Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
ІДЭІ — Міжнародны вопыт - для Беларусі

Моўная сімволіка

Якім можа быць сімвал беларускай мовы? А якія ёсць сімвалы іншых моў? Цікава - чытайце.

Як вы думаеце, як мог бы выглядаць сімвал беларускай мовы? Пытанне, відавочна, няпростае, бо кожная мова – складаная, шматаспектная з’ява, якую цяжка адлюстраваць у лаканічным сімвале. У апошнія гады ў якасці такога сімвала часам выкарыстоўваецца “Ў”, спецыфічная літара беларускага алфавіта. Гэта цудоўны знак адметнасці нашай мовы, але наўрад гэта літара ўвасабляе ўсе найбольш важныя аспекты яе гісторыі і сучаснасці.

Дарэчы, у некаторых іншых моў таксама ёсць сімвалы. Бясспрэчны лідар тут – мова эсперанта. Набор яе сімволікі адпавядае гэткаму ж набору любой дзяржавы: герб, сцяг і гімн. Герб эсперанта – зялёная пяціканцовая зорка. Упершыню знак выкарыстаны як сімвал мовы ў 1892 годзе ў часопісе “Эсперантыст”. Зялёны колер – гэта сімвал надзеі, а зорку можна трактаваць як сімвал пяці кантынентаў, аб’яднаных эсперанта. Само слова эсперанта, як вядома, было псеўданімам стваральніка гэтай мовы, Людвіга Заменхофа, і перакладаецца як “той, хто спадзяецца”.

Дарэчы, ёсць версія, што менавіта гэты знак натхніў Льва Троцкага на ідэю чырвонай зоркі як савецкага сімвала. Калі гэта так, то атрымліваецца, што сённяшняя вайсковая сімволіка Рэспублікі Беларусь узыходзіць да сімвала мовы. Шкада, што не беларускай.

Сцяг эсперанта (узоры сцягоў глядзіце ніжэй) ўтрымлівае ў левым куце белае квадратнае поле з гербам. Белы – знак міру і нейтралітэту. Колер зоркі і асноўнага поля – зялёныя. Сцяг быў зацверджаны на першым кангрэсе эсперантыстаў у 1905 годзе.

 Гімн эсперанта – верш Л. Заменхафа “La Esperо”, пакладзены на музыку Ф. Меню дэ Мені.

Нарэшце, з нагоды стагоддзя эсперанта, у 1987 годзе быў прыняты юбілейны сімвал гэтай мовы. Ён уяўляе сабой стылізаваную выяву зямнога шара, складзеную з лацінскай літары “Е” і кірылічнай “Э”.

Сцягі ёсць і ў некаторых іншых штучна створаных моў, на прыклад, у ідо і клінгонскай.

Натуральным будзе пытанне, а навошта ўвогуле патрэбна ствараць сімвал мовы. Сапраўды, адсутнасць у беларускай мовы графічнага сімвала – гэта зусім не праблема, асабліва на фоне праблем сапраўдных. Стварэнне сімвала гэта хутчэй забаўка, але забаўка, якая пры правільнай арганізацыі можа паслужыць медыя-нагодай, з’явай, што завабіць увагу СМІ і грамадскасці ўвогуле да сітуацыі з беларускай мовай у краіне. Калі сябры нашай арганізацыі ўпадабаюць гэту ідэю, то можна, напрыклад, абвесціць конкурс на лепшы праект такога сімвала. Зусім не абавязкова яго недзе зацвярджаць. Калі сімвал будзе ўдалы, то ён прыжывецца і будзе неафіцыйна выкарыстоўвацца. А не – ну то проста атрымаем задавальненне. Дарэчы, чаму б беларускай не стаць першай нацыянальнай мовай са сваім гербам? З гімнам увогуле праблем не будзе, прынамсі, з тэкстам – вершаў пра мову ужо напісана шмат.

Хаця тут напісана ў асноўным пра сцягі, я лічу, што сцяг беларускай мове ў якасці сімвала не падыходзіць. Зразумела наяўнасць сцягоў у штучных моў: у іх няма прывязкі да пэўнай краіны і яе сімволікі. У нас жа сітуацыя адваротная. Нацыянальныя сцягі ў якасці абазначэння моў выкарыстоўваюцца ў інтэрнэце і ў друкаванай прадукцыі. Натуральна, што там, дзе, скажам, моўная версія сайта ці адзін з моўных варыянтаў тэксту на ўпакоўцы абазначаецца сцяжком, беларуская мова павінна абазначацца беларускім сцягам. Гэта падкрэсліць еднасць мовы і беларускай дзяржавы.

У нас, зрэшты, здараецца адваротнае. На ўпакоўцы можа быць абазначэнне Беларусі (сцяг ці “BY”), а далейшы тэкст толькі на рускай мове.

Стасунак сцяга і мовы актуальны для пэўных носьбітаў тых моў, на якіх размаўляюць больш, чым у адной краіне.  Пэўныя аўтары адзначаюць, што не зусім карэктна абазначаць, напрыклад, нямецкую мову толькі нямецкім сцягам, бо на ёй размаўляюць і ў іншых краінах. А як карэктна абазначыць англійскую ці арабскую? Можна пісаць назву мовы (хаця тады губляецца прыгажосць каляровых сцяжкоў, а для нас – яшчэ і магчымасць выкарыстаць бел-чырвона-белы сцяг). Але ёсць і  праекты сцягоў “шматкраінных” моў, якія можна ўбачыць у інтэрнэце. Звычайна яны ўяўляюць сабой пэўную камбінацыю сцягоў тых краін, дзе размаўляюць на гэтай мове. Існуе і яшчэ адна праблема: для людзей з дальтанізмам можа быць немагчыма адрозніць адзін сцяжок ад іншага.

Але вернемся да магчымага конкурса. Прэцэдэнты былі. Напрыклад, Нацыянальны музей мовы ў ЗША праводзіў сярод дзяцей і моладзі конкурс на лепшы праект міжнароднага сцяга мовы. Фота да гэтага артыкула – гэта праект -пераможца.

Як вы бачыце, лістота на дрэве трох розных адценняў. Гэта сімвалізуе мовы жывыя, мёртвыя і мовы будучыні. Дугі, што разыходзяцца ад дрэва, абазначаюць распаўсюджанне ведаў, што нясуць мовы.

Яшчэ адна магчымая сфера прымянення сімвалаў мовы – сувенірная прадукцыя. Таксама можна абраць у якасці сімвала аніміраваны персанаж, а потым зрабіць мультфільм пра прыгоды беларускай мовы, гэткі вострасюжэтны трылер з элементамі чорнай камедыі і жахаў. Будзем спадзявацца, аднак, што скончыцца ўсё добра. А галоўнае, каб і ў фільма, і ў мовы быў добры працяг.

 Дзяніс Тушынскі,

намеснік старшыні ТБМ

Сцяг эсперанта

Юбілейны сімвал эсперанта

Сцяг ідо

Сцяг клінгонскай мовы