Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
АРГАНІЗАЦЫЯ — Бацькоўскі камітэт

Арганізацыя адукацыйнага працэсу на беларускай мове ў дашкольных установах

   Прапануем азнаёміцца з адным з раздзелаў дарадча-метадычнага ліста, які Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь падрыхтавала яшчэ да 2012/2013 навучальнага года.

Арганізацыя адукацыйнага працэсу на беларускай мове ў дашкольных установах

 На ўзроўні дашкольнай адукацыі на падставе пажадання бацькоў упраўленні (аддзелы) адукацыі, дашкольныя ўстановы фарміруюць групы, якія арганізуюць адукацыйны працэс на беларускай мове. Пры адсутнасці дастатковай колькасці дзяцей для фарміравання асобнай групы ў да­школьнай установе павінны стварацца ўмовы для атрымання дашкольнай адукацыі на беларускай мове.

 У дашкольных установах неабходна перыядычна афармляць стэнды (насценныя газеты, плакаты) з інфармацыяй па пытаннях беларускай мовы і літаратуры, аб значных падзеях у беларускай культуры, на педагагічных саветах — абмяркоўваць пытанні азнаямлення педагогаў з новай рэдакцыяй Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, праводзіць семінары-практыкумы, метадычныя аб'яднанні.

 У дашкольных установах павінны стварацца ўсе неабходныя ўмовы для арганізацыі адукацыйнага працэсу пэўнага дзіцяці на беларускай мове, нават калі няма магчымасці стварыць асобную беларускамоўную групу. Веданне беларускай мовы з'яўляецца абавязковым патрабаваннем да кіраўнікоў і супрацоўнікаў устаноў дашкольнай адукацыі.

 Распрацавана навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу ў дашкольных установах на беларускай мове.

 Неабходна працягваць работу па рэалізацыі ў дашколь­ных установах Плана мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства на 2010 і наступныя гады:

 •  ажыццяўляць камплектаванне інфармацыйна-метадычнага кабінета дашкольнай установы нарматыўнай прававой, вучэбна-метадычнай, даведачнай літаратурай у дапамогу педагогам па рэалізацыі палажэнняў Закона Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 года «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі»;

 •   забяспечыць дашкольныя ўстановы Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, даведнікамі па беларускай граматыцы і арфаграфіі;

 •   штогод да 1 снежня праводзіць у дашкольных установах педагагічныя саветы і іншыя мерапрыемствы з мэтай азна­ямлення педагогаў з новай рздакцыяй Правіл;

 •   пашыраць магчымасці атрымання беларускамоўнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рзспублікі Беларусь забяспечваць права кожнага грамадзяніна выбіраць мову навучання ў дашкольнай установе;

 •   арганізоўваць тлумачэнне заканадаўства аб магчымасці выбару мовы навучання на бацькоўскіх сходах;

 •   праводзіць у дашкольных установах дні беларускай мовы, заняткі па развіцці беларускамоўных узаемаадносін;

 •   садзейнічаць пашырэнню сеткі дашкольных устаноў (груп) у гарадской мясцовасці, якія працуюць на беларускай мове;

 •   арганізоўваць рэгулярныя сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі па правядзенні асветніцкай работы ў дашколь­ных установах;

 •   арганізоўваць выданне насценных газет, часопісаў, прысвечаных жыццю і творчасці беларускіх пісьменнікаў, пытанням развіцця беларускай мовы і літаратуры;

 •   пашыраць правядзенне ранішнікаў, свят, тэматычных вечарын, прысвечаных творчасці беларускіх пісьменнікаў;

 •   праводзіць кніжныя выставы, дні беларускага пісьменства з мэтай прапаганды беларускай мовы і лепшых твораў айчыннай літаратуры.

Працэдура прадастаўлення месца ў дашкольнай установе, якая існуе на дадзены момант, прадугледжвае як магчымасць пастаноўкі на ўлік дзіцяці, які мае патрэбу ў дашкольнай уста­нове, так і атрыманне накіравання ў дашкольную ўстанову непасрэдна ў дзень звяртання ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган законнага прадстаўніка непаўналетняга (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2010 г. № 200, пастанова Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 16 жніўня 2011 г. № 234). Пры гэтым законны прадстаўнік дзіцяці мае права звярнуцца з пісьмовай заявай на беларускай мове ці выказаць сваё пажаданне ў вуснай форме, вызначыўшы мову яго навучання. Такім чынам, на заканадаўчым узроўні замацавана магчымасць рэалізацыі права кожнага дзіцяці на атрыманне адукацыі на беларускай мове.