Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
БЕЛАРУСКАЯ МОВА — Уласныя імёны

Найменні ўнутрыгарадскіх аб’ектаў у святле Закона аб геаграфічных назвах Рэспублікі Беларусь

Артыкул А.Анісім пра тапанімічныя назвы. Надрукаваны ў спецыяльным выпуску часопіса "Спадчына" № 160 за 2011 г.

Тапанімічныя назвы фарміруюцца пад уплывам розных фактараў: гістарычных, лінгвістычных, геаграфічных і этнаграфічных.  счыУ назве населенага пункта можа быць прыхаванае ўказанне на час яго ўзнікнення, праз устанаўленне паходжання назвы можна расшыфраваць значэнне некаторых слоў, даўно не ўжываных у мове і г.д.  Тапонімы могуць называць як вялікія аб’екты (скажам, населеныя пункты), так і значна меншыя (іх выдзяляюць як мікратапонімы). Аднак усе гэтыя назвы ўяўляюць сабой аб’екты нематэрыяльнай каштоўнасці і патрабуюць своеасаблівага абачлівага стаўлення. У гэтым шэрагу урбанонімы займаюць асобнае месца. Іх узнікненне моцна прывязанае да рэчаіснасці, а функцыянаванне ў значнай ступені зменлівае, дынамічнае і, як паказвае практыка, адбівае ў сабе ўсе спецыфічныя рысы развіцця грамадства.

Найменні вуліц нашай сталіцы неаднаразова станавіліся аб’ектам для пераназывання. Гэта адна спецыфічная рыса ўрбанонімаў Мінска, паводле якой часам цяжка ўстанавіць гістарычную назву вуліц, а значыць ставіцца пад сумненне магчымасць дасканалага даследавання гісторыі горада.

Другой адметнасцю з’яўляецца існаванне двухмоўных назваў вуліц. Гэтая практыка асабліва расквітнела ў часы існавання Савецкага Саюза і працягваецца ў цяперашні час. Абсурднасць такога стану рэчаў палягае не толькі ў самім факце двухназоўя, што ўскладняе жыццё найперш гасцям сталіцы, паколькі парушае асноўны прынцып наймення ў тапаніміі – адраснасць, а яшчэ і ў тым, што пры афармленні рознага роду дакументаў узнікаюць недарэчныя сітуацыі з пункту гледжання юрыспрудэнцыі. Так, былі выпадкі, калі ў пратаколах крымінальных спраў адносна аднаго і таго ж здарэння фігуравалі дзве назвы вуліцы: Крынічная на беларускай мове і Родниковая на рускай мове (на розных дамах адной вуліцы віселі адрозныя шыльды). У выніку справа была вернута на даследаванне, паколькі істотнае разыходжанне не дазваляла ідэнтыфікаваць гэтыя назвы як назву аднаго аб’екта, у дадзеным выпадку адной і той жа вуліцы. Следчым давялося пісьмова звярнуцца ў тапанімічную камісію пры НАН Беларусі для таго, каб атрымаць адмысловае тлумачэнне і затым належным чынам аформіць  юрыдычныя дакументы. Такіх прыкладаў, улічваючы вышэйсказанае, можа быць вельмі многа, паколькі менавіта пры афармленні розных дакументаў (кшталту натарыяльных) і ўзнікаюць падобныя праблемы.
 
Гэта пытанне - адносна функцыянавання дзвюх моў у назве аднаго аб’екта – неаднаразова паўставала падчас абмеркавання на розных канферэнцыях. (1; 2)
 
Сітуацыя выглядае цалкам вырашальнай, калі разглядаць яе з пункту гледжання Закона аб геаграфічных назвах Рэспублікі Беларусь, які ўступіў у сілу напрыканцы 2010 г. Важным пунктам у ім з’яўляецца пункт 17 аб прысваенні назвы геаграфічнаму аб’екту. У Законе запісана, што назва прысвойваецца на беларускай мове, а затым транслітэруецца на рускую мову і таксама афармляецца сродкамі лацінскай графікі. Гэта норма цяжка прымалася, тройчы вярталася на ўзгадненне ў Тапанімічную камісію НАН Беларусі, паколькі чыноўнікі настойвалі на адначасовым прысваенні назваў на беларускай і рускай мовах. На першы погляд, правільнае рашэнне ў святле дзяржаўнасці дзвюх моў з роўным статусам. Але калі зыходзіць з практыкі, то такі падыход стварае разнабой, што і пацвярджае вышэйзгаданы прыклад з дзвюма назвамі адной вуліцы.   
 
Таму, на нашу думку, перш за ўсё трэба зыходзіць з таго, што урбанонім цалкам упісаны ў сістэму назваў геаграфічных аб’ектаў, а значыць, на яго распаўсюджваецца норма аб першасным прысваенні назвы на беларускай мове. Пры неабходнасці назва можа транслітэравацца на рускую мову, затым перадавацца сродкамі лацінскага алфавіта. Як толькі гэты артыкул Закона будзе выконвацца няўхільна і паслядоўна, назвы ўнутрыгарадскіх аб’ектаў пачнуць выконваць сваю функцыю адраснасці бездакорна, як гэта і прынята ў цывілізаваным свеце.
 
Выкарыстаная літаратура
1. Матэрыялы канферэнцыі “Сучасны стан беларускай мовы і дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў па яго паляпшэнні”. Мінск, 2010.
2. Матэрыялы канферэнцыі “Беларуская анамастыка. Гісторыя і сучаснасць.” Мінск, 2010.