Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
АРГАНІЗАЦЫЯ — Бацькоўскі камітэт

Змова супраць мовы?

Падаем некалькі артыкулаў, у якіх апісваецца праведзены ў сядзібе ТБМ у канцы верасня 2013 года круглы стол па пытанні моўнай сітуацыі ў садках.

Выява да артыкула ўзятая адсюль.

                        Беларускамоўная адукацыя дзяцей: пакуль толькі на паперы?

У Мінску на сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) пры ўдзеле арганізатараў грамадскай ініцыятывы "Вучымся па-беларуску" адбыўся круглы стол, прысвечаны праблеме беларускамоўнай дашкольнай адукацыі ў Беларусі. У прыватнасці, удзельнікі мерапрыемства адзначылі, што на заканадаўчым узроўні права на беларускамоўную адукацыю ў краіне гарантавана, аднак дамагчыся яго рэалізацыі на практыцы вельмі складана.
Праблема № 1. Адсутнасць інфармацыі

Так, прадстаўніца ініцыятывы "Вучымся па -беларуску" Вольга Кавалькова адзначыла, што ў Мінску няма нават адзінай базы дзіцячых садоў, у якіх ёсць магчымасць беларускамоўнага навучання. Ні на сайтах Мінгарвыканкама, ні адміністрацый раёнаў Мінска няма інфармацыі аб беларускамоўных групах і садках, а спіс дзіцячых дашкольных устаноў з беларускай мовай навучання, які можна знайсці ў інтэрнэце, ужо даўно састарэў і не адпавядае рэчаіснасці, перадае карэспандэнт Тэлеграфа.

Больш за тое, прадстаўнікі райадміністрацый часам нават не валодаюць дакладнай інфармацыяй па гэтай тэме. Так, у адказе чыноўнікаў Заводскага раёна гаварылася, што на яго тэрыторыі на 69 ДДУ прыходзіцца дзесяць беларускамоўных груп. Аднак абзвон дзіцячых садоў выявіў, што насамрэч груп налічваецца не дзесяць, а сем. Пры гэтым у мікрараёне Шабаны дашкольнікам атрымаць адукацыю няма дзе. Больш за тое, усе гэтыя групы разлічаны на дзяцей чатырох-шасці гадоў, тады як больш юным месца няма.

Што тычыцца іншых раёнаў беларускай сталіцы, то, па заявах прадстаўнікоў аддзелаў адукацыі, у Фрунзенскім і Цэнтральным раёнах налічваецца толькі па адным беларускамоўным дзіцячым садзе, у Савецкім - дзве групы, Маскоўскім - пяць груп. Найлепшая сітуацыя, па словах чыноўнікаў, у Першамайскім раёне, дзе налічваецца 51 беларускамоўная група.

Акрамя ўсяго гэтага, раённыя адміністрацыі не займаюцца папулярызацыяй беларускамоўнага навучання, а ў бланках для пастаноўкі на чаргу ў дзіцячыя дашкольныя ўстановы адсутнічае графа пра мову, на якой бацькі хацелі б, каб навучаліся іх дзеці. Такая графа, на думку Вольгі Кавалькова, дапамагла б лепш зразумець пажаданні бацькоў і даць ім права. "Цяпер жа многія бацькі, сутыкаючыся з адсутнасцю беларускамоўных груп, а часам і з хамствам асобных чыноўнікаў, якія не жадаюць займацца гэтай праблемай, вымушаны аддаваць сваіх дзяцей у рускамоўныя групы", - адзначыла яна.

Пры гэтым прадстаўніца ініцыятывы "Вучымся па-беларуску" паведаміла, што цікавасць у грамадстве да навучання дзяцей на беларускай мове ёсць. Пра гэта, па яе словах, сведчыць той факт, што за некалькі дзён пасля публікацыі інфармацыі ў СМІ пра намер стварыць новыя групы ў Фрунзенскім, Кастрычніцкім і Заводскім раёнах, на тэлефон ініцыятывы патэлефанавалі больш за дзесяць зацікаўленых бацькоў. "Людзям не хапае інфармацыі", - лічыць грамадская актывістка.

Праблема № 2. Раз'яднанасць бацькоў

У сваю чаргу іншая прадстаўніца ініцыятывы Вікторыя Радзіеўская адзначыла і раз'яднанасць многіх бацькоў, якія, стварыўшы беларускамоўную групу для сваіх дзяцей, адыходзяць ад гэтай праблемы, у выніку чаго праз некаторы час наступнае пакаленне бацькоў вымушана паўтараць іх шлях. У сувязі з гэтым яна заклікала стварыць базу ўсіх бацькоў, якія займаліся праблемай дашкольнай беларускамоўнай адукацыі.

"Вядома, не бацькі павінны гэтым займацца, але чыноўнікі і дзяржава. Але ў нашай сітуацыі, калі мы нічога не будзем рабіць, то нічога не атрымаецца", - лічыць прадстаўніца " Вучымся па-беларуску".

Станоўча ацаніўшы ідэю стварэння прыватных беларускамоўных дзіцячых садоў, Вікторыя Радзіеўская разам з тым адзначыла, што гэта прывядзе да стварэння гета і рэзервацый для беларускамоўных людзей. "Трэба, каб выконваўся закон", - заявіла яна.

Як адзначыла Вольга Кавалькова, з-за сітуацыі, якая склалася ў сферы адукацыі, дзеці беларусаў сёння практычна не разумеюць беларускай мовы і не жадаюць яе вучыць у школе.

"Правы людзей парушаюцца. Многія беларускамоўныя дзеці, якія з маленства размаўляюць па-беларуску, з-за адсутнасці гарантый адукацыі на роднай мове вымушана вырываюцца з натуральнага моўнага асяроддзя і апускаюцца ў штучную для іх рускую мову. Двухмоўе павінна быць забяспечана. Наша задача - давесці натуральнасць валодання некалькімі мовамі", - падкрэсліла першая намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім.

Праблема № 3. Адсутнасць кадраў

Разам з тым, нават калі дзіця змагло трапіць у беларускамоўную групу, гэта зусім не значыць, што яно будзе навучацца ўвесь час на беларускай мове, кажа адна з сакратароў ТБМ, у якой у самой ёсць досвед працы ў беларускамоўным ДДУ.

Паводле яе слоў, з-за сталага недахопу кадраў, добра калі хоць бы 50 % навучання будзе праходзіць на беларускай мове. Акрамя таго, база беларускамоўных дзіцячых садоў і груп часцяком вельмі старая, часам не абнаўлялася з 1990-х гадоў.

Ёсць праблема і з якасцю адукацыі саміх педагогаў ДДУ, пры навучанні якіх практычна не звяртаецца ўвага на выхаванне беларускамоўных дзяцей, а ўся метадалогія разлічана на навучанне на рускай мове, адзначыла былая супрацоўніца дзіцячага садка Наста Мацак. Акрамя таго, нізкія заробкі ў памеры 1,6-2 млн рублёў (170-220 даляраў) разам з празмернай нагрузкай па напісанні планаў-канспектаў вымывае з гэтай сферы маладых спецыялістаў.

Нізкая падрыхтоўка кадраў характэрна і для рускамоўных педагогаў дзіцячых дашкольных устаноў. "Аб якой якасці адукацыі можна гаварыць, калі, як мне заявілі ў адным з дзіцячых садоў, выхавальніцы пішуць слова "інтэлігенцыя"з трыма памылкамі?" - дадае Вольга Кавалькова.

Што рабіць?

У сувязі з вышэйпералічанымі праблемамі ўдзельнікі круглага стала вырашылі звярнуцца ў аддзел адукацыі Мінгарвыканкама з прапановамі па паляпшэнні сітуацыі. У прыватнасці, прапаноўваецца, каб у кожным раёне была створана дастатковая колькасць беларускамоўных садкоў і групаў, якія б гарантавалі магчымасць навучання дзяцей рознага ўзросту на роднай мове.

Акрамя таго, прапануецца абавязаць райадміністрацыі вывешваць у адкрытым доступе (у тым ліку і на сайтах адміністрацый) інфармацыю аб дзіцячых садках і групах з беларускай мовай навучання, і апытваць бацькоў дзяцей пры пастаноўцы на чаргу ў ДДУ пра тое, на якой мове яны б хацелі, каб навучаліся іх дзеці. Таксама ўдзельнікі круглага стала заклікаюць мінскія ўлады звярнуць больш увагі на кадравае пытанне ў галіне дзіцячай дашкольнай адукацыі.

У сваю чаргу старшыня ТБМ Алег Трусаў заклікаў удзельнікаў мерапрыемства да рэальнай працы, а не проста да стварэння шуму, як гэта часам здараецца. "Толькі разам мы зможам чаго-небудзь дасягнуць", - сказаў ён.

Ксенія Лапская

Ніжэй падаем скан артыкула Марыі Малевіч з газеты "Народная воля" № 77 (3818) ад 1 кастрычніка 2013 г.