Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
ІДЭІ — Міжнародны вопыт - для Беларусі

Мовы Шатландыі і рэферэндум. Ці выйгралі б скотс і гэльская ад незалежнасці?

Мінулы год адзначыўся рэферэндумам аб незалежнасці ў Шатландыі і спробай рэферэндуму ў Каталоніі. Якое месца заняло моўнае пытанне на шатландскім рэферэндуме? Пра гэта артыкул намесніка старшыні ТБМ Дзяніса Тушынскага, нядаўна надрукаваны ў "Новым Часе".

Размеркаванне гэламоўных у Шатландыі (перапіс 2011)

Размеркаванне скотс-моўных у Шатландыі (перапіс 2011)

Надпісы на скотс: НЕ і ТАК

Значкі з гэльскім тэкстам ГАЛАСУЙ ЗА

 Дзяніс Тушынскі,

намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы

 

 Незалежнасць, мова і рэферэндум – эмацыйна насычаныя словы для свядомых беларусаў, нават калі яны датычацца іншай краіны. Нядаўна ў Каталоніі адбылося апытанне на тэму незалежнасці, якое правялі заміж рэферэндуму. А 18 верасня 2014 года 55,3% шатландцаў выбралі працяг саюзу з Англіяй. Ці чакаў бы Шатландыю росквіт яе мінарытарных моў, калі б яна стала незалежнай?

У сакавіку 2012 года я прымаў удзел у эдынбургскай канферэнцыі, прысвечанай параўнальнаму аналізу беларускай і шатландскай моўных сітуацый. Мне падалося, што гаспадары не мелі пэўнага погляду на тое, якім чынам незалежнасць магла б адбіцца на моўнай палітыцы. Перадрэферэндумная кампанія дала нагоду для высноў па гэтым пытанні. 

Сёння ў Шатландыі, акрамя моў эмігрантаў, распаўсюджаны наступныя мовы: англійская ці яе шатландскі варыянт, скотс, шатландская гэльская мова і брытанская жэставая мова. Паводле дадзеных перапісу 2011 года, усяго 8,6 тысяч чалавек у Шатландыі зусім не валодаюць англійскай.

 

Верагодна, на шатландскай гэльскай мове да 15 стагоддзя размаўляла большасць насельніцтва Шатландыі. Паступова яе арэал звузіўся да Хайлэнда (паўночна-заходняй Шатландыі) і заходніх астравоў. Апошні перапіс засведчыў, што ў той ці іншай ступені гэльскай валодае 87.000 чалавек ці 1,7% насельніцтва (10 год таму такіх было 1,9%).

Закон аб гэльскай мове патрабуе ад дзяржаўных шатландскіх арганізацый выканання планаў па развіцці мовы. Ёсць гэламоўныя дзіцячыя садкі, школы, радыё і тэлебачанне. У 2011 – 2012 Шатландскі ўрад выдаткаваў на падтрымку гэльскай 23 млн. фунтаў (0,07% агульнага бюджэту).

 

Мова скотс – германская мова, адносна блізкая да англійскай. Гэта нашчадак паўночнага дыялекту англа-саксонскай мовы. Гэта мова распаўсюдзілася на поўдні і ўсходзе шатландскага каралеўства і замяніла гэльскую ў якасці дзяржаўнай. Але ў пачатку 17 стагоддзя заключаецца асабістая вунія Шатландыі з Англіяй, а скотс пачынае занепадаць.

Брытанскі ўрад “прызнае і паважае скотс у якасці асобнай мовы і не лічыць выкарыстанне скотс прыкметай кепскага валодання англійскай мовай”, хаця можна сустрэць і меркаванне, што скотс – варыянт англійскай. Даследаванне 2010 года паказала, што 64% апытаных хутчэй разглядаюць скотс як гаворку, а не як мову.

Для Шатландыі характэрныя пераходныя варыянты паміж скотс і англійскай, а таксама змяшэнне моў ў гаворцы пэўнага чалавека. Адна з крыніц апісвае найбольш распаўсюджаную гаворку Лоўлэнда (паўднёва-усходняй Шатландыі) як “хутчэй англійскую мову з вялікай колькасцю рысаў, што ўзыходзяць да скотс”. Але вучоны і былы дарадца ўрада па скотс адзначае, што ў яго горадзе Абердзіне многія размаўляюць на некранута чыстай скотс.

Па дадзеных перапісу 2011 года, у той ці іншай ступені валодаюць скотс 37,3% насельніцтва. 93% адакзалі, што дома размаўляюць толькі па-англійску, на скотс – 1%, па-гэльску – 0,5%. Хаця даследаванне 2010 года паказала, што 85% апытаных размаўляюць на скотс хаця б зрэдку, а 20% часта.

Тэле- ці радыёканала на скотс няма, хаця ёсць асобныя праграмы. Як прадмет скотс у школе не вывучаецца, хаця настаўнікі заахвочваюцца паглыбляць веданне дзецьмі гэтай мовы.

 

Прааналізуем, як бы незалежнасць адбілася на моўнай палітыцы Шатландыі. У 2013 урад апублікаваў дакумент “Будучыня Шатландыі. Твой праводнік па незалежнай Шатландыі”. У ім апісаны перспектывы незалежнасці для розных сфераў жыцця, у тым ліку для моў. Ёсць там і адказы на пытанні грамдзян.

Дакумент прызнаў вялікую ролю гэльскай і скотс для незалежнай Шатландыі. На пытанне аб будучых нацыянальных мовах гучыць адказ, маўляў, урад прапануе не мяняць наяўныя статусы моў Шатландыі. Хаця канстытуцыйная рада пасля атрымання незалежнасці магла б разгледзець іх статус у канстытуцыі.

Урад планаваў “працягнуць мацаваць статус і павялічваць колькасць носьбітаў гэльскай мовы праз забеспячэнне адукацыі на ўсіх узроўнях” (хаця пералічаны толькі пачатковая і сярэдняя адукацыя) і падтрымку тэлевяшчання.

Даецца нават абяцанне, што гэльская зойме цэнтральнае месца ў грамадскім жыцці Шатландыі. Як гэта зрабіць з настолькі мінарытарнай мовай, не тлумачыцца.

У адказ на пытанне, ці атрымае скотс пасля набыцця незалежнасці больш падтрымкі, урад адказвае, што далейшая распрацоўка моўнай палітыкі і развіццё ўжывання і статусу скотс будуць грунтавацца на звестках апошняга перапісу. Але перапіс паказаў, з аднаго боку, высокі працэнт валодання скотс, а з іншага – татальнае валоданне англійскай. Які ўзровень падтрымкі абраў бы ўрад у такой сітуацыі, невядома.

На маю просьбу апісаць палітыку ў дачыненні да скотс на выпадак незалежнасці, Джонатан Фер’е, спецыяліст ўрада па моўнай палітыцы, адзначыў, што ўрад абавязаўся ўзняць ролю і пашырыць выкарыстанне гэтай мовы. Зноў жа невядома, у якой ступені.

 

Працяг і пэўная інтэнсіфікацыя цяперашняй моўнай палітыкі ў дачыненні да гэльскай могуць урэшце прывесці да росту колькасці яе носьбітаў, бо за апошнія дзесяць год назіралася мінімальнае падзенне гэтай колькасці з 1881 года. Але абяцанне пра ўмацаванне статусу моў не выконвалася ўжо у працэсе падрыхтоўкі рэферэндуму: бланкі былі толькі англамоўнымі. У адказ на патрабаванне зрабіць шматмоўны бланк, намесніца першага міністра Старджон заявіла, што англійскі тэкст тэставаўся на носьбітах гэльскай мовы, і яны яго цалкам зразумелі, таму патрэбы ў гэльскай версіі няма. Пратэсты былі праігнараваныя, а шырокая грамадскасць (акрамя гэламоўнай) засталася абыякавай.

Дарэчы, аб абыякавасці. Нядаўняе даследаванне паказала, што толькі 56% тых, хто верыць, што незалежнасць дадала б шатландцам гонару за сваю краіну, жадалі б, каб на гэльскай у будучыні размаўляла больш людзей, чым зараз. Сярод тых, хто лічыць сябе шатландцам, а не брытанцам такіх 51%. Праўда, гэтае ж даследаванне засведчыла, што чым больш людзі схіляюцца да шатландскай ідэнтычнасці і ідэі незалежнасці, тым больш яны жадаюць, каб колькасць гэламоўных павялічылася.

Што да скотс, то ўрад падрыхтаваў рэзюме “Будучыні Шатландыі” на 15 мовах, у тым ліку і на гэльскай, – але не на скотс.

Пакуль няма даследаванняў, якія б паказалі дынаміку колькасці носьбітаў скотс і стаўленняў да яе. Таму рана рабіць высновы аб уплыве цяперашняй моўнай палітыкі на стан гэтай мовы. Але падаецца, што захаванне статус-кво недастатковае для росквіту скотс: трэба ўздымаць яе статус, развіваць адукацыю і медыі. Але ці трэба гэта шатландцам? Вынікі апытанняў неадназначныя: стаўленне да скотс агулам добрае, дзяцей варта заахвочваць яе выкарыстоўваць, пры гэтым больш паловы не жадае, каб скотс вывучаўся ў школе.

 

А што з англійскай мовай? “Будучыня Шатландыі” падкрэслівае, што ў выпадку незалежнасці еднасць шатландцаў з астатнімі брытанцамі засталася б непарушнай, у тым ліку дзякуючы “адной з імі мове, культуры і гісторыі”. Урад даводзіць, як выгодна будзе і далей прымаць брытанскіх студэнтаў у шатландскіх універсітэтах, а яны прыедуць, бо “мова ў нас усіх агульная”. Як адзначаюць аналітыкі, англійская мова робіць Шатландыю прывабнай на моўным рынку. Памятаю, на канферэнцыі адзін з прыхільнікаў адраджэння скотс сказаў, што яны радыя быць таксама і часткай англамоўнага свету. Толькі ці ўдасца спалучыць адраджэнне скотс з выгодамі ад англамоўнасці?

Перадрэферэндумная кампанія пацвердзіла меркаванне аб невялікай ролі моўнай спецыфічнасці ў шатландскай нацыянальнай самасвядомасці і ў руху за незалежнасць. Моўнае пытанне не заняло заўважнага месца ў абмеркаваннях. Амаль ніхто з іх удзельнікаў не назваў сярод аргументаў за незалежнасць яе выгодаў для скотс і гэльскай. Тое ж і з кампаніяй прыхільнікаў брытанскага адзінства. Ды і самі скотс і гэльская ў кампаніі выкарыстоўваліся мала.

 

Вядома, прычынамі сітуацыі былі і нешматлікасць гэламоўных, і невысокі статус скотс у вачах часткі яе носьбітаў. Таксама магчыма, што незалежнікі баяліся напужаць свой электарат перспектывай абавязковага вывучэння мінарытарных моў у школе. Аналітыкі адзначалі, што ці не ўсё, што можна рабіць у сферы развіцця моў, дасягальна і ў складзе Вялікабрытаніі.

Да таго ж, у выпадку незалежнасці на скотс і на гэльскую больш не распаўсюджвалася б падтрымка, гарантаваная “Еўрапейскай хартыяй рэгіянальных моў ці моў меншасцяў”, бо падпісвала яе не Шатландыя, а Вялікабрытанія. Незалежная ж Шатландыя не атрымала б аўтаматычнага сяброўства ў ЕС. І калі гэльскую абараняе яшчэ і адмысловы шатландскі закон, то скотс пазбавіўся б канкрэтнага статусу.

Нельга, праўда, сказаць, што палітыкі зусім праігнаравалі моўную тэму. Напрыклад, Першы міністр шатландскага ўрада Алекс Салманд даў інтэрв’ю прадстаўніку Цэнтра мовы скотс, дзе прызнаўся ў любові да гэтай мовы і зазначыў важнасць яе падтрымкі.

 

Такім чынам, ці прайграе гэльская мова ад паразы незалежнікаў на рэферэндуме? Калі ва ўмовах саюзу цяперашні ўзровень падтрымкі мовы захаваецца, то адказ на гэта пытанне хутчэй адмоўны.

Што да скотс, то адсутнасць даследаванняў і агульны характар абяцанняў урада не дазваляюць даць адназначнага адказу. Прынамсі, першая рэакцыя на вынікі рэферэндуму Цэнтра мовы скотс была скрушаная: у саюзе перспектывы развіцця вяшчання на скотс абмежаваныя.

Незацікаўленасць незалежнікаў моўным пытаннем і парушэнні моўных правоў напярэдадні рэферэндуму (калі важны кожны голас!) сведчаць на карысць таго, што ў незалежнай Шатландыі істотнага прарыву ў моўнай сферы не было б. Так што, з аднаго боку, іхным моваабаронцам не варта сумаваць, а з іншага – ім будзе не да суму.

Ці ёсць плюсы ад захавання саюзу для скотс і гэльскай? Калі паўнамоцтвы Эдынбурга ў сферы бюджэту павялічацца, і гэта прынясе выгоды, то паглядзім, колькі ад іх будзе скіравана на развіццё спрадвечных шатландскіх моваў.

Таксама невядома, наколькі задаволіць шатландцаў ступень аўтаноміі, прапанаваная Лонданам. Калі рух за незалежнасць ці пашырэнне аўтаноміі працягнецца, то яго прыхільнікі могуць нарэшце звернуць увагу на занядбанае моўнае пытанне, шукаючы падтрымкі гэламоўных і свядомых носьбітаў скотс. Таксама магчыма, што цікавасць да гэтых моў у грамадстве ўзрасце кампенсаторна: не атрымалі незалежнасці – то падкрэслім нашу моўную адметнасць.