Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
ІДЭІ — Міжнародны вопыт - для Беларусі

"Еўрапейская Хартыя рэгіянальных моваў ці моваў меншасцяў” як крыніца ідэй для ўдасканалення беларускага моўнага заканадаўства

 "Еўрапейская Хартыя рэгіянальных моваў ці моваў меншасцяў” - карысная крыніца юрыдычных рашэнняў для ўдасканалення беларускага заканадаўства аб мовах.

 

 Дзяніс Тушынскі,

намеснік старшыні ТБМ

 

Усё часцей у перыядычным друку з’яўляюцца допісы грамадзян, якія патрабуюць ад дзяржаўных і камерцыйных структур паважаць іх права карыстацца беларускай мовай. У адказ людзі атрымліваюць адмовы, абгрунтаваныя тым дакументам, які мусіць гэта права бараніць – Законам аб мовах у Рэспубліцы Беларусь. Аб недасканаласці гэтага закона ўжо шмат пісалася. Вядомы і шлях вырашэння гэтай праблемы – закон трэба мяняць. Зараз наша таварыства над гэтым працуе, забываючыся, праўда, на грамадскае абмеркаванне нашых законапраектаў: новага “Закона аб мовах” і “Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы”. Спадзяюся, што такое абмеркаванне ўсё ж адбудзецца да таго, як працэс дойдзе, напрыклад, да збору подпісаў.

Каб удасканаліць нашы законапраекты, варта вывучыць замежны досвед моўнага заканадаўства. У “Нашым слове” № 20 ад 14 мая 2014 года я аналізаваў шатландскі “Закон аб гэльскай мове”. У гэтым артыкуле я хачу звярнуць вашу ўвагу на “Еўрапейскую хартыю рэгіянальных моваў ці моваў меншасцяў”, прынятую ў 1992 годзе.

Гэты дакумент не датычыцца беларускай мовы на тэрыторыі Беларусі па дзвюх прычынах: 1) беларуская мова не з’яўляецца ў Беларусі рэгіянальнай і мінарытарнай, 2) наша краіна не ўваходзіць у Раду Еўропы, частка сяброў якой з’яўляюцца падпісантамі хартыі. Тым не менш, як паведамляе адмысловы дадатак да хартыі (спіс моў, на якія распаўсюджваецца дзеянне хартыі і краін, дзе ўжываюцца гэтыя мовы), яна датычыцца беларускай мовы як рэгіянальнай ці меншаснай ў Польшчы, Украіне і, як гэта ні дзіўна, у Арменіі. Наконт Арменіі сітуацыя загадкавая, бо мне не ўдалося знайсці пацвярджэння афіцыйнага прызнання беларускай мовы ў гэтай краіне. Відаць, гэта нейкая памылка.

Беларуская афіцыйна прызнана мовай меншасці таксама ў Чэхіі, але ў згаданым дадатку да хартыі не пазначана, што яе дзеянне распаўсюджваецца на беларускую ў гэтай краіне. Што да іншых краін, дзе бытуе беларуская мова, то Расійская Федэрацыя хартыю падпісала, але не ратыфікавала, а Літва і Латвія яе не падпісалі.

Камітэт міністраў Рады Еўропы можа запрасіць любую краіну, што ў Раду не ўваходзіць, далучыцца да гэтай хартыі.

Аднак гэты артыкул не прысвечаны тым выгодам, што дае хартыя беларускай мове як рэгіянальнай, адпаведна не будзе аналізавацца і ўвесь змест дакумента. Ахвотныя могуць азнаёміцца з перакладам на беларускую на сайце хартыі. Мы ж засяродзімся на тых аспектах хартыі, якія ў прынцыпе можна ўжыць пры ўдасканаленні ўласна беларускага моўнага заканадаўства, прычым датычнага менавіта беларускай мовы, а не моваў меншасцяў.

 Спачатку разгледзім агульныя мэты і прынцыпы хартыі, на якіх краіны-падпісанты павінны грунтаваць сваю палітыку што да рэгіянальных і меншасных моў. Вартай пераймання падаецца праактыўнасць хартыі. Скрозь дакумент адзначаецца, што адной толькі забароны дыскрымінацыі ў дачыненні да моў недастаткова – неабходны канкрэтныя дзеянні па іх падтрымцы дзеля іх захавання і аховы, прычым падкрэсліваецца, што дзеянні павінны быць рашучымі. Нічога падобнага ў нашым Законе аб мовах няма, а ёсць некалькі радкоў Артыкула 6 пра недапушчальнасць абмежавання правоў людзей па моўнай прыкмеце. Праўда, астатні змест Закона робіць гэта цалкам дапушчальным.

Пры гэтым, хартыя не забываецца і на ўласна забарону моўнай дыскрымінацыі. Падпісаны абавязуюцца “ліквідаваць любыя неапраўданыя адрозненні, выключэнні, абмежаванні або ільготы, якія датычацца выкарыстання рэгіянальнай мовы…”. Тэрмін “неапраўданыя”, праўда, насцярожвае, бо можа трактавацца неадназначна і ўсё ж даваць нагоду для дыскрымінацыі.

Наступная карысная адметнасць хартыі – яе канкрэтнасць і дэтальнасць у апісанні мераў па падтрымцы моў. Хартыя падрабязна распісвае тыя меры, якія павінны быць прынятыя для падтрымкі моў у асноўных сферах грамадскага жыцця.

Прапанаваныя меры маюць некалькі градацый глыбіні. У якасці прыкладу градацый разгледзім меры па развіцці выкарыстання рэгіянальных ці меншасных моў у сферы пачатковай адукацыі. “Бакі бяруць на сябе абавязкі на тэрыторыі, дзе выкарыстоўваюцца гэтыя мовы…

і) … забяспечыць дашкольную адукацыю на адпаведнай рэгіянальнай ці мінарытарнай мове; або

іі) забяспечыць значную частку дашкольнай адукацыі на адпаведнай рэгіянальнай ці мінарытарнай мове; або

ііі) прымяніць адну з мераў, азначаных ў пунктах а) і б) прынамсі да тых вучняў, чые сем’і таго патрабуюць і чыя колькасць лічыцца дастатковай; або

iv) калі дзяржаўныя ўлады не кантралююць напрамую сферу дашкольнай адукацыі, то спрыяць і/або заахвочваць ужыванне мер, пазначаных у пунктах ад і) да ііі).

У каментары да хартыі адзначаецца, што градацыі зроблены, каб гнутка падысці да разнастайных моўных сітуацый. Напрыклад, у пэўным рэгіёне краіны на мінарытарнай мове размаўляе 90% насельніцтва, і там, натуральна, варта прымяніць пункт і). А дзесьці на такой мове размаўляе 1%, адпаведна, можна скарыстацца менш радыкальнымі мерамі. Выбар канкрэтнай градацыі пакідаецца самой краіне-падпісантцы.

Натуральна, у дачыненні да беларускай мовы ў  Беларусі прымяняць менавіта такі падыход не мае сэнсу, але градацыямі можна скарыстацца, напрыклад, для паступовасці ўвядзення беларускамоўнай адукацыі. Дапусцім, першыя пяць год прымяняецца мінімальная градацыя, потым – сярэдняя і г.д. Верагодна, такі падыход можна і пакрытыкаваць, паколькі рашэнне па ступені неабходных мер можа быць суб’ектыўным.

У раздзеле пра адукацыю месціцца шэраг карысных для нас момантаў. Хартыя абавязвае падпісантаў забяспечыць навучанне мовам дарослых, а таксама заснаваць органы, адказныя за маніторынг выканання патрабаванняў хартыі і за падрыхтоўку адпаведных справаздач.

 

Працягнем разгляд раздзелу пра мэты і прынцыпы хартыі. Хартыя прызнае рэгіянальныя мовы ці мовы меншасцяў прыкметай культурнага багацця. Заўважце, багацця (хай і культурнага). У нашым жа Законе аб мовах нічога не сказана аб важнасці моў для краіны.

Хартыя абавязвае падпісантаў спрыяць узаемапаразуменню паміж моўнымі супольнасцямі, у прыватнасці, праз уключэнне пытання моўнай талерантнасці ў праграмы навучання, а таксама ў тэматыку СМІ сваіх краін.

 

Разгледзеўшы агульныя мэты і прынцыпы хартыі, пераходзім да разбору раздзелаў, дзе апісваюцца меры па развіцці выкарыстання моў у асобных сферах жыцця.  Мы ўжо прывялі прыклады з раздзелу, прысвечанаму адукацыі, а зараз пераходзім да часткі, прысвечанай судовым уладам. Тут падпісанты абавязуюцца прадугледзець, каб:

  • па просьбе аднаго з бакоў слуханне вялося на мове носьбіта мінарытарнай мовы і/ці,
  • было забяспечана права на выступ у судзе на сваёй мове і/ці,
  • забяспечваць каб запыты і паказанні сведак не разглядаліся як непрымальныя толькі таму, што яны сфармуляваныя на мінарнарнай мове.

Заўважце, што грамадзянам Беларусі першая магчымасць не гарантавана нават пры іх жаданні карыстацца адной з дзвюх дзяржаўных (не меншасных) моў – гэта залежыць ад рашэння суддзі. Максімум, на які мы можам разлічваць – гэта другая з пазначаных тут магчымасцяў.

 

У раздзеле пра органы адміністрацыі і дзяржаўныя службы ад падпісантаў патрабуецца забяспечыць, каб людзі маглі падаваць у органы ўлады не толькі пісьмовыя звароты на сваёй мове, але і звяртацца да чыноўнікаў на ёй вусна (з правам атрымання адказу на гэтай мове ці без яго).

Падпісанты хартыі абавязуюцца прыняць адну з наступных мер: забеспячыць пераклад, навучаць мінарытарнай мове дзяржаўных службоўцаў ці нават задавальняць па магчымасці просьбы дзяржаўных службоўцаў, якія валодаюць пэўнай мовай, аб накіраванні іх на працу туды, дзе яна выкарыстоўваецца.

 Раздзел пра СМІ патрабуе аказваць тую ці іншую ступень фінансавай падтрымкі СМІ на мінарытарных мовах і дапамагаць у падрыхтоўцы кампетэнтных журналістаў.

 Нязвыклыя для нашага заканадаўства патрабаванні ёсць у раздзеле, прысвечаным культурніцкай дзейнасці. Падпісанты абавязваюцца спрыяць доступу да твораў на мінарытарных мовах тых людзей, якія не з’яўляюцца іх носьбітамі праз развіццё перакладу, дублявання, выкарыстання субтытраў і г.д.

Таксама патрабуецца спрыяць і адваротнаму: даць носьбітам мінарытарных моў доступ да твораў, створаных на іншых мовах праз пераклад, дубляж, субтытры і г.д.

Падпісанты абавязаны патрабаваць ад арганізатараў культурных мерапрыемстваў, каб яны ў належнай меры забяспечвалі прысутнасць на іх пэўнай мовы і іншых атрыбутаў культуры. Для гэтага трэба забяспечыць наяўнасць у адпаведных арганізацыях персаналу, які валодае мовай. Таксама патрабуецца заахвочваць носьбітаў мовы прымаць удзел у планаванні і арганізацыі культурных мерапрыемстваў.

У выпадку неабходасці падпісанты абавязуюцца спрыяць развіццю тэрміналогіі для розных сфераў жыцця.

 У раздзеле пра сацыяэканамічную сферу, утрымліваецца актуальнае для нас патрабаванне прыбраць з заканадаўства любыя параграфы законаў, якія забараняюць ці абмяжоўваюць выкарыстанне пэўнай мовы ў такіх дакументах як працоўныя дамовы, інструкцыі для карыстальнікаў і г.д.

І наадварот, дзяржаўныя структуры краін-падпісантаў ў межах сваёй кампетэнцыі абавязуюцца ўносіць у рэгулюючыя дакументы палажэнні, што дазваляюць выкарыстоўваць мінарытарную мову ў фінансавых і іншых дакументах, альбо забяспечваць выкананне такіх палажэнняў калі яны ўжо маюцца. Ад падпісантаў патрабуецца ажыццяўляць дзейнасць па развіцці выкарыстання мінарытарных моў у дзяржаўным сектары сацыяэканамічнай сферы. Краіны-падпісанты абавязуюцца супрацьстаяць практыкам, што перашкаджаюць выкарыстанню пэўнай мовы ў сацыяэканамічнай сферы.

Дзяржавы павінны забяспечыць, каб медычныя ўстановы і органы сацзабеспячэння аказвалі носьбітам меншасных моў паслугі на іх роднай мове. Інструкцыі па бяспецы, а таксама інфармацыя аб правах спажыўцоў павінны быць даступныя і на такіх мовах. 

Патрабуецца забараніць кампаніям у сваіх унутраных дакументах абмяжоўваць выкарыстанне меншасных моў (прынамсі, у выпадку камунікацыі людзей, што валодаюць гэтай мовай). Такое палажэнне ў айчынным заканадаўстве дазволіла б забараніць распараджэнні некаторых нашых прадпрыемстваў, дзе прама пазначана, што ўсе ўнутраныя дакументы вырабляюцца на рускай мове.

 Нашы ўлады па пытаннях моўнай палітыкі нікому не падсправаздачны. Хартыя ж абавязвае краіны-падпісанты рыхтаваць справаздачы па сваіх дзеяннях у межах хартыі для Генеральнага сакратара Рады Еўропы кожныя тры гады. Справаздачы ацэньваюцца камітэтам экспертаў. У камітэт могуць звяртацца арганізацыі, што манітораць выкананне палажэнняў хартыі ў сваіх краінах. Улічыўшы ўсю паступіўшую інфармацыю, камітэт экспертаў рыхтуе справаздачы для Камітэта міністраў Рады Еўропы. Зараз у нашым законапраекце “Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы” пазначана арганізацыя, якая можа займацца кантрольнай дзейнасцю, але механізм справаздачнасці ўладаў не распісаны. Падаецца, гэты механізм варта прадумаць пры  шліфоўцы законапраекта.

 

Чытайце іншыя матэрыялы ў рубрыцы Ідэі.