання калоніі ўсё грамадскае жыццё ў ёй адбывалася на валійскай мове. Былі заснаваны валійскія газеты і валійскамоўныя школы. Спачатку адзіным падручнікам была Біблія, потым мясцовы настаўнік склаў першую чытанку на валійскай мове. Большасць дзяцей, выхаваных у калоніі з 70-х па канец 90-х, былі валійскімі манаглотамі. 

 

Валійскі фестываль Айстэдвод у 1880-ыя

  Калонія кіравалася дэмакратычна: там была канстытуцыя, рада, абраны кіраўнік і заканадаўства, зноў жа складзенае па-валійску. Пра такія рэчы у самі Уэльсе людзі тады маглі толькі марыць. У калоніі былі распаўсюджаны кааператывы для вядзення сельскагаспадарчых прац, камунальных і сацыяльных праектаў.

 

 Але з ростам дабрабыту і засваеннем новых тэрыторый з’явілася новая праблема. Жорсткі жарт гісторыі: каланісты пачалі ўсё глыбей пагружацца ў сітуацыю, ад якой з’ехалі з Брытаніі: падпарадкаванасць знешняй уладзе, пагарджанне гэтай уладай валійскай мовай і іміграцыя носьбітаў іншых моў і культур – толькі дзеючыя асобы на гэты раз змяніліся. Як ужо адзначалася, аргентыныскі ўрад заахвочваў эміграцыю, і ў 1895 годзе замежнікі складалі чвэрць насельніцтва краіны. Інструментамі “аргентынізацыі” мільёнаў замежнікаў павінны былі стаць школа і служба ў войску.

 Напачатку кіраўніцтва краіны асабліва не ўмешвалася ў справы калоніі. З цягам часу, аднак, Аргентына, незадаволеная ізяляцыянізмам каланістаў, усё больш распаўсюджвала на калонію сваю ўладу. Туды пачалі прызначаць камісараў, а потым, калі Чубут у 1884 стаў правінцыяй, то ў ёй з’явіўся губернатар. Некаторыя з гэтых афіцыйных асоб паважалі валійскае самакіраванне, але іншыя пярэчылі радзе і закручвалі гайкі, напрыклад, патрабавалі ўдзелу пасяленцаў у вышкалах нацыянальнай гвардыі па нядзелях, што было для іх непрымальна па рэлігійных прычынах. Толькі асабістае ўмяшальніцтва прэзідэнта краіны дазволіла вырашыць гэты канфлікт.

 У канцы 70-х аргентынскі ўрад актывізаваў і адукацыйную палітыку. Прызначаны аргентынцамі настаўнік напісаў валійскамоўны падручнік іспанскай мовы. Многія пасяленцы пратэставалі супраць прызначэння, бо не жадалі цэнтральнага ўмяшальніцтва ў сферу адукацыі і баяліся, што іспанская ўрэшце стане асноўнай мовай навучання. Акрамя таго, гэты настаўнік быў каталіком. У калоніі пачалі засноўваць нацыянальныя (дзяржаўныя) школы. Пад канец 19 стагоддзя там было 5 школ, якія кіраваліся каланістамі і 5 нацыянальных. Праўда, дзве нацыянальныя школы спачатку былі ўсё ж валійскамоўнымі, а іспанская выкладалася там як прадмет. У 1896 быў прыняты закон, паводле ягога мовай навучання ва ўсіх пачатковых школах краіны павінна быць іспанская. Але ў калоніі такая палітыка спачатку пацярпела няўдачу з-за супрацьстаяння бацькоў і з-за таго, што многія настаўнікі былі валійскамоўнымі. Больш таго, ў 1906 была заснавана сярэдняя школа, дзе выкладанне вялося пераважна па-валійску. Тым не менш, у 1927 годзе ўся пачатковая адукацыя ажыццяўлялася ўжо па-іспанску.

 На працягу існавання калоніі было некалькі буйных хваляў эміграцыі з радзімы. Лічыцца, што агулам у калонію прехала 2,3 – 3 тысячы валійцаў. Але апошнія эмігранты з Уэльса прыехалі ў 1911 годзе, а тэмпы невалійскай эміграцыі, выкліканай у асноўным эканамічнымі поспехамі калоніі, нарасталі. Усё болей шлюбаў у калоніі заключалася з невалійцамі. У канцы 19 – пачатку 20 стагоддзя гарадскія рады, раней валійскамоўныя, мяркуючы па іх складзе, пераводзяць сваю працу на іспанскую мову з-за вялікай колькасці прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. Праўда, андскія селішчы, куды ў пошуках зямлі і ад новай асіміляцыі перабралося шмат людзей, даўжэй захавалі валійшчыну, а адносіны з аргентынскімі ўладамі там былі лепшыя.

 

   У 1899 годзе зноў здарыліся жахлівыя паводкі. Гэта падштурхнула больш за дзвесце расчараваных у іспанізацыі валійцаў з’ехаць у Канаду. Многія з перасяленцаў не мелі дастаткова сродкаў на эміграцыю, і грошы для іх збіралі ў Брытаніі, адным са спонсараў быў нават Прынц Уэльскі. Спрыяў вылучэнню зямлі для іх Дэвід Ллойд-Джордж, будучы прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі, валіец па паходжанні, які ў дзяцінстве размаўляў на валійскай мове.

 

У сярэдзіне 20 стагоддзя культурнае валійскае жыццё знаходзілася ў стагнацыі. Першай і нярэдка адзінай мовай дзяцей усё часцей рабілася іспанская. Скарацілася наведванне царквы, эканамічныя складанасці зменшылі магчымасць правядзення культурных мерапрыемстваў. Сярэдняя валійская школа зачныілася ў 1950 годзе з-за недахопу вучняў. У перыяд аргентынскай дыктатуры канца 70-х – пачатку 80-х дзецям было забаронена даваць валійскія імёны. Распаўсюджанасць валійскай мовы ў Патагоніі істотна скарацілася, у пачатку дзевяностых моладзь на ёй амаль не размаўляла.

Магло падацца, што гэта канец новага Уэльса ў Патагоніі, але гісторыя зноў прадэманстравала свой цыклічны характар. Калі ў 50-я гады было праведзена мала традыцыйных фестываляў мастацтваў Айстэдвод, то пасля святкавання стогадовага юбілею калоніі ў 1965-ым яны ладзяцца рэгулярна (сёння – у чатырох гарадах). У 1997 годзе ў правінцыі была запушчана спецыяльная праграма адраджэння валійскай мовы. Яна фінансуецца урадам Уэльса, Валійска-аргентынскім таварыствам і  Брытанскай Радай ва Уэльсе. У межах праграмы праводзяцца моўныя курсы і валійскамоўныя мерапрыемствы. Выкладчыкі мовы з Патагоніі маюць магчымасць ездзіць на стажыроўкі ва Уэльс.

Зараз у правінцыі Чубут ёсць валійскамоўныя дашкольныя ўстановы, дзейнічаюць курсы валійскай мовы для дзяцей і дарослых, у тым ліку прафесіянальныя курсы. У 2013 іх наведала амаль тысяча чалавек. Мова як прадмет вывучаецца ў шэрагу школ, адчынілася і пачатковая школа, дзе ўсё выкладанне вядзецца па-валійску і па-іспанску. Папулярнасць валійскай мовы і культуры расце, нават сярод людзей, у якіх няма валійскіх продкаў. З’явілася валійскамоўнае знешняе афармленне некаторых гарадоў, у перспектыве – дзвюхмоўныя радыёпраграмы на мясцовай ФМ станцыі і адкрыццё яшчэ адной валійскамоўнай школы ў Андах.

Сёння насельніцтва правінцыі Чубут складае каля 550 тысяч чалаевк, з якіх, як паведамляецца, дзесь 50 тысяч маюць валійскіх продкаў. Адна з крыніц паведамляе, што колькасць валійскамоўных у Чубуце складае 5 тысяч чалавек, іншая –  што ва ўсёй Аргентыне жыве каля 25 тысяч носьбітаў мовы.

   Карта правінцыі Чубут. Акрамя беларускай, надпісы на карце – на валійскай і іспанскай мовах. Эліпсамі паказаны асноўныя месцы рассялення валійцаў. 

 

Валійская царква Bethel у Трэвеліне

Айстэдвод у Чубуце, 2014

  Гэты гістарычны нарыс, натуральна, не меў на мэце аналіз магчымасцяў заснавання беларускай калоніі. Ды і саму неабходнасць гэтага можна, вядома, паставіць пад пытанне. Наш час, хоць і трывожны ў плане стану беларускай мовы, адначасова абяцае і пэўныя перспектывы. Так што мае рацыю той, хто падумае, што рабіць Беларусь трэба ў Беларусі. Але… той жа прыклад Валійскай калоніі вучыць, што гісторыя можа рабіць сюрпрызы, прычым не заўжды прыемныя. Ну і ўвогуле, ці не прыемна было б усведамляць, што дзесцьці далёка ёсць яшчэ адна сапраўдная беларуская тэрыторыя ці нават дзяржава? Калі б яна сапраўды існавала, то галоўнае, каб яна была насамрэч яшчэ адной, а не адзінай.