Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
ІДЭІ — Міжнародны вопыт - для Беларусі

Дзяржаўнай мове - дзяржаўнае свята!

 У нумары 70 "Народнаq волі" выйшаў артыкул намесніка старшыні ТБМ Дзяніса Тушынскага з прапановай заснавання новага дзяржаўнага свята - Дня беларускай мовы. Артыкул расказвае пра шматлікія святы моў па ўсім свеце. 

  

Дзяніс Тушынскі,

намеснік старшыні ТБМ

Беларуская мова заслугоўвае таго, каб у яе гонар было заснавана дзяржаўнае свята Рэспублікі Беларусь. Што такое дзяржаўнае свята з афіцыйнага пункту гледжання? Існуе Ўказ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 года “Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь” №157 са змяненнямі і дапаўненнямі. Як бачна, гэты дакумент вылучае тры катэгорыі святаў і адметных дат. Там адзначана, што дзяржаўныя святы – “гэта святы, прызначаныя ў Рэспубліцы Беларусь дзеля адзначэння падзеяў, якія маюць асаблівае гістарычнае ці грамадска-палітычнае значэнне для Рэспублікі Беларусь, якія аказалі істотны ўплыў на развіццё беларускай дзяржавы і грамадства”.

Беларуская мова ёсць з’явай, якая мае і асаблівае значэнне, і аказала не тое што істотны, а вырашальны ўплыў. Праўда, так думаюцць не ўсе, таму задача заключаецца ў тым, каб давесці менавіта гэту пазіцыю. Такое свята будзе ўшаноўваць не падзею, а з’яву – мову. А што да нагоды – даты – то тут ёсць багата варыянтаў: можна падняць статус наяўных святочных дзён ці памятных дат, у пэўных выпадках расшырыўшы іх змест і назву. Можна заснаваць новае свята і скарыстаць дзень, звязаны са знакавымі для беларускай мовы публікацыямі, біяграфіяй аднаго з нашых класікаў ці, урэшце, дзень прыняцця першага закона аб мовах.

З’яўленню свята могуць запярэчыць на той падставе, што ў Беларусі ўжо ёсць даты, звязаныя з мовай. Напрыклад, 21 лютага свет адзначае Міжнародны дзень матчынай мовы, абвешчаны ЮНЭСКА ў 1999 годзе (ТБМ традыцыйна прымяркоўвае да гэтага дня Агульнанацыянальную дыктоўку). Але гэта аргумент хутчэй на карысць новага дзяржаўнага свята. Сайт ААН у Беларусі (http://un.by/by/news/belarus/2003/17-02-03-1.html) адзначае, што, беларуская мова сёння “зведвае пэўныя цяжкасці: яна амаль выключана са справаводства i з ужывання дзяржаўным чыноўнiцтвам; на жаль, адсутнiчае праграма падтрымкi i развiцця беларускай мовы; моваю большасцi масавых тэлеканалаў, рэкламы, вулiчных надпiсаў пакуль у асноўным з'яўляецца руская мова”. Няўжо пазіцыя ААН для нашай краіны нічога не значыць? Хіба гаротны стан важнейшай культурнай з’явы краіны, адзначаны найаўтарытэтнейшай міжнарожнай арганізацыяй, не аргумент, каб павысіць ранг гэтага дня да дзяржаўнага свята? Праўда, калі сітуацыя не зменіцца, то назва “свята” будзе гучаць хутчэй як здзек. Але на тое і спадзеў, што гэта паспрыяе змяненням.

У нашым календары таксама ёсць Дзень беларускага пісьменства. Аднак, па-першае, і ён не з’яўляецца дзяржаўным святам, а, паводле згаданага ўказа, святочным днём. Па-другое, хаця літаратура і друк, безумоўна, найшчыльнейшым чынам звязаны з мовай, гэта ўсё ж такі іх свята, а не свята мовы непасрэдна. Можна пераназваць свята на “Дзень беларускай мовы і пісьменства”. Вядома, адной змены назвы не дастаткова – трэба расшыраць і канцэпцыю свята, і спіс мерапрыемстваў.

У трэцяга варыянта – зусім новага дзяржаўнага свята, Дня беларускай мовы – ёсць шматлікія міжнародныя прэцэдэнты: у многіх краінах ёсць дні роднай мовы, якія адзначаюцца не 21 лютага. Гэты артыкул раскажа пра святы розных моў.

 

Пачнем з міжнародных моўных дзён. Апроч 21 лютага, у Еўропе адзначаецца 26 верасня – Еўрапейскі дзень моў. Свята заснавана ў 2001 годзе, у Еўрапейскі год моў. Яго мэты наступныя:

-  заахвоціць грамадства вывучаць як мага больш моў (асабліва тых, якія не вельмі распаўсюджаны);

-  спрыяць захаванню моўнай разнастайнасці Еўропы (каля 225 толькі аўтахтонных моў);

-  спрыяць ўсёжыццёваму вывучэнню моў як для навучання за мяжой і прафесійных мэтаў, так і для задавальнення.

Арганізатар свята – Рада Еўропы: Аддзел моўнай палітыкі і Еўрапейскі цэнтр сучасных моў. На спецыяльным сайце (http://edl.ecml.at), прысвечаным святу, Рада выказвае спадзеў, што ў святкаваннях будуць прымаць удзел прадастаўнкі ўладаў, грамадскіх аб’яднанняў, навучальныя ўстановы і ўвогуле ўсе ахвотныя.

Як адзначаюць гэты дзень? Гэта пытанне важнае, бо Таварыству беларускай мовы не варта абмяжоўвацца агульнанацыянальнай дыктоўкай – трэба шукаць новыя формы дзейнасці, якія прывабяць да мовы шырэйшую аўдыторыю. Адзінага плана свята не існуе, наадварот, Камітэт міністраў Рады Еўропы рэкамендуе, каб кожны індывідуальны ці калектыўны ўдзельнік святкаванняў рабіў гэта паводле ўласных інтарэсаў і ўяўленняў.

На згаданым сайце арганізатары святочных мерапрыемстваў могуць рэгістраваць свае праекты, а наведвальнікі штогод праводзяць інтэрнэт-галасаванне на лепшы з іх. Зараз там зарэгістраваны імпрэзы не толькі ў краінах-удзельніцах ЕС, але і міжнародныя, са Швейцарыі, Турцыі і Канады. Пераможцам 2013 года стала харвацкая пачатковая школа з мерапрыемствам “Моўны забаўляльны кірмаш”. Вы таксама можаце прыдумаць і правесці што-небудзь. Усе праекты апісаны на сайце, так што пры патрэбе можна пазычыць там ідэі.

Сярод праектаў тэатральныя пастаноўкі на розных мовах, моўныя курсы, моўныя гульні, кокурс на лепшыя сцягі-сімвалы розных моў, канферэнцыі па праблемах вывучэння моў і моўнай разнастайнасці ды шмат чаго іншага. Акрамя таго, самі стваральнікі сайта забяспечваюць наведвальнікаў парадамі, матэрыяламі для моўных гульняў і г.д.

 

Далей пераходзім да святаў, звязаных з мовамі, у нашых былых калег па Савецкім саюзе.

У Эстоніі Дзень матчынай мовы  (Emakeelepaev) адзначаецца 14 сакавіка.  У гэты дзень у 1801 годзе нарадзіўся Крыстыян Яак Петэрсан, пачынальнік эстонскай паэзіі. Свята адзначаецца з 1996 года, а ў 1999-ым яно абвешчана нацыянальным святам – на будынках вывешваюць нацыянальныя сцягі. У гэты дзень, у прыватнасці, уручаюць прэмію за дасягненні ў галіне эстонскай мовы і літаратурную прэмію, праводзяць конкурсы на веданне мовы.

9 лістапада ва Украіне адзначаецца Дзень украінскага пісьменства ды мовы, заснаваны ў 1997 годзе. Згодна праваслаўнаму календару, у гэты дзень ушаноўваецца памяць прэпадобнага Нестара-летапісца, аўтара “Аповсеці мінулых гадоў”, які нарадзіўся ў Кіеве і быў манахам Кіева-Пячорскага манастыра.

У Малдове 31 жніўня адзначаюць нацыянальнае свята “Наша мова” (Limba noastră). У гэты дзень у 1989 годзе малдаўская мова была абвешчана афіцыйнай. Таксама быў зацверджаны пераход з кірыліцы да лацінскай графікі. Нацыянальнае свята было абвешчана ў 1990 годзе пад назвай “Наша мова – румынская”, але ў 1994 годзе яго пераназвалі. Назва свята запазычнана з верша класіка малдаўскай паэзіі Аляксея Мацеевіча. Гэты верш у 1994 годзе стаў гімнам Малдовы. У Румыніі гэтая ж дата адзначаецца як Дзень румынскай мовы з 2013 года.

14 красавіка – Дзень роднай мовы (Дзедаэніс дге) ў Грузіі. У 1978 годзе быў апублікаваны праект новай канстытуцыі Грузінскай ССР, паводле якога грузінская мова больш не мела статусу дзяржаўнай у рэспубліцы, а руская атрымлівала прывеліяванае становішча. Але 14 красавіка на праспект Руставелі ў Тбілісі ў знак пратэсту выйшла каля ста тысяч чалавек, дзякуючы чаму статус быў захаваны. Тады Грузію на ўзроўні першых сакратароў ЦК падтрымалі толькі Арменія і прыбалтыйскія рэспублікі.

У Азербайджане ад абвяшчэння незалежнасці ў 1991 годзе пачаўся паступовы пераход з кірылічнай графікі на лацінскую. У 2001 годзе быў выдадзены ўказ Прэзідэнта Азербайджана “Аб удасканаленні прымянення дзяржаўнай мовы”. Паводле яго да 1 жніўня 2001 усе перыядычныя выданні на азербайджанскай мове і ўсё справаводства пераводзіліся на лацінку. Указ таксама прадпісаў стварыць Дзяржаўную камісію па азербайджанскай мове пры кіраўніку краіны; скласці спіс літаратуры, рэкамендаванай для перавыдання лацінкай; наладзіць дубліраванне замежнай кіна- і відэапрадукцыі; распрацаваць праект закона, які прадугледжвае адказнасць за адкрытую ці схаваную прапаганду супраць азербайджанскай мовы, за супраціў яе ўжыванню і развіццю ды іншае. Не дзіўна, што зараз 1 жніўня адзначаецца як Дзень азербайджанскага алфавіта і азербайджанскай мовы.

Афіцыйнае свята Таджыкістана, День дзяржаўнай мовы, адзначаецца 5 кастрычніка. З 1990 па 2009 гады свята адзначалася 22 ліпеня. Але паколькі перыяд адпачынкаў не спрыяў правядзенню шырокамаштабных святкаванняў, а таксама ў сувязі са змяненнямі ў Закон аб дзяржаўнай мове, святкаванне было перанесена на цяперашнюю дату.

22 верасня – Дзень моў народаў Казахстана. Па дадзеных перапісу 2009 года, у краіне пражывае звыш 66,5 тысяч беларусаў (у 1989 іх было амаль 183.000).

23 верасня – Дзень дзяржаўнай мовы ў Кыргызстане. У гэты дзень у 1989 годзе быў прыняты Закон аб дзяржаўнай мове Кіргізскай ССР, які абвяшчаў дзяржаўнай мовай кыргызскую. У краіне ў 2000 годзе прыняты асобны закон аб афіцыйнай мове, якая “служыць мовай міжнацыянальных зносін і спрыяе інтэграцыі рэспублікі ў сусветную супольнасць”. Як вы, напэўна, здагадаліся гэтым светачам служыць там руская мова. Пажадаем кыргызам поспехаў у іх памкненні інтэгравацца ў сусветную супольнасць такім чынам. У 2013 годзе былі прынятыя папраўкі ў заканадаўства, якія ўмацоўваюць пазіцыі кыргызскай мовы ў сферы мясцовага кіравання.

Ва Узбекістане 21 кастрычніка адзначаецца як Дзень надання ўзбекскай мове статусу дзяржаўнай. Закон аб дзяржаўнай мове ў гэтай краіне быў прыняты ў 1995 годзе.

  У 2010-ым ААН зацвердзіла Днём рускай мовы (адным з дзён шасці афіцыйных моў ААН) 6 чэрвеня, дзень нараджэння А. Пушкіна. Гэты дзень у самой РФ адзначаўся як Пушкінскі дзень з 1997 года. З 2011 года гэтая дата абвешчана ў краіне таксама і Днём рускай мовы.

Цікава, што яшчэ ў 1996 годзе шматпакутныя на моўную дыскрымінацыю прадстаўнікі арганізацыі “Руская грамада Крыма” пачалі адзначаць 6 чэрвеня як “дзень абароны рускай мовы”. З 2007 года там праводзіцца міжнародны фестываль “Вялікае рускае слова”. Бачым доказ таго, што лепшая “абарона” – гэта напад. Напад, праўда, подленькі, пад шумок, па-здрадніцку.

З 2005 года 25 красавіка ў Чачні адзначаецца дзяржаўнае свята Дзень чачэнскай мовы. У гэты дзень у 1923 годзе распачаўся выпуск першай чачэнскай газеты “Серло” (Святло). Чачэнская мова – пятая па распаўсюджанасці на тэрыторыі РФ.

 

Зараз звернемся да краінаў Паўночнай Еўропы. Дзяржаўнае свята Фінляндыі – Дзень фінскай мовы або Дзень Мікаэля Агрыкалы (каля 1510 – 1557). Свята заснавана ў 1960-ым. Адзначаецца 9 красавіка, у дзень смерці аўтара першай кнігі на фінскай мове (буквара), пераладчыка Новага Запавету і лідэра Рэфармацыі ў Фінляндыі. З нагоды свята вывешваюцца нацыянальныя сцягі.

Дзяржаўнае свята Ісландыі – День ісландскай мовы – адзначаецца 16 лістапада з нагода дня нараджэння Ёўнаса Хадльгрымсана (1807 – 1845), народнага паэта і пісьменніка, удзельніка руху за незалежнасць ад Даніі. Яго імем названа прэмія, якой у гэты дзень уганароўваюцца асобы, зрабіўшыя найбольшы ўнёсак у развіццё мовы. Свята заснавана ў 1996-ым.

 Працягнем наш агляд датамі, абвешчанымі ААН днямі сваіх афіцыйных моў:

англійскай (23 красавіка – дзень нараджэння У. Шэкспіра),

арабскай (18 снежня – дзень уключэння арабскай у лік афіцыйных моў ААН),

іспанскай (12 кастрычніка – Дзень іспанамоўнага свету),

кітайскай (20 красавіка – дзень, прысвечаны Цан Цзэ, легендарнаму культурнаму герою, якому прыпісваецца стварэнне кітайскіх іерогліфаў),

рускай (6 чэрвеня – день нараджэння А. Пушкіна),

французскай (20 сакавіка – Міжнародны дзень Франкафаніі).

 У згаданыя дні ў структурах ААН праводзяцца розныя мерапрыемствы.

Дзень іспанамоўнага свету адзначае высадку Калумба на востраве Сан-Сальвадор Багамскага архіпелага. Акрамя Дня іспанскай мовы ў ААН, існуе і іншы Дзень іспанскай мовы, “Día E”, прапанаваны Інстытутам Сервантэса ў 2009 годзе. Ён адзначаецца ў апошнюю суботу перад летнім сонцастаяннем. Сярод шматлікіх мерапрыемстваў ёсць і інтэрнэт-галасаванне за “іспанскае слова года”. Словы прапануюць розныя знакамітасці, напрыклад, Шакіра, Антоніё Бандэрас, Вісэнтэ дэль Боске і Марыё Варгас Льёса.

Міжнародны дзень франкафаніі адзначае дату заснавання аб'яднання франкамоўных краін у 1970 годзе.

 Садружнасць партугаламоўных краін, створаная ў 1996 годзе, адзначае 5 мая як Міжнародны дзень партугальскай мовы і культуры. У садружнасць уваходзяць 8 краінаў з прыкладна 240 мільёнамі жыхароў.

Існуе таксама Дзень нямецкай мовы, які арганізоўваецца Звязам нямецкай мовы ў другую суботу верасня з 2001 года. Яго мэты: павысціь пісьменнасць усіх жыхароў краіны, зменшыць некрытычнае выкарыстанне запазычаных словаў, закрануць пытанні раўнапраў’я моў, наладзіць супрацоўніцтва і абмен думкамі паміж аматарамі нямецкай мовы з розных краін.

 У Азіі таксама ёсць святы, звязаныя з мовамі. У абедзьвюх Карэях адзначаецца дзень карэйскага алфавіта. У Паўднёвай Карэі ён называецца “Дзень хангыль” і адзначаецца 9 кастрычніка, у Паўночнай Карэі – “Дзень чосонгыль” – 15 студзеня. Абедзве назвы можна перакласці як “карэйскае пісьмо”, але ў дзвюх Карэях прыняты розныя назвы краіны.  Хангук – адна з назваў, прынятых на Поўдні, Чосон – на Поўначы.

Карэйскае пісьмо было распрацавана калектывам вучоных пад кіраўніцтвам цара Седжона Вялікага ў 1443 – 1444 годзе. Адзначаецца, што 15 студзеня – верагодная дата стварэння канчатковай версіі алфавіта. Алфавіт быў апублікаваны 9 кастрычніка 1446 года ў выглядзе дакумента пад назвай “Хунмін чаным” (наказ народу аб правільным вымаўленні).

З 1991 па 2013 гады дата была пазбаўлена статусу нацыянальнага свята (з-за патрабаванняў наймальнікаў павялічыць колькасць працоўных дзён), хаця заставалася нацыянальным памятным днём. Але ў 2012-ым пад ціскам грамадскасці Нацыянальная асамблея прагаласавала за вяртанне статусу. Зараз у Паўднёвай Карэі будуецца музей алфавіту.

14 верасня адзначаецца Сусветны дзень хіндзі (Хіндзі дзівас). У гэты дзень у 1949 годзе Канстытуцыйны сход Індыі надаў гэтай мове статус дзяржаўнай. Сярод шматлікіх мерапрыемстваў – гульня “антакшары”. Яна нагадвае нашу гульню ў гарады, толькі заміж назваў гарадоў выкарыстоўваюцца радкі вершаў і песняў з індыйскіх фільмаў.

 Закончым наш агляд амерыканскім кантынентам. 31 сакавіка ў Канадзе адзначаецца Нацыянальны дзень абарыгенных моваў. Сёння іх там больш за 60 з прыкладна 214 тысячамі носьбітаў, хаця колькасць карэнных канадцаў каля 1,3 мільёнаў.

На шэрагу карыбскіх выспаў, напрыклад, на Сэнт-Люсіі і Дамініцы, з 70-х гадоў у канцы кастрычніка святкуюць Крэольскі дзень (Jounen Kweyol). Гэта фальклорны, кулінарны, спартыўны і музычны фестываль, на якім прынята ўсім размаўляць па-крэольску.

 Гэты нарыс амаль не закранае тэму моўных фестываляў – яны заслугоўваюць асобнага артыкула. На заканчэнне адзначу, што, хаця гэты матэрыял хіба аглядавы, у ім згадваюцца некалькі арыгінальных спосабаў святкавання моўных дзён. Варта працаваць над увасабленнем ідэі дзяржаўнага свята беларускай мовы, але згаданыя спосабы можна ўжываць ужо зараз.