Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
ІДЭІ — Міжнародны вопыт - для Беларусі

Індэкс моўнай разнастайнасці і яго зніжэнне ў свеце і ў Беларусі

 

Калі "у свеце", на жаль, зразумела, то што значыць зніжэнне разнастайнасці ў Беларусі? Хіба ў нас знікла нейкая мова?

 


Дзяніс Тушынскі,

намеснік старшыні ТБМ

 

Таварыства беларускай мовы можа пазіцыянаваць сябе ў розных сферах. З аднаго боку, мы культурніцкая арганізацыя, з іншага, таварыства займаецца і пытаннямі адукацыі. Мы таксама і праваабаронцы, бо ахоўваем моўныя правы. Існуе і яшчэ адна ніша для самарэпрэзентацыі, якая ў пэўным сэнсе збліжае нас з экалагічнымі арганізацыямі. Баронячы беларускую мову, мы спрыяем захаванню сусветнай моўнай разнастайнасці. Прычым, што характэрна, гэта разнастайнасць у Рэспубліцы Беларусь у апошні час зніжаецца.

“Як так?”, – можна запытацца. Хіба ў Беларусі нядаўна зніклі нейкія дагэтуль распаўсюджаныя тут мовы? На шчасце, не, але справа ў тым, што моўная разнастайнасць можа разумецца не толькі як “моўнае багацце” –колькасць моў, распаўсюджаных на пэўнай тэрыторыі. Існуюць і іншыя падыходы.

Напрыклад, яна можа разглядацца як разнастайнасць сем’яў ці іншых груп моў у межах пэўнага арэала. Дапусцім, у Беларусі да шырокаўжываных можна аднесці толькі славянскія мовы, якія належаць да адной індаеўрапейскай сям’і. А, скажам, у Індыі распаўсюджаны мовы пяці сем’яў: індаеўрапейскай, дравідскай, тыбета-бірманскай і г.д. Яшчэ адзін падыход –  улічваць разнастайнасць моў паводле структурных прыкмет. Напрыклад, ці сустракаюцца ў пэўным рэгіёне толькі аналітычныя мовы ці і сінтэтычныя таксама, толькі ізалюючыя ці таксама і флектыўныя і г.д.

Існуе і яшчэ адзін падыход да моўнай разнастайнасці, які асабліва важны для беларускай сітуацыі. Вучоныя Дэвід Харман і Джонатан Лох прапануюць ацэньваць моўную разнастайнасць па аналогіі з біяразнастайнасцю. Пры яе ацэнцы ўлічваецца не толькі колькасць відаў у межах пэўнай тэрыторыі, але і ступень раўнамернасці размеркавання арганізмаў, што жывуць на гэтай тэрыторыі, па гэтых відах.

 Што да моў, то, напрыклад, дзве краіны, дзе гавораць на пяці мовах будуць мець аднолькавае моўнае барацце. Але, калі ў адной краіне на адну з моў прыпадае 95% носьбітаў, а ў іншай размеркаванне носьбітаў паміж мовамі роўнае, то ў другой краіне раўнамернасць будзе большай. Вучоныя адзначаюць, што скарачэнне моўнай разнастайнасці ў найбольшай ступені абумоўлена не выміраннем моў, а менавіта перакосам, змяшчэннем балансу ў бок шэрагу найбольш распаўсюджаных моў. Іх падыход дазваляе адсочваць тэндэнцыю да заняпаду моў і можа паспрыяць выпраўленню сітуацыі на адносна ранніх стадыях працэсу.

На такім тэарэтычным падмурку Харман і Лох распрацавалі Індэкс моўнай разнастайнасці. Ён паказвае, наколькі мовы ў межах пэўнай тэрыторыі адхіляюцца ад гіпатэтычнай сітуацыі, пры якой колькасць носьбітаў кожнай з гэтых моў не павялічваецца і не памяньшаецца ў параўнанні з адвольна абраным першапачатковым узроўнем. Калі першапачатковая сітуацыя захоўваецца, то індэкс з цягам часу застаецца нязменным. Калі індэкс расце, то гэта значыць узрастанне прапарцыйнасці размеркавання жыхароў пэўнай тэрыторыі паміж мовамі, што там выкарыстоўваюцца. Калі індэкс памяньшаецца, то нарастае дыспрапорцыя, пры якой для ўсё большай колькасці людзей матчынай мовай з’яўляецца ўсё меньшая колькасць моў пэўнай тэрыторыі. Пры гэтым колькасць моў ва ўжытку можа застацца нязменнай. Як адзначаюць аўтары, індэкс будзе максімальным для пэўнай тэрыторыі, калі колькасць носьбітаў кожнай з яе моў будзе аднолькавай.

Для разліку індэкса папярэдне вылічваецца працэнт носьбітаў кожнай мовы сярод агульнага насельніцтва пэўнай тэрыторыі за пэўны год, а потым вызначаецца сярэдняе геаметрычнае значэнне для ўсіх моў тэрыторыі за гэты год. Потым разлічваецца сам індэкс, які паказвае, як гэты сярэдні паказчык змяняецца з цягам часу.

Кожнай мове пры разліку надаецца аднолькавая “вага”. Гэта значыць, што зніжэнне колькасці носьбітаў нейкай унікальнай мовы (напрыклад, такой, дзе ёсць гукі, якіх няма больш ні ў якой мове свету) акажа на змяненне індэксу той жа ўплыў, як і памяньшэнне колькасці носьбітаў любой іншай мовы.

Гэты індэкс можна разлічыць для любой тэрыторыі: усяго свету, асобнай краіны і г.д. Харман і Лох правялі даследаванне змянення сусветнага індэкса з 1970 па 2005 гады. Для гэтага была выкарыстана 15 выданне базы дадзеных “Еthnologue” (“Этналог”), што змяшчае інфармацыю пра больш чым сем тысяч моў свету. Вучоныя адабралі для свайго даследавання выпадковыя 1500 моў. Наступная праверка паказала, што выбарка вельмі дакладна адлюстроўвае агульнасусветнае размеркаванне моў па колькасці носьбітаў, сем’ях і рэгіёнах.

1970 год быў прыняты за кропку адліку. Гэта было зроблена не таму, што моўная разнастайнасць у гэты год была максімальнай. 1970 – найранейшы год, за які маецца прадстаўнічая база дадзеных па колькасці носьбітаў большасці моў свету. Індэкс моўнай разнастайнасці за гэты год быў умоўна прыняты за 1 (што не з’яўляецца максімальным узроўнем). Пад колькасцю носьбітаў пэўнай мовы мелася на ўвазе толькі колькасць чалавек, для якіх гэта мова з’яўляецца роднай. У паняцце “родная мова” аўтары ўкладвалі наступны сэнс:  “тая мова, на якой чалавек будзе размаўляць найчасцей, калі ў яе будзе выбар”.

Даследаванне выявіла, што сусветны індэкс скараціўся з 1 да 0,95 з 1070 па 1988 гады і рэзка скараціўся да 0,80 ў 2005 годзе. Прыкладна гэтак жа скараціўся і індэкс, разлічаны толькі для абарыгенных моў. Па падліках, яны складаюць 80 – 85% усіх моў свету. Такім чынам, сусветная моўная разнастайнасць за перыяд з 1970 па 2005 скарацілася на 20%, прычым хуткасць скарачэння расце. Калі ў 70-я – 80-я гады яна складала 0,3% за год, то ў 90-я – 2000-я ўжо 1%.

Таксама аўтарамі былі вылічаны індэксы разнастайнасці абарыгенных моў асобна па рэгіёнах свету. Усеагульна прынятага азначэння “абарыгеннага народу” не існуе, аўтары скарысталіся дэфініцыяй з “Канвенцыі аб абарыгенных і пляменных народах”  Міжнароднай арганізацыі працы. Паводле гэтага азначэння, гэта народы, што жывуць плямёнамі; чые сацыяльна-культурныя і эканамічныя ўмовы жыцця адрозніваюцца ад іншай часткі насельніцтва краіны; чый статус хаця б у пэўнай меры рэгулюецца ўласнымі звычаямі і традыцыямі ці спецыяльнымі законамі. Гэта таксама народы, што былі жыхарамі пэўнай тэрыторыі ў перыяд яе заваёвы, каланізацыі ці ўсталявання цяперашніх межаў, і якія захоўваюць пэўныя ўласныя сацыяльныя, эканамічныя, культурныя і палітычныя інстытуты.

Ніжэй прыводзім графік змянення індэкса моўнай разнастайнасці ва ўсім свеце.

 
 

Клікніце на наступныя графікі, каб пабачыць змены разнастайнасці абарыгенных моў па асобных рэгіёнах.

Еўразія

Афрыка

Абедзве Амерыкі

Аўстралія і Акіянія

 

Як бачна з прыведзеных графікаў, найбольш стабільная сітуацыя ў Еўразіі, дзе на працягу 70-х разнастайнасць нават павялічвалася. Найбольшае скарачэнне назіралася ў абедзвюх Амерыках (ажно на 64%), на другім месцы – Акіянія і Аўстралія (30%). Хаця ў Афрыцы да 1985 года разнастайнасць расла, потым назіралася яе рэзкае падзенне з 1,07 да 0,83.

 Для таго каб з большай доляй дакладнасці разлічыць індэкс, неабходна мець нфармацыю па колькасці носьбітаў за кожны год з абранага дыяпазона. Яго можна разлічыць і з прапушчанымі гадамі, але дакладнасць зменьшыцца, бо ў формуле для гэтага выпадку робіцца дапушчэнне, што ў прапушчаныя гады індэкс змяняўся з фіксаванай хуткасцю з года ў год.

Вынікі перапісаў насельніцтва Беларусі 1999 і 2009 гадоў, якімі мы скарысталіся, каб разлічыць індэкс для нашай краіны, красамоўна сведчаць аб тым, што доля насельніцтва, якая звычайна выкарыстоўвае беларускую мову як хатнюю, скарацілася, а колькасць людзей, што аддае дома перавагу рускай мове, вырасла. У адпаведнасці з падыходам Хармана і Лоха, гэта, верагодна, значыць, што моўная разнастайнасць у Беларусі за азначаны перыяд скарацілася (натуральна, мы пакідаем у баку пытанні правільнасці ідэнтыфікацыі носьбітамі сваёй мовы, уплыў адносін да моў на адказы і г.д.). Паколькі сітуацыя і так выразная, быў выкарыстаны грубы метад разліку.

Разлік быў зроблены з выкарыстаннем спалучэння дзвюх спосабаў разліку Хармана і Лоха: для сітуацыі, калі вядомыя лічбы для кожнага года і для сітуацыі, калі ёсць прабелы. У апошняй сітуацыі неабходна рабіць інтэрпаляцыю наяўных лічбаў для кожнага года, па якім рэальных лічбаў няма, а затым выкарыстаць асобную формулу. Мы ж зрабілі такую інтэрпаляцыю толькі для аднаго з прапушчаных гадоў, а затым скарысталіся формулай для першай сітуацыі. Натуральна, што такі спосаб з’яўляецца вельмі грубым. Не выключана, што індэкс, атрыманы такім чынам, будзе памылковым і несумяшчальным з прыведзенымі вышэй вынікамі згаданых аўтараў.

Для разліку быў абраны такі параметр выкарыстання мовы як колькасць чалавек, якія размаўляюць на ёй ў хаце. Як вядома, адпаведнае пытанне задавалася на нацыянальных перапісах насельніцтва ў 1999 і 2009 гадах. У разліку выкарыстоўваліся звесткі толькі аб беларускай і рускай мовах, якія з’яўляюцца хатнімі мовамі абсалютнай большасці насельніцтва краіны.

 Дадзеныя на 2004 год атрыманыя шляхам інтэрпаляцыі. Індэкс за 1999 год быў умоўна прыняты за 1. Прывядзем дадзеныя ў табліцы.

Год

Працэнтныя долі моваў, на якіх найчасцей размаўляюць у хаце

Індэкс моўнай разнастайнасці

беларуская

руская

іншыя (ці некалькі моў, ці не пазначылі мову)

1999

36,7

62,8

0,5

1

2004

29,4

66,56

3,6

0,92

2009

23,4

70,2

6,4

0,84


Як бачна, за 10 год індэкс скараціўся на 16%.

Натуральна, індэкс не пазбаўлены абмежаванняў. Адной з праблемаў з’яўляецца ступень адэкватнасці інфармацыі пра мовы, якую змяшчае база дадзеных “Еthnologue”. З аднаго боку, яна шырока прызнана самай аўтарытэтнай крыніцай інфармацыі аб колькасці носьбітаў моў у свеце. З іншага, самі яе стваральнікі прызнаюць, што якасць яе інфармацыі “нераўнамерная”, бо атрыманая яна з самых розных крыніц, у тым ліку папулярных выданняў і справаздач місіянераў. Нават інфармацыя, атрыманая пры дапамозе перапісаў насельніцтва, не заўжды з’яўляецца дакладнай. Тым не менш, аўтары індэксу лічаць гэту базу дадзеных прыдатнай для разлікаў. Я ўжо пісаў пра недарэчнасці артыкулаў пра беларускую мову і Беларусь у гэтым даведніку.

Што да індэксу, то падыход, пры якім улічваецца толькі колькасць носьбітаў пэўнай мовы як першай, хаця і мае права на існаванне, але не з’яўляецца адзіна магчымым.

 

Трэба сказаць, што апісаны індэкс моўнай разнастайнасці не адзіны. Напрыклад, індэкс разнастайнасці Грынберга, які выкарыстоўваецца ў самім “Этналогу”, паказвае верагоднасць таго, што два любыя выпадкова абраныя жыхары адной краіны будуць мець розную матчыну мову. Такім чынам, нулявым гэты індэкс будзе, калі ва ўсіх жыхароў адная і тая ж матычна мова, а максімальным (роўным 1), калі ўсе жыхары маюць сваю ўласную матчыну мову.  Індэкс разлічаны для 208 краін свету і тэрыторый. Самы высокі, 0,988, мае Папуа Новая Гвінея з яе 838 мовамі. Наша краіна мае індэкс 0,447. Самы нізкі, нулявы, індэкс маюць некалькі краінаў, у прыватнасці Паўночная Карэя, Сан-Марына і Гаіці.

 

На заканчэнне адзначым, што сітуацыя з моўнай разнастайнасцю і тэндэнцыі яе зменаў, а таксама колькасць носьбітаў абарыгенных моў з’яўляюцца асноўным індыкатарам дасягнення адной з мэтаў сусветнай Канвенцыі біялагічнай разнастайнасці. Канкрэтней, гэта мэта №18. Яна гучыць так: “Да 2020 года традыцыйныя веды, інавацыі і практыкі абарыгенных і мясцовых супольнасцяў, якія маюць значэнне для захавання і ўстойлівага выкарыстання біялагічнай разнастайнасці, а таксама традыцыйныя спосабы выкарыстання прыродных рэсурсаў гэтымі супольнасцямі павінны паважацца ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і адпаведным міжнародным абавязальніцтвамі, якія ўзяла на сябе краіна-падпісант. Яны павінны быць поўнасцю ўключаны ў працэс выканання канвенцыі і адлюстраваны ў ім пры ўсебаковым і эфектыўным удзеле прадстаўнікоў абарыгенных і мясцовых супольнасцяў на ўсіх узроўнях”.

Якая сувязь паміж біялагічнай і моўнай разнастайнасцю? Стваральнікі канвенцыі бачаць гэту сувязь у тым, што на мовах розных народаў зафіксаваныя ўнікальныя класіфікацыі жывёл і раслін, што адлюстроўваюць веды дынамікі мясцовых экасістэм і экалагічных узаемадзеянняў.

Рэспубліка Беларусь ратыфікавала гэту канвенцыю, але ў справаздачы па біяразнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя за бягучы год моўная разнастайнасць не згадана. Неўзабаве мы накіруем туды ліст з нашымі прапановамі на гэту тэму.

Такім чынам, скарачэнне моўнай разнастайнасці ў Беларусі ў спалучэнні з цікавасцю да гэтай тэмы міжнародных арганізацыі, куды наша краіна уваходзіць, забяспечвае нас дадатковым аргументам у перамовах з уладамі на тэму ўзмацнення ролі беларускай мовы ў краіне.