Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
АРГАНІЗАЦЫЯ — ТБМ у асобах

Анатоль Вярцінскі

Анатоль Ільіч ВЯРЦІНСКІ (18 лістапада 1931, в. Дзямешкава Лепельскага р-на Віцебскай вобл.), беларускі паэт, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ (1956). Працаваў у рэдакцыях раённых газет (Давыд-Гарадок, Камянец, Клімавічы, Рагачоў). У 1962 пераехаў у Мінск, супрацоўнічаў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», быў рэдактарам выдавецтва «Беларусь». Член СП СССР (з 1964). У 1967—1982 — літкансультант, адказны сакратар праўлення СП БССР. У складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у 1977 у рабоце XXXII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У 1986—1990 — галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва». Член Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1989). У 1990—1995 гадах — дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі, намеснік старшыні пастаяннай Камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека, член Канстытуцыйнай камісіі ВС БССР.

Дэбютаваў з вершамі ў 1950-я (студэнцкая газета «Беларускі універсітэт», газета «Чырвоная змена», часопіс «Маладосць»). Аўтар кніг вершаў і паэм «Песня пра хлеб» (1962), «Тры цішыні» (1966), «Чалавечы знак» (1968), «Выбранае» (1973), «З'яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979), «Святло зямное» (1981). Паасобныя вершы пакладзены на музыку. Па паэме «Колькі лет, колькі зім!» пастаўлены тэлеспектакль (1980).

Аўтар зборніка літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі «Высокае неба ідэала» (1980) і кнігі публіцыстычных нататак «Нью-Йоркская сірэна» (1987).

Напісаў п'есы для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй» (1978, пастаўлена ў 1974), «Скажы сваё імя, салдат» (1977, пастаўлена ў 1975), «Гефест — друг Праметэя» (1983, пастаўлена ў 1984). У 1983 г. выйшаў зборнік п'ес пад назвай «Дзякуй, вялікі дзякуй».
Пераклаў на беларускую мову п'есы Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго каханага», М. Себасцьяна «Безыменная зорка», В. Пальчынскайтэ «Спяшаюся за летам», якія пастаўлены ў тэатрах рэспублікі, а таксама асобныя вершы з класічнай і сучаснай рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, балгарскай, польскай, венгерскай, кубінскай паэзіі.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1988) за кнігу «Нью-Йоркская сірэна».

паводле

← вярнуцца