Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
ІДЭІ — Міжнародны вопыт - для Беларусі

Моўнае заканадаўства Швейцарыі

Заканадаўства Швейцарскай Канфедэрацыі як крыніца ідэй для ўдасканалення айчыннага моўнага заканадаўства.

Дзяніс Тушынскі

намеснік старшыні ТБМ

 

На сайце ТБМ ужо змяшчаліся артыкулы, прысвечаныя замежнаму моўнаму заканадаўству. Гэты нарыс працягвае дадзеную серыю. Яго асноўная мэта – прадэманстраваць падыходы, якія так ці інакш можна выкарыстаць для ўдасканалення айчыннага моўнага заканадаўства.

 

Паводле канстытуцыі, нацыянальнымі мовамі Швейцарскай канфедэрацыі з’яўляюцца нямецкая, французская, італьянская і рэтараманская (апошняя таксама называецца швейцарская рэтараманская і раманшская). Нямецкая, французская і італьянская з’яўляюцца афіцыйнымі мовамі краіны, рэтараманская таксама з’яўляецца афіцыйнай мовай канфедэрацыі ў зносінах з носьбітамі гэтай мовы.

У 2013 годзе сваімі асноўнымі мовамі назвалі нямецкую – 64,5%, французскую – 22,6%, італьянскую – 8,3%, рэтараманскую – 0,5% насельніцтва; 21,7% пастаянных жыхароў назвалі асноўнай мовай іншую (можна было называць некалькі моў).

Пад нямецкай мовай тут маецца на ўвазе як стандартная нямецкая, так і швейцарскія нямецкія дыялекты, якія разам называюцца швейцарская нямецкая. Апошняя значна больш распаўсюджана ў якасці асноўнай хатняй і працоўнай размоўнай мовы, чым стандартная. Яна шырока ўжываецца ў тэле- і радыёвяшчанні, але ў яе няма пісьмовага стандарта.

Швейцарская рэтараманская мова  ўваходзіць у рэтараманскую падгрупу раманскіх моў. Мовы гэтай падгрупы разглядаюцца і як варыянты адзінай рэтараманскай мовы. Уласна швейцарская рэтараманская (далей – рэтараманская) мова мае некалькі варыянтаў. Пяць з іх маюць пісьмовую норму. У 1983 годзе на аснове трох з гэтых варыянтаў была створана пісьмовая мова раманш грыжун. Грыжун – рэтараманская назва кантона (аднаго з суб’ектаў канфедэрацыі), дзе яна распаўсюджана). Паводле швейцарскага закона аб нацыянальных мовах, які мы разгледзім ніжэй, носьбіты рэтараманскай могуць звяртацца ў федэральныя ўстановы на сваіх варыянтах гэтай мовы, установы ж адказваюць на раманш грыжун.

У айчынным законе “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” дыялекты мовы абвяшчаюцца нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Магчыма, у нашым моўным заканадаўстве варта дэтальна прапісаць захады па падтрымцы разнастайнасці беларускай мовы.

 

Канстытуцыя, кантоны і абшчыны

Па канстытуцыі, швейцарскія кантоны самі вызначаюць свае афіцыйныя мовы. У краіне 26 кантонаў, у 17 з іх афіцыйная мова – нямецкая, у 4 – французская, у 3 – нямецкая і французская, у 1 – італьянская і яшчэ ў адным – нямецкая, італьянская і рэтараманская.

   Клікніце на малюнак, каб пабачыць моўныя рэгіёны Швейцарыі (тэрыторыі, большасць насельніцтва якіх карыстаецца пэўнай мовай як асноўнай):

 

Моўныя рэгіёны Швейцарыі

У тэксце канстытуцыі прапісана, што, дзеля захавання гармоніі паміж моўнымі супольнасцямі, кантоны павінны паважаць традыцыйнае тэрытарыяльнае размеркаванне моў і прымаць да ўвагі аўтахтонныя моўныя меншасці. Гэты пункт лічыцца выражэннем прынцыпа тэрытарыяльнасці.

У літаратуры адзначаецца, што, паводле прынцыпа тэрытарыяльнасці, хаця канфедэрацыя шматмоўна, у кожным пункце яе тэрыторыі (за некалькімі выключэннямі) афіцыйная мова толькі адна. У аднамоўных кантонах мовай кантанальнай адміністрацыі (а таксама заканадаўства, судоў, парламента) з’яўляецца толькі афіцыйная мова кантона. Яна ж з’яўляецца і мовай выкладання ў абавязковай дзяржаўнай школе. У афіцыйна франкамоўным кантоне Юра ёсць маленькая абшчына з пераважна нямецкамоўным насельніцтвам.

Дзвюхмоўныя кантоны дзеліць на дзве часткі моўная франка-нямецкая мяжа. Унутры гэтых кантонаў большасць асобных абшчын населена альбо пераважна нямецкамоўнымі альбо пераважна франкафонамі (абшчыны – найдрабнейшыя адзінкі палітычнага падзелу краіны, сёння іх 2324). Афіцыйнай мовай большасці абшчын і акругаў (адміністратыўныя адзінкі, якія аб’ядноўваюць некалькі абшчын) з’яўляецца толькі адна з дзвюх афіцыйных моў кантона. Як адзначаецца, у дзвюхмоўных кантонах кантанальныя законы прымаюцца на дзвюх мовах, дэпутаты могуць выбіраць мову выступаў у кантанальным парламенце.

У трохмоўным (нямецка-рэтараманска-італьянскім) кантоне Граўбюндэн, які называюць Швейцарыяй у мініяцюры, паводле ўласнага моўнага закона, кантанальная адміністрацыя выкарыстоўвае ўсе тры мовы. Гэты закон, прыняты ў 2006 годзе, з’яўляецца радыкальным сродкам падтрымкі меншасных моў кантона: рэтараманскай і італьянскай. Абшчыны, дзе рэтараманская ці італьянская па выніках перапісаў лічацца “спрадвечнымі” (традыцыйнымі) мовамі, у сваім заканадаўстве вызначаюць сваю афіцыйную мову ў адпаведнасці з наступнымі палажэннямі закона. Калі ў абшчыне мінімум 40% носьбітаў “спрадвечнай” мовы, то яна прызнаецца афіцыйна аднамоўнай (і адміністратыўнай мовай з’яўляецца толькі спрадвечная), калі мінімум 20% – дзвюхмоўнай.  У аднамоўных абшчынах афіцыйная мова выкладаецца ў школах у якасці першай мовы. У дзвюхмоўных у гэтай якасці выкарыстоўваецца “спрадвечная” мова, але магчыма стварэнне дзвюхмоўных школ. Калі ў абшчыне ад 10% да 20% носьбітаў “спрадвечнай” мовы, то яна павінна выкладацца ў школах гэтай абшчыны.

Хаця на практыцы гэта магчыма, на кантоны не накладаецца абавязак ажыццяўляць афіцыйныя зносіны з грамадзянамі не на афіцыйнай мове кантона. Такім чынам, прынцып тэрытарыяльнасці знаходзіцца ў пэўнай супярэчнасці з прынцыпам свабоды выбара мовы, прама прапісаным у канстытуцыі. Адзначаецца, што трыманне прынцыпа тэрыятарыяльнасці паспрыяла захаванню межаў моўных рэгіёнаў на працягу стагоддзяў. Хаця, прынамсі, пэўныя тэрыторыі, дзе раней дамінавала рэтараманская мова, сталі пераважна нямецкамоўнымі на працягу толькі 20 стагоддзя, раней адбываліся ваганні мяжы франка- і нямецкамоўных рэгіёнаў.

 У канстытуцыі пазначана, што канфедэрацыя і кантоны павінны спрыяць паразуменню і абмену паміж моўнымі супольнасцямі. Канфедэрацыя падтрымлівае шматмоўныя кантоны і меры, якія прадпрымаюцца двума кантонамі па падтрымцы і развіцці італьянскай і рэтараманскай моў. Асаблівай увагі вартае прапісанне ў асноўным законе краіны падтрымкі пэўным яе мовам.  Адпаведнага палажэння адносна беларускай ці нейкай іншай канкрэтнай мовы ў нашай канстытуцыі няма. Улічваючы рэальна цяжкі стан беларускай мовы, варта было б уключыць такое палажэнне ў канстытуцыю ці ў Закон аб мовах.

 

Федэральны моўны закон

Асноўным моўным законам Швейцарыі з’яўляецца Федэральны закон аб нацыянальных мовах і ўзаемаразуменні паміж моўнымі супольнасцямі, які ўступіў у моц у 2010 годзе. Існуе таксама заснаваная на законе пастанова, якая канкрэтызуе яго палажэнні. Далей мы будзем грунтавацца на гэтых двух дакументах. У мэтах закона сярод іншага пазначана: умацаванне шматмоўнасці як істотнай прыкметы Швейцарыі, спрыянне індывідуальнай і інстытуцыянальнай шматмоўнасці, падтрымка і развіццё рэтараманскай і італьянскай моў. Дзяржава бярэ на сябе абавязак ставіцца да моў роўна і спрыяць узаемапаразуменню моўных супольнасцяў.

Заўважце, у айчынным заканадаўстве прынцып роўнасці моў нідзе прама не прапісаны. У мэтах айчыннага Закона аб мовах шматмоўнасць ніякім чынам не пазначана; па сутнасці, айчынны закон у большасці сваіх палажэнняў якраз дае свабоду тым, хто інстытуцыянальнай шматмоўнасці жадае пазбегнуць. Карысным для нас можа быць таксама пункт пра “істотную прыкмету Швейцарыі”. Напрыклад, чаму б у айчынным заканадаўстве не назваць падобным чынам беларускую мову? А то ў нас нават у згаданым вышэй законе “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” не пазначана, якая канкрэтна мова маецца на ўвазе. Звяртае на сябе ўвагу закрананне прыватнай сферы – “спрыянне індывідуальнай шматмоўнасці”. Трэба сказаць, што ў законапраекце ТБМ “Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы” у гэтым накірунку зроблены сур’ёзны крок.

 

Закон распаўсюджваецца на парламент канфедэрацыі, яе ўрад, падпарадкаваную яму федэральную адміністрацыю (у яе ўваходзіць федэральная канцылярыя і дэпартаменты з вялікай колькасцю падпарадкаваных арганізацый) і федэральныя суды.

 

Сумеснае выкарыстанне дзяржаўных моў замацоўваецца ў шэрагу палажэнняў закона. Так, законапраекты, прапановы і іншыя дакументы павінны як правіла падавацца ў парламент на нямецкай, французскай і італьянскай. На гэтых трох мовах павінны адначасова публікавацца федэральныя ўказы і іншыя дакументы, што падпадаюць пад так званы “Публікацыйны закон”. Апошні прапісвае, якія акты заканадаўства павінны быць надрукаваны ў Афіцыйным зборніку федэральнага заканадаўства і ў Федэральнай газеце. Публікацыя ў першым ўводзіць акты заканадаўства ў моц. Такім чынам, на трох мовах выдаюцца федэральныя законы, пастановы федэральнага парламента і ўрада, міжнародныя дамовы і пастановы аб іх ратыфікацыі,  дамовы паміж канфедэрацыяй і кантонамі, законапраекты, рашэнні аб унясенні змяненняў у канстытуцыю і цэлы шэраг іншых афіцыйных дакументаў. Усе моўныя версіі маюць аднолькавую моц.

Таксама і на рэтараманскай павінны публікавацца тэксты асаблівай важнасці і дакументы, датычныя федэральных выбараў. Пераклады на рэтараманскую каардынуе Федэральная канцылярыя.

Федэральныя ўстановы ажыццяўляюць знешнія зносіны на чатырох мовах, асабліва праз друкаваныя матэрыялы, інтэрнэт-старонкі (на гэтых мовах там павінна быць найважнейшая інфармацыя) і шыльды. Федэральныя фармуляры для грамадскасці павінны быць на ўсіх чатырох мовах. Такім чынам, у Швейцарыі на федэральным узроўні патрабаванні да сумеснага выкарыстання дзяржаўных моваў ахопліваюць больш сфер у параўнанні з айчынным Законам аб мовах

 

Спрыянню ўзаемаразуменню і абмену паміж моўнымі супольнасцямі пысвечаны асобны раздзел закона. Так, у сферы адукацыі дзяржава і кантоны

 

  • спрыяюць абмену вучняў і выкладчыкаў паміж моўнымі супольнасцямі;
  • спрыяюць шматмоўнасці вучняў і настаўнікаў;
  • дзяржава можа фінансава падтрымаць кантоны і арганізацыі па абмене.

Уявіце, каб у нас дзеці з рускамоўных школ перыядычна накіроўваліся на “стажыроўкі” ў такія школы, дзе ўвесь працэс навучання сапраўды ідзе па-беларуску. Натуральна, варты падтрымкі абмен з беларускамоўнымі навучальнымі ўстановамі суседніх краін.

Увогуле, швейцарскі закон і падзаконная пастанова троху нагадваюць інструкцыю па напісанні заяўкі на грант: там шматкроць пазначана, на што дзяржава выдаткоўвае фінансавую дапамогу. Напрыклад, канфедэрацыя аказвае такую дапамогу кантонам у арганізацыі навучання другой і трэцяй дзяржаўных моў, у навучанні іншамоўных афіцыйнай мове пэўнага кантона і сваёй першай мове.

Для мігрантаў як з замежжа, так і з іншамоўных кантонаў у школе прапануюцца курсы роднай мовы і культуры, якія павінны быць часткай агульнага раскладу заняткаў. Па рэкамендацыях Рады кантанальных міністраў адукацыі, такія заняткі павінны займаць мінімум дзве гадзіны на тыдзень.

У айчынным заканадаўстве варта было б прапісаць падтрымку і меры па навучанні менавіта беларускай мове замежнікаў, у прыватнасці, замежных студэнтаў.

Для нас гэта не асабліва актуальна, але для паўнаты карціны можна дадаць, што па законе, па заканчэнні абавязковага перыяду навучання, швейцарскія школьнікі павінны авалодаць мінімум яшчэ адной нацыянальнай мовай і адной замежнай мовай. Па стратэгіі згаданай Рады адна з моў уводзіцца на пятым годзе абавязковага 11-гадовага навучання, а другая – на сёмым (11-гадовы перыяд уключае два гады дашкольнага навучання). Чарга вызначаецца кантонамі, але па заканчэнні абавязковага навучання дзеці павінны валодаць дзвюма мовамі на аднолькавым узроўні.

 Паводле раздзела закона аб спрыянні ўзаемаразуменню фінансавая дапамога можа быць таксама перададзена:

 

  • агульнанацыянальным крыніцам інфармацыі, якія расказваюць пра чатыры мовы краіны;
  • некамерцыйным арганізацыям, якія спрыяюць узаемаразуменню ці шматмоўнасці (напрыклад, праз зацікаўленне нацыянальнай і замежнай аўдыторыі шматмоўнай швейцарскай літаратурай);
  • супольнасцям, якія падтрымліваюць праекты па распаўсюду шматмоўнасці;
  • для дзейнасці па перакладзе.

 Шматмоўным кантонам фінансавая падтрымка вылучаецца, у прыватнасці, на стварэнне магчымасцей для работы на некалькіх мовах у органах кіравання і юстыцыі.

 Магчыма, і ў будучым айчынным заканадаўстве аб мовах варта будзе дэталізаваць змест фінансавай дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы.

 

З мэтай спрыяння шматмоўнасці засноўваецца навуковая ўстанова. Паводле падзаконнай пастановы, фінансаванне па гэтым пункце перадаецца Інстытуту шматмоўнасці ўніверсітэта і педагагічнага інстытута Фрайбурга. Дарэчы, ва Фрайбургскім ўніверсітэце, размешчаным у сталіцы дзвюхмоўнага кантона, ўсе курсы даступныя на як французскай, так і на нямецкай мовах.

Інстытут шматмоўнасці даследуе моўныя, сацыяльныя, палітычныя, эканамічныя і адукацыйныя аспекты полілінгвізму, напрыклад, феномен моўных кантактаў, дынаміку стаўленняў да моў, уплыў глабалізацыі на моўную сітуацыю, ацэнку моўнай кампетэнцыі. Вось тэматыка некалькіх са шматлікіх даследчых праектаў інстытута:

 

  • Развіццё індывідуальнай шматмоўнасці на працягу жыцця чалавека.
  • Распрацоўка хуткага навучальнага курса, які дазволіць германашвейцарцам на пачатковым узроўні разумець рэтараманскую мову. Патрэба ў курсе абумоўлена пераважаннем нямецкай мовы ў кантоне Граўбюндэн. У выніку зварот на рэтараманскай не зажды могуць зразумець у кантанальных установах.
  • Аптымізацыя пытанняў пра мовы ў статыстычных даследаваннях:  якія пытанні ўвогуле задаваць, як карэктна іх сфармуляваць, якія пытанні выклікаюць у рэспандэнтаў складанасці і г.д. Кожныя пяць год у краіне праводзіцца агульнанацыянальнае даследаванне на тэму мовы, культуры і рэлігіі.

У цэнтры створана база дадзеных арганізацый, што маюць дачыненне да шматмоўнасці, а таксама інфармацыйны цэнтр, які, у прыватнасці, выдае штогадовую бібліяграфію па гэтым прадмеце.

 

Па законе, канфедэрацыя спрыяе шматмоўнасці сайго персаналу і вайскоўцаў.

 

Дзяржава гарантуе прапарцыйнае прадстаўніцтва носьбітаў афіцыйных моў ва ўстановах федэральнай улады. Існуюць квоты, некалькі большыя за долі моўных супольнасцяў у насельніцтве краіны. Долі вызначаны па дадзеных перапісу насельніцтва 2000 года. Колькасць носьбітаў раманскіх моў можа пераўзыходзіць квоту.

Па сваім выбары супрацоўнікі могуць працаваць на нямецкай, французскай ці італьянскай, незалежна ад сваёй мовы удзельнічасць у кіраванні арганізацыяй і атрымліваць прамоцыю. Працадаўца забяспечвае супрацоўнікам моўныя курсы па трох афіцыйных мовах. Курсы можна наведваць у працоўны час.

Магчыма, мае сэнс урэгуляваць у айчынным заканадаўстве стасункі правоў рознамоўных грамадзян у сітуацыях фармальных зносінаў. Напрыклад, выкладчык дзяржаўнай ВНУ жадае чытаць курс па-беларуску, але з гэтым згодныя не ўсе студэнты.

 

Федэральная рада (урад) вызначае стратэгічныя мэты, звязаныя са спрыянем шматмоўнасці для кожнага тэрміну сваіх паўнамоцтваў. Урад прызначае ўпаўнаважанага па шматмоўнасці. Яго функцыі: дапамога радзе ў вызначэнні стратэгічных мэтаў і ў кантролі іх выканання, кансультаванне органаў улады і інфармаванне шырокай грамадскасці па пытаннях шматмоўнасці, прадстаўленне дзяржавы ва ўстановах, што займаюцца шматмоўнасцю. Урад і міністэрствы распрацоўваюць каталог мерапрыемстваў па ўвасабленні ў жыццё стратэгічных мэтаў.

 

Асобны раздзел закона прысвечаны падтрымцы і развіццю рэтараманскай і італьянскай мовы і культуры. Дзяржава аказвае фінансавую падтрымку кантонам, дзе выкарыстоўваюцца гэтыя мовы. Сродкі могуць вылучацца кантонам для дапамогі арганізацыям і інстытутам, што займаюцца падтрымкай і развіццём згаданых моў. Грошы даюцца, у прыватнасці, на навучанне мовам у школе і па-за ёй, літаратурную і выдавецкую дзейнасць (у т.л. на СМІ), пераклады, спрыянне шматмоўнасці ў рэгіянальным кіраўніцтве, падтрымку моўна-культурнай ідэнтычнасці, даследаванні, моўна-культурныя мерапрыемствы. Унёсак канфедэрацыі складае максімум 75% (90% калі падтрымка аказваецца арганізацыі).

 

Як вядома, адмаўляючы прымаць прапановы ТБМ па ўнясенні ўдасканаленняў у айчыннае моўнае заканадаўства, улады часта выкарыстоўваюць тэзіс аб затратнасці такіх удасканаленняў. Грашовае пытанне было актуальным і ў працэсе прыняцця швейцарскага закона. Азнаёміўшыся з першым варыянтам законапраекта, частка партый заявіла, што яго рэалізацыя будзе задарагой. У 2004 годзе было падлічана, што ўвасабленне палажэнняў законапраекта з 2008 года каштавала б дзяржаве дадатковых 17 мільёнаў швейцарскіх франкаў. Гэта склала 0,034% федэральных расходаў ці 0,004% намінальнага валавага ўнутранага прадукта (кошт паслуг і тавараў, вырабленых у краіне за год) – менш за 2,5 франка на жыхара.

У 2004 годзе урад вырашыў не перадаваць законапраект на разгляд парламента і задавольніцца ўжо наяўным законам аб фінансавай падтрымцы рэтараманскай і італьянскай моў і культур. Адзначаецца, што такое рашэнне было прынята па фінансавых прычынах. У адрас першага варыянта законапраекта гучала і змястоўная крытыка. Рашэнне адкласці законапраект, аднак, выклікала незадаволенасць, і ў тым жа годзе ініцыятыва аднаго з парламентароў вярнула яго да разгляду. Ва ўдасканаленым выглядзе ён быў прыняты ў 2007 годзе.

Варта прааналізаваць, колькі можа каштаваць увасабленне змяненняў у айчынны Закон аб мовах і Закона аб падтрымцы беларускай мовы, прапанаванага ТБМ. Магчыма, такі падлік стане аргументамна нашу карысць  у перамовах з уладамі.