Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Арганiзацыя — Партнёры

Таварыства беларускае школы

tsetsetse

АД ТБШ У ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ ДА СЁННЯШНЯГА РГА “ТБШ”: 90 ГОД

“Таварыства беларускае школы” – культурна-асветная арганізацыя ў Заходняй Беларусі – было створана рашэннем Цэнтральнай беларускай школьнай рады ў Вільні, а 7 снежня ўтварылася ТБШ у Радашковічах, заснаванае Браніславам Тарашкевічам. Аб’яднанне дзвюх арганізацый у таварыства, статут якога быў зацверджаны 1 ліпеня 1921 года, стала пачаткам пашырэння культурна-асветных гурткоў у Заходняй Беларусі. У сярэдзіне 1930 г. налічвалася іх больш за паўтысячы, якія аб’ядноўвалі 15 – 30 тысяч чалавек.

Асноўная мэта дзейнасці таварыства была абвешчана ў статуце – “пашыраць і памагаць асьвеце ў беларускім нацыянальным, людскім і хрысціянскім духу”. Актыўнымі дзеячамі яго ў розныя перыяды былі вядомыя грамадскія дзеячы: намеснік старшыні ўрада Беларусі з 1919 г. Аркадзь Смоліч, аўтар «Геаграфіі Беларусі» (1919 г.), кіраўнік ТБШ у 1921 – 1922 г.; мовазнавец і літаратуразнавец, пасол польскага сейма Браніслаў Тарашкевіч, аўтар «Беларускай граматыкі для школ» (1918 г.); дырэктар Віленскай беларускай гімназіі (1924 – 1936 г.) Радаслаў Астроўскі (кіраўнік у 1924 – 25 г.); пасол польскага сейма Сымон Рак-Міхайлоўскі (з 1926 г. старшыня наглядальнай рады); фалькларыст Рыгор Шырма (сябар галоўнай управы і сакратар у 1927 – 37 г., выпускаў “Летапіс ТБШ”, “Беларускі бюлетэнь”); настаўнік і дырэктар Віленскай беларускай гімназіі (1925 – 1928) Сяргей Паўловіч, аўтар шэрагу школьных падручнікаў; дэпутаты польскага сейма Флягонт Валынец (з 1927 г. сябар галоўнай управы) і Ігнат Дварчанін (аўтар «Хрэстаматыі новай беларускай літаратуры», 1927 г., сябар галоўнай управы ў 1926 – 1930 г.), а таксама Ф. Акінчыц, А. Аляшкевіч, Ф. Аляхновіч, П. Біндзюк, А. Біч, Я. Гаўрылік, М. Гарэцкі, І. Грэцкі, А. Дмахоўскі, Я. Драздовіч, П. Жаўрыд, А. Каляда, М. Касцевіч, М. Кахановіч, М. Кепель, П. Кізевіч, І. Краскоўскі, П. Крынчык, А. Луцкевіч, А. Лябецкая, А. Малец, М. Марцінчык, П. Мятла, П. Пестрак, П. Пліс, В. Пранько, М. Пяткевіч, П. Пяткун, В. Рагуля, А. Райчонак, У. Самойла, Я. Скурко (М.Танк), А. Станкевіч, Ф. Стацкевіч, А. Трэпка, А. Уласаў, Л. Чарняўская-Гарэцкая, Ф. Ярэміч і інш. Амаль усе яны пераследаваліся польскімі ўладамі, і некаторыя затым у СССР былі прыгавораны тройкамі УНКУС да расстрэлу.

Згодна статута, таварыства магло адкрываць і ўтрымліваць народныя школы і дамы, курсы, настаўніцкія семінары, чытальні-бібліятэкі, сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы, выдаваць часопісы, падручнікі і іншую літаратуру, займацца канцэртнай дзейнасцю.

Калі ў 1920 г. працавала 514 беларускіх пачатковых школ, то ў 1923 г. іх засталося 32. Затым у 1925 – 1926 гадах актывістамі было сабрана 16 000 дэкларацый аб адкрыцці больш за 400 беларускіх школ. Важнымі цэнтрамі асветы сталі Віленская, Радашковіцкая, Навагрудская, Клецкая і іншыя беларускія гімназіі. Пад рознымі прычынамі зачыняліся беларускія школы, пераводзіліся ў двухмоўныя, затым польскасць выцясняла з установы ўсё роднамоўнае. На беларускія землі накіроўваліся настаўнікі-палякі.

2 снежня 1936 г. польскія ўлады зусім забаранілі дзейнасць уплывовай нацыянальна-патрыятычнай арганізацыі. Кіраўнік Польшчы Юзаф Пілсудскі ў 1926 г. сказаў пра беларусаў: «іх мова такая цяжкая і нераспрацаваная, што не можа быць мовай школы і ўстаноў», а пра інтэлігенцыю – «нешматлікая, яе маральная і інтэлектуальная вартасць вельмі нізкая». Цяжка было ўявіць, што праз якіх семдзясят гадоў кіраўнік ужо незалежнай Беларусі тое ж самае скажа пра яе мову...

* * *

22 сакавіка 1996 г. было створана Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай школы”, якое зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі (пасведчанне № 00738). Гэта добраахвотная грамадская культурна-асветная арганізацыя, якая аб’ядноўвае грамадзян з мэтай садзейнічання фарміраванню нацыянальнай адукацыйнай сістэмы ўсіх узроўняў (ад дашкольных да вышэйшых навучальных і выхаваўчых устаноў), захаванню і развіццю беларускай культуры, традыцый і духоўнасці.
Шлях да яго пракладваўся цяжка.

У савецкі перыяд у вёсках існавалі школы з беларускай мовай навучання, у гарадах – з рускай. У апошніх дайшло да таго, што ад вывучэння беларускай мовы і літаратуры маглі вызваляцца дзеці вайскоўцаў і некаторых іншых катэгорый бацькоў, а многія прадметы, напрыклад, замежныя мовы, фізкультура, праца ды іншыя маглі выкладацца па-руску.

У 1982 годзе Наста Лісіцына, якая пераехала з Вільнюса ў Мінск, стала першай і адзінай на той час беларускамоўнай вучаніцай у сталіцы, дзякуючы неймавернай мужнасці і настойлівасці яе бацькоў.

У час гарбачоўскай перабудовы актывізавалася дзейнасць “нефармалаў” па рабоце з бацькамі будучых першакласнікаў і ўзмацніліся патрабаванні адкрыцця беларускіх класаў. Я тады быў аспірантам у Акадэміі навук. Мы хадзілі па кватэрах і агітавалі за беларускую школу. Найбольш актыўнымі былі Алесь Бяляцкі, Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч, Валеры Палсцюк і інш. У 1987 годзе ў дзвюх школах (108 і 120) улады далі, нарэшце, дазвол на адкрыццё трох беларускіх класаў.

У 1988 годзе група бацькоў пачала збірацца на пасяджэнні ў Доме літаратара і стварылі напярэдадні восеньскіх Дзядоў, што былі разагнаны міліцыяй, нефармальнае аб’яднанне Гарадскі бацькоўскі камітэт (ГБК) беларускамоўных класаў Мінска. Сябрамі яго былі археолаг Ігар Чарняўскі (першы старшыня ГБК), эканаміст Мікола Кійка, інжынеры Уладзімір Новік, Людміла Семіжон, Валеры Палсцюк, Мікола Харламаў, Мікалай Лісіцын, мастакі Сяргей Шаўцоў, Алесь Цыркуноў, журналіст Галіна Суша, навукоўцы Вячаслаў Жыбуль, Пятро Садоўскі, Алесь Шамак, настаўнік Яўген Цумараў, пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік, музычны кіраўнік дзіцячага садка Ларыса Іўліева, спявак тэатра оперы Пятро Тарасевіч, рабочы Уладзімір Васьковіч, а таксама Ганна Собаль, Галіна Новік, Міхась Баранік, Ірына Кушнярова, Таццяна Шчасная, Яўгенія Астрэйка і інш. Некаторыя з нашых сяброў затым сталі дэпутатамі, займелі добрыя пасады, а іншыя адышлі ў лепшы свет. Гэта людзі, якія будзілі маскоўскіх і сваіх чыноўнікаў набатнымі лістамі, рашучымі імпрэзамі, наматалі нагамі тысячы кіламетраў стужак маніфестацыйных дарог.
ГБК ладзіў розныя сумесныя імпрэзы для беларускамоўных дзяцей, праводзіў першы не піянерскі летнік “Грунвальд” (п. Энергетык Дзяржынскага раёна), куды таксама запрашаліся дзеці беларусаў Масквы, Ленінграда, Літвы, Польшчы і інш. Нашымі новымі сябрамі сталі вядомыя дзеячы: Мікола Мікалаеў з Пецярбурга, Аляксей Каўка з Масквы, Алена Глагоўская з Гданьска, Валянцін Стэх і Галіна Сівалава з Вільні і інш.

Рост беларускіх школ наглядаўся, калі нашы сябры былі абраны дэпутатамі Вярхоўнага Савета, дзе актыўна працавала Камісія па адукацыі і культуры, захаванні гістарычнай спадчыны пад кіраўніцтвам Ніла Гілевіча і ў якую ўваходзілі Алег Трусаў, Лявон Баршчэўскі, Яўген Цумараў і іншыя. Тады я ўзначальваў ТБМ Акадэміі навук і быў намеснікам старшыні Гарадскога бацькоўскага камітэта (ГБК) беларускамоўных класаў Мінска. Затым у 1992 годзе Міністэрства адукацыі і навукі прапанавала мне ўзначаліць і стварыць Беларускі навукова-метадычны цэнтр гульні і цацкі. Нашы сябры па ГБК былі абраны ў розныя саветы: у Вярхоўны – Уладзімір Новік, Яўген Цумараў, Валянцін Голубеў, Пятро Садоўскі (старшыня камісіі), у Мінскі гарадскі – Ігар Чарняўскі і Анатоль Гурыновіч (намеснік старшыні Савета). Стала прасцей працаваць, вырашаючы розныя пытанні ў кабінетах Гарадскога і Вярхоўнага саветаў, хоць і добра яшчэ адчувалася тармажэнне адраджэнскай справы ад старых чыноўнікаў, у руках якіх была рэальная ўлада.

Але ж ГБК з цікаўнасцю прымалі ў Міністэрстве адукацыі і навукі, дзе міністр Міхаіл Дзямчук шчыра радаваўся кожнаму беларускаму слову, пачутаму ў яго ведамстве, а яго памочнік Аляксандр Казулін яшчэ толькі спрабаваў вывучаць мову. Мы маглі правесці ў вялікай зале Дома літаратара на Грамніцы сустрэчу з рэктарамі ВНУ, дзе можна было пабачыць з сабой у адной чарзе да мікрафона намесніка старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча і Мікалая Ігнатовіча, будучага Генеральнага пракурора, і ўказаць на пралікі ў беларусізацыі, нават зрабіць прапановы па звальненні некаторых кіраўнікоў. Гілевічаўская камісія прызначала праверкі і выдавала нам мандаты на іх. Памятаецца, па выніках адной з іх міністр звольніў рэктара педінстытута Караткевіча і прызначыў на яго месца прыхільніка адраджэння прафесара Леаніда Ціханава, які, дарэчы, нарадзіўся ў Карэліі, раней працаваў у ЦК КПБ.

У 1993 – 1994 гадах прыём у першыя беларускія класы па Беларусі складаў унушальную лічбу – 76 % ад усіх першакласнікаў, а ў сталічнай вобласці – нават больш за 92 %, у Мінску – больш за 58 %. Упершыню ў сталіцы з’явіліся роднамоўныя сярэднія ўстановы. Паступова дзяржаўная беларуская мова, як і нацыянальныя мовы ў іншых краінах, займала свой пачэсны пасад, яна гучала ў галоўным заканадаўчым органе.

Няшчасце здарылася пасля так званага рэферэндума 1995 года, калі замест двухмоўя пачало гвалтоўна насаджацца зноў рускамоўе. І ў 1995 – 96 навучальным годзе адбылося вялікае падзенне ў нацыянальнай адукацыі, адток дзяцей з беларускай школы: у першыя роднамоўныя класы было прынята ўжо не 76, а 37,9% ад усіх першакласнікаў, у сталіцы – 19,5%. Па-беларуску афіцыйна ў рэспубліцы навучалася 34,8%, па-руску 65,2% школьнікаў. Жахлівае становішча наглядалася ў рэгіёнах. Цяпер на роднай мове навучаецца менш за 20% дзяцей ад усіх школьнікаў.

Нацыянальна свядомая інтэлігенцыя занепакоілася. Дзеля абароны нацыянальнай школы пачалі стварацца гурткі ТБШ у Мінску, Гродне, Лідзе, Віленскім краі. У Мінскім Доме літаратара тэрмінова збіраецца аргкамітэт па стварэнні ТБШ, на якім мяне выбіраюць старшынёй. Выходзяць нашы артыкулы і інтэрв’ю ў цэнтральных газетах «Народу-самазабойцу дапаможа беларусатэрапія», «Праз паўстагоддзя на Беларусі зноў ствараецца Таварыства беларускай школы», «Якім будзе Таварыства беларускай школы?» і інш. «Наш паратунак ад духоўнага і эканамічнага самазабойства – павольнае і цярплівае павяртанне да агульначалавечых каштоўнасцей і паняццяў праз тыя шляхі, якія выводзілі многія народы з падобнага крызісу – нацыянальная ідэя, беларуская школа для дзяцей і бацькоў, - давялося пісаць мне ў сакавіцкай “Народнай Волі”. – У ёй яны прымуць тэрапію ад амнезіі – страты гістарычнай і нацыянальнай памяці, герастратарства – разбуральніцтва сваёй культуры, манкурства і янычарства – маніі самазабойства і забойства маці-радзімы, яе традыцый, мовы».

Раўнуючыся на Гілевічаў прынцып у адносінах да чыноўнікаў, я прапаноўваў сябрам шырока далучаць кіраўнікоў розных рангаў у новае аб’яднанне, каб разам за адным сталом вырашаць надзённыя праблемы беларускага школьніцтва, не заўсёды выходзячы на плошчу. Дзеля гэтага нават выкарыстаць такі “пернік”, як рэгламентаванае наданне званняў “акадэмікаў”, “прафесараў” і г.д., уключыўшы ў структуру ТБШ Грамадска-педагагічную акадэмію (ГПА). У той час утвараліся падобныя акадэміі, у тым ліку міжнародныя. Сумесная дзейнасць у адной арганізацыі ці ў адной зале дае свой плён. Прыклады: дзейнасць апазіцыі ў Вярхоўным Савеце, згаданая раней грамнічная сустрэча ГБК з рэктарамі ВНУ і інш.

Дарэчы, на ўстаноўчы з’езд ТБШ 22 сакавіка 1996 года прыехала нямала і чыноўнікаў ад раённых і абласных структур адукацыі, усяго зарэгістравана 87 дэлегатаў ад 62 суполак, якія налічвалі 980 сяброў. Адным з вядучых пасяджэння быў прафесар Леанід Ціханаў, рэктар БДПУ, а Аляксандр Жук, рэктар Інстытута пасляўніверсітэцкай падрыхтоўкі, што тады месціўся на Ўльянаўскай вуліцы, для такога мерапрыемства выдзеліў без аплаты вялікую залу. У той час я па службе быў звязаны з многімі кіраўнікамі ад адукацыі, у тым ліку і ў галоўным ведамстве – працаваў дырэктарам рэспубліканскай навукова-метадычнага ўстановы ў Міністэрстве адукацыі. Там працавала нямала нацыянальна свядомых педагогаў, сапраўдных спецыялістаў сваёй справы.
Агульны настрой з’езда быў нервовы. Дэмакраты ганьбяць чыноўнікаў, якія на самой справе нішчаць беларускую школу, а апошнія імкнуцца хутчэй збегчы з залы. У перапынку з’езда пра іх я пачуў ад некага: прыехалі сюды, захацелі ў ТБШ новых пасад. Зразумела, што іх не ўключалі ў кіраўніцтва (назіральную раду), акрамя Уладзіміра Грыдзюшкі, Пятра Краўчанкі, Леаніда Ціханава, Ніла Гілевіча і некаторых іншых прадстаўнікоў адукацыйных устаноў, якіх нельга назваць чыноўнікамі ў тым адмоўным сэнсе, які звычайна ўкладваўся намі.

Зразумела, мая ідэя аб ГПА не прайшла, хоць і абралі мяне і дырэктара СШ №2 Алеся Сядзяку віцэ-прэзідэнтамі, а былога першага намесніка міністра адукацыі Мікалая Пятроўскага, якога я запрашаў і вёў з ім адпаведную размову, прэзідэнтам РГА “ТБШ”. Прафесар Леанід Ціханаў (прапанова Аляксея Саламонава) сваю кандыдатуру зняў з галасавання. Цяпер думаю, што я не меў рацыю, усё-роўна не прапусцілі б улады такую структуру як ГПА, хоць і стаю на тым, што нельга было ў любы перыяд безаглядна адкідаць чыноўнікаў ад нацыянальнай справы. Трохі пазней нам прыйшлося нават перапрацоўваць не па сваёй волі ўжо зацверджаны Міністэрствам юстыцыі Статут, каб замяніць словы “прэзідэнт”, “віцэ-прэзідэнт” на “старшыню” і г.д. Мяне абяруць прэзідэнтам таварыства праз тры гады.

Памятаецца, што адным з першых мерапрыемстваў ТБШ была сустрэча ў будынку Вярхоўнага Савета з яе старшынёй Сямёнам Шарэцкім, ініцыяваная не намі. Да мяне патэлефанаваў памочнік старшыні Уладзімір Улаховіч, знаёмы яшчэ па стварэнні Аб’яднання беларускіх скаўтаў. Нашых дэлегатаў узначальваў Пятроўскі. Шарэцкі ў асноўным слухаў, а гаварыць на асветна-адраджэнскія тэмы мы за доўгі перыяд змагання за родную школу навучыліся. Я перакананы, што на пазіцыю старшыні Вярхоўнага Савета як апазіцыянера, у многім паўплывала менавіта гэтая сустрэча.

Таксама памятным і маштабным у 1999 г. быў конкурс творчых вучнёўскіх прац «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай…». У выніку яго 35 пераможцаў атрымалі льготныя пуцёўкі ў лагеры адпачынку, 15 з іх – у Балгарыю і Чэхію, больш за 600 вучняў ганараваны падарункамі і граматамі.

Затым праводзілася разнастайная дзейнасць, у тым ліку, у супрацоўніцтве з так званымі чыноўнікамі, якіх мы “не хацелі” дапускаць да нацыянальнай справы, як і ў свой час бальшавікі ігнаравалі царскіх спецыялістаў у дзяржаўна-гаспадарчай рабоце, што прыводзіла да грамадзянскай вайны, крывавай разні паміж братамі, бацькамі… Памятаецца і іншае, як асобныя нашы сябры, што добра ведалі мову, але не мелі аніякіх навыкаў адукацыйнай справы, прасілі, каб ім выдалі спецыяльныя пасведчанні ці мандаты на праверку працы навучальных устаноў і аддзелаў адукацыі…

З асаблівай цеплынёю ўспамінаецца супрацоўніцтва з дзяржаўным фондам «Мы – дзецям», які ўзначальваў Уладзімір Грыдзюшка, які затым быў першым намеснікам міністра культуры. Колькі гадоў мы атрымлівалі штомесяц безаплатныя пуцёўкі для дзяцей у летнікі і зімнікі Балгарыі, Чэхіі, “Зубраня”, прэзідэнцкую ёлку, якія размяркоўваліся ў беларускія школы між выдатнікамі вучобы. Па дамове з Міністэрствам адукацыі праводзілі беларускамоўныя змены ў галоўным піянерскім лагеры, дзейнасць па “Этнашколах” і “Этнасадах” (кіраўнік Ілля Сучкоў), некаторыя іншыя мерапрыемствы.

Нямала цікавых імпрэз праводзілася сумесна з галоўнай педагагічнай кузняй, на якіх прысутнічала кіраўніцтва БДПУ: 18 сакавіка 2000 г. конкурс на лепшую беларускую вясковую школу “Захаванне нацыянальнай культурнай і гістарычнай спадчыны” (узнагароджана 50 школ рэспублікі); 17 лютага 2001 г. нарада з прадстаўнікамі беларускамоўных сталічных школ і класаў па праблемах беларускамоўнага навучання; 10 лістапада 2001 г. конкурс студэнцкіх і вучнёўскіх газет (узнагароджаны рэдкалегіі 31 газеты); 6 – 7 снежня 2001 г. навуковая канферэнцыя “Народныя традыцыі і нацыянальная культура” у дзень 80-годдзя ТБШ, дзе працавала спецыяльная секцыя “Нацыянальная адукацыя, этнапедагогіка”; 26 – 27 красавіка 2002 г. навуковая асамблея “Праблемы беларускамоўнага навучання і інавацыйныя методыкі” (надрукаваны матэрыялы асамблеі, дапаможнік “Матэматычны фальклор”); праекты па раёназнаўству і інш.

На абмежаванае супрацоўніцтва адгукаліся і некаторыя райвыканкамы. Праз кожныя два гады ТБШ па просьбе французскага боку арганізоўвае паездкі мастацкіх калектываў на міжнародны фальклорны фестываль (адказны А. Сядзяка). У гэтым накірунку нам даводзілася мець справу з адпаведнымі кіраўнікамі, у выніку за мяжою мелі магчымасць паспяхова прадставіць нацыянальную культуру такія выдатныя ансамблі, як «Берагіня» (Мётчанская СШ Барысаўскага раёна), «Рудабельскія гарэзы» (Акцябрскі раён), «Рэй» (БДПУ), «Неруш» і «Крыжачок» (БДУ).

Хутка падобную дзейнасць з дзяржаўнымі структурамі праводзіць амаль не стала магчымасці. Дарэчы, ТБМ – наш асноўны партнёр – зарэгістравана як грамадскае аб’яднанне, а ТБШ - як РГА, таму што на наш Статут пісалі водгук у Міністэрстве адукацыі. З 2004 года пачалі атрымліваць розныя папярэджанні ад Міністэрства юстыцыі, а гэта пагражала закрыццю арганізацыі. Найбольш такіх папярэджанняў датычылася адной з актыўных суполак – гродзенскай гарадской, якой кіраваў Аляксандр Мілінкевіч, былы намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама, і асабліва тады ўзмацніўся ціск, калі ён пачаў удзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі. Каб вызваліць з-пад удару ТБШ, Мілінкевіч пакідае кіраўніцтва рэгіянальнай суполкай, але на гэтым наступ на нас не спыняецца. Датуль не адсталі ад нас, пакуль мы не скасавалі афіцыйна шматлікія суполкі ў рэгіёнах, якія не мелі дазволу дзейнасці ад мясцовых улад, і калі гродзенская суполка не адмовілася ад прасторнай залы, дзе праводзіліся асноўныя апазіцыйныя мерапрыемствы Гродзеншчыны.

З 2001 г. мы пачалі выпускаць інфармацыйна-метадычны часопіс «Бюлетэнь ТБШ», а з 2005 г. перайменавалі яго ў «Летапіс ТБШ». Назвы пераняты ў нашых папярэднікаў з Заходняй Беларусі. Выданні можна прачытаць у Нацыянальнай і Рэспубліканскай педагагічнай бібліятэках.

Праводзіліся разнастайныя конкурсы, метадычныя семінары сярод педагогаў усіх тыпаў устаноў. Пакуль толькі адзін раз давялося правесці конкурс «Прэмія імя Вацлава Ластоўскага для беларускамоўных выкладчыкаў ВНУ», а вось «Беларускі Настаўнік» з 2007 г. стаў штогадовым.

Адным з важных накірункаў, што праводзіць таварыства, краязнаўчы: семінары, выпуск праграм па раёназнаўству. Таксама стымулюецца дзейнасць педагогаў па стварэнні электронных дапаможнікаў. Нямала ў гэтым накірунку робіць намеснік старшыні Тамара Мацкевіч. Наогул, кіраўніцтва ТБШ ганаравала больш за паўтысячы выкладчыкаў і настаўнікаў, выхавацеляў і бацькоў, школьнікаў і студэнтаў.

Асобная старонка дзейнасці ТБШ – падтрымка зачыненага Гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа (дырэктар Уладзімір Колас), які цяпер зарэгістраваны ў Гданьску (Польшча).

Сімвалічна, што ў 2007 годзе ў вёсцы Мікалаеўшчына ТБШ правяло ІІ з’езд настаўнікаў Міншчыны, першы быў праведзены 100 гадоў таму назад з удзелам Якуба Коласа, а на другім - сярод іншых браў актыўны ўдзел сын славутага пісьменніка прафесар Міхась Міцкевіч.
Прайшло 90 гадоў з таго часу, як было створана ТБШ у Заходняй Беларусі. 7 снежня, 90 гадоў таму назад, пачала дзейнічаць радашковіцкая суполка, арганізаваная Браніславам Тарашкевічам. Гэтая дата асабіста для мяне стала своеасабліва памятнай і не таму, што на яе выпадкова прыпаў мой дзень нараджэння, але і некаторых маіх знаёмых. Неяк заўсёды я вагаюся, ці тэлефанаваць у свой дзень нараджэння, напрыклад, акадэміку Радзіму Гарэцкаму і віншаваць яго з тым жа, што і мяне віншуюць. Тое ж самае датычылася і майго былога намесніка, фалькларыста Васіля Ліцьвінкі, або нават жонкі майго намесніка Алеся Сядзякі, ды іншых. Прыгадаем, што 2011 год – яшчэ і 105-годдзе першага настаўніцкага з’езда, 15 годдзе РГА «ТБШ» і, урэшце-рэшт, 75-годдзе закрыцця ТБШ у Заходняй Беларусі… Дык лепш пажадаем адзін аднаму, каб хутчэй зніклі прычыны, якія спарадзілі Таварыства беларускай школы і ўзніклі тыя, што даюць аб’ектыўныя падставы на роспуск яго.