Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
ІДЭІ — Міжнародны вопыт - для Беларусі

База дадзеных ідэяў і праектаў у галіне моўнага адраджэння і моўных правоў

  Калі вы маеце ідэі праектаў у галіне адраджэння беларускай мовы ці абароны моўных правоў альбо вам не шкада падзяліцца апісаннямі ўжо рэалізаваных праектаў - дасылайце іх у нашу базу дадзеных.

  Дзяніс Тушынскі

намеснік старшыні ТБМ

 

  Можна супраціўляцца ўварванню войскаў –

  уварванню ідэяў супраціўляцца немагчыма (В. Гюго)

 Час не стаіць на месцы, з’яўляюцца новыя ініцыятывы па адраджэнні беларускай мовы. ТБМ не павінна адставаць ад гэтай плыні. Больш таго, мы павінны быць у авангардзе распаўсюду новых ідэй у нашай сферы дзейнасці. Міжвольную ўвагу, у прыватнасці, увагу да мовы, вабіць усё новае, незвычайнае і разнастайнае. Таму падаецца мэтазгодным пастаянна папаўняць на сайце Таварыства банк праектаў і ідэй ў галіне моўнага адраджэння. Гэта праца ўжо вядзецца. Адмысловая рубрыка сайта так і называецца – “Ідэі”. Для яе напісаны шэраг артыкулаў, якія змяшчаюць адну ці шэраг ідэяў, якія можна рэалізаваць у Беларусі. Многія з гэтых матэрыялаў былі таксама надрукаваныя ў “Нашым слове”, частка – у іншых выданнях.

Гэта дзейнасць можа паспрыяць абмену думкамі, усталяванню партнёрскіх кантактаў, распаўсюду перадавых ідэяў і, нарэшце, іх шырокаму ўжыванню.

Паколькі неўзабаве наша таварыства збіраецца распачаць збор подпісаў пад патрабаваннем прыняцця “Закона аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы”, то частка артыкулаў прысвечаны юрыдычным пытанням. У іх разглядаецца замежны вопыт заканадаўства ў моўнай сферы і прапануюцца ідэі, якія можна ўключыць у наш праект згаданага закона.

Калі ў вас ёсць ідэі ці рэальны вопыт, якімі вы б жадалі падзяліцца, то вы можаце аформіць іх у выглядзе артыкула і даслаць на адрас электроннай пошты таварыства з паметкай “Для рубрыкі “Ідэі”. Артыкулы з гэтай рубрыкі мы таксама змяшчаем і на старонцы навінаў. Калі вы жадаеце знайсці партнёраў для супольнай рэалізацыі праектаў, вы можаце далучыць да вашага матэрыялу кантактную інфармацыю.

Артыкулы не адзіны магчымы варыянт прэзентацыі сваіх прапаноў. Яшчэ адна магчымасць – афармляць іх у выглядзе апісанняў праектаў. Напрыклад, у сваім горадзе вы ажыццявілі нейкі праект і жадаеце, каб ён ці нешта падобнае было рэалізавана ў іншым месцы. Іншы варыянт: вы маеце ідэю праекта і шукаеце партнёраў для яго рэалізацыі. Тады вы можаце прыслаць нам для размяшчэння ў базе дадзеных апісанне вашага праекта ці праектнай ідэі.

Гэта можа быць і штосьці меньшае за цэльны праект. Напрыклад, вы настаўнік, вы прыдумалі арыгінальныя практыкаванні, якія, па вашых назіраннях, узбуджаюць цікавасць да вывучэння мовы, і вам не шкада падзяліцца імі – дашліце іх нам.

Гэта новая ініцыятыва, таму пакуль мы не распрацоўвалі стандартаў, якім павінны адпавядаць артыкулы з ідэямі, апісанні пракетаў ці іншыя варыянты прэзентацыі вашых прапаноў – выбар фармату, такім чынам, застаецца за вамі. Магчыма, для тых праектаў, якія яшчэ не рэалізаваны, мы прыйдзем да фармату, падобнага да таго, што рэалізаваны на сайце talaka.by. Там кожны праект мае свой блог.

Каб дадаткова прастымуляваць абмен праектнымі ідэямі, Таварыства запланавала яшчэ адзін від дзейнасці. Як было абвешчана на з’ездзе ТБМ, увесну (верагодна, у канцы сакавіка) мы арганізуем у Мінску міжнародную канферэнцыю па праблемах моўных правоў, моўнага заканадаўства і моўнай палітыкі. Будзе закранутая і больш агульная тэма моўнага адраджэння. Акрамя адпаведнай секцыі, на канферэнцыі будзе праведзена выстава праектаў і праектных прапаноў. У фармаце насценнай ці настольнай прэзентацыі можна будзе пазнаёміць удзельнікаў і гасцей канферэнцыі з вашымі ідэямі будучых ініцыятываў ці ўжо рэалізаванымі праектамі. Дакладныя ўмовы правядзення выставы будуць апублікаваныя пазней.

З прыкладам банка праектаў у галіне моўнага адраджэння можна азнаёміцца на сайце каталанскай арганізацыі “Linguamón “Дом моваў”. Гэта дзяржаўная структура створана ў 2005 годзе з мэтамі распаўсюду моўнай разнастайнасці дзеля паляпшэння сацыяльных і эканамічных умоў жыцця грамадства. На сайце арганізацыі маецца банк дадзеных пад назвай “Перадавы вопыт” (“Best Practices”). Туды дасылаюць апісанні ўжо рэалізаваных праектаў. Праца з гэтым досведам –  адзін з накірункаў дзейнасці “Дома моваў”. У прыватнасці, арганізацыя каталагізуе праекты, забяспечвае іх грамадскае абмеркаванне праз правядзенне круглых сталоў і канферэнцый, вабіць да праектаў увагу СМІ, заахвочвае розныя арганізацыі да іх ужытку, праводзіць конкурсы праектаў і арганізуе ўзаемадзеянне дзяржаўных і грамадскіх структур дзеля далейшага ўжывання гэтага вопыту.

На сайце маецца памятка для тых, хто жадае падзяліцца сваім досведам. Пры ўключэнні ў базу дадзеных улічваецца, у прыватнасці, наступнае:

наколькі выразным і заўважным будзе колькасны і якасны вынік праекта;

наколькі стваральнікамі ўлічаны арганізацыйныя, сацыяльныя і палітычныя ўмовы, у якіх будзе рэалізоўвацца праект;

наколькі вынікі акупляюць затраты;

ці можна ўжыць гэты праект у новых умовах;

ці ўзмацняе праект пачуццё ідэнтычнасці прадстаўнікоў супольнасці, ці спрыяе ён сацыяльнаму яднанню;

ці закладзена ў праект працэдура маніторынгу яго эфектыўнасці;

ці быў праект заўважаны шырокай грамадскасцю, ці паведамлялі пр яго СМІ;

ці змяшчае праект інавацыі.

Усе апісанні праектаў, прадстаўленыя ў базе, маюць аднатыпную структуру: назва; мовы, якіх датычыцца праект; рэгіён (сфера) рэалізацыі праекта; мэтавыя групы; арганізацыі, што прымаюць удзел; сацыялінгвістычныя перадумовы; апісанне праекта і яго вынікі.

Значная частка праектаў прысвечана інтэграцыі эмігрантаў у каталанамоўнае грамадства. Тэма інтэграцыі замежнікаў у беларускую культуру надзённая і для нас (але амаль нераспрацаваная), асабліва ў сувязі з магчымым будаўніцтвам пад Мінскам Тэхнапарку і звязаным з гэтым прыездам у краіну вялікай колькасці грамадзян Кітая. Трэба сказаць, што людзі ўжо звяртаюцца ў Таварыства з ідэямі на гэты конт, і неўзабаве мы правядзем кансультацыі па рэалізацыі іх прапаноў з амбасадай КНР і беларускімі ўладамі. Але гэта асобная тэма, якая заслугоўвае вялікага матэрыялу.

Вось усяго некалькі прыкладаў праектаў з базы “Дома моў”. Адзін з іх называецца “Адукацыйныя электронныя лісты”. Сутнасць праекта ў тым, што супрацоўнікам пэўнай фірмы (гэта было адно архітэктурнае бюро) штотыднёва рассылаліся е-мэйлы з кароткімі (паўстаронкі) тэкстамі, кожны з якіх змяшчаў сціслую інфармацыю пра адзін з аспектаў каталанскай граматыкі і кароткае практыкаванне на замацаванне матэрыялу.   Многія супрацоўнікі бюро валодаюць каталанскай мовай, але не ўсе на высокім узроўні. Тыя, хто пажадаў выканаць практыкаванне, адсылалі адказы каардынатарам. Кожны наступны ліст змяшчаў адказы на практыкаванне папярэдняга тыдня. Прыкладна кожныя тры месяцы сярод найлепшых выканаўцаў заданняў разыгрываўся прыз – кніга. Лісты рассылаліся на працягу 35 тыдняў.  Адзначаецца, што прыкладна 40% супрацоўнікаў рабілі практыкаванні больш, чым аднойчы. Ініцыятыва дазволіла ўсім ахвотным у сціслыя тэрміны ўзняць свой узровень валодання мовай.

У той жа арганізацыі быў рэалізаваны яшчэ адзін праект. Хаця большасць яе супрацоўнікаў каталанамоўныя ў штодзённым побыце, у прафесійнай камунікацыі яны часта выкарыстоўвалі іспанскую мову. У прыватнасці, гэта рабілася ў зносінах з рабочымі, частка якіх імігранты, якія ведаюць іспанскую, але не валодаюць каталанскай. Нават калі размова ішла на каталанскай, выкарыстоўваліся іспанскія будаўнічыя тэрміны. Каб пашырыць выкарыстанне каталанскай будаўнічай тэрміналогіі, быў выдадзены добра ілюстраваны буклет з тэрміналагічным слоўнікам. Лескіка для яго пазычалася з часопіса, які выдаецца будаўнічай гільдыяй. Гэты часопіс рэкламаваў буклет сярод сваіх падпісчыкаў. Усяго было выдадзена 5000 асобнікаў.

Яшчэ адна ініцыятыва рэалізавана ў Андоры, невялікай дзяржаве ў Пріэнеях, дзе раней каталанская была асноўнай мовай, але з-за прытоку імігрантаў у апошнія дзесяцігоддзі стала роднай мовай меньш чым трэцяй часткі насельніцтва. Сутнасць праекта ў арганізацыі спаборніцтваў па напісанні каталанамоўных сцэнароў для тэлепастановак. Удзельнічаюць школьнікі. Спачатку ў некалькіх школах праводзяцца выступы прафесійных сцэнарыстаў, якія з выкарыстаннем мультымедыйных матэрыялаў тлумачаць, што такое сцэнар, як яго пішуць і як ён увасабляецца ў тэлепастаноўцы. Затым дзецям прапануецца напісаць сцэнар самім. Гэта можна рабіць індывідуальна ці ў групе. Тэксты невялікія – 3 – 4 старонкі – але яны павінны быць аформлены па прафесійных правілах. Вылучаюцца некалькі намінацый, сцэнары-пераможцы ў якіх перадаюцца навучэнцам тэатральных каледжаў. Пад кіраўніцтвам стваральнікаў сцэнароў, будучыя акторы і рэжысёры увасабляюць іх у пастаноўцы, якая здымаецца на камеру. У канцы праекта ладзіцца вялікі фэст, дзе дэманструюцца фільмы. На імпрэзу запрашаюцца прадстаўнікі СМІ. Праект доўжыцца ўжо некалькі год, і частка фільмаў дэманстравалася на тэлебачанні.

Галоўнае, каб ідэі і апісанні праектаў, якія назапашваюцца ў нашай базе, насамрэч выкарыстоўваліся. У гэтым накірунку ўжо ёсць дасягненні, праўда пакуль сціплыя. Напрыклад, Міністэрства культуры ў прынцыпе падтрымала ідэю заснавання музею беларускай мовы, а маніторынг стану беларускай мовы і моўных правоў у Беларусі зараз актыўна рэалізуецца.