Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Партнёры — Міжнароднае супрацоўніцтва

Моўная сітуацыя і моўная палітыка ў Шатландыі: гісторыя і сучаснасць

Да спісу міжнародных кантактаў ТБМ нядаўна дадалася Шатландыя. Прадстаўнік Таварыства беларускай мовы быў запрошаны на канферэнцыю “У ценю глабальных моў: моўны менеджмент у Шатландыі і Беларусі”. Канферэнцыя адбылася 15 сакавіка 2012 года ў сталіцы Шатландыі, Эдынбургу.

Уступ: канферэнцыя ў Эдынбургу

Да спісу міжнародных кантактаў ТБМ нядаўна дадалася Шатландыя. Прадстаўнік Таварыства беларускай мовы быў запрошаны на канферэнцыю “У ценю глабальных моў: моўны менеджмент у Шатландыі і Беларусі”. Канферэнцыя адбылася 15 сакавіка 2012 года ў сталіцы Шатландыі, Эдынбургу.

Канферэнцыю арганізаваў Рускі цэнтр імя князёўны Дашкавай Эдынбургскага ўніверсітэта. Увогуле, цэнтр займаецца даследаваннямі ў галіне рускай мовы ў яе культурным і сацыяльным кантэксце. Напрыклад, цэнтр ажыццяўляе даследчы праект “Глабальная руская мова”. У яго межах даследуюцца, у тым ліку, праблемы самасвядомасці прадстаўнікоў рускамоўных меншасцяў у постсавецкіх краінах, моўныя палітыкі у дачыненні да рускай мовы і ўзнікненне яе разнавіднасцяў. Цэнтр з’яўляецца рухавіком культурнага абмену паміж Расіяй і Шатландыяй.

Канферэнцыя складалася з дзвюх пленарных сесій і круглага стала. На першай сесіі гучалі выступы, прысвечаныя Беларусі, на другой – Шатландыі. Увогуле, канферэнцыя была выдатна арганізавана. Пасля асноўнай часткі удзельнікаў запрасілі на ганаровую вячэру ў Стары каледж Эдынбургскага ўніверсітэта, дзе абмеркаванне было працягнута.
Ад Беларусі прысутнічаў намеснік амбасадара Рэспублікі Беларусь у Вялікабрытаніі сп. Валер Курдзюкоў і доктар філалагічных навук, прафесар, загадчыца кафедры агульнага мовазнаўства МДЛУ Зінаіда Харытончык. Выступ на беларускую тэматыку зрабіла і вядомая даследчыца Алена Гапава з Заходнемічыганскага ўніверсітэта (ЗША). Запрошаны быў таксама рэктар Інстытуту культуры Іван Крук, але ён прыехаць не змог. У першай пленарнай сесіі выступіў таксама сп. Карл Вулхайзер з Брандэйскага ўніверсітэта (ЗША).
 
Спадар Уілсан МакЛеод з універсітэта Эдынбурга распавёў пра сучасную палітыку ў дачыненні да шатландскай гэльскай мовы. Спадарыня Крысціна Робінсан, прадстаўніца Цэнтра слоўнікаў мовы скотс, расказала аб напрацоўках і перспектывах у галіне шатландскай лексікаграфіі. Спадар Дэрык МакКлюэр з універсітэта Абердзіна зрабіў нарыс сённяшняй сітуацыі з  мовай скотс.
 
Акрамя мяне, падчас круглага стала выступ зрабіў сп. Курдзюкоў, а таксама два прадстаўнікі аддзелаў шатландскага ўраду, якія займаюцца пытаннямі гэльскай мовы і скотс. Таксама выступіў Майкл Хэнс, прадстаўнік Цэнтра мовы скотс, у пэўнай ступені аналага нашай арганізацыі.
 
Падрабязны аналіз выступаў не з’яўляецца мэтай гэтага артыкула. Спадзяюся, што матэрыялы канферэнцыі неўзабаве будуць апублікаваныя. У любым выпадку, праз некаторы час мы плануем стварыць на партале ТБМ адмысловую старонку, прысвечаную нашым міжнародным кантактам, дзе размесцім, у тым ліку, прынамсі, некаторыя тэксты, прадстаўленыя на канферэнцыі.
 
З поўным тэкстам майго выступу на англійскай мове зараз можна азнаёміцца на інтэрнэт-партале нашай арганізацыі. Выступ пад назвай “Агляд моўнай палітыкі ў Беларусі” змяшчае аналіз і ацэнку сучаснай моўнай палітыкі і яе перадумоў, закладзеных ў 90-я гады. У ім раскрываюцца асноўныя тыпы парушэнняў лінгвістычных правоў, датычных беларускай мовы, аналізуюцца вынікі сацыялагічных даследаванняў моўных практык і стаўлення да беларускай мовы, расказваецца пра асноўныя дасягненні ТБМ і іншых арганізацый у гэтай сферы за апошнія гады. Выступ суправаджаўся мультымедыйнай прэзентацыяй. Мы загадзя паклапаціліся пра тое, каб не толькі ўдзельнікі, але і госці канферэнцыі атрымалі падарункі ад ТБМ: нашы англа-беларускія размоўнікі, нумары часопіса “Верасень” і календары. Быў распаўсюджаны друкаваны тэкст майго выступу, а таксама буклет з інфармацыяй пра дзейнасць ТБМ.
 
Спадарыня Харытончык прадставіла рэтраспектыву моўнай сітуацыі ў сучаснай Беларусі. Яе выступ ў пэўнай ступені аспрэчваў тэзіс аб мінарытарнасці беларускай мовы. Трэба сказаць, што арганізатары канферэнцыі ад самага пачатку называлі беларускую мову, таксама як і скотс, і гэльскую, мовай меншасці. Натуральна, я не мог не запярэчыць такой пастаноўцы пытання, хаця для яе, магчыма, маюцца падставы. Так, на літаратурнай беларускай мове штодзённа размаўляе невялікі працэнт насельніцтва. Але, па выніках нядаўняга апытання, 96% адказваюць, што больш-менш валодаюць беларускай, большасць называе яе роднай і г.д.
 
Вельмі цікавае параўнанне сучаснай моўнай сітуацыі і моўнай палітыкі ў Беларусі і Шатландыі, а таксама сацыяльнай гісторыі беларускай мовы і мовы скотс зрабіў у сваім выступе сп. Вулхайзер. Зрэшты, ён з’яўляецца адным з кіраўнікоў Паўночнаамерыканскай асацыяцыі беларусістаў і размаўляе па-беларуску так, што можна падумаць, што гэта яго родная мова. Беларускую сп. Вулхайзер вывучыў у Беларусі ў 90-я гады. Ён лічыць, што паміж моўнымі сітуацыямі ў Беларусі і Шатландыі маецца нямала падабенстваў.
 
Намеснік амбасадара нашай краіны засяродзіўся на тых сферах, у якіх становішча беларускай мовы можна лічыць прымальным. Напрыклад, было згадана, што  ў Мінску назвы вуліц напісаны не на дзвюх мовах, а толькі па-беларуску. Была зроблена выснова аб новай хвалі беларусізацыі, якая зараз пачынаецца ў Беларусі.
 
На канферэнцыі прысутнічала і багата гасцей з ліку выкладчыкаў і студэнтаў універсітэта, у тым ліку і замежнікі, напрыклад, з Нарвегіі і Кітая. Быў там і карэспандэнт канала АНТ.
 
Вядома, што самасвядомасць чалавека складваецца ў тым ліку ў выніку аналізу ім паводзін іншых людзей. Верагодна, гэты тэзіс можна распаўсюдзіць і на моўную самасвядомасць. Таму мэта асноўнай часткі артыкула –  азнаёміць чытача з моўнай сітуацыяй і моўнай палітыкай у Шатландыі і іх гісторыяй, якія маюць як падабенствы, так і адрозненні ад беларускіх. Магчыма, такое знаёмства дапаможа глыбей усвядоміць айчынныя рэаліі. Да таго ж, пэўныя тактыкі моўнага адраджэння, якія выкарыстоўваюцца ў Шатландыі, можна пераняць і ўжыць у Беларусі.
 

Аўтар не з’яўляецца спецыялістам у галіне сацыялінгвістыкі, таму мэта артыкула хутчэй паведаміць інфармацыю, а не прааналізаваць яе. Некаторыя цікавыя пытанні, напрыклад, узаемаадносіны мовы і нацыянальнай самасвядомасці, засталіся па-за ўвагай. Хаця пры напісанні артыкула, акрамя матэрыялаў з канферэнцыі, выкарыстана некалькі дзясяткаў крыніц інфармацыі, гэтай колькасці, безумоўна, недастаткова для сапраўды поўнага і глыбокага раскрыцця такой вялікай тэмы.

Старажытная гісторыя

У Шатландыі першага тысячагоддзя нашай эры жыло некалькі народаў, у прыватнасці, пікты на поўначы і брыты на поўдні. Пікты і брыты размаўлялі на кельцкіх мовах брыцкай групы, роднасных сучасным валійскай і брэтонскай мовам. У пікцкай мове, верагодна, быў і больш старажытны, неіндаеўрапейскі элемент. Паўднёвая Шатландыя ўваходзіла ў склад Рымскай імперыі.

Затым паўднёва-ўсходняя Шатландыя стала часткай англа-саксонскага каралеўства Нартумбрыя. Яе насельніцтва размаўляла на паўночным дыялекце англа-саксонскай мовы, якая зараз таксама называецца стараанглійскай. На Шэтландскіх і Аркнейскіх астравах на поўнач ад Шатландыі рассяліліся скандынавы, нашчадкі якіх размаўлялі на мове норн да дзевятнаццатага стагоддзя.

У 5 стагоддзі нашай эры на ўсход Шатландыі перасяліліся ірландцы-скоты, якія размаўлялі на кельцкай мове гэльскай групы. Гэта мова потым пераўтворыцца ў сучасную шатландскую гэльскую мову. Скоты – гэта рымская назва гэламоўных з Ірландыі. Да 10 стагоддзя каралеўства скотаў аб’ядноўваецца з піктамі, у выніку чаго ўзнікае каралеўства Альба, піктская ж мова знікае. Неўзабаве каралеўства Альба падпарадкоўвае сваёй уладзе каралеўства брытаў на паўднёвым захадзе Шатландыі і насельніцтва паўночнай Нартумбрыі. Межы каралеўства цяпер супадаюць з межамі сучаснай Шатландыі. Гэльская мова распаўсюджваецца па тэрыторыі дзяржавы. Верагодна, да 15 стагоддзя на ёй размаўляла большасць насельніцтва Шатландыі. Дарэчы, складаным узаемаадносінам названых народаў прысвяціў цыкл апавяданняў у жанрах альтэрнатыўнай гісторыі, фэнтэзі і жахаў амерыканскі пісьменнік Роберт Говард, аўтар вядомага “Конана-варвара”.
 
Зараз трэба расказаць аб гісторыі назваў тых моў, якія распаўсюджаны ў Шатландыі. Як і ў Беларусі, у Шатландыі мелі месца метамарфозы назваў моў. Акрамя таго, у дачыненні да адной мовы выкарыстоўваюцца розныя назвы. Прыгадаем толькі некаторыя ранейшыя і сучасныя назвы беларускай мовы ў беларусаў і іх суседзяў: руская, літоўская, нават готская (gudų kalba – па-літоўску). Што датычыцца мовы скотс, то такая разнастайнасць прыводзіла і прыводзіць да блытаніны і непаразуменняў.
 
Нашчадкі англа-саксаў да канца 15 стагоддзя называлі шатландскую гэльскую мову Scottis, шатландскай. Пры гэтым, сваю мову яны называлі Inglis – англійскай. Паколькі паўночныя англа-саксы жылі і на тэрыторыі Шатландыі, тэрмін Inglisможаўжывацца ў дачыненні да як англійскай мовы, так і мовы скотс пэўнага перыяду. Пра скотс будзе расказана пазней. Носьбіты шатландскай гэльскай мовы называлі тады мову англа-саксаў BeurlaShassanach – мова саксаў, па-сутнасці, англійская мова. Ніжэй мы яшчэ вернемся да далейшых зменаў у назвах згаданых моў.
 
Англа-саксы ў складзе шатландскага каралеўства захавалі сваю мову і законы. Больш таго, пасля заваявання Англіі нарманамі, у Шатландыю перасялілася шмат людзей з паўночнай Англіі.
 
Пазней, у 12 стагоддзі, шмат земляў ў Шатландыі было перададзена англа-нарманскім феадалам, а таксама фламандцам і брэтонцам. Таму некаторыя вядомыя шатландскія прозвішчы маюць кантынентальнае паходжанне, напрыклад, Брусы – англа-нарманскае, Дугласы – фламандскае, а Сцюарты – брэтонскае. Простыя людзі, якія суправаджалі феадалаў, у асноўным размаўлялі зноў жа на паўночным дыялекце англійскай,які, да таго ж,утрымліваў шмат рыс дацкай мовы. Праўда, частка нарманаў, асеўшых у Хайлэндзе, наадварот гэлізавалася. Прыкладам таму шатландскія кланы нарманскага паходжання, напрыклад, Фрэзеры і Гранты.
 
Вырашальным фактарам распаўсюду Inglis стала заснаванне протагарадоў-бургаў, насельніцтва якіх размаўляла на гэтай мове. Папулярнасць яе расла, а арэал гэльскай мовы паступова звужаўся да Хайлэнду, паўночна-заходняй часткі Шатландыі. У канцы 14 стагоддзя паняцці хайлэндэр (горац) і гэламоўны чалавек робяцца сінанімічнымі. Носьбіты гэльскай мовы, якія перасяляліся ў бургі, пераймалі мову гараджан. Адзначаецца, што сёння шмат хто з насельнікаў паўднёва-ўсходняй Шатландыі мае кельцкія карані і носіць кельцкія імёны, хаця гэльская мова там амаль зусім не ўжываецца.
 
У літаратуры паведамляецца, што вызначыць, на якой мове размаўлялі шатландскія каралі і двор, даволі цяжка. Часта дапускаецца, што ўсе шатландскія манархі размаўлялі на гэльскай як мінімум да 14 стагоддзя. Роберт Брус, кароль з 1309 па 1329 (паказаны ў фільме “Адважнае сэрца”), верагодна, сярод іншых валодаў і гэльскай мовай. Апошнім каралём, які дакладна размаўляў па-гэльску, быў Джэймс Чацвёрты (1473 – 1513). Адна крыніца паведамляе, што мовай двара ў яго час была гэльская. Адзін артыкул у Вікіпедыі паведамляе, што гэльская перастала быць асноўнай мовай шатландскага двара ўжо пры Давідзе Першым (гады праўлення 1124–1153) ці нават раней.
 

Вядома, што каралева Маргарыта (1045 – 1093), пазней кананізаваная, спрыяла распаўсюду тагачаснай англійскай мовы пры двары і ў царкве. Англійская хроніка сярэдзіны 13 стагоддзя паведамляе, што тагачасныя шатландскія каралі перанялі французскую мову і культуру. Адзначаецца. што французская была літаратурнай і куртуазнай мовай Шатландыі ў канцы 13 – пачатку 14 стагоддзя. Пры Роберце Другім (гады праўлення 1371 – 1390) адміністратыўныя і юрыдычныя дакументы пачалі пісаць на скотс. Маюцца сведчанні таго, што скотс была роднай мовай Джэймса Першага (гады праўлення 1406 – 1437), які першым запатрабаваў, каб акты парламенту выдаваліся на гэтай мове. Іншыя крыніцы адзначаюць, што скотс робіцца мовай двара ў 15 – 16 стагоддзях.

Шатландская гэльская мова

Зараз сканцэнтруемся на пазнейшай гісторыі і сучаснасці шатландскай гэльскай мовы. Гэта мова з гэльскай падгрупы кельцкіх моў, роднасная ірландскай, з якой яна мае каля 75% агульных слоў.

 
Напэўна, чытач ведае некалькі гэльскіх слоў, у прыватнасці, клан, плед, лох (прыгадайма Лох Нэсс), віскі і слоган. Слова клан паходзіць ад гэльскага слова са значэннем “дзеці”. Слова віскі паходзіць ад гэльскага словазлучэння uiscebeatha, што значыць вада жыцця. Слоган – ад ‘sluagh-ghairm’, што значыць баявы кліч.
 
Хаця гэльская мова адступала з поўдня і ўсходу, на поўначы і захадзе Шатландыі многія людзі скандынаўскага і скандынаўска-гэльскага паходжання, нашчадкі вікінгаў, наадварот асіміляваліся гэльскім грамадствам. У канцы 12 стагоддзя адзін з іх, Сомэрлед, заснаваў Гаспадарства (каралеўства) астравоў, гэламоўнае дзяржаўнае утварэнне, у якое ўваходзілі Гебрыдскія астравы на захад ад Шатландыі, яе заходняе ўзбярэжжа, а таксама востраў Мэн. Гаспадарства было падпарадкавана Шатландыяй толькі ў канцы 15 стагоддзя.
 
У самым пачатку 17 стагоддзя шатландскі кароль Джэймс Шосты заняў таксама і англійскі трон. Ён выдаў распараджэнне, якое прымушала важдзей горскіх кланаў пасылаць сваіх старэйшых сыноў у школы ў Лоўлэндзе, як адзначаецца, з мэтай іх англізацыі. Іншае яго распараджэнне спрыяла заснаванню ў кожнай царкоўнай акрузе, незалежна ад мовы тамтэйшых жыхароў, англамоўнай школы. Згодна гэтаму дакументу, англійская мова павінна ўсталёўвацца паўсюдна, а ірландская (так тады называлі шатландскую гэльскую мову – пра гэта будзе расказана ніжэй) можа выкараняцца. У гэты час гэльская мова, акрамя Хайлэнду і заходніх астравоў, яшчэ была распаўсюджана і на паўднёвым захадзе Лоўлэнду.
 
Становішча гэльскай мовы, таксама як і ўсёй культуры шатландскіх горцаў, яшчэ мацней пагоршылася пасля бітвы пры Каладэне ў 1746 годзе, якой закончылася другое якабіцкае паўстанне. Тады войска, якое ў асноўным складалася з горцаў, пад кіраўніцтвам Прыгажуна Прынца Чарлі (Чарлза Сцюарта), прэтэндэнта на англійскі трон, было разбітае брытанскім урадавым войскам.
 
У 19 стагоддзі шмат шатландскіх горцаў было пераселена з Хайлэнду. Шмат людзей з’ехалі і самі. Шатландскі Закон аб адукацыі 1872 года прывёў да забароны ўжывання гэльскай мовы ў адукацыйнай сферы. Адзначаецца, што яшчэ жывыя людзі, якіх збівалі ў школе за выкарыстанне роднай мовы. У выніку, калі ў 1891 годзе налічвалася 250000 носьбітаў гэльскай мовы, то ў 1991 іх засталося толькі 66000.
 
У 1884 годзе з’явіўся першы афіцыйны дакумент з крытыкай антыгэльскай адукацыйнай палітыкі. У 1891 паўстала першая моваабарончая арганізацыя.
 
Перапіс насельніцтва Вялікабрытаніі 2001 г. паказаў, што на шатландскай гэльскай у Шатландыі размаўляе 58652 чалавека, прыкладна 1,2% насельніцтва. Яшчэ 33315 чалавек разумеюць гэту мову. Таксама каля 2000 чалавек размаўляюць на ёй у некалькіх правінцыях Канады, куды ў свой час імігравала каля трэці ўсяго гэламоўнага насельніцтва Шатландыі. Цікава, што ў 1867 годзе шатландская гэльская была трэцяй па распаўсюджанасці мовай Канады пасля англійскай і французскай і мела каля 200000 носьбітаў. Сп. МакЛеод нарадзіўся якраз у Канадзе.
 
 
Малюнак паказвае, які працэнт насельніцтва размаўляе на шатландскай гэльскай мове. Рэгіён распаўсюджання гэльскай мовы прыблізна супадае з тэрыторыяй Хайлэнду, паўночна-заходняй часткай Шатландыі, і астравоў на захад ад яе. Найбольшая колькасць носьбітаў – на Знешніх Гебрыдскіх астравах. Белая частка – гэта прыблізна тэрыторыя Лоўлэнду, паўднёва-усходняй Шатландыі, асноўны арэал мовы скотс.
 
Шатландская гэльская азначана як аўтахтонная мова ў Еўрапейскай хартыі рэгіянальных моў і моў меншасцяў. У Вялікабрытаніі дэ-юрэ няма дзяржаўных моў. Але шатландскі Закон аб гэльскай мове (2005) надаў ёй афіцыйны статус і заснаваў спецыяльную ўстанову па развіцці гэтай мовы, Гэльскую раду.
 
Гэта арганізацыя рыхтуе пяцігадовы план па гэльскай мове і планы па развіцці адукацыі на ёй. Закон таксама патрабуе ад разнастайных устаноў распрацаваць уласныя планы па ўжытку і развіцці гэльскай мовы ў сферах сваёй кампетэнцыі. У першым варыянце закона пастановы рады азначаліся хутчэй як дарадчыя. Але пазнейшая рэдакцыя зрабіла іх абавязковымі для выканання ў сферы сярэдняй адукацыі.
 
Калі ў 1985 годзе ўсяго 24 школьнікі пачатковых класаў вучыліся па-гэльску, то зараз іх больш за дзве тысячы. Існуе дзве пачатковыя школы з аддзяленнямі сярэдняй адукацыі, дзе ўсе прадметы вывучаюцца па-гэльску. Такасама ёсць 62 пачатковыя школы з гэльскімі класамі, у якіх гэльская з’яўляецца мовай навучання. Большасць вучняў, якія закончылі гэльскую пачатковую школу, маюць магчымасць вывучаць мову далей у якасці вучэбнага прадмета ў англамоўнай сярэдняй школе. Маецца таксама з тузін сярэдніх школ, якія даюць магчымасць атрымаць на гэльскай мове сярэднюю адукацыю, прынамсі, па шэрагу прадметаў. Усяго на розных узроўнях па-гэльску навучаецца больш за 2500 школьнікаў. Таксама ёсць дзясяткі гэламоўных дашкольных устаноў.
 
Пэўная колькасць вучняў часткі пачатковых і сярэдніх англамоўных школ вывучае гэльскую як прадмет. Гэльская мова вывучаецца ва ўніверсітэтах і каледжах. На востраве Скай ёсць нацыянальны гэльскі каледж.
 
Адзначаецца большая сярэдняя паспяховасць білінгваў у англійскай мове у параўнанні з англамоўнымі дзецьмі. Цікава, што многія бацькі, дзеці якіх наведваюць гэльскія школы, спецыяльна вывучаюць гэту мову.
 
У Эдынбургу ёсць адна пачатковая школа з гэльскімі класамі, а таксама сярэдняя школа, дзе гэльская вывучецца як прадмет. Прасоўванне гэламоўнай адукацыі ў сталіцы Шатландыі патрабавала намаганняў. Колькасць вучняў расце, прычым, не толькі за кошт дзяцей з гэламоўных сем’яў.
 
Сп. МакЛеод распавядаў, што, у прынцыпе, калі пэўны чалавек запатрабуе, то яму павінна быць дадзена магчымасць прайсці поўны курс па любым прадмеце па-гэльску. Папулярнасць гэламоўнай адукацыі расце. З іншага боку, важнай праблемай з’яўляецца недахоп гэламоўных настаўнікаў. Адзначаецца неабходнасць паменшыць мінімальную колькасць вучняў, неабходную для фармавання класа або групы.
 
БіБіСі мае гэламоўны радыё- і тэлеканал. Тэлеканал называецца  БіБіСі Альба (Альба – па-гэльску Шатландыя) і часткова фінансуецца ўрадам Шатландыі. Гэламоўныя праграмы ёсць і ў праграмах іншых тэлекампаній. Чыста гэламоўных газет няма, але гэламоўныя матэрыялы друкуюцца ў шэрагу выданняў.
 
Шэраг арганізацый распрацавалі планы па ўжытку гэльскай мовы ў сваёй дзейнасці і зрабілі ў гэтым накірунку пэўныя захады, напрыклад, пераклалі на гэльскую рабочыя дакументы і інфармацыйныя матэрыялы. З іншага боку, агульнабрытанскія арганізацыі, якія не падпадаюць пад абавязак распрацоўваць такія планы, вельмі рэдка выкарыстоўваюць гэльскую мову.
 

У 2011 – 2012 годзе Шатландскі ўрад выдаткоўвае на гэльскую мову прыкладна 23 мільёны фунтаў, што складае 0,07% ад яго агульнага бюджэту. У 2009 годзе было падпісана пагадненне, якое дае магчымасць выкарыстоўваць гэльскую мову ў афіцыйных стасунках паміж Еўрапейскім саюзам і шатландскімі ўрадоўцамі.

Статус і гісторыя скотс

Пра мову скотс у нас, верагодна, ведаюць менш, чым пра шатландскую гэльскую. Напрыклад, газета “Наша ніва”, анансуючы канферэнцыю ў Эдынбургу, пісала, што “ўрад Шатландыі ўзяў курс на падтрымку мясцовага шатландскага дыялекту англійскай (мовы), які бытуе ў вёсках”. Праўда, у анонсе таксама пазначана, што “ранейшая кельцкая гэльская мова больш у Шатландыі не бытуе”. Чытач гэтага артыкула сам зможа зрабіць выснову аб тым, наколькі справядлівыя такія ацэнкі.

Мова скотс – германская мова, адносна блізкая да англійскай. Як і англійская, яна развілася з англа-саксонскай (старажытнаанглійскай) мовы. Цікава, што ў храналогіі, прадстаўленай на сайце Цэнтра шатландскай мовы, перыяд англа-саксонскай мовы ў Шатландыі называецца ў тым ліку перад-скотс.

Англа-саксонская мова мела ў тым ліку паўночны, нартумбрыйскі варыянт. Па сучаснай храналогіі ён пераўтвараецца ў Шатландыі ў далітаратурную скотс у 12 стагоддзі. Далітаратурная скотс лічыцца першым этапам перыяду старой скотс, які доўжыцца да 18 стагоддзя. Наступны этап старой скотс, які назыаецца ранняя скотс, доўжыцца з сярэдзіны 14 стагоддзя да сярэдзіны 15 стагоддзя.
 
На поўдні, у Англіі, англа-саксонская мова ў 12 стагоддзі пераўтвараецца ў раннюю сярэднеанглійскую мову. Адзначаецца, што ранняя скотс практычна не адрознівалася ці была вельмі падобнай да паўночнага, нартумбрыйскага, дыялекту ранняй сярэднеанглійскай мовы. Як адзначалася вышэй, саманазвай гэтай мовы была Inglis.
  Ва ўмовах незалежнага шатландскага каралеўства InglisШатландыі пачаў развівацца сваім шляхам, тады як жыхары паўночнай Англіі ўсё больш арыентаваліся на паўднёва-англійскі стандарт. У Шатландыі ішоў працэс, які рабіў скотс настолькі ж адрозным ад англійскай, як, напрыклад, шведская мова адрозніваецца ад дацкай ці партугальская ад іспанскай. Так, яшчэ ў 1498 годзе пасол Касціліі і Арагона ў Шатландыі пісаў, што “шатландская мова караля Джэймса Чацвёртага настолькі ж адрозніваецца ад англійскай, як касцільская мова адрозніваецца ад арагонскай”.
Даследаванне 70-х гадоў 20 стагоддзя паказала, што мяжа паміж скотс і паўночнымі англійскімі гаворкамі амаль дакладна супадае з адміністратыўнай мяжой Англіі і Шатландыі. Праўда, паведамляецца таксама, што скотс і гэтыя гаворкі маюць пэўныя супольныя рысы.
 
Як адзначана ў літаратурных крыніцах, сярод вучоных дагэтуль няма адзінства па пытанні, ці з’яўляецца скотс асобнай мовай ці дыялектам англійскай. Напрыклад, у папулярнай кнізе па гісторыі англійскай мовы “The Story of English” скотс называецца то разнавіднасцю англійскай мовы, то мовай. Пры гэтым, трэба ўлічыць, што адзінага набору крытэрыяў, якія адрозніваюць мову ад дыялекту, няма. Ёсць таксама тэорыя, прыхільнікі якой лічаць, што любы маўленчы тып – гэта дыялект, такім чынам усе размаўляюць на нейкім дыялекце.
 
Як будзе паказана ніжэй, значная частка шатландцаў расцэньвае скотс не як мову, а ”хутчэй проста як спосаб размаўляць”. Адзін аўтар піша, што нават у самой Шатландыі людзі схільныя блытаць скотс з англійскай мовай з шатландскім акцэнтам. У некалькіх слоўніках назоўнік “скотс” мае толькі адно значэнне – дыялект ці від англійскай мовы, які выкарыстоўваецца ў Шатландыі. Пры гэтым, у літаратуры адзначаецца, што характарызаваць скотс як шатландскі варыянт англійскай мовы, як гэта часам рабілася, памылкова.
 
Адзначаецца, што называць скотс дыялектам англійскай (таксама як і гэльскую – дыялектам ірландскай), на жаль, засталося для некаторых людзей зручным палітычным прыёмам ці хітрасцю.
 
Доказамі таго, што скотс з’яўляецца самастойнай мовай называюцца, у прыватнасці, багатая літаратура на скотс, яе спецыфічная арфаграфія, а таксама даўняе ўжыванне скотс у якасці дзяржаўнай мовы і афіцыйнай мовы шатландскага парламенту. Адна крыніца нават паведамляе, што носьбіты ўсіх дыялектаў скотс разумеюць адзін аднаго, “тады як для многіх носьбітаў дыялектаў англійскай мовы скотс часта незразумелы”. З іншага боку, на сайце, прысвечаным адукацыі ў Шатландыі, пазначана, што англамоўныя людзі скотс разумеюць, а таксама, што скотс і англійская – гэта бясспрэчна раўнапраўныя мовы, носьбіты якіх больш-менш разумеюць адзін аднаго.
 
Тыя, хто не лічыць скотс самастойнай мовай, выкарыстоўваюць аргумент аб падабенстве сінтаксісу і марфалогіі скотс і англійскай.
 
На афіцыйным узроўні кропку ў гэтым пытанні можна лічыць пастаўленай. Брытанскі ўрад, паводле ратыфікаванай ім Еўрапейскай хартыі рэгіянальных моў і моў меншасцяў,  разглядае скотс як рэгіянальную мову, “прызнае і паважае скотс (ва ўсіх формах) у якасці асобнай мовы і не лічыць выкарыстоўванне скотс прыкметай кепскага валодання англійскай мовай”.
 
Разгледзеўшы пытанні статусу, вернемся да гісторыі. У канцы 13 – пачатку 14 стагоддзя скотс рабіўся асноўнай мовай гараджан. Як адзначалася, сфера выкарыстання гэльскай мовы паступова звужалася да Хайлэнду. На працягу 14 стагоддзя скотс паступова робіцца літаратурнай мовай, напачатку мяшанай з французскай лексікай. У 1398 годзе шатландскія законы былі перакладзеныя на скотс з лаціны. У розныя перыяды на скотс аказвалі ўплыў, акрамя французскай, лаціна, старанарвежская, англійская, галандская, нямецкая і гэльская мовы.
 
З канца 15 стагоддзя носьбіты мовы скотс сталі ўжо сваю мову ўсё часцей называць Scottis, а шатландскую гэльскую – Erse, ірландскай. Адзначаецца, што адукаваныя носьбіты гэльскай мовы як у Шатландыі, так і ў Ірландыі, размаўлялі, фактычна, на адной мове – літаратурнай гэльскай. Пры гэтым, праўда, мясцовыя гаворкі пачалі набываць выразныя адрозненні ад ірландскай мовы. У другой палове 15 стагоддзя носьбіты скотс пачынаюць называць мову англічан Suddron – паўднёвай, каб падкрэсліць яе адрозненне ад сваёй мовы. Паведамляецца таксама, што адрозненне скотс ад англійскай мовы дакладна ўсведамляецца ў 16 стагоддзі.
 
Гэльскія назвы мовы скотс ў 18 – 21 стагоддзях: BeurlaGallda – замежная мова і Albais – шатландская.
 
15 і 16 стагоддзі – залаты век шатландскай літаратуры на скотс, адзначаныя ў тым ліку творчасцю менестрэляў, або, як іх называлі ў Шатландыі, makars – стваральнікаў. Іх творы надзвычай узбагацілі і развілі скотс. Гэта мова шырока выкарыстоўвалася і ў дыпламатычных стасунках.
 
Адзначаецца, што ў 16 – 17 стагоддзях адназначнага стаўлення да ўзаемаадносін скотс і англійскай мовы не было. Шатландцы і англічане лічылі скотс і англійскую двума дыялектамі адной мовы альбо дзвюма мовамі, у залежнасці ад сваіх сацыяльных і палітычных поглядаў. Але памылкова думаць, што скотс успрымалася як дыялект англійскай. Гэтаму маецца шмат доказаў. Напрыклад, у адным дакуменце 16 стагоддзя сярод замежных моў, якімі валодае каралева Англіі Елізавета Першая называецца і скотс.
 
Адной з перадумоў заняпаду мовы скотс стала тое, што, як ужо адзначалася, у пачатку 17 стагоддзя шатландскі кароль Джэймс Шосты заняў англійскі трон пад імем Джэймса Першага, а шатландскі двор перамясціўся ў Лондан. Акрамя таго, шатландскія пратэстанты не пераклалі Біблію на скотс, а вырашылі карыстацца англійскай Бібліяй Караля Джэймса. Хаця адзначаецца, што першая поўная версія Новага Запавету на скотс з’явілася каля 1530 года.
Адукаваныя шатландцы пераходзілі на англійскую мову, якая таксама пачала моцна ўплываць на скотс. Даходзіла да анекдатычных выпадкаў. Так, шатландскі паэт і філосаф Джэймс Біцці выдаў слоўнік скотыцызмаў не для адраджэння мовы скотс, а спецыяльна для таго, каб паказаць суайчыннікам, якіх словаў яны павінны пазбягаць у правільнай англійскай гаворцы. Было створана таварыства па прасоўванні англійскай мовы ў Шатландыі. Быць шатландцам зрабілася непапулярна. Адзначаецца, што многія выбітныя шатландцы таго часу, напрыклад, Дэвід Юм, лічылі сябе не шатландцамі, а паўночнымі брытанцамі.
 
Тым не менш, у 18 стагоддзі частка шатландскіх паэтаў і пісьменнікаў пісала на скотс і перакладала на яе сусветную класіку. Прычым, у адрозненне ад сярэднявечных папярэднікаў, якія часам штучна ўскладнялі мову, напрыклад, лацінскімі граматычнымі канструкцыямі, новыя паэты цалкам перайшлі на народную гутарковую мову. У 1786 годзе Роберт Бернс выдае сваю першую кнігу “Вершы ў асноўным на шатландскім дыялекце”, якая набывае надзвычайную папулярнасць.
 
 
Мемарыял Роберта Бернса ў Эдынбургу
 
“Тытан” шатландскага адраджэння, сэр Вальтэр Скот у пачатку 19 стагоддзя выдае тры тамы шатландскіх балад. У сваіх англамоўных раманах Скот выкарыстоўваў дыялогі на скотс.
 
Помнік сэру Вальтэру Скоту ў Эдынбургу
 
Зрэшты, менавіта Скот адрадзіў традыцыю шырокага выкарыстання шатландскай народнай вопраткі. У 1822 годзе яму было даручана арганізаваць прыём у Эдынбургу брытанскага манарха Георга Чацвёртага. Той быў шчырым прыхільнікам раманаў Скота і спачуваў яго захапленню ўсім шатландскім. Таму Скоту ўдалося пераканаць караля апрануць шатландскі касцюм, хоць той і спалучыў яго з трыко, каб не паказваць свае паўнаватыя ногі. Скот арганізаваў і працэсію шатландскай шляхты, таксама апранутую ў тартан.
 
Шатландскі актор, сэр Шон Конэры сярод шатландскіх музыкаў. Сэр Конэры нарадзіўся ў Эдынбургу, з’яўляецца сябрам Шатландскай нацыянальнай партыі.
 
Шырока выкарыстоўваў шатландскія словы ў сваіх творах Роберт Льюіс Стывенсан. Ён таксама спрабаваў адлюстроўваць на пісьме асаблівасці шатландскага вымаўлення. Адзначаецца, што ў другой палове 19 стагоддзя пісаліся і творы цалкам на скотс. Тым не менш, як і ў выпадку з гэльскай, выкарыстанне скотс у школах было забароненае і каралася. Зрэшты, паведамляецца, што не далей, як у 1993 годзе адзін чалавек быў арыштаваны за знявагу суду за тое, што ён размаўляў на скотс падчас разбіральніцтва.
 
У пачатку 20 стагоддзя ўзнікае лалланс (Lallans) – сінтэзаваная з розных дыялектаў, літаратурная шатландская мова. Асноўнай фігурай у яе стварэнні быў паэт Хью МакДэрмід.
 

Хью МакДэрмід (псеўданім Крыстафера Мюррэя Грыва) у канцы 20-ых гадоў ўдзельнічаў у заснаванні Нацыянальнай партыі Шатландыі (папярэдніцы сучаснай Шатландскай нацыянальнай партыі), але ў 1933 яго выключылі з яе шэрагаў за тое, што ён быў камуністам. Дарэчы, МакДэрмід напісаў тры паэмы пра Леніна. У 1934 ён далучаецца да брытанскай кампартыі, адкуль яго выключаюць праз чатыры гады – зараз ужо за нацыяналізм. Пазней сяброўства ў кампартыі ён аднавіў.

Скотс і шатландская англійская мова ў сучаснасці

Пытанне аб тым, ці валодаюць людзі  мовай скотс, у межах перапісу насельніцтва першы раз было зададзена толькі ў 2011 годзе. Яго вынікі будуць вядомыя не раней, як у другой палове 2012 года. Таму пакуль пры вызначэнні колькасці людзей, якія размаўляюць на скотс, можна абапірацца толькі на вынікі выбарачных апытанняў. Апошняе з іх было праведзена ў 2010 годзе. Апытанне прыблізна тысячы чалавек паказала, што часта размаўляюць на скотс – 20%, даволі часта – 23%, калі-нікалі – 27%, рэдка – 15% і ніколі – 14%. Адзначым, што па дадзеных перапісу 2001 г. агульная колькасць насельніцтва Шатландыі троху большая за 5 мільёнаў чалавек. Іншыя пытанні гэтага шматпланавага даследавання, а таксама вынікі іншых апытанняў на гэту тэму падрабязна разглядаюцца ніжэй. Адзначаецца, што скотс – гэта самая распаўсюджаная меншасная мова Вялікабрытаніі, пры гэтым фінансавая падтрымка ёй аказваецца найменшая.

Скотс мае шэраг даволі своеасаблівых дыялектаў. Адным з дыялектаў з’яўляецца гарадскі скотс. Некаторыя людзі выкарыстоўваюць назву пэўнага дыялекту ў дачыненні да ўсёй мовы. Не ўсе носьбіты мовы скотс ведаюць сам гэты тэрмін. Некаторыя, гаворачы на скотс, могуць нават сказаць, што яны выкарыстоўваюць шатландскі слэнг.

 
Сёння ў шатландскім Лоўлэндзе мова большасці людзей знаходзіцца дзесьці на кантынууме, адзін полюс якога – скотс, а супрацьлеглы –  шатландскі варыянт англійскай мовы.
 
З гэтай нагоды – колькі слоў пра англійскую мову ў Шатландыі. У адных крыніцах адзначана, што ў Шатландыі разам са скотс і гэльскай выкарыстоўваецца шатландская англійская мова, у іншых – проста англійская. Шатландская англійская мова апісваецца як вынік кантакту паміж скотс і стандартнай англійскай мовай пасля 17 стагоддзя. Як ужо адзначалася, англійская мова ў пэўны момант пачала ўплываць на скотс, які паступова англізаваўся. Гэты працэс асабліва паскорыўся ў другой палове 20 стагоддзя з пашырэннем доступу да СМІ на англійскай мове і ростам мабільнасці насельніцтва.
У адрозненне ад, напрыклад, Уэльса, у Шатландыі распаўсюджаны свой стандартны дыялект англійскай мовы – стандартная шатландская англійская мова. Такім чынам, нават найбольш сацыяльна прэстыжныя формы англійскай мовы ў Шатландыі маюць спецыфічна шатландскія элементы. Ад стандартнай англійскай мовы гэты дыялект адрозніваецца ў асноўным шэрагам фанетычных асаблівасцей, але маюцца таксама лексічныя і граматычныя адрозненні, абумоўленыя ўплывам скотс. На англійскую мову Хайлэнду аказала ўплыў гэльская.
 
У адным артыкуле 1979 года адзначалася, што найбольш распаўсюджаны ў Лоўлэндзе маўленчы тып мае адносна нізкую частотнасць лексічных і граматычных шатландызмаў і таму атрымаў назву разрэджаная скотс. Гэтая гаворка называецца іншым аўтарам “дыялектам, які з’яўляецца хутчэй варыянтам англійскай мовы з вялікай колькасцю рыс, якія ўзыходзяць да скотс”.
 
Многія ў Шатландыі размаўляюць і на скотс, і на англійскай, часта выкарыстоўваючы і мяшаную мову. Як і ў сітуацыі з нашай трасянкай, нялёгка вызначыць, ці размаўляе пэўны чалавек на скотс з англійскімі элементамі ці па-англійску з элементамі скотс. Пазіцыя Цэнтра мовы скотс заключаецца ў тым, што размаўляць на скотс – гэта не тое самае, што размаўляць па-англійску з шатландскім акцэнтам.
 
Выбар канкрэтнай мовы білінгвамі часта абумоўлены сітуацыяй. Шатландскую англійскую ў асноўным выбіраюць у фармальных абставінах ці ў размове з чалавекам больш высокага статусу. Скотс, як адзначаецца ў літаратуры, значна часцей выкарыстоўваецца прадстаўнікамі рабочага класу і сялянамі.
 
Адно даследаванне адносін дзяцей горада Глазга да гучання стандартнай англійскай мовы і стандартнай шатландскай англійскай паказала, што стандартная англійская ўспрымаецца як мова снобаў. Дзеці таксама адказалі, што ў тых, хто так размаўляе, больш шанцаў атрымаць працу. Палове гучанне стандартнай англійскай не падабалася. Пры гэтым, многія дзеці назвалі шатландскія словы слэнгам.
 
Маіх уласных уражанняў, натуральна, абсалютна недастаткова, каб рабіць абагульненні. Размаўляючы з людзьмі ў Эдынбургу, я чуў адказы на цалкам стандартнай англійскай мове, гаворку з шатландскім акцэнтам, але таксама і такую спецыфічную гаворку, у якой разумеў зусім не кожнае слова. Праўда, трэба ўлічыць, што ў Эдынбургу шмат замежнікаў.
 
Тыя, хто валодае англійскай мовай, могуць паспрабаваць ацаніць, наколькі ім будзе зразумелы пісьмовы тэкст на скотс. Ніжэй прыводзяцца пераклады на англійскую і на беларускую.
 
Скотс:
The Scots Leid Associe wis foondit in 1972 an ettles tae fordle Scots in leeteratur, drama, the media, eddication an in ilka day uiss. Akis Scots wis ance the state langage o Scotland, it's a vailid pairt o wir heirskip an the associe taks tent tae the fact that it shoud can tak its steid as a langage o Scotland, alang wi Gaelic an Inglis.
 
Англійская:
The Scots Language Society was founded in 1972 and exists to promote Scots in literature, drama, the media, education and in every day usage. Since Scots was once the state language of Scotland, it is a valid part of our heritage and the society recognizes that it should be able to take its place as a language of Scotland, along with Gaelic and English.
 
Беларуская:
Таварыства мовы скотс было заснавана ў 1972 годзе з мэтай падтрымкі скотс у літаратуры, тэатры, СМІ, адукацыі і ў штодзённым ужытку. Паколькі скотс калісь была дзяржаўнай мовай Шатландыі, яна па праве з’яўляецца часткай нашай спадчыны; таварыства дэкларуе, што яна павінна быць адной з моў Шатландыі разам з гэльскай і англійскай.
 
Вы можаце таксама паспрабаваць вызначыць сэнс наступных прыказак на скотс, а потым прачытаць справа іх англійскі эквівалент.
 
A guid name's suiner tint nor wun
A good name is sooner lost than gained
An ill shearer aye blames his tuils
A bad workman always blames his tools
Better a fremmit freend nor a freend fremmit
Better friendly stranger than a friend estranged
It's an ill bird that fyles it's ain nest
Don’t foul your own nest
 
Адзіная граматычная і арфаграфічная норма літаратурнай скотс дагэтуль не ўсталявалася, хаця ў гэтым накірунку зроблена ўжо шмат. З іншага боку, у бок лалланс гучала і крытыка, маўляў, гэта ненатуральная мова, яна адпужвае чытачоў, бо ім цяжка зразумець яе словы. Верагодна, гэта абумоўлена менавіта тым, што суполка стваральніка лалланс МакДэрміда аб’яднала ў гэтай літаратурнай мове словы з розных дыялектаў, а таксама старажытную шатландскую лексіку. У 70-я гады частка паэтаў зноў пачала пісаць на дыялектах.
 
Увогуле, прыхільнасць шатландцаў да дыялектаў заўважная. Напрыклад, прадстаўніца шатландскага лексікаграфічнага цэнтра адзначыла, што яе мара – стварыць камп’ютарную праграму праверкі арфаграфіі для кожнага з асноўных дыялектаў скотс.
 
Дарэчы, прадстаўнікі руху за адраджэнне мовы скотс расказалі пра кнігу пра вынайдзеныя мовы, дзе згадваецца і сінтэтычная літаратурная скотс. Верагодна, гэта кніга пад рэдакцыяй Майкла Адамса “Ад эльфійскай да клінгонскай: даследаванне вынайдзеных моў”. Трэба, аднак, сказаць, што ў кнізе, апроч моваў хобітаў, оркаў і эльфаў, створаных Дж. Толкіенам, ці навамовы Дж. Оруэла, сур’ёзна аналізуюцца працэсы адраджэння і ўзнаўлення жывых моў, напрыклад, іўрыту, гавайскай, шэрагу меншасных еўрапейскіх моў, а таксама міжнародныя мовы, напрыклад, эсперанта. Верагодна, у гэтай кнізе згадана і гэльская мова. Выступ сп. МакКлюэра называўся “Захаванне, адраджэнне ці вынаходніцтва скотс?”.
Цалкам на мове скотс ужо некалькі дзесяцігоддзяў выходзіць часопіс “Lallans”, у якім публікуюцца мастацкія творы і літаратурная крытыка.
 
У асноўных газетах матэрыялы на скотс прадстаўлены ў мінімальных аб’ёмах. Тэлебачання ці радыё на скотс няма, хаця маюцца асобныя праграмы. Некаторыя лічаць, што стварэнне асобнага канала на скотс прывядзе да “гетаізацыі”. Адзначаецца, што выкарыстанне скотс у медыях часта і даўно звязана з камедыямі. Гэта выклікана тым, што скотс можа ўспрымацца не як мова, а як дыялект. Моваабарончыя арганізацыі часта наракаюць на такое становішча. Таксама ёсць выпадкі, калі ў тэлепраграмах носьбіты скотс паказваюцца ў святле негатыўных стэрэатыпаў.
 
Да 40-х гадоў пазіцыя шатландскага дэпартаменту адукацыі ў адносінах да скотс была зняважлівая. Адзначалася, што гэта мова непісьменных людзей, якая не падыходзіць для сфер адукацыі і культуры.
 
У даследаванні 2002 года адзначалася, што маюцца афіцыйныя дакументы, якія заахвочваюць настаўнікаў уключаць элементы скотс у свае ўрокі, але яны не абавязаны гэтага рабіць. Адзначалася, што скотс з’яўляецца мовай навучання, толькі калі гэта мова настаўніка, хаця многія настаўнікі вядуць урокі на стандартнай шатландскай англійскай мове. Як прадмет скотс у сярэдняй школе не вывучаецца, хіба маецца неабавязковы курс для старшакласнікаў. Падручнікаў на скотс няма. Калі вучняў сярэдняй школы і знаёмяць з гэтай мовай, то ў асноўным – праз вывучэнне літаратуры на скотс. Ад будучых настаўнікаў вывучэнне скотс не патрабуецца, адпаведных курсаў няма. Адной з важнейшых праблем у гэтым даследаванні называецца стаўленне большасці шатландцаў да скотс як да кепскай англійскай мовы, нягледзячы на шырокае выкарыстанне яе ў сям’і, літаратуры і іншых сферах.
 
За апошняе дзесяцігоддзе намеціўся пэўны прагрэс, у асноўным у сферы пачатковай і вышэйшай адукацыі. Напрыклад, настаўнікі сталі часцей выкарыстоўваць скотс у працэсе навучання. Прычым адзначаецца, што такі падыход дае магчымасць зацікавіць многіх раней абыякавых да вучобы дзяцей. Вырасла роля тэкстаў на скотс у праграме старэйшых класаў. Створана некалькі сайтаў для настаўнікаў з адукацыйнымі матэрыяламі. Скотс атрымаў прызнанне ў дакуменце Нацыянальнай вучэбнай праграмы, якая заахвочвае настаўнікаў падтрымліваць выкарыстанне скотс дзецьмі. Тым не менш, многія настаўнікі не асабліва ведаюць мову, выкарыстанне яе ў школе застаецца неабавязковым. Зараз прапануецца ўвесці ў школах вывучэнне скотс у межах курсаў англійскай мовы. Я бачыў інфармацыю пра школу, дзе ўжо выкарыстоўваюць гэту схему, а таксама пра школу, дзе скотс вывучаецца як прадмет.
 
У шэрагу шатландскіх ВНУ прапануюцца курсы скотс і датычныя скотс. У Эдынбургскім універсітэце не дазваляецца выкарыстоўваць скотс пры напісанні студэнцкіх прац, тады як у Глазга гэта магчыма. Вывучэнне скотс можа адбывацца ў межах курсаў англійскай мовы.
 

Маецца шэраг арганізацый, мэта якіх – падтрымка і развіццё скотс. У 2009 годзе была створана працоўная група па скотс, якая распрацавала рэкамендацыі па шырэйшым выкарыстанні скотс у шэрагу сфер грамадскага жыцця, якія нагадваюць нашу стратэгію развіцця беларускай мовы ў 21 стагоддзі. Урад Шатландыі даў у цэлым станоўчы адказ на гэтыя рэкамендацыі.

Скотс у Ірландыі

Акрамя Шатландыі, Скотс ужываецца ў Паўночнай Ірландыі (Ольстэры), а таксама ў Рэспубліцы Ірландыя. На канферэнцыі было адзначана, што на афіцыйным узроўні скотс ужываецца ў Ольстэры ці не больш, чым у Шатландыі. Справа ў тым, што ў пачатку 17 стагоддзя Джэймс Чацвёрты, змагаючыся з ольстэрскімі ірландцамі, канфіскаваў іх землі і аддаў іх у карыстанне перасяленцам з Англіі і Шатландыі. З бяднейшай Шатландыі людзей перасялілася значна больш. Мяркуецца, што іх было каля 200000. Потым, праўда, значная частка нашчадкаў тых перасяленцаў перасялілася яшчэ раз – у Амерыку. Большасць – у рэгіён Апалачскіх гор. Сёння каля 10 працэнтаў насельніцтва ЗША адзначаюць, што сярод іх продкаў былі ольстэрскія шатландцы. Шмат амерыканскіх прэзідэнтаў, напрыклад, Уліс Грант, мелі гэта паходжанне.

 
Даследаванне 1999 года паказала, што каля 2% жыхароў Паўночнай Ірландыі валодаюць скотс, што складае прыкладна 30000 чалавек. Па некаторых ацэнках, лічба носьбітаў скотс у Паўночнай Ірландыі і ў Рэспубліцы Ірландыя складае 100000 чалавек. Цікава, што ў Ольстэры маецца рух, прыхільнікі якога разглядаюць ольстэрскі скотс як самастойную мову, а не як дыялект шатландскай скотс. На афіцыйным узроўні, аднак, ольстэрскі скотс прызнаны як варыянт мовы скотс.
 
У Ольстэры ў адной мясцовасці маецца радыё на скотс. У некаторых пачатковых школах ён выкарыстоўваецца ў выкладанні розных прадметаў.
 
Трохмоўная шыльда ў Ольстэры: на англійскай, ірландскай і на ольстэрскай скотс.
 

На карце паказаны арэал распаўсюджання скотс як у Шатландыі, так і ў Ольстэры і Рэспубліцы Ірландыя.

Даследаванні выкарыстання скотс і адносін да яе

У 2010 годзе ў Шатландыі было праведзена даследаванне практыкі выкарыстання мовы скотс і стаўлення да яе. Даследаванне было замоўлена шатландскім урадам і праводзілася метадам апытання прыблізна адной тысячы рэспандэнтаў.

 
Працэнтныя долі людзей, якія размаўляюць на скотс, былі прыведзеныя вышэй. Агулам атрымліваецца, што 85% апытаных ужываюць скотс хаця б зрэдку. Пры гэтым, зусім не чытае на скотс 48%, а не піша 68% рэспандэнтаў. Найменш размаўляюць на скотс людзі, старэйшыя за 65 гадоў. Магчыма, гэта вынік ранейшых больш негатыўных адносін да гэтай мовы.
 
У асноўным на скотс размаўляюць у сям’і і з сябрамі, істотна менш – на працы і ў іншых сферах. Сярод моладзі 81% адказвае, што размаўляе на скотс з сябрамі.
 
67% больш-менш згодныя з тым, што яны выкарыстоўваюць скотс у сваёй гаворцы, але не ўсведамляюць гэтага. Дзве трэціх згодныя з тым, што людзі ў іх мясцовасці часта размаўляюць на скотс. Заўважу важнае метадалагічнае адрозненне гэтага апытання ад тых, што праводзілася ў нас Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў і ад сумеснага даследавання сацыялагічнай лабараторыі “Новак”, Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, і кампаніі “Будзьма”. Перад пачаткам апытання рэспандэнтам далі паслухаць некалькі ўрыўкаў на скотс.
 
На пытанне, чаму яны не размаўляюць на скотс, адносная большасць у 38% адказвае, што яны не шатландцы, 10% кажуць, што для іх лепей размаўляць па-англійску, на правільнай ці добрай англійскай мове, а 4% сцвярджаюць, што скотс гучыць, як слэнг.
 
68% апытаных больш-менш згадзіліся з тым, што яны расцэньваюць скотс не як мову, а “хутчэй проста як спосаб размаўляць” (justawayofspeaking). Адзін аўтар выказаўся на гэты конт, маўляў, шатландцам 400 год казалі – ці горш, яны казалі самі сабе, – што мова іх старажытнай літаратуры, у тым ліку і Роберта Бернса – гэта не болей чым неахайны варыянт мовы-сястры, англійскай.
 
Большасць лічыць, што размаўляць на скотс важна для іх асабіста, хаця больш за трэць не лічыць гэта важным.
 
Большасць называе нацыянальныя традыцыі і ідэнтычнасць (індывідуальнасць, своеасаблівасць) прычынамі асабістай важнасці мовы скотс. У адказе на пытанне: “Наколькі важна для вас выкарыстанне скотс у наступных сферах…”, – найбольш важнай аказваецца сфера культуры, далей ідуць медыі, сацыяльна-палітычная сфера, заканадаўства і бізнес, хаця адрозненні паміж сферамі не вельмі вялікія. Большасць лічыць, што скотс у дастатковай меры выкарыстоўваецца ў названых сферах грамадскага жыцця, хаця істотны працэнт жадае большага. Гэта выснова называецца адной з галоўных, атрыманых у даследаванні.
 
Прыблізна дзве трэціх апытаных лічаць, што скотс актуальны для сучаснай Шатландыі.
 
29% больш-менш згодныя, каб скотс вывучаўся ў школах, тады як 55% хутчэй не згодныя з гэтым. Але пры гэтым, 64% хутчэй згодныя з тым, каб шатландскія дзеці заахвочваліся выкарыстоўваць скотс, супраць – 31%. Тры асноўныя аргументы праціўнікаў заахвочвання: трэба вучыць дзяцей англійскай (правільнай англійскай) мове, скотс непатрэбная, скотс гучыць як слэнг.
 
На канферэнцыі з боку шатландцаў выказвалася скептычнае меркаванне адносна вынікаў сацыялагічных апытанняў. Адзін аўтар адзначае, што паўсюднае выкарыстанне англійскай мовы ў навучанні вядзе да таго, што людзі, якія размаўляюць на скотс, думаюць, што яны няправільна размаўляюць па-англійску. Гэта, у сваю чаргу, можа прыводзіць да нянавісці да ўласнай гаворкі і пачуццю сораму. У выніку, пэўная частка носьбітаў скотс ў апытанні можа адказваць, што яны англамоўныя.
 
У літаратуры часта прыводзяцца вынікі двух даследаванняў 1995 і 1996 гадоў з мэтай вызначыць колькасць людзей, якія размаўляюць на скотс у Шатландыі. Адно даследаванне паказала 30%, а іншае – 57% носьбітаў скотс. Пытанні даследавання, якое паказала 57%,  прызнаны арганізатарамі іншага даследавання больш дэтальнымі. Інтэрв’ю ў даследаванні з большым вынікам праводзіліся на мове, якая найбольш падыходзіла для той грамады, з якой быў рэспандэнт. Тое, што людзям задавалі пытанне на скотс, называецца адной з прычын атрымання высокай працэнтнай долі носьбітаў скотс у гэтым даследаванні.
 

У абодвух даследаваннях сярод носьбітаў скотс пераважалі прадстаўнікі рабочага класу і людзі старэйшага пакалення (заўважце адрозненне ад вынікаў 2010 года).

Пытанні пра мовы ў перапісах насельніцтва

Даследаванне, якое дало вынік у 30%, было спецыяльна прымеркавана да перапісу насельніцтва 2001 года і павінна было вызначыць, ці прыдатнае адпаведнае пытанне ў межах перапісу для вызначэння колькасці носьбітаў скотс. Даследчыкі зрабілі выснову аб тым, што дакладнае вызначэнне колькасці носьбітаў патрабуе больш глыбокіх інтэрв’ю і большай колькасці пытанняў адносна выкарыстання мовы ў розных сітуацыях, але такі падыход для перапісу насельніцтва непрымальны. Да таго ж, было адзначана, што людзі ўсё яшчэ думаюць, што размаўляюць на кепскай англійскай мове, а не на скотс, што таксама не дазволіць атрымаць падчас перапісу дакладныя дадзеныя. Даследчыкі рэкамендавалі не задаваць пытанне пра скотс у межах перапісу з-за праблем рэспандэнтаў з азначэннем тэрміну “скотс”.

Нягледзячы на прапановы прыхільнікаў адраджэння скотс, пытанне пра валоданне гэтай мовай у перапісныя лісты ў 2001 годзе ўключана не было, хаця там было адпаведнае пытанне пра гэльскую мову. Адмова ўключаць гэта пытанне крытыкуецца і называецца паказчыкам адсутнасці схільнасці да развіцця і нават да падтрымкі скотс. 
 
Пытанні пра мовы ў перапісе 2011 года выглядалі наступным чынам. Было зададзена пытанне, якую мову: англійскую, гэльскую ці скотс – рэспандэнты разумеюць, на якой з іх яны могуць размаўляць, чытаць і пісаць.
 
 
Другое пытанне было пра тое, наколькі добра рэспандэнты валодаюць англійскай мовай. Нарэшце, трэцяе пытанне датычылася таго, ці выкарыстоўваюць рэспандэнты дома якую-небудзь мову, апроч англійскай. Варыянты адказаў: “Не, толькі англійскую”, “брытанскую жэставую мову”, “Так, іншую” (трэба было пазначыць, якую).
 
 
 
Па некаторых ацэнках у Шатландыі жыве 2% эмігрантаў, напрыклад, з Пакістану, Індыі, Кітая, Польшчы і г.д., якія таксама робяць пэўны ўнёсак у шатландскую моўную сітуацыю.
 
Шатландцаў здзівіла, што ў нашых перапісных аркушах у якасці роднай можна было пазначыць толькі адну мову.

Перад перапісам 2011 года Цэнтрам мовы скотс быў запушчаны сайт www.ayecan.com. Як адзначыў дырэктар цэнтра, сп. Майкл Хэнс, многія людзі размаўляюць на скотс штодня, але могуць не ўсведамляць гэтага, думаючы, што іх гаворка – гэта слэнг ці кепская англійская мова. Сайт тлумачыць, што такое мова скотс, дае адказы на найбольш частыя пытанні пра яе, прапануе ўзоры пісьмовай і вуснай скотс для таго, каб чалавек мог вызначыцца, як адказваць на пытанне перапісу, датычныя гэтай мовы.

Моўнае пытанне ва ўрадавай і партыйнай палітыцы

Шатландцы, з якімі я размаўляў на гэту тэму, задаволены сваім цяперашнім урадам. Большасць у ім складаюць прадстаўнікі Шатландскай нацыянальнай партыі. Агучвалася, што, нягледзячы на назву, раней гэта партыя ігнаравала пытанні мовы і культуры.
 
У 90-я гады кансерватыўны ўрад і апазіцыйныя партыі Шатландыі праводзілі палітыку падтрымкі гэльскай мовы, якая ў некаторых партый была сфармулявана ў выглядзе спецыяльных дакументаў. Што да  падтрымкі скотс, то ў шэрагу партый не было ніякіх дакументаў на гэту тэму, хаця ўрад выдаткоўваў на гэта грошы (значна менш, чым на падтрымку гэльскай), а прадстаўнікі іншых партый пазітыўна выказваліся па гэтым пытанні. Шатландская нацыянальная партыя была адзінай, якая згадвала скотс у сваіх дакументах, хаця і ў іх палітыка ў дачыненні да гэльскай была больш выразнай. Адна крыніца 2005 года адзначае, што шатландскімі ўладамі тэма скотс разглядаецца як дадатак да гэльскай тэматыкі. Практычныя крокі ў накірунку  развіцця скотс называюцца абмежаванымі. Але, як было адзначана на канферэнцыі, сёння ўсе партыі, за выключэннем Кансерватыўнай, падтрымліваюць развіццё мовы скотс.
 
У парламенце ёсць міжпартыйная група, якая лабіруе развіццё скотс. У абмежаваным аб’ёме скотс выкарыстоўвецца на сайце парламента, на яе перакладзены некаторыя дакументы.
 
У 90-я гады ў Шатландыі праводзіліся цікавыя даследаванні сувязі паміж роднай мовай і сімпатыямі да пэўных палітычных партый. Шмат рэспандэнтаў адзначыла, што моўная палітыка кандыдата вырашальным чынам уплывае на іх выбар. Уражвае, што ніводны носьбіт скотс не быў згодны падтрымаць кандыдата, які б праводзіў палітыку, накіраваную супраць гэльскай мовы. Таксама і ніводны гэламоўны не прагаласаваў бы за палітыка, які выступае супраць развіцця скотс.
 
У гэтым годзе ў Шатландыі павінен прайсці рэферэндум па пытанні незалежнасці. Але прадстаўнікі шатландскага боку не маюць пэўнага погляду на тое, якім чынам незалежнасць можа адбіцца на моўнай палітыцы. Прынамсі, не прагучала меркавання, што гэта прывядзе да адназначна пазітыўных наступстваў.
 
 
Будынак Шатландскага парламенту ў Эдынбургу
 
Рознае
Паміж адраджэнцамі мовы скотс і гэльскай мовы назіраецца пэўнае непаразуменне ў пытанні моўнага афармлення навакольнага асяроддзя. Справа ў тым, што ў Шатландыі расце колькасць шыльдаў і дарожных знакаў на дзвюх мовах: англійскай і гэльскай. Здараецца, што Гэльская рада стварае назвы для мясцін, якія раней гэльскіх назваў не мелі, але маюць назву на скотс. Таму, вітаючы пашырэнне ўжытку гэльскай, прыхільнікі скотс патрабуюць не забывацца і на гэту мову.
 
Адно даследаванне паказала, што значны працэнт як носьбітаў скотс, так і носьбітаў гэльскай мовы жадаў бы вывучыць і іншую шатландскую мову.
 
Дзвюхмоўны дарожны знак: па-гэльску і па-англійску
 
Мяне здзівіла, што прыхільнікі моўнага адраджэння не маюць намеру распрацоўваць агульнашатландскі закон аб мовах, які мог бы ўрэгуляваць у тым ліку і спрэчкі наконт знакаў.
 
Цікава, што прыхільнікі адраджэння як скотс, так і гэльскай мовы не ўспрымаюць сённяшнюю сітуацыю як дыскрымінатыўную. Яны сцвярджаюць, што ўціску з боку англамоўных няма. Вінаватымі ў праблемах скотс называюцца самі яе носьбіты, якія не праяўляюць дастатковай актыўнасці. Адзначалася, што ўрад ідзе насустрач пажаданням, калі яны падтрымліваюцца дастатковай колькасцю насельніцтва.
 
Больш таго, ад прыхільнікаў адраджэння скотс можна было пачуць, што яны рады быць адначасова і часткай англамоўнага свету. У якасці пазітыўнага прыкладу прыводзілася Італія, дзе многія людзі дзвюхмоўныя: валодаюць стандартнай італьянскай і мясцовым варыянтам мовы. Прычым мясцовая ўлады дбаюць пра развіццё гэтых мясцовых варыянтаў.
 
Увогуле, прадстаўнікі шатландскага боку адзначылі, што ў справе адраджэння беларускай мовы ў нас зроблена значна больш, чым у іх – са скотс і гэльскай. Напрыклад, ім вельмі спадабалася ідэя конкурсу беларускамоўнай рэкламы, які праводзіцца ў нас ўжо другі год запар. Відавочна, аднак, што ў пэўных сферах мы адстаем. Напрыклад, электроннага корпусу беларускай мовы дагэтуль няма, тады як шатландскі корпус існуе. Заўважце, гэта корпус тэкстаў на шэрагу моў, якія выкарыстоўваюцца ў Шатландыі. У продажы ёсць шмат варыянтаў мультымедыйных курсаў гэльскай мовы.
 
Тым, хто жадае атрымаць больш інфармацыі пра гэльскую мову і мову скотс, можна рэкамендаваць шэраг інтэрнэт сайтаў, у прыватнасці, наступныя. Пра мову скотс:
Таварыства шатландскай мовы
Цэнтр шатландскай мовы
Слоўнік скотс
http://www.ayecan.com/,
http://www.scots-online.org/.
 
Пра шатландскую гэльскую мову:
 Гэльская рада,
 Слоўнікі шатландскай гэльскай мовы,
 БіБіСі-Альба.
 
 
Аўтар на фоне брамы Эдынбургскага замка