Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
АРГАНІЗАЦЫЯ — Бацькоўскі камітэт

Кароткая хроніка стварэння беларускай гімназіі № 23 у Мінску

Напрыканцы 1999 года была утворана суполка ТБМ “Гарадскі бацькоўскі камітэт”.

Пачалася гісторыя з таго, што Ігар Хляба стаў шукаць беларускамоўны садок у Цэнтральным  або Савецкім раёнах, куды ён хацей аддаць сваіх дваіх дзяцей. У садках паблізу месца жыхарства Ігар такой магчымасці не знайшоў. Тады Ігар звярнуўся ў ТБМ, дзе яму прапанавалі і дапамаглі напісаць ліст у Міністэрства адукацыі з запытам. Міністэрства прапанавала садок, але павадзіўшы ў яго дзяцей цягам году Ігару стала зразумела, што беларускамоўным гэты садок  можна назваць толькі фармальна,  кантынгент бацькоў і дзяцей у  групе цалкам расейскамоўны.  Тады Ігар стаў шукаць аднадумцаў- беларускамоўных бацькоў, каб стварыць сапраўдную беларускамоўную рознаўзроставую групу ў нейкім нават расейскамоўным садку. Аднадумцаў ён знайшоў хутка, а вось  з месцам для групы была праблема. Але Бог дапамог яму выпадкова пазнаёміцца з цудоўным чалавекам – тады загадчыцай 314-га садка г. Мінска Слясарчык Раісай Іосіфаўнай. Яна і запрасіла беларускамоўных дзяцей у сваю ўстанову.  А з бацькоў гэтых дзяцей пачаў сваё адраджэнне  Мінскі гарадскі бацькоўскі камітэт пры ТБМ.  Не забудзем іхныя прозвішчы:Тоўсьцік, Саўка, Вайцаховіч, Пучынскі, Сідаровіч, Вячорка, Каліноўскі, Зайц і іншыя. Далей свае шэрагі   бацькоўскі камітэт пашырыў, дзякуючы  неабыякавым і актыўным бацькам, дзеці якіх праз два-тры гады павінны былі дасягнуць школьнага ўзросту.
 
 Гэта ў першую Кашэль Кастусь, Лагвінец Алесь, Жучкова Наталля, Саўка Зміцер, дзеці  якіх павінны быў пайсці ў школу ў 2001 годзе. Акрамя іх у склад суполкі ўвайшлі Сакалова Вікторыя, Палсцюк Валеры, Гліннікава Святлана, Гэнік Лойка, Вераб’ёў Уладзімір, Дзеружынскі Авяр’ян,  Матавілавы, Дзядовы,  Мацкевіч Тамара, Анісім Алена, у якасці кансультантаў настаўнікі Сядзяка Аляксандр, Людміла Чухрова  і іншыя.
 
Варта адзначыць, што гэта была не першая спроба самаарганізацыі бацькоў, якія дамагаліся беларускамоўнага навучання сваіх дзяцей – у 1988 годзе яшчэ за савецкімі часамі паўстала грамадская арганізацыя з назвай “Гарадскі бацкоўскі камітэт беларускамоўных школ і класаў г. Мінска”. Арганізацыя паспяхова дзейнічала, змагаючыся за выкананне канстытуцыйнага права грамадзян Беларусі вучыць сваіх дзяцей па-беларуску, імкнулася, каб гэтае навучанне было якасным, ладзіла летнікі, стажыроўкі настаўнікаў, шчыльна ўзаемадзейнічала з усімі галінамі ўлады дзеля дасягнення сваіх мэт. Але гэта тэма асобнай гаворкі.
 
Прыярытэтнай задачай Гарадскога бацькоўскага камітэта стала стварэнне беларускамоўнай гімназіі ў цэнтры Мінска ў месцы з добрым транспартным забеспячэннем. Ніжэй падаём пералік дзеянняў, якія ўрэшце рэшт прывялі да станоўчага выніку.
 
1. Апошнімі днямі 1999 года у адрас начальніка ўпраўлення адукацыі г. Мінска Ціцянкова М. С. быў адпраўлены ліст, дзе, у прыватнасці, прапаноўвалася: “Надаць прэстыжнасць беларускім школам шляхам ператварэння іх у гімназіі або спецыялізаваныя школы не толькі гуманітарнай, але і фізіка-матэматычнай, тэхнічнай накіраванасці. Са свайго боку мы б маглі паспрыяць прыцягненню для выкладання вядомых спецыялістаў у сваіх галінах”.
 
2. 30.01.2000 г. адбылася сустрэча сяброў Бацькоўскага камітэта з начальнікам упраўлення адукацыі Ціцянковым М. С., дзе было паднятае пытанне пра стварэнне гімназіі. Тады з боку Ціцянкова М. С. была выказаная думка, што з цягам часу такая гімназія магла б паўстаць на базе СШ № 23 Савецкага раёна, якая месціцца на праспекце Ф. Скарыны ў раёне метро “пл. Я. Коласа”.
 
3. У сакавіку 2000 г. адбылася другая сустрэча сяброў Бацькоўскага камітэта з начальнікам упраўлення адукацыі Ціцянковым М.С., дзе вялася размова пра гімназію. З боку Бацькоўскага камітэта нават былі прапанаваныя некалькі кандыдатур на пасаду дырэктара СШ-23 (былая дырэктарка мелася выходзіць на пенсію). Ціцянкоў М. С сказаў, што прызначэнне дырэктара не справа ТБМ і прапанаваў дапамагчы ў арганізацыі беларускамоўных першых класаў у СШ-23.
 
4. 21.04.2000 г. адбылася сустрэча старшыні ТБМ Алега Трусава і каардынатара Бацькоўскага камітэта Ігара Хлябы з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Пашкевічам І. І. Сярод прапановаў была: “Стварыць у цэнтры Мінска, у раёне адной са станцыяў метро Мінскую гарадскую беларускую гімназію, імкнучыся забяспечыць найвышэйшы ўзровень выкладання ўсіх прадметаў па-беларуску, які задаволіў бы патрэбы ў высакаякаснай беларускамоўнай адукацыі (у першую чаргу ў галіне прыродазнаўчых і дакладных дысцыплінаў). Першыя крокі ў гэтым напрамку ўжо зроблены ГУА г. Мінска, але існуюць перашкоды, якія не дазваляюць справе рухацца далей.”
 
5. 23.05.2000 г. міністру адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь Стражаву В. І. адпраўлены зварот Бацькоўскага камітэта, дзе гаварылася: “Мы просім паспрыяць стварэнню беларускай гімназіі ў цэнтры сталіцы. Бацькоўскі камітэт зрабіў першыя крокі ў напрамку да таго, каб ажыццявіць гэта праз 4-5 гадоў на базе СШ№ 23. Але справа можа скончыцца нічым, бо цяперашняя адміністрацыя школы не ў стане працаваць на перспектыву стварэння прэстыжнай беларускай гімназіі з высокім узроўнем адукацыі, ды і не ведае, як гэта рабіць”.
 
6. 14.07.2000 г. за подпісам старшыні Гарадской рады ТБМ г. Мінска Алены Анісім адпраўлены ліст старшыні Мінскага гарвыканкама Паўлаву М. Я. У ім гаворыцца: “На погляд Бацькоўскага камітэту неабходна правядзенне ў г. Мінску мэтанакіраванай палітыкі па развіццю беларускай школьнай і прафесійнай адукацыі. Першым крокам  у гэтым накірунку магло бы стаць стварэнне ў цэнтры горада беларускай гімназіі.
 
Гэта дыктуецца наступнымі прычынамі:
-        Якасць і прэстыжнасць гімназічнай формы навучання дасць магчымасць беларускамоўнай адукацыі быць прывабнай для шырокіх колаў насельніцтва сталіцы.
-        Размяшчэнне беларускамоўнай гімназіі ў цэнтры горада паблізу метро дасць магчымасць лягчэй дабірацца да навучальнай установы з розных месцаў горада.
-        Знаходжанне беларускамоўнай гімназіі на тэрыторыі Савецкага або Цэнтральнага раёна, дзе няма ніводнай агульнаадукацыйнай беларускай школы, вырашыць праблемы бацькоў, жыхароў гэтых раёнаў, якія цяпер змушаны вазіць сваіх дзяцей у беларускія школы другіх раёнаў горада.
-        Гімназія павінна мець прыродазнаўчую і фізіка-матэматычную спецыялізацыю, бо ўсе існуючыя беларускамоўныя школы ў г. Мінску маюць толькі агульнаэстэтычны і гуманітарны профіль.
Такая навучальная ўстанова магла б:
-        Мець шчыльныя стасункі з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя М. Танка, Інстытутам адукацыі пры Міністэрстве адукацыі ў галіне распрацоўкі і ўкаранення навучальных праграм і планаў.
-        Скарыстоўваць патэнцыял педагагічных кадраў Беларускага нацыянальнага ліцэя імя Я. Коласа.
-        Мець апеку Беларускага нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф. Скарыны.
-        Быць узорам не толькі для школ гораду, але і для ўсёй Беларусі.
Мы прапануем сёлета зрабіць неадкладныя захады, каб у 2001 годзе стварыць першую гімназічную плынь з 2-3 класаў. Мы маем варыянт канцэпцыі такой гімназіі і плана яе стварэння на базе гарадской сярэдняй школы, што можна было б абмеркаваць з кіраўніцтвам адукацыяй”.
Што да канцэпцыі беларускай гімназіі, то былі выкарыстаныя напрацоўкі былога нам. міністра адукацыі Пятроўскага Г. М.:
- Беларуская гімназія павінна даваць магчымасць атрымання на беларускай мове высакаякаснай адукацыі па ўсіх асноўных накірунках дыферэнцыяцыі (гуманітарнай, прыродазнаўчай, матэматычнай і г.д.). Толькі пры такой умове яна мае магчымасці стаць прывабнай. Для гэтага яна павінна існаваць у складзе 5-11 класаў са шматпрофільным навучаннем.
- Паглыбленае вывучэнне замежных моў павінны пачынацца з 5 пятага класа, матэматыкі - з 8, іншых прадметаў - з 9. Гімназія павінна працаваць па індывідуальных вучэбных планах.
-   Набор вучняў у гімназію трэба весці з пачатковых беларускамоўных класаў, якія павінны існаваць у шэрагу школ, набліжаных да месца пражывання дзіцяці і толькі з пятага класа дзеці пераходзяць у гімназію. Гімназія павінна мець нядзельную школу для тых дзяцей, якія па нейкіх прычынах не могуць навучацца ў беларускамоўных пачатковых класах, але жадалі б паступіць у гімназію.
-   Дзейнасць гімназіі ўзгадняецца з Беларускім гуманітарным ліцэем, куды частка вучняў магла бы пераходзіць пасля 7-га класа.
-  Вучэбная работа ў гімназіі павінна быць інтэгравана з выхаваўчай і вучэбна-даследчай работай  вучняў.
 
7.  З дапамогай бацькоўскага камітэта ў СШ-23 набраны беларускі падрыхтоўчы клас, такім чынам было адноўлена беларускамоўнае навучанне ў пачатковай школе пасля некалькіх гадоў перапынку.
 
8. На сустрэчы сябраў Бацькоўскага камітэту і Таварыства беларускай школы А. Анісім, І. Хлябы, М. Скоблы, Л. Чухровай, А. Лагвінца, К. Кашэляз Ціцянковым М. С. 22.01.01 г. зноў узнятае пытанне беларускай гімназіі.
 
9. Рэгулярнымі сталі сустрэчы старшыні Гарадской рады ТБМ г. Мінска Алены Анісім з Ціцянковым М. С., падчас якіх уздымаецца пытанне гімназіі. 
 
10.  Адпраўлены чарговы напамін пра праблему старшыні Мінскага гарвыканкама Паўлаву М. Я.: “Мінуў ужо амаль год, як мы дасылалі Вам ліст адносна стану беларускамоўнай адукацыі ў г. Мінску. У прыватнасці, мы ставілі пытанне пра магчымасць адкрыцця беларускай гімназіі ў цэнтры горада, бо ўсе беларускія школы (а іх 11 з агульнага ліку каля 250) знаходзяццца на перыферыі горада. Пасля гэтага Гарадское ўпраўленне адукацыі прапанавала вырашыць гэтае пытанне на базе СШ-23, якая мае статус беларускамоўнай школы з 1989 года (рашэнне №156), размяшчаецца ў цэнтры горада каля пл. Я. Коласа. Летась гэтую школу ўзначаліла новы дырэктар, Нікіціна Ніна Iванаўна, якая актыўна ўзялася за ператварэнне школы ва ўстанову з падвышаным узроўнем адукацыі. Яна падтрымала імкненне бацькоў стварыць беларускамоўную гімназію і ўсяляк спрыяла набору падрыхтоўчага беларускамоўнага класа і падбору кадраў для працы ў ім. Гэты клас з’яўляецца адзіным падрыхтоўчым беларускамоўным ва ўсім Савецкім раёне сталіцы. Падтрыманыя адміністрацыяй Савецкага раёна дакументы для стварэння гімназіі былі накіраваныя гарадскім уладам. Але ўпраўленнем адукацыі гэты крок не быў падтрыманы. Не дадзена згоды і на адкрыццё беларускамоўнай гімназічнай плыні. Такім чынам, афіцыйнага адказу на прапановы кіраўніцтва гімназіі няма, што стварае ў адміністрацыі праблемы з камплектаваннем, а ў бацькоў, якія з задавальненнем прывялі б дзяцей у беларускамоўны клас з падвышаным узроўнем выкладання - няпэўнасць. Мы просім Вас дапамагчы зрабіць першыя крокі дзеля стварэння Мінскай гарадской беларускай гімназіі”.
 
11. На працягу жніўня-кастрычніка адбыліся дзве сустрэчы (першая 04.08.2001 г.) каардынатараў Бацькоўскага камітэта І. Хлябы, В. Палсцюка і старшыні Гарадской рады ТБМ г. Мінска Алены Анісім з намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама Гурыным В. В.
 
12. З ініцыятывы Бацькоўскага камітэта ў газеце «Народная Воля» друкуецца «Інфармацыя да ведама бацькоў» аб наборы на беларускамоўнае навучанне, у тым ліку і ў СШ № 23.
 
13.     31.08.2001 г. атрыманы ліст, падпісаны Ціцянковым М. С., дзе паведамляецца: “Прапанова СШ № 23 і аддзела адукацыі адміністрацыі Савецкага раёна аб пераўтварэнні школы ў Мінскую гарадскую беларускую гімназію была адхілена па наступных прычынах:
-        у 2000/2001 навучальным годзе ў школе адсутнічалі 1-4-ыя класы, а гімназія прадугледжвае набор у 5-ыя класы;
-        узровень вучэбна-выхаваўчага працэсу і стану матэрыяльна-тэхнічнай базы не адпавядае патрабаванням устаноў новага тыпу”.
 
14.     У друку з’яўляецца інфармацыя наступнага зместу: “Рашэнне аб стварэнні ў Мінску першай у рэспубліцы гімназіі, дзе выкладанне будзе весціся на беларускай мове, падпісаў мэр сталіцы Міхаіл Паўлаў.
Як адзначыў у інтэрв'ю “Інтэрфаксу” начальнік упраўлення адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл Ціцянкоў, з'яўленне ў сталіцы беларускай гімназіі — падзея неардынарная. Ён паведаміў, што да 1 верасня 2002 года, дня афіцыйнага адкрыцця гімназіі, упраўленню адукацыі трэба будзе вызначыцца з месцам размяшчэння гімназіі, складам педагогаў. “Хутчэй за ўсё, новая навучальная ўстанова размесціцца ў цэнтры горада”, — сказаў М. Ціцянкоў.
На яго думку, гімназія павінна адрознівацца ад дзеючых цяпер адзінаццаці сярэдніх школ, выкладанне ў якіх вядзецца на беларускай мове, “асаблівым нацыянальным каларытам” (Газета “Звязда” 13.09.2001 г.).
 
15. Накіраваная падзяка сп. Паўлаву і зноў засяроджана ўвага на прынцыповых для бацькоў пытаннях, што да канцэпцыі гімназіі:
-        Гімназія павінна знаходзіцца ў цэнтры горада, каля асноўных транспартных камунікацый, каб дзеці з большай часткі Мінска без перасадак маглі даехаць да навучальнай установы.
-        Пасаду дырэктара павінен заняць чалавек, здольны стварыць калектыў творчых настаўнікаў, дасягнуць высокай якасці навучання, падтрымліваць беларускі моўны рэжым. Мы таксама хочам, каб гэты чалавек быў цвёрдым прыхільнікам беларускамоўнага навучання і не скарыўся перад цяжкасцямі, якія яго чакаюць на працягу першых гадоў працы гімназіі, не перавёў бы гімназію ці яе частку на рускую мову, як гэта здарылася амаль з сотняй мінскіх школ у другой палове 90-х гадоў.
-        Мяркуем, што гэтая навучальная ўстанова павінна мець статус Гарадской беларускай гімназіі.
-        Гімназія павінна мець фізіка-матэматычную плынь. На жаль, ніводная беларускамоўная школа горада такой спецыялізацыі не мае, між тым сучаснае жыццё патрабуе ад маладых людзей ведаў у галіне дакладных навук.
 
16. 08.11.2001 г. атрыманы ліст, падпісаны Ціцянковым М. С., дзе паведамляецца: “Упраўленне адукацыі Мінгарвыканкама паведамляе, што адкрыццё гімназіі з беларускай мовай навучання і паглыбленым вывучэннем замежнай мовы плануецца з 2002/2003 навучальнага года ў будынку СШ № 23 па адрасе: пр-т Ф. Скарыны, 45. Дырэктар гімназіі будзе прызначаны напярэдадні адкрыцця гімназіі.”
 
Такім чынам, бацькі паставілі перад сабой мэту і дасягнулі яе, спланавана праводзячы рэгулярную і настойлівую працу. Сёння гімназія № 23 паспяхова дзейнічае.