Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
ІДЭІ — Міжнародны вопыт - для Беларусі

Моўнае заканадаўства Уэльса. Частка 1: Закон аб валійскай мове

 Валійскае моўнае заканадаўства  - арыгінальная крыніца ідэй для ўдасканалення законапраекта ТБМ "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы", а таксама для ўдасканалення Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь. Што думаеце Вы?

 Намеснік старшыні ТБМ 

Дзяніс Тушынскі

  

 На апошім з’ездзе ТБМ было абвешчана пра намер пачаць працу па арганізацыі збору подпісаў за разгляд адпаведнымі ўладнымі структурамі праекта “Закона аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы”. Пакуль што паважанае спадарства можа азнаёміцца з праектам “Закона”, які размешчаны на сайце ТБМ. Калі ласка, дасылайце свае прапановы па ўдасканаленні законапраекта ў ТБМ.

 Каб вам было з чым яго параўнаць, раздзел ІДЭІ сайта ТБМ і “Наша слова” ужо змясцілі некалькі артыкулаў з аналізам замежных нацыянальных і міжнародных заканадаўчых актаў, датычных моваў. З іх можна запазычыць пэўныя юрыдычныя рашэнні для ўдасканалення нашага законапраекта. Гэты артыкул працягвае дадзеную серыю матэрыялаў і прапануе чытачу агляд новага Закона аб валійскай мове.

Валійская мова – адна з кельцкіх моў. Хаця доўгі час яна была роднай для большасці жыхароў Уэльса, сёння гэта мінарытарная мова, якой у той ці іншай ступені валодае 27% ад 3,1 мільённага насельніцтва гэтай часткі Брытаніі. 19% жыхароў Уэльса могуць размаўляць на ёй.

 У 1993 годзе ва Уэльсе быў прыняты Закон аб валійскай мове, які больш-менш нагадваў Закон аб гэльскай мове, які сёння дзейнічае ў Шатландыі.  Закон замацоўваў заснаванне Рады валійскай мовы, якая павінна была займацца пашырэннем выкарыстання мовы і забяспечваць роўныя магчымасці для выкарыстання валійскай і англійскай моў. Яшчэ адной функцыяй рады была дапамога дзяржаўным арганізацыям у стварэнні схем (планаў) па ўжыванні валійскай мовы ў сферах сваёй дзейнасці, а таксама кантроль адпаведнасці дзейнасці арганізацый гэтым схемам. Валійскі закон абвяшчаў, што “ў ажыццяўленні дзяржаўных спраў і ў справах правасуддзя да валійскай і англійскай моваў трэба ставіцца на аснове прынцыпа роўнасці, калі гэта будзе разумна і практычна прымяніма”.

  Але ў 2011 годзе ва Уэльсе быў прыняты новы Закон аб валійскай мове. Паводле яго, у прыватнасці, заміж Рады засноўваецца пасада Камісара па валійскай мове. Заміж схем па выкарыстанні мовы будуць выкарыстоўвацца адмысловыя стандарты, якім павінна будзе адпавядаць дзейнасць шэрагу арганізацый.

Закон надае валійскай мове дзяржаўны статус. У валійскім законе маецца палажэнне пра тое, што менавіта ў гэтым дакуменце надае валійскай мове гэты статус. У прыватнасці, гэта ўступленне ў моц наступных палажэнняў:

  • абавязак пэўных устаноў выкарыстоўваць валійскую мову і права валійскамоўных грамадзян ужываць гэту мову ў зносінах з гэтымі арганізацыямі;
  • ва Уэльсе стаўленне да валійскай мовы мусіць быць не менш спрыяльным, чым да англійскай;
  • спрыянне выкарыстанню валійскай мовы;
  • наданне роўнага статусу тэкстам законаў на валійскай і англійскай мовах;
  • абавязак валійскага ўраду распрацаваць стратэгію прамоцыі і развіцця мовы;
  • стварэнне стандартаў выкарыстання мовы і накладанне абавязку адпавядаць ім на шэраг арганізацый і г.д.

 Паводле закона, урад Уэльса павінен на кожны наступны год распрацоўваць уласны план дзеянняў у дачыненні да валійскай мовы. Урад павінен заснаваць дарадчы орган па валійскай мове – Партнёрскую раду.

 

 Камісар па валійскай мове

Першы міністр валійскага ўраду прызначае камісара па валійскай мове тэрмінам на 7 год. Камісар мае падначаленых. Галоўная мэта камісара – спрыяць і падтрымліваць выкарыстанне валійскай мовы. Камісар павінен працаваць у накірунку павялічэння выкарыстання гэтай мовы пры аказанні паслуг і павялічэння іншых магчымасцяў для выкарыстання мовы. Камісар працуе і дзеля таго, каб стаўленне да валійскій мовы было не менш спрыяльным, чым да англійскай.

Для ажыццяўлення мэтаў, як фармулюе закон, камісар можа рабіць усё, што палічыць патрэбным. У прыватнасці, камісар можа спрыяць з’яўленню магчымасцяў па выкарыстанні валійскай мовы, праводзіць і замаўляць правядзенне даследаванняў, даваць пісьмовыя рэкамендацыі кабінету міністраў, ажыццяўляць юрыдычную падтрымку грамадзян, распачынаць і ўмешвацца ў судовыя разбіральніцтвы ў Англіі і Уэльсе і іншае. У дапамогу камісару прызначаецца Дарадчы камітэт.

Трэба сказаць, што ў нашым законапрекце маецца альтэрнатыва такому камісару – гэта Міністэрства (Дзяржаўны камітэт) беларускай мовы.

 

Стандарты

Гэта частка закона, магчыма, не мае аналагаў у сусветнай практыцы. Як адзначаецца на сайце камісара, пераход ад моўных схем да стандартаў абумоўлены наступнымі прычынамі:

  • яны больш уцямныя для арганізацый, якія павінны ажыццяўляць паслугі на валійскай мове;
  • яны таксама больш уцямна тлумачаць валійскамоўным, якія паслугі яны могуць атрымаць па-валійску;
  • камісару будзе лягчэй кантраляваць адпаведнасць дзейнасці арганізацыі гэтым патрабаванням;
  • яны забяспечваюць роўную нагрузку на розныя арганізацыі, якія аказваюць паслугі на валійскай мове і г.д.

Стандарты ўяўляюць сабой набор правілаў, што рэгламентуюць выкарыстанне валійскай мовы арганізацыямі. Самі тэксты стандартаў у законе не прапісаныя – яны павінны распрацоўвацца ўрадам Уэльса асобна для канкрэтных арганізацый.

Першы набор стандартаў выйшаў у пачатку лістапада 2014 года. Ён распаўсюджваецца толькі на ўрад Уэльса, рады графстваў і буйных гарадоў, а таксама адміністрацыі нацыянальных паркаў. Чакаецца, што гэтыя стандарты набудуць моц закона ў 2015 годзе. Набор уключае 179 стандартаў, якія мы больш падрабязна разгледзім у другой частцы нашага артыкула, таму тут будуць прыведзеныя толькі асобныя прыклады.

Трэба адзначыць, што прадстаўнікі партыі, што імкнецца да незалежнасці Уэльса, крытыкуюць урад за тое, што стандарты былі распрацаваны для такой невялікай колькасці арганізацый, хаця часу на іх распрацоўку было дадзена шмат. Урад абяцае распрацаваць новыя наборы стандартаў як мага хутчэй.

 Закон вылучае пяць відаў стандартаў:

а) аказання паслуг;

б) вызначэння палітыкі;

в) аперацыянальныя;

г) спрыяння распаўсюду мовы;

д) вядзення ўліку.

 Стандарты аказання паслуг павінны спрыяць выкарыстанню валійскай мовы ці быць накіраванымі на тое, каб стаўленне да яе у працэсе аказання паслуг кліентам было не менш спрыяльным, чым да англійскай.

Напрыклад, Стандарт 3 сфармуляваны наступным чынам:

Калі вы ўпершыню дасылаеце ліст двум людзям, якія пражываюць сумесна (напрыклад, бацькам аднаго дзіця), вы павінны даведацца ў іх, ці жадаюць яны атрымліваць ад вас лісты па-валійску; і калі

а) абодва яны адказваюць, што жадалі б гэтага, вы павінны занатаваць гэтае іх жаданне і ад гэтага часу ліставацца з імі па-валійску;

б) адзін (але не абодва) з гэтых людзей адказвае, што хацеў бы атрымліваць вашу карэспандэнцыю па-валійску, вы павінны занатаваць гэтае жаданне і забяспечыць наяўнасць валійскай версіі той карэспандэнцыі, якую ім дасылаеце.

 Відавочна актуальнасць такіх стандартаў – асабліва заканадаўча замацаваных – для Беларусі. Нават калі гэта ідэя не будзе ўвасоблена ў законе, варта падумаць над іншымі варыянтамі яе ўжывання, напрыклад, для распрацоўкі якогасьці “этычнага кодэксу выкарыстання беларускай мовы” дзяржаўнымі арганізацыямі і не толькі імі.

 Стандарты вызначэння палітыкі павінны прывесці да наступных вынікаў.

1. Асоба, адказная за прыняцце рашэнняў па палітыцы арганізацыі, павінна ўлічваць, які ўплыў акажуць гэтыя рашэнні на

а) магчымасць выкарыстання валійскай мовы іншымі людзьмі;

б) тое, каб стаўленне да валійскай мовы было не менш спрыяльным, чым да англійскай.

2. Асоба, адказная за прыняцце рашэнняў па палітыцы арганізацыі, павінна прадумваць, як прыняць такія рашэнні, каб яны станоўча адбіваліся ці забяспечвалі прагрэс у галіне

а) магчымасцяў выкарыстання валійскай мовы іншымі людзьмі;

б) стаўлення да валійскай мовы не менш спрыяльна, чым да англійскай.

2. Асоба, адказная за прыняцце рашэнняў па палітыцы арганізацыі, павінна прадумваць, як прыняць такія рашэнні, каб яны не пагаршалі сітуацыі або змяншалі негатыўныя з’явы ў сферах

а) магчымасцяў выкарыстання валійскай мовы іншымі людзьмі;

б) стаўлення да валійскай мовы не менш спрыяльна, чым да англійскай.

 Аперацыянальныя стандарты павінны спрыяць выкарыстанню валійскай мовы ў сферы ўнутранага адміністравання арганізацыі.  Напрыклад, стандарт 104 гучыць так: калі вы публікуеце праграму, якая датычыцца здароўя і добрага самаадчування на працоўным месцы, вы павінны зрабіць гэта на валійскай мове.

 Стандарты спрыяння распаўсюду мовы датычацца любой дзейнасці, мэта якой – спрыянне шырэйшаму выкарыстанню валійскай мовы. Паводле першага набора стандартаў 2014 года, яны распаўсюджваюцца на арганізацыі (аддзелы), якія займаюцца прасоўваннем мовы. Яны патрабуюць распрацаваць пяцігадовую стратэгію па распаўсюду мовы ў пэўным рэгіёне і публікаваць справаздачнасць па яе рэалізацыі. Мэта стратэгіі – захаванне ці павялічэнне працэнту валійскамоўнага насельніцтва рэгіёна.Стратэгія мусіць уключаць апісанне сродкаў яе рэалізацыі. Справаздача павінна ўключаць пазнаку пра колькасць валійскамоўных у рэгіёне і іх узрост.

 Стандарты вядзення ўліку датычацца адпаведных аддзелаў арганізацый і патрабуюць ўліку розных фактаў, датычных валійскай мовы, напрыклад, колькасці чалавек, якія наведалі курсы, што вяліся на мове, ці колькасці скаргаў, што паступілі ў арганізацыю наконт яе неадпаведнасці стандартам, датычным валійскай мовы.

 Да закона дадаецца спіс канкрэтных арганізацый, на якія патэнцыйна распаўсюджваецца дзеянне стандартаў. На сайце камісара сферы дзейнасці, у якіх працуюць гэтыя арганізацыі, падзелены на наступныя катэгорыі: правасуддзе, адукацыя, урад і мясцовае самакіраванне, ахова здароўя, урад Вялікабрытаніі (стандарты для арганізацый з гэтай катэгрорыі будуць распрацаваны толькі са згоды дзяржаўнага сакратара); прыватныя кампаніі, грамадскія арганізацыі, камунальныя прадпрыемствы, іншыя.

 Іншы спіс, далучаны да закона, змяшчае пералік некалькіх відаў дзейнасці – арганізацыі, якія выконваюць такую дзейнасць, могуць быць дададзены да першага спіса. У спісе фігуруюць наступныя віды дзейнасці: адукацыя і навука, збіранне і захаванне дакументаў, забяспечэнне доступу да культурных здабыткаў, спартовая дзейнасць і адпачынак, распаўсюджванне ведаў пра Уэльс за мяжой, банкаўская дзейнасць, нагляд за пэўнай сферай дзейнасці ці прамысловасці, пошта і тэлекамунікацыі, транспарт, забеспячэнне сацыяльным жытлом, нарэшце ўсе тыя, хто самі жадаюць быць пазначанымі ў гэтым спісе. У спісе пазначаны таксама любыя арганізацыі, якія атрымалі ад дзяржавы пэўную суму грошай і тыя, каму заканадаўства надае права аказання паслуг ці забавязвае гэта рабіць.

Урад Уэльса мае права ўносіць у азначаныя спісы змены. На пэўную арганізацыю ці групу арганізацый могуць распаўсюджвацца як усе пяць стандартаў, так і асобныя з іх.

 Стандарт пачынае распаўсюджвацца на дзейнасць канкрэтнай арганізацыі пасля таго як камісар дасылае ёй Паведамленне аб адпаведнасці. Яно можа змяшчаць патрабаванне зрабіць адпаведнай стандартам усю сваю дзейнасць ці яе частку. Перад выдачай паведамлення з арганізацыяй праводзяцца кансультацыі. Разам з паведамленнем камісар абавязаны перадаць арганізацыі таксама набор парадаў па ажыццяўленні дзейнасці ў адпаведнасці са стандартамі і паведаміць, што сам факт выдачы паведамлення ці змест яго патрабаванняў можна абскардзіць у камісара.

 Калі камісар адхіляе пратэст, то арганізацыя можа звярнуцца ў Трыбунал па валійскай мове, які мае права абавязаць камісара змяніць сваё рашэнне. Склад трыбунала па валійскай мове прызначаецца ўрадам Уэльса і ўключае як юрыстаў-прафесіяналаў, так і не юрыстаў. Калі справа не вырашаецца ў Трыбунале, яна можа быць перададзена ў вярхоўны суд першай інстанцыі.

 Падкрэслю, што ў законапраекце ТБМ не прапісаны судовы орган, які б займаўся менавіта справамі, звязанымі з заканадаўствам, датычным моваў. Верагодна, было б карысна прапрацаваць гэту ідэю.

 

 Расследаванне па стандартах

Расследаванне па стандартах праводзіцца камісарам каб вызначыць, ці павінны на арганізацыю (працягваць) распаўсюджвацца стандарты і калі так, то якія і ў якой меры. Такое расследаванне можа ініцыяваць кабінет міністраў Уэльса. Закон не прапісвае тэрміну даследавання, але мяркуецца, што расследаванне па наяўных на сёння стандартах будзе займаць 12 тыдняў. Пакуль у моц не ўступілі стандарты, старыя моўныя схемы працягваюць дзейнічаць.

 Расследаванне неадпаведнасці дзейнасці стандартам

 Расследаванне аб неадпаведнасці дзейнасці арганізацыі стандартам можа быць распачатае на падставе скаргі трэцяга бока. Перад прыняццем рашэння аб неадпаведнасці дзейнасці арганізацыі стандартам камісар абавязаны азнаёміць усе зацікаўленыя бакі з праектам свайго рашэння і даць усім бакам магчымасць выказацца на яго конт. Камісар мае права абследавання памяшканняў. Па завяршэнні расследавання камісар павінен апублікаваць справаздачу па ім.

 У выпадку, калі гэта расследаванне пакажа, што дзейнасць арганізацыі сапраўды не адпавядае стандартам, камісар можа зрабіць наступнае:

  • запатрабаваць ад арганізацыі распрацаваць план дзеянняў па прадухіленні далейшых неадпаведнасцяў стандартам;
  • апублікаваць паведамленне аб неадпаведнасці дзейнасці арганізацыі пэўным патрабаванням;
  • запатрабаваць, каб арганізацыя сама апублікавала паведамленне аб неадпаведнасці яе дзейнасці пэўным патрабаванням;
  • накласці штраф у памеры не большым за 5 тысяч фунтаў стэрлінгаў.

Каімсар можа даваць арганізацыі рэкамендацыі і парады і прапанаваць ёй дасягнуць пагаднення.

Камісар можа звяртацца ў суд першай інстанцыі з просьбай накласці на арганізацыю абавязак дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі патрабаваннямі ці ў адпаведнасці з дасягнутым пагадненнем.

 Арганізацыя, адносна якой камісар вынес рашэнне і на якую наклаў спагнанне, мае права абскардзіць гэтыя рашэнне ці спагнанне ў Трыбунале па валійскай мове. Трыбунал можа адхіліць ці мадыфікаваць рашэнне ці спагнанне.

 У Трыбунал мае права падаць скаргу і трэці бок, калі палічыць, што арганізацыя дапусціла парушэнне, але камісар не адрэагаваў на яго належным чынам. Больш высокай інстанцыяй па моўных справах з’яўляецца вышэйшы суд першай інстанцыі, у які бакі могуць звяртацца пры наяўнасці дазволу Трыбунала ці самога вышэйшага суда. Вышэйшы суд можа адмяніць рашэнне Трыбунала і перарабіць яго сам ці накіраваць назад у Трыбунал на дапрацоўку.

 Перад пачаткам любых расследаванняў камісар рыхтуе і дасылае зацікаўленым бакам Мандат на расследаванне і павінен выслухаць погляды бакоў што да мандата, пасля чаго публікуе яго. Мандат уяўляе сабой сціслае апісанне пытанняў, на якія павінна адказаць расследаванне.

 

 Абарона свабоды выкарыстання валійскай мовы

 Любая асоба мае права звярнуцца да камісара, каб той правёў расследаванне фактаў парушэння права гэтай асобы ажыццяўляць камунікацыю на валійскай мове з іншай асобай. Гэтыя людзі павінны ў момант парушэння права знаходзіцца ва Уэльсе і жадаць размаўляць між сабой па валійску.

 У дадзеным законе выпадкамі парушэння права асобы ажыццяўляць камунікацыю на валійскай мове лічацца наступныя:

  • калі нехта адзначае, што людзі не павінны ажыцяўляць камунікацыю па-валійску;
  • калі нехта адзначае, што людзям будзе нанесена шкода, калі яны будуць ажыцяўляць камунікацыю па-валійску;
  • калі нехта прычыняе людзям шкоду за тое, што яны ажыцяўлялі камунікацыю па-валійску (паняцце шкода ўключае тут пагрозы, прыніжэнне, запалохванне і прымус).

 Калі камісар вырашае не праводзіць расследаванне, ён павінен паведаміць пра гэта падаўцу скаргі і абгрунтаваць сваё рашэнне. Калі камісар прымае рашэнне расследаваць справу, ён павінен паведаміць пра гэта ўсім зацікаўленым бакам, а таксама інфармаваць іх пра ход справы. Пры расследаванні камісар павінен улічваць і паказанні бока, на які пададзена скарга. Па выніках расследавання камісар можа апублікаваць справаздачу. У сваёй штогадовай справаздачы для ўрада Уэльса, камісар павінен адлюстраваць усе пададзеныя скаргі, свае дзеянні на іх конт, а таксама свой погляд на адэкватнасць і эфектыўнасць заканадаўства што да абароны права выкарыстоўваць валійскую мову.

У адрозненне ад раздзелаў пра расследаванні, звязаныя са стандартамі, гэты закон не прапісвае канкрэтных мераў ўздзеяння на тых, хто парушае права выкарыстання валійскай мовы.

У другой частцы артыкула мы прааналізуем Стандары ўжывання валійскай мовы больш падрабязна.