Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
ІДЭІ — Міжнародны вопыт - для Беларусі

Манументальная мова

 Як Вы думаеце, што гэта? Здаецеся? Калі цікава, то чытайце артыкул.

 У адным з апошніх нумароў газеты "Наша Ніва" з'явіўся артыкул намесніка старшыні ТБМ Дзяніса Тушынскага "Манументальная мова", прысвечаны помнікам мовам.

Прапануем Вам трошку больш поўны варыянт гэтага артыкула.

 

 

У 2003 годзе ў Полацку быў адкрыты помнік своеасаблівай беларускай літары Ў, які сімвалізуе ўнікальнасць беларускай мовы. Дарэчы, і ў Мінску, ля Нацыянальнай бібліятэкі, стаяць дзве калоны з літарамі А і Я наверсе.

 Але час ідзе, а старыя выклікі нацыянальнай мове і ідэнтычнасці не знікаюць. Моўна-нацыянальны нігілізм рыхтуе глебу для паўтарэння крымскага ці ўсходнеўкраінскага сцэнара і ў Беларусі.

Ці не варта на гэтым фоне задумацца над адкрыццём больш грунтоўнага архітэктурнага сімвала беларускай мовы ў сталіцы краіны? Такі аб’ект наяўна прадэманструе наша бачанне нацыянальна-культурных прыярытэтаў, стане адным з адказаў на імперскае прамыванне мазгоў. Нездарма ў свой час Ленін распрацаваў план манументальнай прапаганды ва ўмовах перамогі рэвалюцыі.

У нас, праўда, перамогі пакуль не бачна. Можна нават сказаць, што стварэнне гэтага арт-аб’екта зараз – гэта ў пэўным сэнсе пір падчас чумы, моўнага мору. У такой сітуацыі помнік мове можа ўспрымацца як чыста сімвалічная, наіўная спроба маральна кампенсаваць слабыя пазіцыі беларускай мовы ў краіне. Але зірніце з іншага боку: гэта рэч на выраст, арыенцір, маяк, сімвал надзеі, калі заўгодна.

Можна выказаць і іншыя аргументы супраць. Напрыклад, ці не будзе ўжо само слова “помнік” выклікаць думку, што мова – гэта штось гістарычнае, мінулае і неактуальнае? Усе погляды маюць права на існаванне. Я лічу, тым не менш, што магчымая карысць ад помніка вартая таго, каб гэта ідэя была абдумана і абмеркавана. Дарэчы, можна правесці папярэдняе даследаванне грамадскага меркавання і прыблізна высветліць, што падумаюць людзі пра такі аб’ект

Дарэчы, калі Вы падумалі, што два помнікі – гэта занадта, дык у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы ёсць не менш дваццаці памятных знакаў і манументаў мове афрыкаанс. Далей – пра сусветны досвед манументальнага ўшанавання моваў.

Акрамя нашага ёсць нямала іншых помнікаў у выглядзе літар – некаторыя з іх звязаны з пэўнымі мовамі і алфавітамі. Напрыклад, у Харватыі ёсць манументы асобным літарам глаголіцы. У расійскім Сыктыўкары, сталіцы Рэспублікі Комі, стаіць помнік у выглядзе літары ö з алфавіта Комі. 

 У гэтай жа краіне, ва Ульянаўску, ёсць помнік літары ё. Ідэя яго ўсталявання ўзнікла ў 1997 годзе, калі святкаваўся юбілей пачатку яе ўжывання. Помнік уяўляе сабой копію літары, упершыню надрукаванай у альманаху М. Карамзіна “Ааніды” ў 1797 годзе. Валагодская празорыстая літара О ўшаноўвае мясцовае оканне.

 У гэтым накірунку ў нас яшчэ ёсць варыянты, напрыклад, помнікі дж і дз ці “жы, шы пішы з ы”.

 Літара – добра, а алфавіт – лепей. Цэлымі скульптырнымі кампазіцыямі, прысвечанымі свайму алфавіту, вызначаецца Арменія. Армянскае пісьмо было створана ў 405 – 406 гадах біскупам Месропам Маштоцам. З таго часу алфавіт змяніўся зусім нязначна. Адзін з мемарыялаў знаходзіцца ў вёсцы Ошакан, побач з царквой святога Месропа Маштоца, дзе пахаваны асветнік. У краіне існуе традыцыя: у пачатку навучальнага года многія першакласнікі вывучаюць першую літару алфавіта менавіта ў гэтай царкве. Кожная літара выканана ў выглядзе хачкара – традыцыйнай армянскай каменнай стэлы з выявай крыжа. Хач па-армянску значыць крыж, а кар – камень. 

Іншая скульптурная кампазіцыя – на схіле гары Арагац, самай высокай вяршыні Арменіі, каля вёскі Арташаван. Гэты парк алфавіту быў заснаваны ў гонар яго 1600-гадовага юбілея.

Яшчэ адзін помнік армянскаму алфавіту знаходзіцца ў Кліўлендзе (ЗША), у Армянскім культурным садзе. Манумент складаецца з прыступчатых гранітных блокаў, якія сімвалізуюць няпростую гісторыю Арменіі і адначасова – хараство яе горнай прыроды. На адным баку гэтых блокаў – выявы літар, на адваротным – імёны дзеячоў армянскай гісторыі і культуры.

У Харватыі, у гарадку Хум (які занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса як самы маленькі горад у свеце), ёсць “Алея служыцеляў глаголіцы”. Гэта нізка з адзінаццаці асобных манументаў і скульптурных кампазіцый, што цягнуцца агулам на сем кіламетраў. Яны ўшаноўваюць глаголіцу, дзеячоў культуры, гістарычныя падзеі. Напрыклад, там ёсць “стол Кірылы і Мятода (Мяфодзія)”. Кірыл, верагодна, з’яўляецца аўтарам глагалічнага пісьма. Дарэчы, братам усталявана багата іншых помнікаў: у Сафіі, Кіеве, Маскве і інш. Глаголіца найдаўжэй (да канца 18 ст.) захавалася менавіта ў Харватыі. У Хуме можна набыць сувеніры ў выглядзе літар гэтага алфавіту.

 

Частка помніка ў Ошакане

Помнік у Арташаване

Помнік у Кліўлендзе

Стол Кірылы і Мятода

Яшчэ адна група помнікаў – гэта манументы непасрэдна мове. Адзін з іх усталяваны ў Эстоніі на ахвяраванні грамадзян. Яго форма нагадвае стылізаваную галаву пеўня з вокладкі эстонскага буквара. Надпіс на помніку значыць “Слова звязвае”. А які слоган можна напісаць на матэрыяльным увасабленні беларускай мовы?

 

 

 

Помнік “Рускае слова” ёсць у Белгарадзе. Ён выкананы ў выглядзе бронзавай Бібліі. Над Кнігай – голуб з залатым пяром, сімвалам Добрай весткі.

Вобраз раскрытай кнігі на круглым пастаменце выкарыстаны і ў праекце малдаўскага манумента. Ён будзе мець дваццаць стэл-старонак, на якіх будзе запісана гісторыя румынскай мовы. Плануецца, што дыяметр помніка складзе 20 метраў, а вышыня старонак – 6,5 метраў.

Помнікі роднай мове ёсць і ў Азербайджане.

Эстонскі помнік

Румынскі помнік

Азербайджанскі помнік

 Бадай, першы “моўны помнік” з’явіўся ў Паўднёвай Афрыцы, у горадзе Бюргерсдорп, у 1893 годзе. Помнік адзначае набыццё галандскай мовай роўных правоў з англійскай у парламенце тагачаснай Капскай калоніі Брытаніі. Гэта таксама і манумент месцічам, якія загінулі падчас Англа-бурскай вайны (1899 – 1902). Адна з жаночых фігур манумента – гэта першапачатковая статуя, створаная ў Італіі. Падчас згаданай вайны яна была пашкоджана і знікла ў невядомым накірунку. Пасля вайны гараджане прымусілі брытанскую адміністрацыю заплаціць за копію статуі, якая была ўсталявана ў 1907 годзе. Пазней знайшлі і арыгінал, які быў пастаўлены побач з копіяй. На шыльдзе, на якую паказвае жанчына, напісана “Свабода для галандскай мовы”.

У Паўднёвай Афрыцы знаходзіцца і самы грандыёзны з усіх помнікаў мове – манумент мовы афрыкаанс у горадзе Паарл. Мясцовасць вакол аднайменнай гары – адно са старэйшых месцаў рассялення еўрапейцаў на поўдні Афрыкі. Менавіта там распачаўся рух за ўжыванне афрыкаанс на пісьме і за пераклад Бібліі на гэту мову.

 

Помнік мове афрыкаанс – гэта ансамбль сімвалаў. Самая высокая частка манумента – гэта гіпербала, якая ніколі не спыніць свой рост (А). На такі сімвал мовы архітэктара Яана ван Вейка натхнілі словы пісьменніка і палітыка Карнэліса Лангенховена аб імклівым росце ўжывання пісьмовай афрыкаанс. Вышыня калоны каля 57 метраў. Яна таксама сімвалізуе метафару паэта і драматурга ван Вейка Лоў, які параўнаў афрыкаанс з мячом, што ззяе. Вялікая гіпербала зверху і па ўсёй працягласці мае адтуліны, у якія трапляе сонечнае святло. У падмурку галоўнай калоны ёсць крыніца, якая сімвалізуе выток мовы афрыкаанс. У нашага Караткевіча таксам ёсць метафара “мова – булатны клінок”. Цікава, як мог вы выглядаць сімвал беларускай мовы?

Побач стаіць меньшая калона, што сімвалізуе Паўднёва-Афрыканскую рэспубліку (Б). Яна мае адтуліну ў накірунку Афрыкі, што мае паказаць адкрытасць і ўзаемадзеянне паміж Паўднёва-Афрыканскай рэспублікай, афрыкаанс і ўсім кантынентам. Калоны атачае сажалка. Сонца, адлюстроўваючыся ад вады, грае на паверхні калонаў. Па задумцы архітэктара, кожны сонечны водбліск – гэта слова, кожная светлавая лінія – сказ.  Вада сімвалізуе тое, што афрыкаанс – жывая мова, што развіваецца.

Па словах архітэктара, гэтыя калоны – мова і рэспубліка – стаяць на адной глебе, у адной вадзе і пад адным сонцам. Такая лаканічная нацыянальная ідэалогія...

Словы ван Вейка Лоў аб тым, што афрыкаанс – гэта мова, якая злучае Заходнюю Еўропу і Афрыку, адлюстраваны ў іншых частках манумента. Тры калоны ў левай (заходняй) частцы (В) сімвалізуюць уплыў на афрыкаанс еўрапейскіх моваў: галандскай, нямецкай, англійскай, французскай і іншых. Ніводная калона не прадстаўляе пэўную мову. Калоны змяншаюцца па памеры ў накірунку да цэнтральнай гіпербалы. Гэта выражае паступовае змяньшэнне ўплыву еўрапейскіх моваў на афрыкаанс.

Узвышэнне пасярод лесвіцы да помніка (Г) адзначае ўплыў на афрыкаанс таксама моў малайскай, арабскай і крэольскай малайска-партугальскай.

Круглы подыюм справа (Д) сімвалізуе паўднёвую частку Афрыкі. Паўшар’і на подыюме сімвалізуюць уплыў афрыканскіх моваў: кхоі, ксоза, зулу, сота. Зноў жа ніводнае паўшар’е не абазначае пэўную мову. Памер паўшар’яў якраз павялічваецца ў накірунку гіпербалы.

Афрыканскія і еўрапейскія мовы зліваюцца, утвараючы мост (Е), і ўліваюцца ў падмурак гіпербалы.

Адзін элемент помніка падаецца залішнім – гэта кароткі надпіс перад лесвіцай да яго. Яго можна перакласці як “Мы адданыя гэтаму” ці “Мы ставімся да гэтага сур’ёзна”. Можна было б і не пісаць…  Фраза прыпісваецца некалькім палітыкам як фрагмент іх прамоў супраць палітыкі англізацыі Паўднёвай Афрыкі.

Але і гэтага ім мала! Даследаванне, распачатае музеем мовы афрыкаанс у 2010 годзе, ужо зафіксавала ў розных гарадах краіны не менш за 20 помнікаў мове.

 

 Які кантэкст усталявання гэтага помніка?  Моўнае пытанне ў Паўднёвай Афрыцы заўжды стаяла востра. У канцы 18 стагоддзя Брытанія захоплівае заснаваную галандцамі Капскую калонію і абвяшчае англійскую мовай адукацыі і ўраду, распачынаецца перыяд англізацыі. Школьнікаў за выкарыстанне роднай мовы прымушаюць насіць шыльду з надпісам “Я – асёл”. Родная мова робіцца для афрыканераў сімвалам нацыянальнай ідэнтычнасці і адраджэння. У канцы 19 стагоддзя распачынаецца рух за развіццё мовы афрыкаанс. Да таго часу гэта мова успрымалася як нізкастатусны дыялект. Змаганне за афіцыйны статус афрыкаанс накладвае адбітак на нацыянальны характар і ідэалогію. Нягледзячы на фармальнае ўраўнаважванне ў правах з англійскай галандскай мовы ў 1910, а афрыкаанс у 1925, фактычна перыяд англізацыі цягнецца да 1948 года, калі да ўлады прыходзіць Нацыяналістычная партыя.

Перыяд з 1948 па 1994 – час росквіту афрыкаанс. Адначасова гэта і перыяд апартэіду як афіцыйнай дзяржаўнай палітыкі. Падчас апартэіду дзяржава навязвае гэту мову іншым моўным супольнасцям. У 1976 годзе загад ужываць афрыкаанс у якасці адзінай мовы навучання шэрагу прадметаў у негрыцянскіх школах справакаваў дэманстрацыю пратэсту ў Саўэта, негрыцянскім прыгарадзе Ёханэсбурга. Каля 15000 чалавек, у асноўным школьнікаў, выйшлі на вуліцы з плакатамі кшталту “Афрыкаанс – прэч!”. Дэманстрацыя была растраляная паліцыяй, вельмі шмат людзей былі забітыя.

Падчас апартэіду афрыкаанс асацыяваўся з расісцкай палітыкай, стаўленне да гэтай мовы ў вялікай часткі насельніцтва краіны было дужа адмоўным. Біскуп Дэсманд Туту назваў афрыкаанс мовай прыгнятальнікаў. У сваю чаргу англійская мова стала знакам пратэсту і сродкам аб’яднання негрыцянскага насельніцтва.

У літартуры, праўда, адзначаецца, што колькасць афрыкаанс-моўных небелых, якія пацярпелі ад апартэіду была большая, чым колькасць афрыкаанс-моўных расістаў. Акрамя таго, эксплуататармі неграў ў прамысловасці і сыравіназдабычы былі ў асноўным англамоўныя. Нарэшце, сярод носьбітаў афрыкаанс была “невялікая, але заўважная” апазіцыя апартэіду.

Камітэт па стварэнні помніка быў утвораны ў 1942 годзе, у 1964 быў абвешчаны конкурс на лепшы праект. Помнік быў усталяваны ў 1975 годзе ў гонар 50-годдзя абвяшчэння афрыкаанс афіцыйнай мовай, а таксама стогадовага юбілею Таварыства сапраўдных афрыканераў, якое займалася прапагандай афрыкаанс. На мерапрыемстве прысутнічала больш за 40.000 чалавек. Пагроза белых пісьменнікаў праігнараваць мерапрыемства, калі на яго не запросяць пісьменнікаў іншых рас, прымусіла ўлады пайсці на такую саступку.

Апартэід быў адменены ў 1994 годзе, і сёння ў краіне адзінаццаць афіцыйных моў. Паводле перапісу 2011 года афрыкаанс быў роднай мовай 13,5% насельніцтва, амаль 7 мільёнаў чалавек. Гэта трэцяя па распаўсюджанасці родная мова краіны. Шмат жыхароў ПАР валодае афрыкаанс як непершай мовай. Аднак вялікая роля англійскай мовы кідае афрыкаанс новы выклік.

Пасля 1994 года былі прапановы знесці помнік афрыкаанс разам з іншымі манументамі перыяду панавання афрыканераў як нікому не патрэбныя балючыя напаміны пра рэжым апартэіду. Нядаўняя дысертацыя пра паводзіны наведвальнікаў помніка і іх стаўленне да яго паказвае, што і зараз стаўленне гэта неадназначнае. Напрыклад, пераважная большасць наведвальнікаў-носьбітаў афрыкаанс адчувае гонар за сваю мову. З іншага боку, напрыклад, частка небелых носьбітаў афрыкаанс адзначае, што гэта помнік менавіта беламу афрыканеру і яго мове, “гэта помнік не маёй афрыкаанс”.

Каб разарваць негатыўныя асацыяцыі помніка з апартэідам, сёння прадпрымаюцца крокі па наданні яму новвых сэнсаў. Помнік з’яўляецца турыстычным аб’ектам, там ладзяцца мерапрыемствы па прапагандзе яднання: моўных, сацыяльных і культурных сувязяў. Гэта фестывалі, канцэрты, астранамічныя назіранні, святы, напрыклад, Дзень Мандэлы.

У адной са сваіх прамоў у 1995 годзе Нэльсан Мандэла сказаў, што,  хаця раней афрыкаанс, як сродак распаўсюду палітыкі апартэіду, раздзляў народ Паўднёвай Афрыкі, гэта таксама была і мова тых, хто змагаўся з прыгнётам. Мандэла адзначыў важнасць гэтай мовы для сучаснага грамадства і заклікаў да паважлівага стаўлення да афрыкаанс.

 Напэўна, неўзабаве трэба чакаць з’яўлення помніка рускай мове ў Крыме. Гэта таксама будзе што-небудзь велізарнае. Так і бачыцца “зялёны чалавечак-вызваліцель”, які працягвае рускі буквар крымскаму народу-пакутніку.

Нарэшце, ў Дакке, сталіцы Бангладэш, ёсць манумент пад назвай Шахід мінар, Помнік пакутнікам. Гэта помнік студэнтам, забітым пакістанскай паліцыяй за выступленне ў абарону мовы бенгалі 21 лютага  1952 года. Сёння гэта дата адзначаецца як Міжнародны дзень роднай мовы. Рэплікі Помніка пакутнікам ёсць у некалькіх краінах свету. У Сіднэі ёсць помнік у гонар Міжнароднага дня роднай мовы з выявай бангладэшскага манумента.

 Вядома, найлепшым ушанаваннем мовы быў бы не матэрыяльны аб’ект, а дасягненне, якое ў пэўнай меры забяспечыць далейшае існаванне мовы, напрыклад, змяненні ў Закон аб мовах, ўніверсітэт з беларускай мовай выкладання ці хоць беларускамоўны Windows. Але, мабыць, і матэрыяльны знак будзе карысным. Прычым карысць – і задавальненне – будзе не толькі ад выніка, але і ад працэсу. Увагу грамадства да моўных праблем можа прыцягнуць конкурс на найлепшы праект, абмеркаванне месца і г.д. Магчыма, у вас ужо з’явіліся ідэі?

 

                                                                                                                        Дзяніс Тушынскі