Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
ДЗЕЙНАСЦЬ —Выданні

Газета "Наша Слова"

Газета “Наша слова” - газета Грамадскага аб’яднання “ТБМ імя Ф. Скарыны”, якое знаходзіцца на пярэднім краі барацьбы за нацыянальнае адраджэнне беларускага этнасу. Газета заснавана ў сакавіку 1990 года і да 1997 года выходзіла ў Менску. З лістапада 1997 года газета больш за 9 гадоў выдавалася Лідскай гарадской арганізацыя ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны”. З 1 лютага 2007 года выдаўцом газеты “Наша слова” з’яўляецца Установа інфармацыі “Выдавецкі дом ТБМ”, зарэгістраваная ў Лідзе Гарадзенскай вобласці. Рэдактар газеты з 1997 года Станіслаў Суднік, сябар Беларускай асацыяцыі журналістаў і Саюза беларускіх пісьменнікаў. Урэдкалегію газеты ўваходзяць знакавыя людзі Беларусі - навукоўцы, пісьменнікі, грамадскія актывісты.

Фармат газеты А-3, аб’ём у розныя перыяды ад 4-х да 12 палос. Газета выходзіць у адзін колер. Святочныя нумары перыядычна выдаюцца ў два колеры. Наклад газеты ў асноўным 2000 асобнікаў. Перыядычна газета ўключаецца ў вялікія інфармацыйныя кампаніі і робіць спецвыпускі павышаным накладам. Максімальны наклад аднаго са спецнумароў быў 15 000 асобнікаў. Друкуецца газета ў Лідскай друкарні Гарадзенскай вобласці.
 
Газета друкуе афіцыйную хроніку дзейнасці Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і асвятляе дзейнасць іншых грамадскіх арганізацый дэмакратычнага кірунку а таксама асноўныя падзеі культурнага і грамадскага жыцця краіны. Сярод аўтараў не адзін дзесятак дактароў і кандыдатаў навук, здараюцца акадэмікі.
 
Газета друкуе вялізарны пласт інфармацыі, якая пасля тыражуецца шматлікімі сайтамі і неафіцыйнымі выданнямі. Газета пазбягае замудрых тэкстаў, мова газеты простая і зразумелая ўсім, ад работніка да доктара навук, цвёрда займае сваю інфармацыйную нішу.
 
Газета з’яўляецца пілотнай структурай у арганізацыі шматлікіх кампаній па зборы подпісаў з самай рознай нагоды, друкуе звароты, бланкі, а грамадзяне збіраюць подпісы і атакуюць уладу ці то па пытаннях мовы, па пытаннях адукацыі, культуры, ці то па пытаннях назову і пераназову вуліцаў. Гэтыя кампаніі ТБМ вядзе бесперапынна, трымаючы ўладныя структуры пад пастаянным ціскам і дабіваючыся перманентных поспехаў па розных кірунках. Усё гэта без газеты было б немагчыма.
 
Газета знаходзіцца ў падпісным каталогу “Белпошты”, прадаецца ў шапіках “Саюздруку” Гарадзенскай, Берасцейскай і Віцебскай абласцей. Значная частка накладу гаспаўсюджваецца на масавых мерапрыемствах у горадзе Менску, на мітынгах, шэсцях, з’ездах, канферэнцыях.
 
У газеце мінімальныя выдаткі на рэдакцыю. Усе аўтары працуюць бясплатна.
Нумары