Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
ІДЭІ — Міжнародны вопыт - для Беларусі

Маніторынг моўнай сітуацыі ў Беларусі і "Атлас моў свету, якім пагражае знікненне". Частка 2

 У частцы 2 аналізуем крытэрыі (не)бяспекі для моваў, распрацаваныя ЮНЭСКА.

 Дзяніс Тушынскі,

намеснік старшыні ТБМ

 Разгледзеўшы ў першай частцы артыкула прыблізны план нашага маніторынга моўнай сітуацыі і моўных правоў у Беларусі і прадставіўшы "Атлас моў свету, якім пагражае знікненне" ЮНЭСКА як у тым ліку магчымы ўзор для прэзентацыі вынікаў гэтага маніторынга, у другой частцы звернемся да фактараў (не)бяспекі для моў, распрацаваных экспертнай групай ЮНЭСКА па мовах у небяспецы.

Усяго вылучаецца дзевяць фактараў.

Першыя шэсць называюцца аўтарамі фактарамі ацэнкі жыццяздольнасці мовы і ўзроўню пагрозы яе знікнення. Здаецца, што такую назву можна распаўсюдзіць і на ўсе дзевяць фактараў.

1. перадача мовы з пакалення ў пакаленне,

2. абсалютная колькасць носьбітаў,

3. працэнт носьбітаў мовы ад агульнай колькасці прадстаўнікоў супольнасці,

4. прысутнасць мовы ва ўсіх сферах жыцця,

5. прысутнасць мовы ў новых сферах ужытку і медыях,

6. наяўнасць пісьмовых матэрыялаў для вывучэння пэўнай мовы;

 

два фактары датычацца стаўленняў да мовы і моўнай палітыкі:

7. дзяржаўнае стаўленне да моў і моўная палітыка, у тым ліку афіцыйны статус і афіцыйнае выкарыстанне моў,

8. стаўленне грамадства да сваёй мовы;

 

9. фактар ступені задакументаванасці мовы (для нас неактуальны, таму ніжэй ён разглядацца не будзе).

 

Зараз разгледзім узроўні пагрозы па кожным фактары асобна.

1. Перадача мовы з пакалення ў пакаленне. Гэты фактар называецца аўтарамі самым частаўжываным. Як адзначана вышэй, толькі ён ужыты для большасці моў атласа. Пры гэтым, назвы і апісанні ўзроўняў па гэтым фактары, пазначаныя ў самім атласе і ў дауменце экспертнай групы ЮНЭСКА, не супадаюць. Тут мы разгледзім іх паводле дакумента экспертнай групы.

5) Бяспечны ўзровень. На мове размаўляюць усе пакаленні.

5-) Стабільны ўзровень, але небяспека існуе. На мове размаўляюць усе пакаленні ў большасці сітуацый, але ў некаторых важных сферах выкарыстоўваецца больш, чым адна мова (хаця адзначаецца, што білінгвізм сам па сабе пагрозай не з’яўляецца).

4) Небяспечны ўзровень. Большасць дзяцей размаўляе на мове, але яна можа ўжывацца толькі ў некаторых сферах, напрыклад, толькі дома.

3) Пагроза знікнення выразная. Дзеці больш не засвойваюць мову дома як родную. Самыя маладыя яе носьбіты – пакаленне бацькоў. Яны яшчэ могуць звяртацца да дзяцей на мове, але дзеці на ёй ужо не адказваюць.

2) Пагроза знікнення моцная. На мове размаўляе толькі пакаленне дзядоў і бабуль. Пакаленне бацькоў хіба разумее мову, але не размаўляе на ёй з дзецьмі.

1) Пагроза знікнення крытычная. Носьбіты мовы – толькі пакаленне прадзедаў і прабабуль. Яны часта памятаюць толькі фрагменты мовы і не размаўляюць на ёй, бо могуць не мець суразмоўцаў.

 Самі аўтары гэтай класіфікацыі адзначаюць, што яе можна выкарыстоўваць толькі як аснову для аналізу, прыстастоўваючы яе да кожнай канкрэтнай моўнай сітуацыі. Прыгадайма, напрыклад, час, калі ў беларускіх вёсках родная мова выкарыстоўвалася шырока, а ў гарадах – не. Атрымаецца, што ў вёсцы можна было б паставіць  дзесь 5-, а ў горадзе – менш. Да таго ж, бачна, што можна казаць толькі пра нейкую асноўную для мовы тэндэнцыю, з якой, натуральна, могуць быць выключэнні.

 

2. Абсалютная колькасць носьбітаў

Нейкага стандарту тут не існуе, але чым менш носьбітаў мовы, тым горш для яе, бо маленькія групы знаходзяцца пад большай пагрозай поўнага знікнення ці зліцця з іншымі групамі са стратай сваёй мовы і культуры.

  Някепскі паказчык для нас, калі ацэньваць па валоданні мовай хаця б у нейкай ступені.

 

3. Працэнт носьбітаў мовы ад агульнай колькасці прадстаўнікоў грамады.

Пад грамадой можа разумецца этнічная група, нацыя, рэлігійная супольнасць, насельніцтва пэўнай мясцовасці ды іншае.

5) Бяспечны ўзровень. На мове размаўляюць усе.

4) Небяспечны ўзровень. На мове размаўляюць амаль усе.

3) Пагроза знікнення выразная. На мове размаўляе большасць.

2) Пагроза знікнення моцная. На мове размаўляе меншасць.

1) Пагроза знікнення крытычная. Колькасць носьбітаў вельмі нешматлікая.

0) Вымерлая мова.

Калі браць літаратурную мову і менавіта размовы, а не валоданне ў прынцыпе, то наша сітуацыя выглядае крытычнай.

 

4. Прысутнасць мовы ва ўсіх сферах жыцця.

5) Усеагульная прысутнасць. Мова выкарыстоўваецца ва ўсіх сферах.

4) Шматмоўны парытэт. Адна ці болей іншых дамінантных моў з’яўляюцца асноўнымі мовамі ў большасці афіцыйных сфер ужытку, у т.л. у дзяржаўных ўстановах і ў адукацыі. Тым не менш, недамінантная мова працягвае паспяхова ўжывацца ў шэрагу сфераў, асабліва ў рэлігійных установах, крамах і месцах збораў пэўнай моўнай супольнасці.

Дамінантныя і недамінантныя мовы ўжываюцца ў розных сферах, пры гэтым недамінантная мова выкарыстоўваецца ў нефармальных кантэкстах, а дамінантная – у афіцыйных. Дамінантная мова можа разглядацца як больш выгодная з сацыяльнага і эканамічнага пунктаў погляду. Старэйшае пакаленне можа пры гэтым выкарыстоўваць толькі сваю мову.

3) Сфера ўжытку скарачаецца. Сфера ўжытку недамінантнай мовы скарачаецца, бацькі пачынаюць ужываць мажарытарную мову дома ў стасунках з дзецьмі, дзеці робяцца рэцэптыўнымі білінгвамі (размаўляюць на адной мове, але разумеюць больш, чым адну). Дарослыя робяцца прадуктыўнымі білінгвамі: размаўляюць на роднай і іншай мове.

2) Сферы ўжытку абмежаваныя ці фармальныя. Недамінантная мова выкарыстоўваецца толькі ў вельмі фармалізаваных сферах, асабліва ў рытуалах і адміністрацыі. Таксама мова можа выкарыстоўвацца ў грамадскіх цэнтрах (клубах), на фестывалях і ў цырымоніях, на якіх сустракаюцца прадстаўнікі старэйшага пакалення. Многія разумеюць мову, але не могуць на ёй размаўляць.

1) Сфера ўжытку вельмі абмежаваная. Недамінантная мова выкарыстоўваецца ў вельмі вузкіх сферах, звычайна вельмі невялікай часткай насельніцтва, напрыклад, тымі, хто праводзіць рытуалы. Некаторыя старэйшыя жыхары памятаюць фрагменты мовы.

0) Вымерлая мова.

Варта было б канкрэтызаваць, што значыць "выкарыстоўваецца": маюцца на ўвазе размовы ці дастаткова наяўнасці, скажам, шыльдаў і галасавых абвестак (як у мінскім метро)?

 

5. Прысутнасць мовы ў новых сферах ужытку і медыях.

Сюды аўтары адносяць адукацыю, новыя працоўныя месцы, СМІ. Невыкарыстанне сваёй мовы ў новых сферах жыцця, напрыклад, на тэлебачанні, можа мець самыя сур’ёзныя наступствы.

5) Дынамічнае выкарыстанне. Мова выкарыстоўваецца ва ўсіх новых сферах.

4) Трывалае/актыўнае выкарыстанне. Мова выкарыстоўваецца ў большасці новых сфер.

3) Рэцэптыўны ўзровень. Мова выкарыстоўваецца ў многіх новых сферах.

2) Мова трымаецца. Мова выкарыстоўваецца у некаторых новых сферах.

1) Мінімальны ўзровень. Мова выкарыстоўваецца мала ў якіх новых сферах.

0) Неактыўны ўзровень. Мова не выкарыстоўваецца ў новых сферах.

Тут мне незразумела, чаму аўтары ўключылі у гэты раздзел школьную адукацыю – што ў ёй новага? Увогуле, адукацыя заслугоўвае, верагодна, асобнага фактара.

Натуральна, і тут усё варыятыўна. Напрыклад, мова можа выкарыстоўвацца на тэлебачанні і радыё штодня, але кожны дзень гэта будзе адна паўгадзінная перадача. Адзначаецца, што ў галіне адукацыі можна вылучыць два крытэрыя: да якога ўзроўню адукацыі выкарыстоўваецца мова і наколькі шырока яна выкарыстоўваецца.

 

6. Наяўнасць пісьмовых матэрыялаў для вывучэння пэўнай мовы

5) Пісьменства і літаратура на пэўнай мове існуюць даўно, ёсць граматыкі, слоўнікі, штодзённыя СМІ ды інш. Пісьмовая мова выкарыстоўваецца ў адміністрацыі і адукацыі.

4) Пісьменства на мове існуе, дзеці вывучаюць мову ў школе. Пісьмовая мова не выкарыстоўваецца ў адміністрацыі.

3) Пісьменства існуе, дзеці могуць вывучаць пісьмовую мову ў школе. Пісьмовая мова не выкарыстоўваецца ў СМІ.

2) Пісьменства існуе, але тэксты на мове выкарыстоўваюцца толькі некаторымі прадстаўнікамі грамады, для іншых яны маюць толькі сімвалічнае значэнне. Навучанне мове ў школе не адбываецца.

1) Пэўныя прадстаўнікі супольнасці ўмеюць пісаць на мове і сёе-тое на ёй пішуць.

0) Пісьменства няма.

У прынцыпе, можам паставіць нам вышэйшы бал. Але не ўсё так проста. Калі глядзець абсалютна, то можам, але калі параўнаць наяўнасць усяго згаданага з тым жа самым для рускай мовы, то… Магчыма, аўтарам варта было ў гэтым фактары зрабіць падзел на абсалютныя і адносныя паказчыкі.

 Зараз разгледзім фактары, звязаныя са стаўленнем да мовы і з моўнай палітыкай. На адным полюсе кантынуума моўнай палітыкі знаходзіцца юрыдычнае раўнапраўе ўсіх моў, скажам, краіны, а на іншым – афіцыйны статус мае толькі адна з моў, іншыя ж знаходзяцца ў зняважаным стане. Пры гэтым наяўнасць роўнага афіцыйнага статуса для некалькіх моў не з’яўляецца гарнтыяй ад праблем (што мы выразна бачым у нас).

 

7. Дзяржаўнае стаўленне да мовы і моўная палітыка, у тым ліку афіцыйны статус і афіцыйнае выкарыстанне моў

5) Роўная падтрымка. Усе мовы краіны шануюцца як нацыянальная каштоўнасць, усе яны абаронены законам; дзяржава падтрымлівае ўсе мовы праз рэалізацыю дэтальна распрацаванай моўнай палітыкі.

4) Дыферэнцыяваная падтрымка. Недамінантныя мовы актыўна абараняюцца дзяржавай, але існуе відавочнае адрозненне ў сферах выарыстання дамінантных і недамінантных моў. Дзяржава заахвочвае супольнасць выкарыстоўваць сваю недамінантную мову, але звычайна ў прыватных сферах жыцця, напрыклад, дома, а не ў афіцыйных, напрыклад, у школе. Недамінантная мова карыстаецца вялікай папулярнасцю у некаторых сферах, напрыклад, у розных цырымоніях.

3) Пасіўная асіміляцыя. Большасць абыякава ставіцца да таго, ці размаўляе нехта на меншасных мовах; мова большасці з’яўляецца мовай міжкультурнай камунікацыі. Хаця гэта не замацавана афіцыйна, мова большасці з’яўляецца афіцыйнай мовай дэ факта. Большасць сфер выкарыстання недамінантнай мовы не  з’яўляюцца прэстыжнымі.

2) Актыўная асіміляцыя. Дзяржава заахвочвае меншасці адмаўляцца ад сваёй мовы праз забеспячэнне адукацыі на мове большасці. Адсутнічае заахвочванне ў выкарыстанні меншаснай мовы.

1) Гвалтоўная асіміляцыя. Існуе афіцыйная моўная палітыка, паводле якой мова большасці з’яўляецца адзінай афіцыйнай мовай, іншыя мовы афіцыйна не прызнаюцца і не падтрымліваюцца

0) Забарона мовы. Выкарыстанне пэўнай мовы забаронена ва ўсіх сферах, хіба што трываюць яе выкарыстанне дома.

 

8. Стаўленне грамадства да сваёй мовы

5) Усе носьбіты шануюць сваю мову і жадаюць яе развіцця.

4) Большасць носьбітаў жадае развіцця мовы.

3) Многія падтрымліваюць развіццё мовы, іншыя – абыякавыя ці нават за адмаўленне ад мовы.

2) Некаторыя падтрымліваюць развіццё мовы, іншыя – абыякавыя ці нават за адмаўленне ад мовы.

1) Нямногія падтрымліваюць развіццё мовы, іншыя – абыякавыя ці нават за адмаўленне ад мовы.

0) Нікому няма справы да знікнення мовы, усе выступаюць за пераход да дамінантнай мовы.

 Чытач можа самастойна ацаніць стан беларускай мовы паводле прапанаваных крытэрыяў. У любым выпадку, падаецца, што выставіць адназначную ацэнку мове па пэўных фактарах няпроста. Тым не менш, гэта класіфікацыя падаецца карыснай. Натуральна, не ўсе фактары прыдатныя для ацэнкі стану мовы ў асобных рэгіёнах краіны. Для гэтага у будучыні можна распрацаваць уласныя фактары для беларускай мовы.