Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
БЕЛАРУСКАЯ МОВА — Уласныя імёны

Праблема ўнармавання назваў вуліц г. Мінска

Артыкул І. Капылова надрукаваны ў зборніку "Беларуская анамастыка. Гісторыя і сучаснасць". Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. Мінск, 20 красавіка 2010 г.

Назвы праспектаў, вуліц, завулкаў, плошчаў Мінска неаднаразова станавіліся аб'ектам даследавання прадстаўнікоў розных навук: гісторыкаў (3. Шыбека, С. Шыбека, I. Сацукевіч), географаў (В. Жучкевіч), мовазнаўцаў (3. Краўчанка, Г. Мезенка), сацыёлагаў і палітолагаў (А. Ластоўскі, А. Казакевіч). Такі інтарэс да найменняў унутрыгарадскіх лінейных і гэрытарыяльных аб'ектаў горада невыпадковы, паколькі урбанонімы складаюць неад'емную частку гарадскога ландшафту, выконваюць важную рэпрэзентатыўную функцыю, з'яўляюцца помнікамі шматвяковай гісторыі горада, своеасаблівым адлюстраваннем яго палітычнага, сацыяльнага, культурнага і эканамічнага жыцця ў розныя гістарычныя перыяды. На сучасным этапе назвам унутрыгарадскіх аб'ектаў Мінска павінна надавацца асаблівая ўвага, паколькі яны з'яўляюцца своеасаблівай візітнай карткай сталіцы незалежнай краіны са сваёй адметнай гісторыяй і нацыянальнымі традыцыямі. Аднак, нягледзячы на тое, што Рэспубліка Беларусь ужо амаль дваццаць гадоў з'яўляецца самастойнай дзяржавай, многія аспекты праблемы ўнармавання назваў праспектаў, вуліц, завулкаў і плошчаў Мінска застаюцца да канца нявырашанымі.
 
1. Правапісны аспект. Назвы праспектаў, вуліц, завулкаў, плошчаў Мінска афармляюцца на беларускай мове, што ў значнай ступені спрыяе стварэнню нацыянальнага аблічча урбананіміі горада. Але пры напісанні найменняў дапускаюцца шматлікія арфаграфічныя і графічныя памылкі, якія не садзейнічаюць выхаванню моўнай эстэтыкі: вул. Кноріна, вул. Щорса, вул. Цімірязева, вул. Дэкабрыстаў, вул. Клары Цеткін, вул. Сурганова, кальцо Камароускае, вул. Напалеона Арды, вул. Прылукская, вул. Ушачская, вул. Ул'янаўская, вул. Завадская, вул. Таўстога, вул. Магілеўская, вул. Кісялева, вул. Ярашэвічская, вул. Новавіленская і інш. Пры Мінгарвыканкаме павінна быць створана служба, якая адказвала б за правільнасць арфаграфічнага афармлення назваў унутрыгарадскіх аб'ектаў.
 
2. Словаўтваральны і словазмяняльны аспекты. Адным з асноўных крытэрыяў, якім павінна кіравацца камісія па найменаванні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак горада Мінска (Палажэнне аб камісіі па найменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак горада Мінска. Зацверджана рашэннем Мінскага гарадскога Савета  дэпутатаў  23.03.2006  №  230)  з'яўляецца  тое,  што  ўласныя геаграфічныя   назвы   павінны   арганічна   ўпісвацца   ў   нацыянальную тапанімічную сістэму і падпарадкоўвацца ўсім правілам словазмянення і словаўтварэння беларускай мовы. Аднак узнікаюць пэўныя цяжкасці пры перадачы па-беларуску некаторых назваў вуліц і завулкаў: рускамоўная назва завулка Вузовский утварылася ад абрэвіятуры вуз (высшее учебное заведение), якой у беларускай мове адпавядае абрэвіятура ВНУ (вышэйшая навучальная ўстанова). Дадзенае літарнае скарачэнне ў беларускай мове, у адрозненне адрускай, пішацца вялікімі літарамі і не ўтварае прыметнік. Недарэчнай з'яўляецца і назва завулка КЭЧевский (КЭЧ - квартирно-эксплуатационная часть).
 
 3. Лексічны аспект. Не ўпісваецца ў лексічную сістэму беларускай мовы назва вуліцы Алейная, паколькі ў беларускай мове прыметнік алейны  мае значэнні, не суадносныя са словам рускай мовы аллея ў значэнні 'дарога абсаджаная з абодвух бакоў дрэвамі або кустамі' (па-беларуску – прысады. Дадзены прыметнік у сучаснай беларускай літаратурнай мове суадносіцца са| словам алей у значэнні 'тлушч з расліннага насення: канаплянага, макавага, ільнянога, гарчычнага, сланечнікавага і пад.': алейны - '1. Які звязаны з алеем, утвораны алеем, складаецца з алею; 2. Выкананы фарбамі, якія расцёрты на алеі, звязаны з ужываннем такіх фарбаў; 3. 3 якіх вырабляюць алей (пра расліны); 4. Які адносіцца да вытворчасці алею [6:223].
 
4. Функцыянальны аспект. Пры перадачы урбанонімаў сталіцы па- ранейшаму выкарыстоўваецца прынцып перакладу з рускай мовы на беларускую: ул. Обойная - вул. Шпалерная, ул. Железнодорожная – вул. Чыгуначная, ул. Первомайская - вул. Першамайская, ул. Победы – вул.Перамогі, ул. Радужная - вул. Вясёлкавая, ул. Родниковая - вул. Крынічная, пер. Северный - зав. Паўночны, пер. Стекольный - зав. Шкляны, ул. Строителей - вул. Будаўнікоў, ул. Торговая - вул. Гандлёвая, ул. Трудовая - вул. Працоўная, ул. Усадебная - вул. Сядзібная, пер. Южный - зав. Паўднёвы ул. Юношеская - вул. Юнацкая, ул. Сиреневая - вул. Бэзавая, ул.Машиностроителей - вул. Машынабудаўнікоў, ул. Наклонная – вул. Нахільная, ул. Нефтяная - вул. Нафтавая, ул. 8 Марта - вул. 8 Сакавіка, ул. Восточная - вул. Усходняя, ул. Встречная - вул. Сустрэчная, пер. Земледельческий - зав. Земляробчы, ул. Колхозная - вул. Калгасная, ул.Красивая - вул. Прыгожая, ул. Красная - вул. Чырвоная, ул Красноармейская - вул. Чырвонаармейская, пер. Краснозвездный – зав.Чырвоназоркавы, ул. Краснослободская - вул. Чырвонаслабодская, ул Кузнечная - вул. Кавальская, пер. Мельничный - зав. Млынарны, ул Октябрьская - вул. Кастрычніцкая, ул. Промышленная - вул. Прамысловая, ул. Тракторостроителей - вул. Трактарабудаўнікоў, ул. 3 Сентября - вул. 3 Верасня, пер. Ученическый - зав. Вучнёўскі і інш. У выніку такой практыкі найменні перастаюць выконваць сваю асноўную функцыю - адрасную - і фармальна ўспрымаюцца як назвы двух розных геаграфічных аб'ектаў. Ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя перадача назваў геаграфічных аб'ектаў з адной дзяржаўнай мовы на другую павінна ажыццяўляцца з улікам існуючых міжнародных норм і стандартаў. паводле якіх назва ўнутрыгарадскога лінейнага або тэрытарыяльнага геаграфічнага аб'екта прысвойваецца на нацыянальнай (у дадзеным выпадку - на беларускай) мове і перадаецца на другую дзяржаўную мову (у дадзеным выпадку - рускую) шляхам транслітарацыі або практычнай транскрыпцыі: вул. Нахіленая - ул. Нахиленая. вул. Шпалерная - ул. Шпалерная, вул. Крынічная -ул. Крыничная, вул. Вясёлкавая -ул. Весёлковая і г. д. Такі падыход дазволіць пазбавіцца ад практыкі перакладу назваў вуліц з рускай мовы на беларускую і перавесці тапанімію бсларускай сталіцы на нацыянальную аснову. Прынцыпы перадачы назваў унутрыгарадскіх аб'ектаў з блізкароднасных моў дасканала распрацаваны прафесарам Г.М. Мезепка ў артыкуле «Руская перадача назваў унутрыгарадскіх аб’ектаў Беларусі» [2] і маглі б стаць асновай адпаведнага нарматыўнага дакумента.
 
5.Матывацыйны аспект. Уласныя назвы геаграфічных аб'ектаў, у тым ліку і ўнутрыгарадскіх, павінны быць матываванымі і несці ў сабе гісторыка-культурную або краязнаўчую інфармацыю. Нельга прызнаць матываванымі такія назвы вуліц і завулкаў Мінска. як вул. Абрыкосавая, вул. Авангардная, вул. Летняя, вул. Магнітная, вул. Светлая, вул. Асенняя. вул. Прывабная, вул. Вясёлкавая, зав. Цвёрды, вул. Янтарная, вул. Баграная, вул. Верасковая, вул. Вінаградная, вул. Зімняя, вул. Ураджайная, вул. Ясная і многія іншыя.
 
6. Гісторыка-культурны аспект. Паводле назіранняў сацыёлагаў і палітолагаў, у структуры тапаніміі горада Мінска абсалютным лідарам сярод усіх катэгорый назваў вуліц выступае другая сусветная вайна (15.4%). другое месца надзейна займае катэгорыя «расійская гісторыя і культура дасавецкага перыяду» (9.0%), трэцяе месца - катэгорыя «савецкі камунізм» (6,5%). чацвёртае - катэгорыя «беларуская савецкая гісторыя і культура», пятае - катэгорыя «беларуская гісторыя і культура дасавецкага перыяду» [1:268. 269, 275]. Пры гэтым цэнтральнае месца ва урбанонімным ландшафце сталіцы Беларусі належыць імёнам класікаў марксізму-ленінізму, рэвалюцыянераў, герояў грамадзянскай вайны, дзеячаў партыі і Савецкай дзяржавы, партыйных і дзяржаўных дзеячаў БССР (вул. Леніна, вул. Ульянаўская, вул.
Карла Маркса, вул. Фрыдрыха Энгельса, вул. Розы Люксембург, вул. Карла Лібкнехта, вул. Клары Цэткін, вул. Ландэра, вул. Кнорына, вул. Мяснікова, вул. Куйбышава, вул. Свярдлова, вул. Кірава, вул. Арцёма, прасп. Дзяржынскага, вул. Шчорса, вул. Лазо, вул. Гікала, вул. Прытыцкага і інш.).

Значная доля ў сістэме урбанонімаў Мінска належыць расійскім тапонімам (вул. Алтайская, вул. Амурская, вул. Ангарская, вул. Байкальская, вул. Іркуцкая, вул. Пензенская, вул. Пермская, вул. Самарская, зав. Табольскі, вул. Томская, вул. Тульская, вул. Уральская, вул. Хабараўская). а таксама імёнам і прозвішчам рускіх пісьменнікаў, кампазітараў і мастакоў (вул. Пушкіна, вул. Лермантава, вул. Маякоўскага, вул. Герцэна, вул. Чэхава, вул. Жукоўскага,
вул. Грыбаедава, вул. Бялінскага, вул. Чарнышэўскага, вул. Талстога, вул. Гогалеўская, вул. Адоеўскага, вул. Агарова, вул. Караленкі, вул. Ясеніна, Чайкоўскага, зав. Няжданавай, вул. Собінава, вул. Айвазоўскага, вул.Васняцова, вул. Верашчагіна, вул. Рэпіна, вул. Сурыкава і інш.).
 
Разам з тым на карце сталіцы незалежнай Беларусі да цяперашняга часу не занялі годнае месца імёны асоб, якія пакінулі значны след у гісторыі нашай краіны, пачынаючы са старажытных часоў і заканчваючы навейшай гісторыяй [3].
 
Заслугоўваюць ушанавання ў назвах вуліц старажытнага горада Мінска імёны першых знакамітых асоб нашай Бацькаўшчыны: Рагвалод, Рагнеда, Усяслаў Чарадзей, а таксама імёны першых асветнікаў беларускай зямлі: Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі. Імёны прадстаўнікоў найбуйнейшай еўрапейскай дзяржавы Вялікага княства Літоўскага (заснавальнік і першы князь ВКЛ Міндоўг, збіральнікі беларускіх зямель у складзе ВКЛ князі Гедымін і Вітаўт, вядомы военачальнік і дзяржаўны дзеяч ВКЛ Канстанцін Астрожскі, асветнікі і педагогі Лаўрэнцій і Стэфан Зізаніі, першы ракетчык свету Казімір Семяновіч, асветнік і друкар Спірыдон Собаль, пісьменнік, перакладчык, публіцыст Сімяон Полацкі, педагог і грамадскі дзеяч Казі.мір Лышчынскі), а таксама прадстаўнікі дынастый Радзівілаў, Валовічаў, Слуцкіх, Тышкевічаў, Храптовічаў, Хадкевічаў, якія ўнеслі вялікі, шматгранны ўклад у развіццё беларускіх зямель. У назвах вуліц і плошчаў павінны быць увекавечаны імёны нашых землякоў, сусветнавядомых асоб, нацыянальных герояў іншых краін: Тадэвуш Касцюшка, Міхал Агінскі, Ігнат Дамейка.
 
Заслугоўвае ўвагі той факт, што на карце Мінска ў апошнія дзесяцігоддзі з'явіліся шматлікія вуліцы, названыя ў гонар беларускіх пісьменнікаў, этнографаў, фалькларыстаў, вучоных, мастакоў, тэатральных дзеячаў: вул. Алеся Бачылы, вул. Францішка Багушэвіча, вул. Янкі Брыля, вул. Ігната Буйніцкага, вул. Уладзіслава Галубка, вул. Валянціна Ваньковіча, вул. Максіма Гарэцкага, вул. Язэпа Драздовіча, вул. Дуніна-Марцінкевіча, вул. Усевалада Ігнатоўскага, вул. Каруся Каганца, вул. Кандрата Крапівы, вул. Івана Шамякіна, вул. Пімена Панчанкі, вул. Янкі Лучыны, вул. Уладзіслава Сыракомлі, вул. Максіма Танка, вул. Міхася Чарота, вул. Яна Чачота, вул. Паўла Шпілеўскага.
 
Аднак многія імёны, вартыя ўвекавечання, да сённяшніх дзён не знайшлі ўвасаблення ў назвах вуліц, плошчаў і праспектаў сталіцы незалежпай Беларусі: вучоны-асветнік, ідэолаг гуманістычнага і рэфармацыйнага рухаў у Беларусі Сымон Будны, кампазітар, пісьменнік, збіральнік беларускай народнай творчасці Міхаіл Ельскі, гісторык, краязнаўца Аляксандр Ельскі, выдатны беларускі вучоны, вынаходнік электраграфіі і магнетызму Якуб Наркевіч-Ёдка, этнограф Еўдакім Раманаў, заснавальнік беларускага мовазнаўсгва Яўхім Карскі, гісторык Мітрафан Доўнар-Запольскі, першы рэдактар першай легальнай беларускай газеты «Наша Ніва» Аляксандр Уласаў, першы рэктар БДУ, гісторык Уладзімір Пічэта, вучоныя і грамадскія дзеячы Язэп Лёсік, Вацлаў Ластоўскі, Сцяпан Некрашэвіч, Іван і Антон Луцкевічы, Аркадзь С.моліч, Браніслаў Тарашкевіч, сусветнавядомыя пісьменнікі Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч і многія іншыя. Для найменавання і перайменавання лінейных аб'ектаў Мінска існуе вялікі рэзерв. звязаны з імклівай забудовай новых мікрараёнаў сталіцы, а таксама існаваннем аднайменных аб'ектаў (вул. і зав. Авангардныя. вул. і зав. Аўтазаводскія. вул. і зав. Амурскія, вул. і зав. Ангарскія, вул. і зав. Аэрадромныя, вул. і зав. Аэрафлоцкія, вул. і зав. Базісныя, вул. і зав. Балотныя, вул. і зав. Брагінскія. вул. і зав. Васняцова і г. д.). Для вырашэння тапанімічнай дысгармоніі. вяртання гістарычнай урбананіміі ці называння новых вуліц гісторык I. Сацукевіч на падставе грунтоўнага навуковага аналізу вызначыў некалькі асноўных метадаў: метад рэстаўрацыі (вяртанне першапачатковай назвы вуліцы). метад рэканструкцыі (прымяняецца ў выпадках, калі нельга вярнуць першапачатковую назву). геаграфічны метад (найменне вуліц па назвах населеных пунктаў), метад персаніфікацыі (называнне вуліц у гонар канкрэтных асоб) і распрацаваў праект вяртання гістарычных назваў некаторым вуліцам і плошчам Мінска [5:340. 341]. Дадзенымі метадамі павінна кіравацца камісія па найменаванні і перайменавашіі праспектаў. вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак горада Мінска пры Мінскім гарадскім савеце дэпутатаў пры вырашэнні галоўных задач сваёй дзейнасці, сярод якіх у Палажэнні аб камісіі называюцца: «адраджэнне гістарычнай тапаніміі г. Мінска і далейшас развіццё тапаніміі г. Мінска; паступовы перавод тапаніміі беларускай сталіцы на нацыянальную аснову; паступовас стварэнне такога тапанімічнага ландшафту г. Мінска. які б садзейнічаў выхаванню патрыятызму і эстэтыкі сярод мінчан. а таксама меў важнае ідэалагічнае значэнне» [4].
 
 
 Літаратура
1.     Ластоўскі А., Каткевіч А., Балачкайце Р. Памяць пра Другую сусветную вайну ў гарадскім ландшафце Усходняй Еўропы // АгсНе. - 2010. -№ 3. -С. 251-300.
2.        Мезенка Г.М. Руская перадача назваў унутрыгарадскіх аб'ектаў Беларусі // Беларуская лінгвістыка. - 1993. - Вып. 42. - С. 45-51.
3.        Мяснікоў А. Сто асоб беларускай гісторыі. Гістарычныя партрэты. - Мінск: Літаратура і мастацтва, 2008. - 344 с.
4.        Палажэнне аб камісіі па найменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак горада Мінска. Зацверджана рашэннем Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў 23.03.2006 № 230.
5.     Сацукевіч 1. Назвы вуліц і плошчаў Мінска як гісторыка-кулыурная спадчына // Аrhе. - 2010. - № 3. - С. 324-341.
6.        Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. Т. 1. - Мінск: Беларус. сав. энцыкл., 1978.