Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
ІДЭІ — Міжнародны вопыт - для Беларусі

Навіны моўнай разнастайнасці

Эканамічны рост звязаны са ніжэннем моўнай разнастайнасці. Афіцыйныя дакументы на мове з усяго 750 носьбітамі. У ЗША плануюць адкрыць школу з навучаннем на мове, на якой не размаўлялі з 19 стагоддзя.


 Эканамічны рост звязаны са ніжэннем моўнай разнастайнасці

Па пэўных падліках, кожныя чатырнаццаць дзён знікае адна з моў свету. Нядаўна Кэмбрыджскія навукоўцы правялі комплекснае даследаванне фактараў, якія звязаныя з іх знікненнем. Выявілася, што самая вялікая небяспека пагражае мовам у найбольш эканамічна развітых рэгіёнах, а таксама ў тых, якія найбольш актыўна развіваюцца. Аказалася, што валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва прама прапарцыйны страце моўнай разнастайнасці.

Часта здараецца, што ў рэгіёнах, якія перажываюць эканамічны бум, адна мова пачынае дамінаваць у эканамічным і палітычным жыцці. Каб не застацца “за бортам” насельніцтва вымушана кідаць родныя мовы і пераходзіць на дамінантную.

Даследаванне выявіла і шэраг фактараў, што супрацьдзейнічаюць страце моўнай разнастайнасці. Гэтак, яна ідзе павольней у тропіках і горных раёнах, у параўнанні з рэгіёнамі з памяркоўным кліматам. Гэта, верагодна, абумоўлена цяжкасцямі перамяшчэнняў і распаўсюду глабалізацыі.

 

Афіцыйныя дакументы на мове з усяго 750 носьбітамі

У Перу афіцыйныя акты грамадзянскага стану нядаўна сталі даступныя на карэннай мове, на якой размаўляюць усяго 750 чалавек. Мова Жакару распаўсюджана ў высакагорным раёне недалёка ад сталіцы краіны, Лімы. Гэтай мове пагражае знікненне, і свой крок улады тлумачаць неабходнасцю выратаваць яе. Дзвюхмоўнымі (на жакару і на іспанскай) сталі пасведчанні аб нараджэнні, шлюбе і г.д., а таксама бланкі заяў, неабходныя для іх атрымання.

 

У ЗША плануюць адкрыць школу з навучаннем на мове, на якой не размаўлялі з 19 стагоддзя

У жніўні 2015 года ў штаце Масачусэтс палануецца адкрыццё пачатковай школы з выкладаннем большасці прадметаў на мове карэнных жыхароў краю – вампанóаг.

Мова вампаноаг (таксама вядомая і пад іншымі назвамі, напрыклад, масачусэт) належыць да алганкінскай моўнай сям’і. Калісьці яна была распаўсюджана на паўднёвым усходзе цяперашняга штата Масачусэтс. Вампаноаг, верагодна, была першай мовай карэнных амерыканцаў, на якой была цалкам надрукавана Біблія. Гэта зрабіў святар і місіянер Джон Эліёт у 1663 годзе. Гэта, відаць, была першая поўная Біблія, надрукаваная ў заходнім паўшар’і ўвогуле.

У канцы 17 стагоддзя даволі вялікі адсотак індзейцаў-хрысціян мог чытаць і пісаць на гэтай мове. Але асіміляцыя, войны, хваробы, рабства і законы супраць ужывання мовы зрабілі сваю справу, і на ёй перасталі размаўляць прыкладна ў сярэдзіне – канцы 19 стагоддзя, хаця ў пачатку 20 стагоддзя некалькі чалавек яшчэ помнілі мову.

Вампаноаг пакінула свой адбітак у англійскай мове, праз якую пэўныя словы з яе прыйшлі і да нас. Гэта, напрыклад, словы сквош, макасін (пакрывае ўсю нагу), скунс (ад су-конк – выдзяляе вадкасць з цела). На мове захавалася багата юрыдычных і асабістых дакументаў, якія дапамаглі яе адрадзіць.

Адраджэнне вампаноаг пачалося з містычнага здарэння. У 1993 годзе Джэсі Літл Доў Бэйрд (Ферміно) (Jessie Little Doe Baird), маці чатырох дзяцей і сацыяльны работнік, пачала бачыць паўторныя сны. У снах людзі, падобныя да прадстаўнікоў яе племені Машпі (аднаго з плямёнаў народа Вампаноаг, якое жыве на паўвостраве Кэйп-Код), размаўлялі з ёй на мове, якой яна тады не разумела. Здагадваючыся, што гэта мова яе продкаў, Джэсі распачала ўласнае лінгвістычнае даследаванне тэкстаў на ёй і захапілася ідэяй адрадзіць мову. Гэтай ідэяй яна зацікавіла і прадстаўнікоў свайго народа. Граматыка, слоўнік і фанетыка мовы быў узноўлены на падставе аналізу дакументаў і параўнання з іншымі алганкінскімі мовамі, якія захаваліся да нашага часу. У 2000 годзе Джэсі атрымала навуковую ступень па лінгвістыцы ў знакамітым Масачусэтскім тэхналагічным інстытуце.

Сёння ў Масачусэтсе жыве больш дзвюх тысяч індзейцаў народа Вампаноаг, і прыкладна чвэрць з іх наведвала ці наведвае моўныя крусы. Існуюць пазашкольныя моўныя курсы для моладзі,  рознаўзроўневыя курсы для дарослых, летнік з пагружэннем у мову. Курсы праходзяць у некалькіх гарадах, у тым ліку ў Бостане, сталіцы штата. Выпушчана багата адукацыйных матэрыялаў, падрыхтаваны 15 настаўнікаў і два лінгвісты-даследчыкі мовы. Працягваецца праца над вампаноаг-англійскім слоўнікам, які ўжо налічвае больш за 11 тысяч слоў. Дачка Джэсі Бэйрд, Мэй Эліс, стала першым чалавекам за шмат пакаленняў, для каго вампаноаг стала першай мовай.

Праект па адраджэнні мовы рэалізуецца сумесна некалькімі плямёнамі народа Вампаноаг. Ён фінансуецца федэральным грантам для моваў карэнных амерыканцаў і супольнасцю Вампаноаг. Арганізатары праекта плануюць у канцы лета адкрыць пачатковую школу (1 – 3 класы), якая будзе працаваць па прынцыпе пагружэння ў мову. Мяркуецца, што па-англійску будуць праводзіцца два ўрокі з шасці ў дзень. У далейшых планах – адкрыць у гэтай школе як мінімум і сярэднія класы.

Дарэчы, зараз у ЗША працуе больш 50 школ ці класаў, дзе мовы карэнных амерыканцаў вывучаюцца шляхам пагружэння. Паведамляецца, што ў Каліфорніі адраджаецца мова чочэньё, на якой не размаўлялі з 30-х.

 

Дзяніс Тушынскі,

па матэрыялах ці адтоўхваючыся ад матэрыялаў

бюлетэня Огміёс №55

 

Джэсі Бэйрд

Старонка Бібліі на мове вампаноаг

Плямёны поўдня Новай Англіі ў пачатку 17 ст.

Джэсі Бэйрд