Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
ІДЭІ — Міжнародны вопыт - для Беларусі

Моўнае заканадаўства Рэспублікі Ірландыя

Ірландскія законы, што датычацца моваў, як крыніца ідэй для ўдасканалення айчыннага моўнага заrанадаўства.

 

Дзяніс Тушынскі

намеснік старшыні ТБМ

  Галоўным законам, які датычыцца моваў у Ірландыі, з’яўляецца “Акт аб афіцыйных мовах” (далей – акт), прыняты ў 2003 годзе. Мэта гэтага артыкула – пазнаёміць чытача ў асноўным з тымі аспектах акта, якія можна так ці інакш выкарыстаць для ўдасканалення айчыннага моўнага заканадаўства. Адпаведна, цалкам акт тут разглядацца не будзе, у прыватнасці, мы апусцім тыя яго пункты, якімі ірландскі акт аналагічны ці падобны да нашага “Закона аб мовах”. Да таго ж, акт замацоўвае асобныя палажэнні для Гэлтахту (тэрыторый краіны, дзе ірландская мова найбольш распаўсюджана), якія мы не будзем аналізаваць, бо ў нас рэгіёнаў з падобным статусам няма.

Акрамя таго, акт мае шэраг падабенстваў да шатландскага “Закона аб гэльскай мове” 2005 года, а таксама пэўныя падабенствы да валійскага моўнага заканадаўства – з артыкуламі аб іх можна азнаёміцца ў газеце Таварыства беларускай мовы “Наша слова” (№20 за 2014 год; №3 і №5 за 2015 год), а таксама на сайце Таварыства ў рубрыцы “Ідэі”.

 

Найбольш распаўсюджанымі і афіцыйнымі мовамі Рэспублікі Ірландыя з’яўляюцца англійская і ірландская. Ірландская мова была роднай мовай большасці ірландцаў на працягу большай часткі гісторыі краіны, але сёння гэта мінарытрная мова. Паводле перапісу 2011 года, насельніцтва краіны складае амаль 4,6 мільёна чалавек. Гэты ж перапіс засведчыў, што амаль 1,8 мільёнаў валодае ірландскай, а 77 тысяч з іх размаўляюць на ёй штодня па-за межамі адукацыйнай сістэмы.

 Тым не менш, паводле канстытуцыі, ірландская мова мае статус нацыянальнай і першай афіцыйнай мовы, а англійская – толькі статус другой афіцыйнай мовы. Пры гэтым канстытуцыя дапускае, каб з пэўнай ці з пэўнымі афіцыйнымі мэтамі на ўсёй тэрыторыі краіны ці на яе частцы выкарыстоўвалася толькі адна з афіцыйных моў.

У канстытуцыі ёсць і іншыя адсылкі да моўнай тэмы. Так, прэзідэнт краіны абавязаны падпісаць абодва моўныя варыянты любога законапраекта, прынятага парламентам на дзвюх мовах. Калі законапрект прымаецца толькі на адной афіцыйнай мове, то канстытуцыя абавязвае рабіць афіцыйны пераклад на другую. У выпадку розначытання паміж дзьвума моўнымі версіямі, версія на нацыянальнай мове мае прыярытэт. Тое самае датычыцца і тэкстаў канстытуцыі Ірландыі на ірландскай і англійскай.

Зараз пераходзім да разгляду акта.

Агульныя пытанні і міністэрскія пастановы

Акт абазначае адну са сваіх мэтаў як развіццё выкарыстання ірландскай мовы дзяржаўнымі ўстановамі і пашырэнне выкарыстання імі мовы ў зносінах з насельніцтвам і ў аказанні яму паслуг.

Паводле акта, міністр па справах супольнасці, вясковых раёнаў і Гэлтахта са згоды міністра фінансаў мае права рабіць пастановы, якія абавязваюць дзяржаўныя арганізацыі адпавядаць пунктам гэтага закона і надаюць закону поўную сілу. З 2011 года гэтыя функцыі перайшлі да міністра мастацтваў, спадчыны і Гэлтахта (далей – міністр).

Тэксты (а ў пэўных выпадках праекты) пастаноў міністра павінны зацвярджацца абедзьвума палатамі ірландскага парламента.

Пастановы міністра могуць уключаць дадатковыя і выніковыя (адносна акта) палажэнні, якія міністр палічыць неабходнымі для выканання пастаноў.

Спіс арганізацый, на якія распаўсюджваецца дзеянне акта, дадаецца да яго тэксту. Маецца і дадатковы спіс, зацверджаны пазней. Міністр мае права сваім загадам пашыраць спіс арганізацый ці выключаць з яго пэўныя ўстановы. Дзеянне акта распаўсюджваецца на:

  •  урад, яго міністэрствы і іншыя аддзелы,
  •  арганізацыі мясцовай ўлады,
  • арганізацыі кіравання сістэмай аховы здароўя,
  • установы вышэйшай і дадатковай адукацыі,
  • дзяржаўныя ўстановы і агенцтвы, у прыватнасці, паліцыя, і кампаніі (камерцыйныя і некамерцыйныя).

Усяго такіх арганізацый каля 650. На недзяржаўныя арганізацыі дзеянне акта не распаўсюджваецца.

 Выкананне акта пэўнай дзяржаўнай арганізацыяй можа сутыкнуцца са складанасцямі. У такім выпадку міністр мае права ў сваіх пастановах, якія датычацца выканання гэтай арганізацыяй палажэнняў акта, змяняць яго фармулёўкі, калі толькі гэта не супярэчыць духу і мэтам акта.

Апасля кансультацыі з тапанімічнай камісіяй, міністр мае права сваім загадам прызначыць геаграфічную назву на ірландскай мове. Кожны такі загад зацвярджаецца парламентам.

Кожны год міністр робіць абедзвюм палатам парламента справаздачу аб рэалізацыі закона. Гэты важны пункт, які падкрэслівае зацікаўленасць заканадаўчай улады ў выкананні сфармуляванага і прынятага ёй закона, адсутнічае як у цяперашнім Законе аб мовах у Рэспубліцы Беларусь, так і ў законапраеце ТБМ “Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы”.

 

 Моўныя абавязкі дзяржаўных устаноў

Акт патрабуе, каб кожная афіцыйная справаздача аб пасяджэннях парламента публікавалася адразу на дзвюх афіцыйных мовах, праўда самі прамовы можна публікаваць толькі на той мове, на якой яны рабіліся.

Кожны акт парламента па сваім уступленні ў моц павінен быць неадкладна надрукаваны на дзвюх дзяржаўных мовах. У 2007 некалькі парламентарыяў падалі скаргу моўнаму камісару з нагоды таго, што пэўны акт не быў надрукаваны на ірландскай у працэсе яго зацвярджэння, але той не палічыў гэта парушэннем.

 

У акце пазначана, што міністр сваёй пастановай можа запатрабаваць, каб дзяржаўныя ўстановы рабілі на ірландскай ці на ірландскай і англійскай наступнае:

  • галасавыя абвесткі (як “ужывую”, так і запісаныя, хаця адпаведная міністэрская пастанова 2008 года згадвае толькі запісаныя);
  • надпісы на канцылярскіх прыладах (пастанова міністра канкрэтызуе: “шапкі” на дакументах, а таксама тэксты на пячатках, тэчках, паштовай паперы, канвертах, лэйблах і г.д.);
  • шыльды;
  • абвесткі.

 Рассылка інфармацыйных (звычайных і электронных) лістоў групам грамадзян павінна ажыццяўляцца на ірландскай ці на дзвюх афіцыйных мовах. Напрыклад, парушэннем закона быў палічаны выпадак, калі адно дзяржаўнае агенцтва разаслала 1,7 мільёнаў англамоўных лістоў па ўсёй краіне і 30 тысяч ірландамоўных – у Гэлтахт.

Пастанова 2008 года вызначыла дадатковыя патрабаванні для згаданых вышэй відаў інфармавання. У прыватнасці, тэкст на ірландскай павінен ісці першым, павінен быць гэткім жа заўважным, як і англійскі і перадаваць дакладна тую ж інфармацыю.

У пастанове прадугледжаны шэраг выключэнняў з патрабаванняў. Напрыклад, не патрабуецца мяняць ужо наяўныя канцылярскія прылады, калі яны не адпавядаюць згаданым патрабаванням. Можна не мяняць шыльду, калі яна ўяўляе сабой гістарычную каштоўнасць, ці такую, дзе, тэкст на англійскай ідзе першым ці размешчаны вышэй, але ўсе астатнія патрабаванні акта выкананы. На англійскую мову можна не перакладаць шырокаўжываныя ірландскія назвы, а сама пастанова не распаўсюджваюцца на тэксты, што выкарыстоўваюцца ў камерцыйнай дзейнасці па-за межамі краіны. Толькі на адной мове могуць быць, напрыклад, асабовыя імёны, брэнды і тэксты на лагатыпах.

Грамадская установа “Ірландскі інстытут” распрацавала базу дадзеных па тэрміналогіі, якая дапаможа арганізацыям адпавядаць азначаным патрабаванням.

Пастанова рэгламентуе выгляд шыльдаў, якія за пэўнымі выключэннямі павінны быць дзвюхмоўнымі. Калі, напрыклад, дзвюхмоўная шыльда падаецца арганізацыі кепска чытэльнай ці завялікай, то арганізацыя можа ўсталяваць дзве аднамоўныя шыльды.

Ніжэй прыведзены два прыклады шыльдаў. Левая поўнасцю адпавядае патрабаванням. Справа – няправільны варыянт: хаця назва “Дэпартамент інфармацыі” па-ірландску размешчана вышэй, не менш чытэльная за англійскую і перадае тую ж інфармацыю, але далейшы суправаджальны тэкст маецца толькі па-англійску.

 

  Існуе таксама і спецыяльны дакумент, які рэгламентуе надпісы на дарожных знаках, якія за пэўнымі выключэннямі мусяць быць дзвюхмоўнымі.

 Згодна акта, на дзвюх мовах арганізацыі павінны выдаваць наступныя дакументы:

  •  прапановы па грамадскай палітыцы,
  • любыя штогадовыя справаздачы, вынікі аўдыту і фінансавыя справаздачы,
  • любы іншы дакумент, які міністр палічыць дакументам вялікай грамадскай значнасці.

Па пераклад можна звярнуцца ў арганізацыю акрэдытаваных перакладчыкаў, што заснавана ў 2006 годзе.

 

Моўныя схемы

Як і шатландскі, і стары валійскі моўны законы, ірландскі акт прадугледжвае стварэнне арганізацыямі моўных схем. Моўная схема ўяўляе сабой план выкарыстання і пашырэння ўжывання ірландскай мовы арганізацыяй. Паводле закона, міністр сваім адрасным загадам мае права запатрабаваць ад канкрэтнай арганізацыі распрацаваць такую схему на працягу 6 месяцаў. Акт патрабуе, каб у схеме былі пазначаны тры катэгорыі паслуг і спосабаў камунікацыі са спажыўцамі: тыя, што будуць ажыццяўляцца па-ірландску, па-англійску і на абедзвюх мовах. У схеме павінны быць пазначаны меры, якія забяспечаць, каб паслугі, што зараз па-ірландску не аказваюцца, аказваліся на ёй у будучыні.

Міністр мае права са згоды міністра фінансаў запатрабаваць, каб арганізацыя распрацавала схему, якая б забяспечыла аказанне паслуг, што зараз аказваюцца толькі па-англійску, таксама і на ірландскай мове. Тэрмін дзеяння схемы – 3 гады.  Не пазней чым за 6 месяцаў да заканчэння тэрміну дзеяння міністр сваім загадам можа запатрабаваць складання наступнай схемы.

Ступень выкарыстання ірландскай мовы ў аказанні паслуг і ў камунікацыі міністэрства абмяркоўвае і зацвярджае з кожнай арганізацыяй асобна.

Міністр зацвярджае схемы, а таксама выдае інструкцыі па іх складанні.

Паводле закона, арганізацыя павінна мець дастатковы ўзровень персаналу з валоданнем ірландскай мовай для забеспячэння аказання паслуг насельніцтву.

Арганізацыя павінна апублікаваць заяву аб намеры распрацаваць схему, каб заахвоціць грамадзян і зацікаўленыя ўстановы дасылаць ёй свае прапановы на гэты конт. Спецыяльны дапаможнік па складанні схем дае парады па планаванні кансультатыўнага працэсу. Гэты працэс павінен быць скіраваным на мэтавыя групы. Павінны быць прадуманы метады збору інфармацыі, напрыклад, фокус-групы, сходы і г.д.

 Дапаможнік па складанні схем падкрэслівае, што, хаця канстытуцыя дазваляе арганізацыі ажыццяўляць пэўныя функцыі толькі па-англійску, гэты пункт трэба трактаваць толькі як часовы дазвол. Таму ў кожнай наступнай трохгадовай схеме арганізацыя павінна пашыраць кола паслуг, даступных на ірландскай мове (хаця такога патрабавання ў самім законе няма).

Паводле дапаможніка, добрая схема павінна, у прыватнасці, уключаць:  

  • апісанне мэт схемы;
  • аспісанне усіх паслуг, якія аказвае арганізацыя і ўсіх спосабаў камунікацыі са спажыўцамі, якімі яна карыстаецца;
  • ацэнку здольнасці персаналу аказваць згаданыя паслугі і карыстацца згаданымі спосабамі камунікацыі па-ірландску;
  • ацэнку запатрабаванасці ірландамоўных сервісаў;
  • апісанне таго, з кім праводзіліся кансультацыі аб запатрабаванасці;
  • якія паслугі будуць зробленыя ірландамоўнымі ці дзвюхмоўнымі ў бліжэйшыя тры гады і чаму менавіта яны;
  • расклад і апісанне крокаў, якія будць зробленыя для забеспячэння ірландамоўных і дзвюхмоўных сервісаў і спосабаў камунікацыі,
  • размеркаванне адказнасці за гэтыя крокі паміж аддзеламі арганізацыі і супрацоўнікамі;
  •  апісанне рэсурсаў, неабходных для выканання плана (у прыватнасці, як будзе забяспечаны неабходны ўзровень валодання мовай супрацоўнікамі, як будзе праведзена ацэнка ўзроўню іх моўнай кампетэнцыі);
  • пазначэнне таго, як шырокая грамадскасць будзе праінфармавана аб паслугах, што аказваюцца па-ірландску;
  • як і кім у самой арганізацыі будзе ажыццяўляцца працэс маніторынгу адпаведнасці яе дзейнасці схеме;
  • мэты для наступных планаў (хаця дзве прагледжаныя мной моўныя схемы ірландскіх ВНУ з ліку зацверджаных міністрам не ўтрымлівалі ніякіх аддаленых мэт).

 

Моўны камісар

У Шатландыі пытаннямі моўных схем займаецца Камітэт гэльскай мовы, ва Уэльсе пытанні пашырэння выкарыстання валійскай мовы знаходзяцца ў кампетэнцыі камісара па валійскай мове. Як бычым, у Рэспубліцы Ірландыя, шмат якія функцыі ў галіне моўных схем і іншых аспектаў моўнай палітыкі бярэ на сябе адпаведнае міністэрства. Але акт заснаваў і пасаду моўнага камісара, які прызначаецца прэзідэнтам. Паводле акта, камісар незалежны ў сваіх дзеяннях, а яго функцыі наступныя:

  • маніторынг адпаведнасці дзейнасці дзяржаўных устаноў акту;
  • забеспячэнне адпаведнасці дзейнасці дзяржаўных устаноў акту;
  • правядзенне расследаванняў выпадкаў неадпаведнасці дзейнасці дзяржаўных устаноў акту і іншым законам, датычным афіцыйных моваў (па ўласнай ініцыятыве, па запыце міністра ці на падставе скаргі грамадзян);
  • парады і дапамога арганізацыям у справе выканання імі абавязкаў, што ўскладзеныя на іх актам;
  • тлумачэнне грамадзянам іх правоў, яія вынікаюць з акта.

 Камісар праводзіць маніторынг адпаведнасці дзейнасці арганізацыі моўным схемам, копіі якіх атрымлівае ад міністра. Першы аўдыт па схеме звычайна праводзіцца праз год ад моманту яе зацвярджэння, а другі, больш глыбокі, па заканчэнні тэрміну яе дзеяння.

Камісар мае права запатрабаваць ад чалавека даць яму тлумачэнні па справах у межах кампетэнцыі камісара. Калі чалавек не робіць гэтага, адмаўляецца рабіць гэта ці перашкаджае камісару выконваць свае абавязкі, то ён можа быць абвінавачаны ў знявазе, і яму можа быць прысуджаны штраф у памеры да 2000 еўра ці турэмнае зняволенне тэрмінам да 6 месяцаў. Адказны прадстаўнік арганізацыі і сама арганізацыя, якая не супрацоўнічае, адмаўляецца супрацоўнічаць ці перашкаджае працы камісара, і чые свядомыя дзеянні даказаныя, могуць быць абвінавачаныя судом у знявазе.

На чалавека, які ідзе насустрач патрабаванням камісара, распаўсюджваецца той жа імунітэт і прывілеі, што і на сведкаў у вярхоўным судзе. Камісар у праве аплаціць сведцы страту часу, расходы на транспарт і г.д.

Камісар мае права распрацаваць схему выплаты кампенсацыі. Паводле такой схемы дзяржаўная арганізацыя, якая, паводле вынікаў расследавання, парушыла акт, павінна сплаціць пэўную суму грошай пацярпелай асобе. Верагодна, дагэтуль гэты пункт акта ні разу не прымяняўся.

Увогуле, у тлумачэннях да акта, выдадзеных офісам моўнага камісара, падкрэсліваецца, што камісар усяляк стараецца дасягнуць з арганізацыяй нефармальнага пагаднення наконт выпраўлення недахопаў (звычайна гэты працэс займае 10 дзён) перад тым як пачаць фармальнае расследаванне па скарзе.

Калі справа ўсё ж даходзіць да фармальнага расследавання, ад арганізацыі патрабуецца разгорнута адказаць на скаргу і даць камісару доступ да патрэбнай таму інфармацыі. Па завяршэнні расследавання камісар накіроўвае копіі справаздачы з вынікамі і рэкамендацыямі скаргадаўцы, арганізацыі і міністру. Абскардзіць справаздачу можна ў вярхоўным судзе. Калі рэкамендацыі не выконваюцца, камісар можа звярнуцца ў парламент.

Асабістая інфармацыя пра скаргадаўцу паведамляецца арганізацыі, на якую пададзена скарга, толькі з яго згоды. Расследаванне для скаргадаўцы бясплатнае.

 Камісар можа публікаваць каментары адносна практычнай рэалізацыі палажэняў акта і робіць штогадовыя справаздачы па сваёй дзейнасці парламенту. Забеспячэннем фінансавання і штату для офіса камісара займаецца міністэрства.

 

 Іншыя законы, якія закранаюць моўнае пытанне

Статус ірландскай мовы падмацоўваецца і іншымі законамі. Напрыклад, у “Акце аб універсітэтах” 1997 года адной з мэтаў гэтых навучальных устаноў названа “прамоцыя афіцыйных моў дзяржавы, асабліва захаванне, прамоцыя і выкарыстанне ірландскай мовы…”. У кіраўнічы орган ВНУ павінен ўваходзіць прадстаўнік ці прадстаўнікі арганізацый, якія займаюцца пытаннямі ірландскай мовы і Гэлтахта.

У сваёй дзейнасці кіраўніцтва ўніверсітэтаў павінна аддаваць належнае прамоцыі і выкарыстанню ірландскай мовы як мовы штодзённай камунікацыі, а таксама развіццю ірландамоўнай літаратурнай і культурнай традыцый. Захады для прамоцыі ірландскай мовы і культуры могуць быць згаданыя ў статуце ўніверсітэта. Такія ж фармулёўкі можна сустрэць і ў “Акце аб палітэхнічных інстытутах” 2006 года.

У “Акце аб транспарце” 1950 года пазначана, што ўсе пастаянныя даведкі і шыльды для пасажыраў павінны быць на ірландскай мове, могуць быць на ірландскай і англійскай мовах.

Усе квіткі, што выдаюцца “Ірландскай транспартнай сістэмай” для паездак унутры краіны, павінны быць на ірландскай мове, могуць быць на ірландскай і англійскай мовах.

“Актам аб спадчыне” 1995 года прызначаецца Рада спадчыны, дастатковая колькасць супрацоўнікаў якой павінна валодаць ірландскай мовай.