Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
ІДЭІ — Міжнародны вопыт - для Беларусі

Маніторынг моўнай сітуацыі ў Беларусі і "Атлас моў свету, якім пагражае знікненне". Частка 1

Сэнс і план маніторынга, які праводзіць ТБМ.

Як Вы можаце прыняць у ім удзел?

Агляд "Атласа моў свету, якім пагражае знікненне"
і яго інтэрактыўнай версіі як узору для прадстаўлення вынікаў маніторынга.

 

Дзяніс Тушынскі,
намеснік старшыні ТБМ
 
    
     Зараз Таварыства беларускай мовы рыхтуе дакумент з комплексным аналізам моўнай сітуацыі і стану моўных правоў у Беларусі. Крыніцамі інфармацыі будуць запыты ў органы ўлады і паведамленні сяброў нашай арганізацыі і іншых людзей з месцаў. Па сваёй метадалогіі гэта праца не адрозніваецца ад звычайнай працы арганізацыі ў гэтым накірунку – адрозніваецца маштаб. Мы плануем зрабіць шматаспектны зрэз моўнай сітуацыі па ўсіх рэгіёнах краіны і асноўных сферах грамадскага жыцця і адлюстраваць яго ў адным дакуменце-справаздачы.
 
   Сферы грамадскага жыцця будуць вылучаны ў тым ліку паводле “Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” і “Усеагульнай дэкларацыі лінгвістычных правоў”. Сярод іх: выкарыстанне беларускай мовы у органах улады, у адукацыі, СМІ, культурнай і сацыяэканамічнай сферах ды іншае.
 
   Гэта праца робіцца з некалькімі мэтамі. Асноўнай мне бачыцца наступная. Верагодна, неўзабаве пачнецца кампанія па ініцыяванні змяненняў і дапаўненняў у цяперашняе моўнае заканадаўства. Падрыхтаваны намі аналіз можа стаць аргументам у перамовах з уладамі на карысць удасканалення заканадаўства, паколькі раскрые ўсю паўнату парушэнняў моўных правоў і моўнага дысбалансу ў краіне.
 
   Справаздача будзе прадстаўлена на разгляд не толькі беларускіх парламентарыяў і выканаўчай улады, але, натуральна, і шырокай грамадскасці. Магчыма, што знаёмства з поўнай карцінай сітуацыі паспрыяе далучэнню шырокіх колаў грамадства да кампаніі па ініцыяванні зменаў у заканадаўства.
 
   У справаздачы магчыма адлюстраваць таксама звесткі аб праектах па моўным адраджэнні, аб дзяржаўных арганізацыях, прыватных кампаніях і грамадскіх аб’яднаннях, якія прадпрымаюць намаганні па адраджэнні мовы. Мэта гэтай часткі справаздачы – паказаць, у якім накірунку можна рухацца.
Наступная мэта – дапамога моўным актывістам, якія дзейнічаюць як на ўзроўні ўсёй краіны, так і ў асобных рэгіёнах. Яны атрымаюць аб’ектыўныя звесткі, прыдатныя для абгрунтавання і рэалізацыі праектаў, скіраваных на моўнае адраджэнне.
Яшчэ адна мэта – служыць медыйнай нагодай, якая завабіць увагу СМІ да кампаніі па змяненнях у заканадаўства.
Таксама справаздача будзе карыснай для навукоўцаў, якія займаюцца адпаведнымі праблемамі.
Плануецца зрабіць англійскую версію справаздачы і, такім чынам, звярнуць увагу сусветнай аўдыторыі да нашай сітуацыі і прастымуляваць міжнароднае супрацоўніцтва. Плануецца разаслаць дакумент міжнародным культурніцкім арганізацыям, арганізацыям, што бароняць моўныя правы і моўную разнастайнасць.
 
   Верагодна, неўзабаве будуць падрыхтаваны і разасланы кіраўнікам суполак апытальныя аркушы, такім чынам усе сябры ТБМ змогуць прыняць удзел у падрыхтоўцы дакумента, прадставіўшы інфармацыю пра свае населеныя пункты ці цэлыя гэгіёны. Ахвотныя змогуць правесці нават невялікія даследаванні.Але гэтага моманту можна і не чакаць. Вы можаце стаць суаўтарамі справаздачы ўжо зараз даслаўшы на адрас ТБМ (siadziba@gmail.com)інфармацыю пра свой населены пункт ці рэгіён. Нас цікавіць у першую чаргу наступнае:
   1. Інфармацыя пра беларускамоўныя ініцыятывы: грамадскія праекты, звязаныя з беларускай мовай, дзяржаўныя рэгіянальныя праграмы падтрымкі беларускай мовы, беларускамоўныя навучальныя ўстановы, клубы; кампаніі, якія выпускаюць прадукцыю з беларускамоўным афармленнем; беларускамоўныя выданні ды іншае. Пры расповедзе пра такія ініцыятывы паведамляйце, калі ласка, калі гэта магчыма, каардынаты іх арганізатараў. Гэта інфармацыя збіраецца таксама і для таго, каб наладзіць супрацоўніцтва паміж нашымі арганізацыямі.
   2. Інфармацыя пра парушэнні моўных правоў грамадзян Беларусі, факты дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце, выпадкі ўціскання беларускай мовы ці іншых моў, факты парушэння артыкула 17 “Закона аб найменнях геаграфічных аб'ектаў” (у Рэспубліцы Беларусь назвы новым аб'ектам прысвойваюцца на беларускай мове).
   3. Вашы ацэнкі ступені выкарыстання беларускай мовы ў розных сферах. Умоўна можна вылучыць наступныя сферы.
 
Мясцовая ўлада 
 
  • Працэнт дакументаў на беларускай мове ў справаводстве мясцовых уладаў: выканкамы, саветы дэпутатаў, сельсаветы, суды, ЗАГС, аддзелы ўнутраных спраў, пракуратура, ДАІ, аддзелы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах, пагранічная служба, ваенныя камісарыяты, бюро па дзяржаўнай рэгістрацыі ды зямельным кадастры, органы сацыяльнай абароны, аддзелы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, упраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ды іншае.
  • Наяўнасць беларускамоўных бланкаў у органах улады; працэнт беларускай мовы на іх інфармацыйных стэндах.
  • Ступень валодання беларускай мовай службоўцамі органаў улады.

 Грамадства і выбары

  • Выкарыстанне беларускай мовы дэпутатамі мясцовых саветаў, грамадскімі арганізацыямі, палітычнымі партыямі, рэлігійнымі суполкамі.
  • Беларуская мова ў дакументацыі па выбарах дэпутатаў і іншых асоб, якія абіраюцца на дзяржаўныя пасады народам, у выбарчых бюлетэнях.
  • Ступень выкарыстання беларускай мовы на масавых мерапрыемствах: святы, спорт, фестывалі ды інш.
  • Ступень выкарыстання беларускай мовы на сходах, канферэнцыях і г.д.

Сацыяэканамічная сфера 

  • Наяўнасць персаналу, гатовага размаўляць з кліентам па-беларуску, у дзяржаўных і камерцыйных установах.
  • Наяўнасць беларускамоўных бланкаў у дзяржаўных і прыватных арганізацыях.
  • Беларуская мова ў маркіроўцы прадуктаў, што вырабляюцца ў Вашым рэгіёне, а таксама ў інструкцыях па карыстанні, гарантыйных талонах ды іншай суправаджальнай дакументацыі.
  • Ступень выкарыстання беларускай мовы ў чэках, кантрактах, накладных, рэцэптах і г.д.
  • Ступень выкарыстання беларускай мовы ў тэхнічнай і праектнай дакументацыі ў Вашым населеным пункце ці рэгіёне.
 Адукацыя 
 
  • Ці сапраўды выкарыстоўваецца беларуская мова ў адукацыйных установах з беларускай мовай навучання (калі яны ёсць); ці выкарыстоўваецца яна па-за ўрокамі.
  • Ступень валодання беларускай мовай школьнымі настаўнікамі, выкладчыкамі ВНУ, сярэдне-спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў, дзіцячых садкоў.
 Культура і СМІ
 
  • Працэнт беларускамоўнай літаратуры ў мясцовых кнігарнях.
  • Працэнт беларускамоўных спектакляў у тэатрах, беларуская мова ў афармленні і працы аб’ектаў культуры: бібліятэкі, музеі, выставы, дамы культуры, цэнтры народнай творчасці і інш.
  • Працэнт матэрыялаў на беларускай мове ў мясцовай прэсе, працэнт беларускай мовы на інтэрнэт-старонках, прысвечаных Вашаму населенаму пункту ці рэгіёну.
  • Працэнт выкарыстання беларускай мовы мясцовым радыётэлебачаннем.
 Тэкставае афармленне населеных пунктаў і памяшканняў 
 
  • Ступень выкарыстання беларускай мовы ў знешнім афармленні населеных пунктаў: шыльды з назвамі вуліц, вонкавая рэклама ды інш.
  • Ступень выкарыстання беларускай мовы ў знешнім ды ўнутраным афармленні памяшканняў арганізацый: органаў улады, адукакцыйных і медычных устаноў, устаноў бытавога абслугоўвання і жыллёва-камунальнай гаспадаркі ды іншых устаноў, офісаў і памяшканняў прыватных кампаній, крамаў, аб’ектаў грамадскага харчавання і г.д.
  • Ступень выкарыстання беларускай мовы на транспарце: знешняе і ўнутранае афармленне транспартных сродкаў, галасавыя абвесткі.
  • Прысутнасць беларускай мовы ў банкаматах, электронных тэрміналах і г.д.
  • Наяўнасць беларускамоўнага суправаджэння турыстычных аб’ектаў і мерапрыемстваў.

   

    Як было пазначана вышэй, мы пастараемся атрымаць усю даступную статыстычную інфармацыю і ад уладаў, таму ў першую чаргу ад вас мы чакаем статыстычную інфармацыю па тых сферах, па якіх афіцыйнай статыстыкі не можа існаваць, вашы асабістыя ацэнкі, уражанні і г.д. Калі ласка, дасылайце нам і любую іншую інфармацыю, якую вы асабіста палічыце прыдатнай для ўключэння ў нашу справаздачу.

    Зараз пра тое, як наша справаздача можа выглядаць. Натуральна, будзе выдадзены друкаваны варыянт, таксама яна будзе размешчана ў інтэрнэце. Але можна пайсці і троху далей: мы можам зрабіць атлас моўнай сітуацыі ў Беларусі. У 1996 годзе ЮНЭСКА выпусціла першае выданне "Атласа моў свету, якім пагражае знікненне" (“AtlasoftheWorld’sLanguagesinDanger”). Можна прапанаваць і іншы варыянт перакладу: "Атлас моў свету, якія знаходзяцца ў небяспецы”. Апошні варыянт можа быць адносна больш прыдатным для выпадкаў, калі пагрозы знікнення ў блізкай перспектыве няма, але моўная сітуацыя пагаршаецца.
 
   Спачатку некалькі словаў пра атлас ЮНЭСКА. Мэты гэтага праекта: узняць заклапочанасць знікненнем моў сярод палітыкаў, носьбітаў моў, якім пагражае знікненне, і агульнай аўдыторыі, сабраць інфармацыю аб мовах і праектах па іх адраджэнні, праініцыяваць навуковыя даследаванні. Адзначаецца, што з прыкладна 6 тысяч сучасных моў як мінімум 43% у той ці іншай меры знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
 
   Апошняе, трэцяе выданне атласа выйшла ў 2010 годзе на англійскай, французскай і іспанскай мовах. Існуе не толькі друкаваная, але і інтэрэт-версія атласа. Друкаваную можна замовіць за 28 еўра на старонцы публікацый ЮНЭСКА . Інфармацыю пра атлас і мовы пад пагрозай знікнення можна пабачыць на адмысловай старонцы. Там можна запампаваць і базу дадзеных па мовах, якія згаданыя ў атласе.
Галоўны рэдакта атласа – Крыстафер Мозлі, які таксама стварыў “Энцыклапедыю моў свету, якім пагражае знікненне” і “Атлас моў свету”.
 
   Інтэрактыўная інтэрнэт-версія змяшчае інфармацыю пра 2473 мовы ў небяспецы, у тым ліку назвы моў на некалькіх мовах, узровень пагрозы мове, інфармацыю пра краіны, дзе пэўная мова распаўсюджана, колькасць носьбітаў, геаграфічныя каардынаты (прыкладны цэнтр арэала), код мовы ISO639-3. У атласе пазначаны ў тым ліку 250 моў, якія зніклі з 1950 года, 146 моў з менш, чым дзесяццю носьбітамі, 178 моў з менш, чым пяццюдзесяццю носьбітамі. Мовы, якім знікненне (па меркаванні стваральнікаў) не пагражае, у атласе не згаданыя. У друкаванай версіі, акрамя таго, ёсць аналітычныя матэрыялы па мовах, якім пагражае знікненне ў розных рэгіёнах Зямлі.
 
   Он-лайн версія ўяўляе сабой карту свету, на якой пазначаны геаграфічныя цэнтры арэала распаўсюджання моў. На жаль, сам арэал не паказаны. Можна ажыццяўляць пошук па ўсіх пазначаных вышэй параметрах.
 
   Стваральнікі заклікаюць дасылаць ім каментары пра любы з параметраў, пазначаных у атласе. Ваша інфармацыя можа быць уключана ў атлас. Таксама вітаецца інфармацыя пра праекты па абароне моў ды іншая інфармацыя пра мовы. Статыстыка паказвае, што большасць каментароў прапанавалі стваральнікам атласа літаратурныя крыніцы на тэму пэўных моў, на другім месцы – карэкцыі ў апісанні моў, а на трэцім – прапановы змяніць узровень пагрозы.
   На сайце атласа можна скачаць фармуляр на англійскай, іспанскай або кітайскай мовах, дзе вы можаце адказаць на пытанні пра лакалізацыю мовы, даць вашу ацэнку мове паводле фактараў жыццяздольнасці моў (якія мы разгледзім ніжэй) і іншых крытэрыяў, паведаміць пра дыялекты ды іншае.
 
   Мы таксама можам зрабіць нешта кшталту інтэрактыўнага атласа. Рубрыкацыю можна зрабіць па абласцях ці нават па раёнах. У якасці крытэрыяў пошуку пазначыць тыя сферы, што вы бачылі вышэй: мясцовая ўлада, грамадства і выбары і г.д. Можна будзе клікнуць на пэўны раён на карце краіны і атрымаць усю інфармацыю па стане беларускай мовы і моўных правоў у ім. Верагодна, на аснове той справаздачы, што мы рыхтуем зараз, можна будзе зрабіць толькі пробную няпўную версію. Але такі атлас можа выклікаць цікавасць шырокай аўдыторыі і завабіць многіх людзей дасылаць нам інфармацыю пра беларускамоўныя ініцыятывы, парушэнні моўных правоў і г.д. Такім чынам атлас будзе рэгулярна абнаўляцца.
   Пры жаданні можна прадугледзець магчымасць сумяшчэння гэтага атласа з іншымі картамі, напрыклад, дэмаграфічнымі, палітычных прэферэнцый ды інш. Такім чынам можна прастымуляваць шэраг навуковых даследаванняў.
 
    Зараз зноў вернемся да атласа ЮНЭСКА. Там ёсць тое, з чым можна паспрачацца. Вось, напрыклад, што там напісана пра беларускую мову. Узровень пагрозы – уразлівая (слабая) (vulnerable), гэта найменшы ўзровень пагрозы з пяці магчымых. Колькасць носьбітаў – 4 мільёны (як напісана, “актыўных карыстальнікаў, паводле розных крыніц”). Арэал: “Беларусь, акрамя палескамоўнага паўднёвага захаду, а таксама прылеглыя рэгіёны ўсіх сумежных краін”.
    На мой запыт адміністратар атласа адказаў, што ўзровень пагрозы для пераважнай большасці моў вызначаны паводле ўсяго аднаго фактара – “перадача мовы з пакалення ў пакаленне”. Трэба заўважыць, што адмысловая камісія ЮНЭСКА вылучыла ажно дзевяць фактараў (не)бяспекі для моў. У другой частцы артыкула мы разгледзім іх усе.
   Увогуле, у Беларусі пазначаны чатыры мовы ў небяспецы: беларуская, ідыш, цыганская, і палеская. Што за палеская? Аказваецца, на ёй размаўляе 800 тысяч чалавек у Беларусі, Украіне ды Польшчы, яна таксама ўразлівая, называецца ў атласе рэгіянальнай мовай, кода ISO ў яе няма. Пры гэтым аўтары атласа абапіраюцца на, як яны самі пішуць, “адзіную знойдзеную імі лічбу” – польскі перапіс 1931 года! Хочацца верыць, што па іншых мовах звесткі больш акутальныя!

   Ніжэй паказана карта па запыце “Беларусь”. Цэнтр арэала цыганскай мовы паказаны ў Румыніі.

   У другой частцы артыкула мы падрабязна разгледзім крытэрыі (не) бяспекі для моў, распрацаваныя ЮНЭСКА.