Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
ДЗЕЙНАСЦЬ — Ліставанне

Ліст міністру адукацыі

Ліст ТБМ  Міністру адукацыі Рэспублікі Беларусь прафесару МАСКЕВІЧУ С.А. ад 4 чэрвеня 2012 г. № 36.

 

 Міністру адукацыі Рэспублікі Беларусь
прафесару МАСКЕВІЧУ С.А.

 
Паважаны Сяргей Аляксандравіч!
Падчас нядаўняга візіту ў Полацк Кіраўнік нашай дзяржавы яшчэ раз пацвердзіў права кожнага вучня вывучаць гісторыю па-беларуску, нават калі ён вучыцца ў рускамоўнай школе. Аднак, не так усё проста з навучаннем на роднай мове, нават у школах з беларускамоўным навучаннем.
 
Днямі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” атрымала адказ з Вашага міністэрства на наш чарговы ліст, у якім, у поўнай адпаведнасці са Статутам нашага грамадскага аб’яднання, мы паставілі пытанні аб фактах дыскрымінацыйнага стаўлення да вучняў беларускамоўных сярэдніх навучальных устаноў у справе забеспячэння гэтых вучняў падручнікамі  і іншымі навучальнымі дапаможнікамі. У сваім лісце, у прыватнасці, мы звярталі ўвагу на тое, што ў гандлёвай сетцы адсутнічаюць шмат якія найменні абавязковай для вучняў вучэбнай літаратуры, выдадзенай на дзяржаўнай беларускай мове.
 
Адказ, які прыйшоў нам за подпісам Вашага намесніка К.С.Фарыно, толькі часткова высветліў сітуацыю, але ні ў якім разе не паказаў шляху вырашэння пастаўленых у нашых папярэдніх лістах праблем.
 
Так, К.С.Фарыно зноў паабяцаў, што падручнік па інфарматыцы для 6 класа ІІ ступені сярэдняй школы на беларускай мове будзе выдадзены “згодна з планам” у 2014 годзе, але дзе ўзяць такі падручнік тым вучням, што прыйдуць у шостыя класы ў бягучым і ў наступным навучальным годзе, ён так і не патлумачыў.
 
Ваш паважаны намеснік напісаў таксама, што з 2009 года ў серыі “Школьная бібліятэка” былі выдадзеныя на беларускай мове тры кнігі замежных аўтараў (наяўнасць другой з пададзеных ім назваў, дарэчы, не пацвярджаецца каталогам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі). Паводле нашых падлікаў, у дзейнай “Вучэбнай праграме па беларускай літаратуры для V—XI класаў агульнаадукацыйных устаноў” (Мн., 2010) прадугледжваецца вывучэнне на беларускай мове або чытанне ў якасці твораў для пазакласнага чытання больш за сорак твораў трыццаці васьмі замежных аўтараў. Калі ў “Школьнай бібліятэцы” будзе выходзіць у сярэднім па адной такой кнізе штогод, як Вы разумееце, выданне гэтах кніг расцягнецца аж на сорак з лішкам гадоў! Між тым, выданне ў названай серыі твораў праграмнай рускай літаратуры і замежнай літаратуры ў перакладах на рускую мову ідзе хуткімі тэмпамі, хоць у беларускіх кнігарнях гэтай літаратуры хапае, а ў букіністычных крамах цудоўныя выданні праграмных твораў Пушкіна, Цютчава, Лермантава, Талстога, Гогаля, Дастаеўскага, Буніна і іншых можна купіць па вельмі нізкіх коштах – вельмі часта танней за творы беларускай літаратуры і, тым больш, за творы сусветнай літаратуры, перакладзеныя на беларускую мову.
 
Ваш намеснік К.С.Фарыно, акрамя таго, у дадатку да свайго ліста падае спіс з дзесяці пазіцый – атласаў па дысцыпліне “Чалавек і свет”, па геаграфіі і па сусветнай гісторыі, выдадзеных у апошнія тры гады на беларускай мове. Але тыя бацькі, што звяртаюцца па дапамогу ў наша Таварыства, сведчаць, што ў гандлёвай сетцы з гэтых дзесяці пазіцый з’яўляліся толькі атлас па дысцыпліне “Чалавек і свет” і “Атлас па сусветнай гісторыі ХІХ—пачатку ХХ ст.” (апошні нейкі час быў у наяўнасці толькі ў адной краме “Адукацыя” ў горадзе Мінску). Спадар Фарыно нават не абяцае, што ў прынцыпе з’явяцца беларускамоўныя контурныя карты па геаграфіі і сусветнай гісторыі, не кажучы ўжо пра працоўныя сшыткі па большасці дысцыплін школьнай праграмы. Можна здагадвацца, што запланаваны пераход на электронныя версіі падручнікаў для сярэдняй школы можа ў выніку прывесці да яшчэ большай дыскрымінацыі беларускай мовы.
 
На жаль, атрымаўшы два лісты ад Вашага намесніка па сутнасці пастаўленай намі праблемы, мы можам паведаміць бацькам дзяцей беларускамоўных школ і класаў вельмі мала канкрэтнай інфармацыі, дзе і калі яны змогуць набыць вучэбныя дапаможнікі, якіх патрабуюць адказныя педагогі ад ініх дзяцей.
 
У сувязі з вышэйсказаным, мы прапануем сустрэцца з Вамі ў падыходзячы для Вас час, каб разам абмеркаваць наспелыя пытанні.
 
З павагай,

Старшыня ТБМ
 А.А.Трусаў