Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
ІДЭІ — Міжнародны вопыт - для Беларусі

Ідэя часопіса пра моўнае адраджэнне ў сусветным кантэксце

Чаму б не заснаваць навуковы часопіс на тэму адраджэння беларускай мовы? Якія часопісы пра моўнае адраджэнне ёсць у свеце?

 

Дзяніс Тушынскі,

намеснік старшыні ТБМ

 Падаецца, што ў нашай краіне праводзіцца мала навуковых даследаванняў у галіне моўнага адраджэння. Вось напрыклад, зараз дзейнічае шмат наватарскіх моўных курсаў, але ці даследуе хто-небудзь, скажам, іх дэмаграфіку: узроставы і іншы склад наведвальнікаў? Альбо яшчэ адна тэма: ужыванне беларускай лацінкі ў метро. Здаецца, ніхто не правёў прадстаўнічага аб’ектыўнага даследавання на тэму ўспрымальнасці лацінкі, яе зразумеласці, перспектыў далейшага выкарыстання…

За адсутнасцю такіх аб’ектыўных эксперыментальных даследаванняў мы, жадаючы планаваць грамадскую працу на навуковай аснове, можам у лепшым выпадку грунтавацца на выніках нешматлікіх сацыялагічных апытанняў. Гэта, безумоўна, нельга прызнаць задавальняючым.

Верагодна, прастымуляваць даследаванні мог бы адмысловы часопіс, які варта заснаваць Таварыству беларускай мовы. Ён не будзе дубляваць наяўныя філалагічныя часопісы, а сканцэнтруецца хутчэй на сацыялагічных, псіхалагічных і юрыдычных пытаннях адраджэння мовы, надаючы асаблівую ўвагу тэхналогіям гэтага працэсу. Вядома, гэтым пытанням прысвечана газета “Наша слова”, але яе фармат не дазваляе друкаваць доўгія навуковыя артыкулы са спісамі літаратуры і г.д.

У            замежжы выходзіць шэраг часопісаў, прысвечаных пытанням моў у небяспецы. Адзін з іх – "Language Documentation & Conservation" (“Дакументаванне і кансервацыя моў”). Хаця ў асноўным часопіс прысвечаны метадалогіі дакументавання моў, там разглядаюцца і пытанні моўнай рэвіталізацыі, моўнага планавання, біякультурнай разнастайнасці  і г.д.

Яшчэ адно перыядычнае выданне – міжнародны часопіс "Tehlikedeki Diller Dergisi / Journal of Endangered Languages" ("Часопіс моў у небяспецы"), прысвечаны цюркскім мовам, што падпадаюць пад гэту катэгорыю. Выдаецца на турэцкай і англійскай мовах два разы на год. 

Часопіс “Ogmios”, 53-і выпуск якога выйшаў у сакавіку гэтага года. Выдаецца  на англійскай мове зарэгістраванай у Брытаніі “Фундацыяй для моў у небяспецы” (Foundation for Endangered Languages). Гэтае выданне хутчэй не навуковы часопіс, а стужка навін. Традыцыйная рубрыка – “Мовы, што ў небяспецы, у навінах” прыводзіць матэрыялы іншых выданняў адпаведнай тэматыкі. Рэдактары нашага часопіса таксама могуць рабіць маніторынг айчыннай і замежнай прэсы, робячы асаблівы ўпор на айчынныя рэгіянальныя выданні, інфармацыя з якіх інакш застанецца незаўважанай для чытачоў з іншых рэгіёнаў.

Таксама часопіс друкуе меркаванні носьбітаў пэўных моў аб іх сацыялінгвістычных сітуацыях, анонсы літаратуры, спасылкі на карысныя старонкі ў інтэрнэце, інфармацыю пра дзейнасць арганізацый-партнёраў, анонсы канферэнцый і навучальных курсаў у галіне моўнага адраджэння ды іншае. Такі фармат мы можам выкарыстаць як дадатак да асноўнай, навуковай часткі нашага будучага чаоспіса.

Яшчэ адзін прыклад – часопіс “Langscape” (“Лінгшафт”), што выдаецца арганізацыяй “Terralingua”. Арганізацыя займаецца праблемамі біякультурнай разнастайнасці, надаючы пэўную ўвагу разнастайнасці моўнай.

Азначаная праблематыка закранаецца, натуральна, і ў іншых часопісах, напрыклад, у "The Journal of Multilingual and Multicultural Development". Багата карыснай інфармацыі можна, вядома, атрымаць на сайтах арганізацый, што займаюцца азначанымі праблемамі.

Акрамя айчынных даследаванняў, у часопісе варта зрабіць рубрыку пра замежны вопыт моўнай рэвіталізацыі і абароны моўных правоў. Можна ўвогуле зрабіць рубрыку, дзе будзе расказвацца пра моўную сітуацыю ў асобных краінах.  Таксама ў выданні могуць анансавацца новыя моўныя курсы і іншыя беларускамоўныя ініцыятывы.