Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
ДЗЕЙНАСЦЬ — Ліставанне

Ліставанне з Міністэрствам адукацыі пра падручнікі на беларускай мове

Ліст ТБМ ад 29.03.2012, адказ Міністэрства адукацыі ад 19.04.2012, наступны ліст ТБМ ад 02.05.2012.

Грамадскім аб'яднаннем "Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны" 29 сакавіка 2012 года быў дасланы ліст міністру адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргею Маскевічу.

Паважаны Сяргей Аляксандравіч!

ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны” вітае Ваша рашэнне вярнуць з першага верасня гэтага года выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусь у рускамоўных школах і некаторых ВНУ на дзяржаўнай беларускай мове. Аднак у нашай арганізацыі накапіліся звароты грамадзян Беларусі, якія скардзяцца на праявы дыскрымінацыі беларускамоўных вучняў і настаўнікаў у сферы адукацыі, і мы просім Вас уважліва аднесціся да іх, і па магчымасці, выправіць гэтыя недахопы да 1 верасня.

У наша грамадскае аб’яднанне неаднаразова звярталіся і працягваюць звяртацца бацькі вучняў беларускамоўных класаў, чые дзеці вывучаюць у 10 класе прадмет “Геаграфія Беларусі”. Ужо працяглы час яны не могуць набыць у гандлёвай сетцы ні “Атласа па геаграфіі Беларусі”, ні “Контурных карт па геаграфіі Беларусі”, якія былі б выдадзеныя на беларускай мове. Між іншым, і геаграфічная тэрміналогія, і беларускія геаграфічныя назвы маюць абсалютна спецыфічны характар і адметнае беларускае гучанне. Выглядае недарэчным і несправядлівым, што маладыя людзі, якія вывучаюць геаграфію роднай краіны на той мове, на якой ствараліся і зафіксаваліся ў народнай памяці геаграфічныя назвы, цяпер павінны запамінаць іх у іншамоўным афармленні.

Прадстаўнікі Вашага міністэрства неаднаразова і на вельмі высокім узроўні рабілі публічныя заявы наконт таго, што беларуская мова ў сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь мае тыя самыя правы, што і мова руская. Між тым, да гэтай пары не выдадзеныя беларускамоўныя версіі новых падручнікаў або вучэбных дапаможнікаў па інфарматыцы для 6 класа, па англійскай мове для 10 класа, па нямецкай мове для 11 класа, па французскай, іспанскай і кітайскай мовах для ўсіх класаў сярэдняй школы; у продажы няма беларускамоўных атласаў па геаграфіі, сусветнай гісторыі, астраноміі, беларускамоўных рабочых сшыткаў па геаграфіі, сусветнай гісторыі, біялогіі (для 9, 10 і 11 класаў), не кажучы пра рабочыя сшыткі па замежных мовах, якія існуюць выключна ў рускамоўных версіях (хоць іх лёгка было б рабіць трохмоўнымі). У серыі “Школьная бібліятэка” праграмныя творы замежнай класікі ў апошнія гады таксама выдаюцца амаль выключна на рускай мове, хоць беларуская школа мастацкага перакладу мае прызнанне не толькі ў нашай краіне. Адсутнічае таксама беларускамоўны варыянт білетаў для экзамена па прадмеце “Грамадазнаўства”.

Тыя ж беларускамоўныя вучэбныя дапаможнікі, што ўсё ж рэалізуюцца ў гандлёвай сетцы, як правіла, каштуюць даражэй (і часам істотна), чым іх рускамоўныя адпаведнікі.

Усё гэта стварае дыскрымінацыйнае становішча ў дачыненні да беларускамоўнай сярэдняй адукацыі ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь і не робіць гонару Вашаму паважанаму міністэрству.

Мы былі б вельмі Вам удзячныя, калі б маглі атрымаць ад Вас адказ па сутнасці справы і праінфармаваць аб ім зацікаўленых бацькоў.

З павагай,
Старшыня
ГА “Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны” А.А. Трусаў

Адказ Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

№ 06-15/2066/дс ад 19.04.2012.

ТМБ 02.05.2012 накіраваў адказ на атрыманы ліст.

Міністру адукацыі Рэспублікі Беларусь
прафесару С.А.Маскевічу

Шаноўны Сяргей Аляксандравіч!

Дзякую за аператыўны адказ на наш ліст за 02.04.2012 г. №20066/дс у справе забеспячэння беларускамоўных школ і класаў падручнікамі і навучальнымі дапаможнікамі на беларускай мове.

Мушу аднак, зазначыць, што змест ліста, атрыманага ў ГА “Таварыства беларускай мовы” пад № 06-15/20066/дс за подпісам Вашага намесніка К.С.Фарыно, у значнай меры нас не задаволіў.

Па-першае, бацькі вучняў згаданых школ і класаў звяртаюцца да нас па дапамогу ў вышэйзгаданых пытаннях у сувязі з тым, што вучэбныя атласы па сусветнай гісторыі, фізічнай геаграфіі, геаграфіі мацерыкоў і краін на беларускай мове пасля 2008 года ніколі не з’яўляліся ў кнігагандлёвай сетцы, між тым як настаўнікі іх дзяцей патрабуюць наяўнасці ў іх гэтых дапаможнікаў. Да таго ж, паводле звестак сайта www.adu.by атласы па пачатковым курсе геаграфіі для 6 – 7 класаў і па агульнай геаграфіі для 11 класа агульнаадукацыйных школ дагэтуль не выдадзеныя зусім. Як сведчыць той жа сайт, насуперак сцвярджэнню Вашага намесніка, дапаможнік “Англійская мова. Х клас” таксама яшчэ не выдадзены.
Нам здаецца, што і пытанні выдання рабочых сшыткаў і контурных картаў па большасці прадметаў агульнаадукацыйнай школы на беларускай мове не можа быць пушчанае на самацёк міністэрствам, адной з задач дзейнасці якога з’яўляецца недапушчэнне дыскрымінацыі навучэнцаў дзяржаўных адукацыйных устаноў паводле моўнай прыкметы.

Здзіўляе таксама адказ К.С.Фарыно наконт навучальнага дапаможніка па інфарматыцы для 6 класа, згодна з якім выданне яго беларускамоўнай версіі запланаванае толькі на 2014 год (рускамоўная выйшла ў 2008 г.). Гэта значыць, што як мінімум сем выпускаў (!) школьнікаў беларускамоўных школ і класаў былі і будуць вымушаныя засвойваць першапачатковую тэрміналогію па цэлай галіне ведаў не на асноўнай мове свайго навучання! Цікава, што перашкаджае выдаць беларускамоўную версію гэтага падручніка да 1 верасня гэтага года? Для тых беларускіх школьнікаў, якія вывучаюць у школе французскую, іспанскую або кітайскую мову, шанцаў працаваць па беларускамоўных падручніках няма нават тэарэтычна. У аддаленай будучыні.

Вучні ж, якія ў 5-х – 9-х класах вывучаюць нямецкую мову па падручніках на беларускамоўнай аснове, з 10-га класа змушаныя будуць пераходзіць на рускамоўныя падручнікі, бо іншых выдаваць таксама не запланавана
(гл. adu.by).

Не выклікае даверу і тая частка адказу Вашага шаноўнага намесніка, дзе гаворыцца пра нібыта здзейсненае выданне ў серыі “Школьная бібліятэка” ў 2010 годзе шэрагу твораў сусветнай класікі ў перакладзе на беларускую мову, бо звесткі пра наяўнасць такіх выданняў адсутнічаюць нават у каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – не кажучы ўжо пра кнігагандлёвую сетку.

Калі К.С. Фарыно ў сваім лісце-адказе меў на ўвазе нешта іншае, то мушу Вам зазначыць, што раман Чарлза Дыкенса “Олівер Твіст” быў выдадзены за асабістыя сродкі яе перакладчыка Я.А.Бяласіна ў прыватным выдавецтве “Галіяфы”, кнігу “Дантэ Аліг’еры. Новае жыццё. Ф.Петрарка. Кніга песень” выдала РВУ “Літаратура і мастацтва”. Абедзве кнігі выйшлі на камерцыйнай аснове зусім невялікімі тыражамі, і кошт аднаго паасобніка ў рознічнай сетцы складае, адпаведна, больш за 30 тысяч і больш за 65 тысяч рублёў.

Варта адзначыць, што на гэты момант да новага вучэбнага году выдадзена 12 назваў расійскамоўных падручнікаў і толькі 7 беларускамоўных.

Такім чынам, у атрыманым намі ад Вашага міністэрства адказе на наш ліст за 02.04.2012 г., на жаль, няма канкрэтнага адказу на абсалютную большасць пастаўленых там пытанняў.

Карыстаючыся магчымасцю, я хацеў бы зазначыць тут, што наша Таварыства зацікаўленае ў рэальным вырашэнні праблем, што ўваходзяць у кампетэнцыю адпаведных міністэрстваў і ведамстваў, а не ў прыхарошванні імі існуючай сітуацыі. Разам з тым, мы гатовы аказваць у гэтай справе разнастайную экспертную і творчую дапамогу.

З павагай,
старшыня ГА “Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны” А.А.Трусаў