Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
ІДЭІ — Міжнародны вопыт - для Беларусі

Шатландскі Закон аб гэльскай мове - ідэі для Беларусі

Артыкул пра нязвыклую ў Беларусі практыку - унутрыарганізацыйныя планы па развіцці мовы.

Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь падаецца недасканалым і выклікае шэраг пытанняў. Як, напрыклад, у нашых умовах стасуецца палажэнне аб тым, што дзяржава забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне абедзвюх дзяржаўных моў з фактычным дазволам арганізацыям карыстацца толькі адной з іх? Альбо хто канкрэтна вызначае аб’ём валодання мовай, які неабходны службоўцу для выканання сваіх абавязкаў? Але галоўнае пытанне ў тым, што рабіць з гэтым законам?

Трэба паспрабаваць праініцыяваць змены у Закон аб мовах. ТБМ неаднаразова рабіла адпаведныя захады і павінна рабіць іх і надалей. Такая ініцыятыва можа спрацаваць якраз зараз, калі ўкраінскі прыклад красамоўна паказвае, што цалкам зрусіфікаванае грамадства можа элементарна стаць аб’ектам “абароны” войскаў суседняй дзяржавы.

Падмуркам зменаў могуць стаць два законапраекты, распрацаваныя ТБМ. Гэта праект новага “Закона аб мовах” і рэвалюцыйнага “Закона аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь”. Але, як кажуць, няма мяжы дасканаласці. Рашэнні, карысныя для Беларусі, ёсць у замежных законах, якія датычацца моваў.

Мэта гэтага артыкула – пазнаёміць Вас з некаторымі аспектамі шатландскага моўнага заканадаўства і моўнага планавання, датычнымі шатландскай гэльскай мовы. Сітуацыі з беларускай і гэльскай мовамі адрозніваюцца, аднак шатландскі досвед будзе карыснымі для Беларусі.

Падрабязны артыкул пра моўную сітуацыю і моўную палітыку ў Шатландыі вы можаце прачытаць тут. Зараз абмяжуемся кароткай даведкай. Шатландскі перапіс 2011 года засведчыў наяўнасць у краіне 87.056 чалавек, якія ведаюць гэльскую мову. З іх 57.375 могуць на ёй размаўляць. Агульнае насельніцтва Шатландыі – 5.295.000 чалавек.  Носьбіты мовы жывуць па ўсёй краіне, толькі чвэрць з іх жыве ў раёнах, дзе на гэльскай мове размаўляе большасць насельніцтва. Больш за 11 тысяч носьбітаў (19%) жыве ў буйнейшым горадзе краіны – Глазга (насельніцтва – 593 тысячы чалавек).

У мінулым гэламоўныя маглі абслугоўвацца ў дзяржаўных арганізацыях толькі на англійскай мове, што пагаршала стаўленне да мовы ў саміх яе носьбітаў. Але вопыт іншых краін давёў шатландцам, што дзяржаўныя арганізацыі могуць наадварот папулярызаваць мову праз яе шырэйшае выкарыстанне.

Закон аб гэльскай мове

У 2005 годзе ў Шатландыі быў прыняты Закон аб гэльскай мове, які датычыцца выкарыстання мовы дзяржаўнымі арганізацыямі. Кароткі змест закона наступны.

1. Засноўваецца Камітэт гэльскай мовы, які будзе падтрымліваць афіцыйны і роўны з англійскай статус гэльскай мовы.

2. Камітэт распрацоўвае Нацыянальны план для гэльскай мовы. Яго мэта – спрыяць выкарыстанню гэльскай мовы, гэльскай адукацыі і культуры.

3. Камітэт мае права накіраваць дзяржаўным шатландскім арганізацыям, а таксама дзяржаўным арганізацыям, якія дзейнічаюць на міжнародным узроўні афіцыйнае патрабаванне распрацаваць уласныя планы для гэльскай мовы ў межах сфер сваёй дзейнасці. Закон датычыцца толькі тых аспектаў дзейнасці дзяржаўных арганізацый, якія дзейнічаюць на міжнародным узроўні, што маюць дачыненне да Шатландыі.

4. Камітэт мае права распрацаваць і перадаць ва ўрад інструкцыю па арганізацыі адукацыі на гэльскай мове.

Нацыянальны план гэльскай мовы мае падабенства да Стратэгіі па развіцці беларускай мовы, створанай ТБМ. У Артыкуле 15 праекта “Закона аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў рэспубліцы Беларусь” прадугледжваецца стварэнне міністэрства ці дзяржаўнага камітэта беларускай мовы. Арганізацыя адукацыі – тэма для нас таксама не новая, да таго ж вялікая. Таму зараз мы разгледзім толькі найбольш своеасаблівы для нас трэці пункт закона, унутрыарганізацыйныя планы па развіцці мовы.

Агульныя прынцыпы плана

Асноўная інфармацыя па стварэнні і зацвярджэнні планаў утрымліваецца ў самім законе. Палажэнні закона канкрэтызуюцца ў інструкцыі, распрацаванай Камітэтам.

Інструкцыя вызначае чатыры асноўныя сферы моўнага планавання:

1. Засваенне. План павінен заахвочваць людзей да вывучэння мовы.

2. Выкарыстанне. План заахвочвае выкарыстоўваць мову ў розных сферах дзейнасці, у тым ліку ў працоўнай.

3. Статус. План пашырае візуальную і гукавую прадстаўленасць мовы, падымае яе прэстыж і забяспечвае павагу для яе.

4. Корпус. План спрыяе ўдасканаленню і ўзбагачэнню гэльскай мовы.

Камітэт заахвочвае арганізацыі, якія рыхтуюць свае планы, выкарыстоўваць актыўны падыход. Гэта значыць, што яны самі павінны паведамляць насельніцтву аб тым, што іх паслугі даступныя і на гэльскай мове. Яны таксама павінны заахвочваць людзей карыстацца гэламоўнымі сервісамі.

Выкананне планаў зробіць гэльскую мову плюсам пры ўладкаванні на працу. Камітэт адзначае, што гэта павысіць ацэнку ўласнай мовы яе носьбітамі і заахвоціць людзей да яе вывучэння.

На падставе чаго Камітэт патрабуе стварэння планаў

Камітэт сам вырашае, якім арганізацыям накіроўваецца патрабаванне. Паводле закона, патрабаванні дасылаюцца на падставе наступных крытэрыяў.

1. Тая роля, якую арганізацыя можа адыграць у выкананні Нацыянальнага плана.

2. Ступень выкарыстання гэльскай мовы людзьмі, якія закрануты дзейнасцб арганізацыі.

Камітэт лічыць, што арганізацыя павінна максімальна спрыяць пашырэнню выкарыстання мовы, прычым, кожная дзяржаўная арганізацыя ў Шатландыі можа зрабіць свой унёсак. Камітэт чакае, што арганізацыі, якія цалкам базіруюцца ці пастаянна працуюць у раёнах, дзе гэламоўнае насельніцтва складае 20 і болей адсоткаў, будуць ажыццяўляць усю сваю дзейнасць на дзвюх мовах.

3. Патэнцыял арганізацыі ў пашырэнні выкарыстання гэльскай мовы. Камітэт адзначае выключную важнасць гэтага пункта, бо цяперашні ўзровень выкарыстання мовы ў пэўнай сферы можа быць і нізкім, але патэнцыял – наадварот. Закон прапісвае, што патэнцыял вызначаецца Камітэтам.

4. Любы зварот грамадзян у Камітэт адносна выкарыстання гэльскай мовы ў сферы дзейнасці арганізацыі. Напрыклад, калі група бацькоў пажадае заснаваць у нейкай мясцовасці гэламоўную школу, то Камітэт будзе спрыяць гэтаму, запатрабаваўшы план ад арганізацыі, адказнай за мясцовае самакіраванне.

5. Любое ўказанне ўрада Шатландыі.

Гэтя крытэрыі павінна ўлічваць і арганізацыя, якая рыхтуе свой план.  Камітэт засноўвае сваё рашэнне аб зацвярджэнні плана на тым, ці ўлічаны ў ім гэтыя крытэрыі, а таксама на тым, ці ўлічана ў плане інструкцыя па складанні планаў, распрацаваная Камітэтам.

Апратэставанне рашэнняў Камітэта

Паводле закона, у сваім патрабаванні Камітэт прызначае тэрмін, за які арганізацыя павінна распрацаваць свой план. Мінімальны тэрмін – 6 месяцаў. У выпадку нязгоды з тэрмінам, арганізацыя можа апратэставаць яго, падаўшы апеляцыю у Камітэт. Калі новае рашэнне Камітэта яе не задавольніць, то наступная апеляцыя накіроўваецца ўраду Шатладыі.

Па законе, камітэт або зацвярджае план арганізацыі, або прапануе ёй унесці ў яго змены. Прапанаваныя змены арганізацыя можа абскардзіць, падаўшы апеляцыю ў Камітэт. Калі новае рашэнне Камітэта яе не задавальняе, і кампрамісу дасягнуць не атрымліваецца, справа перадаецца ва ўрад Шатландыі. Урад можа зацвердзіць або першапачатковы варыянт плана, або варыянт са зменамі, прапанаванымі Камітэтам.

Арганізацыя мае права апратэставаць і само патрабаванне аб распрацоўцы плана. Апеляцыя накіроўваецца адразу ва ўрад і павінна быць заснавана на неадпаведнасці яе дзейнасці пазначаным вышэй крытэрыям. Калі ўрад прыме бок арганізацыі, то Камітэт не будзе мець права дасылаць ёй новае патрабаванне на працягу двух год.

Удасканаленне планаў

Закон патрабуе, каб арганізацыя самае позняе праз пяць год ад зацвярджэння першага плана падрыхтавала яго новую версію і прапанавала яе на разгляд Камітэта. Камітэт чакае ад чарговых версій планаў больш амбітных мэт, чым былі ў папярэдніх.

Моўны аўдыт у арганізацыі

Камітэт адзначае, што  ключавой перадумовай і кампанентам стварэння плана з’яўляецца ўнутрыарганізацыйны моўны аўдыт. Вынікі аўдыту перадаюцца ў Камітэт разам з планам. Камітэт рэкамендуе праводзіць аўдыт па наступных пунктах.

І. Моўны профіль арганізацыі:

1. Колькасць супрацоўнікаў, якія валодаюць гэльскай мовай і ўзровень іх ведаў.

2. Колькасць супрацоўнікаў, якія самастойна ці па заданні арганізацыі наведваюць моўныя курсы ці жадалі б іх наведваць.

3. Пералік аддзелаў арганізацыі ці мясцовасцяў, дзе працуюць згаданыя вышэй супрацоўнікі.

4. Колькасць пасад, для займання якіх веданне гэльскай мовай з’яўляецца неабходным ці пажаданым.

ІІ. Паслугі ці ўнутрыарганізацыйныя працэсы, якія ўжо ажыццяўляюцца на гэльскай мове.

ІІІ. Спіс ўсіх гэламоўных ці дзвюхмоўных матэрыялаў арганізацыі: публікацый, бланкаў, інтэрнет-старонак і інш.

IV. Аўдыт наяўнага гэламоўнага афармлення звонку і ўнутры будынкаў арганізацыі.

V. Ацэнка перакладчацкіх магчымасцяў арганізацыі: ці ёсць там перакладчыкі, і якая ў іх адукацыя.

Кансультацыі

Закон патрабуе, каб арганізацыя пры падрыхтоўцы плана кансультавалася з асобамі, якія пададуцца ёй зацікаўленымі ў гэтым. Камітэт рэкамендуе арганізацыям праводзіць кансультацыі як з грамадскасцю, так і са сваімі супрацоўнікамі, падрыхтаваць дзвюхмоўны электронны і друкаваны варыянты праекта плана, прадугледзець кансультатыўны перыяд ад 6 да 12 тыдняў, каб усе погляды маглі быць пачуты.

Закон патрабуе, каб па заяве арганізацыі Камітэт аказваў ёй бясплатную дапамогу ў распрацоўцы плана. Кожнай арганізацыі Камітэт прыпісвае свайго супрацоўніка. Для арганізацый, якім выслана патрабаванне, Камітэт праводзіць семінары.

Закон таксама патрабуе, каб Камітэт час ад часу рыхтаваў і перадаваў ва ўрад інструкцыі па стварэнні планаў для арганізацый. Перыядычнасць стварэння гэтых інструкцый вызначае сам Камітэт. Камітэт павінен спачатку апублікаваць праект інструкцый, а ў канчатковым варыянце ўлічыць прапановы, якія паступілі. Урад або зацвярджае інструкцыі, або накіроўвае іх на дапрацоўку.

Змест плана

Інструкцыя для арганізацый падрабязна распісвае змест плана. Камітэт сярод іншых прапануе ўключаць наступныя пункты:

Кароткі тэкст і або карта на тэму гэльскай мовы ў Шатландыі.

Інфармацыя пра выкарыстанне гэльскай мовы ў сферы дзейнасці арганізацыі.

Уявіце такія патрабаванні ў нас. Такім чынам можна прымусіць арганізацыю распісацца ў наяўнасці праблем.

Кароткі змест моўнага аўдыту.

Хто і як будзе адказваць за стварэнне і выкананне плану ў арганізацыі, за маніторынг яго выканання і распаўсюд інфармацыі аб ім.

Як гэльская мова будзе задзейнічана для дасягнення мэт дзейнасці арганізацыі.

Шыкоўна, ці не праўда? Уявіце, не мы павінны тлумачыць чыноўнікам, нашто Беларусі патрэбна дзяржаўная беларуская мова – гэта яны павінны паказаць, як мова будзе карыснай іх канторы.

Як арганізацыя будзе спрыяць выкананню нацыянальнага плана для гэльскай мовы; нацыянальным прыярытэтам, вызначаным урадам Шатландыі, а таксама мясцовым прыярытэтам.

Абавязкі:  чаго і ў які тэрмін арганізацыя плануе дасягнуць, а таксама хто будзе за гэта адказваць. Камітэт чакае, што абавязкі будуць узятыя ў наступных сферах.

· Прадстаўленасць гэльскай мовы ў знешнім афармленні, асабліва ў лагатыпе арганізацыі.

· Заснаванне, падтрыманне ці павышэнне узроўню ведання мовы сярод супрацоўнікаў. Гэта можа быць, напрыклад, звязанае з выкананнем плана заснаванне пасад, для якіх неабходна ці пажадана валоданне гэльскай мовай; моўныя курсы, заахвочванне да выкарыстання мовы на працоўным месцы.

· Выкарыстанне мовы ў камунікацыях і сувязях з грамадскасцю: як арганізацыя будзе забяспечваць прыём тэлефанаванняў і пошты на гэльскай, бланкі, арганізацыя сходаў гэламоўных супрацоўнікаў, выставы, узаемадзеянне з медыямі, выкарыстанне мовы ў друку і ў інтэрнэце.

Для кожнага запланаванага віду дзейнасці прызначаецца тэрмін.

Напрыклад, у плане арганізацыі “Шатландыя гістарычная” (займаецца аховай гістарычных помнікаў, экскурсіямі ў мемарыяльныя мясціны і г.д.) у прыватнасці адзначана, што яны праанансуюць на сваім сайце, што будуць радыя прымаць лісты на гэльскай мове. У аўдыце гэтай арганізацыі адзначаецца, што 17% іх публікацый – па-гэльску, да 2017 года яны збіраюцца падняць гэту лічбу да 25%. Запланаваны таксама навучанне гэламоўнага супрацоўніка ў галіне сувязяў з грамадскасцю, каб ён мог даваць інтэрвью гэламоўным радыё і тэлебачанню. Арганізацыя наладжвае сувязь з гэламоўнымі адукацыйнымі ўстановамі, забяспечвая іх гэламоўнымі гідамі і іншымі паслугамі ў некаторых гістарычных мясцінах. Арганізацыя праводзіць курсы гэльскай мовы і забяспечвае слухачоў вучэбнымі матэрыяламі.

У плане гэтай арганізацыі часта адзначаецца, што яны ўжо робяць сёе і тое, але пакуль не маюць сістэмнай палітыкі ў гэтых сферах. З гэтага бачна арганізуючая роля планаў. Дарэчы, у іх плане проста прызнаецца: у пэўным пункце наша арганізацыя да стварэння плана нічога не рабіла. Які кантраст з адказамі пэўных айчынных дзяжструктур на запыты ТБМ! Заміж таго, каб прызнаць наяўнасць адной канкрэтнай праблемы, якая складала сутнасць зварота, яны дасылаюць цэлую старонку з пералікам мерапрыемстваў, якія ў іх праводзяцца на беларускай мове – для кампенсацыі, напэўна.

Камітэт рэкамендуе, каб арганізацыя ад самага пачатку стварэння плана прызначыла для гэтага спецыяльнага супрацоўніка і працоўную групу. Камітэт таксама заахвочвае арганізацыі, якія рыхтуюць планы, да супрацоўніцтва.

Справаздачнасць па планах

Паводле закона, Камітэт мае права запатрабаваць ад арганізацыі справаздачу аб выкананні плана. Камітэт патрабуе ад арганізацый штогадовай справаздачы і выказвае спадзяванне, што арганізацыя яе апублікуе. Па законе, у выпадку невыканання арганізацыяй узятых на сябе абавязкаў, справа перадаецца ва ўрад. Урад можа як сам патрабаваць ад арганізацыі выканання абавязкаў, так і перадаць справу ў шатландскі парламент.

Акрамя таго, Камітэт можа самастойна праводзіць аўдыт выканання планаў.

Фінансавая падтрымка стварэння планаў

Урад Шатландыі забяспечвае Камітэт “Фондам выканання закона аб гэльскай мове”. Арганізацыі, ад якіх запатрабаваны план, маюць права звярнуцца ў камітэт па фінансавую дапамогу з гэтага фонда. У асноўным грошы вылучаюцца на адзінкавыя затраты для заснавання новага сервісу на гэльскай мове. Грошы выдаваліся на стварэнне бланкаў, знешняга афрамлення аўтамабіляў арганізацыі, стварэнне інтэрнэт-старонак, курсы.

Вядома, закон абмежаваны па сферы свайго прымянення. Так, Камітэт не мае права накіроўваць патрабаванні прыватным кампаніям, грамадскім арганізацыям і агульнабрытанскім дзяржаўным арганізацыям, аднак заклікае іх рыхтаваць дабраахвотныя планы, гарантуе дапамогу ў гэтай справе.

Такім чынам, як можна скарыстацца ідэяй унутрыарганізацыйных планаў у нашых умовах? Напрыклад, падаецца, што ідэя вартая абмеркавання грамадскасці  на тэму яе ўключэння ў законапраекты ТБМ. Зараз у праекце “Закона аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь” прадугледжаны нацыянальныя і мясцовыя праграмы дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы, а таксама сцісла прапісана, што для падтрымкі мовы мусяць рабіць Адміністрацыя Прэзідэнта, урад, міністэрствы і ведамствы, суды, органы мясцовага кіравання, іншыя арганізацыі розных форм уласнасці. Пры гэтым абавязак распрацоўваць уласныя праграмы падтрымкі мовы прапісаны толькі для арганізацый мясцовага кіравання.

Магчыма, варта накіраваць намаганні на стварэнне і прасоўванне больш прыватных законапраектаў: аб ўнутрыарганізацыйных планах па развіцці беларускай мовы ці асобна – аб моўным аўдыце. Дарэчы, хаця ў нас і няма заканадаўчай базы, але такія прыватныя планы ў нашай краіне ствараліся. Прыкладам таму – дарадча-метадычны ліст Міністэрства адукацыі на 2012-2013 вучэбны год, дзе прыводзіцца інструкцыя па арганізацыі адукацыйнага працэсу на беларускай мове ў дашкольных установах.

Згаданымі прынцыпамі стварэння планаў можна скарыстацца, проста калі вы жадаеце і можаце распрацаваць моўны план  для вашай арганізацыі. Шатландскія планы можна выкарыстаць як прыклад таго, да чаго ўжо зараз мы можам заахвочваць айчынныя арганізацыі.

Дзяніс Тушынскі