Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Мерапрыемствы да 80-годдзя з дня нараджэння Івана Чыгрынава

2014.12.16 0

 Выява з сайта illustrators.ru, постпрадакшн наш.

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры сумесна з Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа НАНБ 17 снежня 2014 года а 16 гадзіне ладзяць сумесную выставу “Іван Чыгрынаў. “Адтуль, з бацькоўскага парога…” і прымеркаванае да яе аднайменнае мерапрыемства.

Назвай імпрэзы, прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Гаўрылавіча Чыгрынава, стаў радок з яго аўтабіяграфіі.  У творчасці І.Чыгрынава, як і многіх іншых прадстаўнікоў філалагічнага пакалення, назіраецца асаблівая прывязанасць да “малой” радзімы. Пісьменнік пісаў: “Мясціны гэтыя дарагія для мяне не толькі тым, што адтуль, з бацькоўскага парога, уецца сцяжынка майго жыцця. Там, у Забесяддзі, на Магілёўшчыне, назаўсёды засталіся сляды маіх герояў, жывых і мёртвых, пра якіх я расказваю у раманах”.  

Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў  нарадзіўся 21 снежня 1934 года ў вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Ён належыць да пакалення, у якога вайна прайшлася па самай светлай і радаснай пары жыцця — дзяцінстве. У сваіх творах Чыгрынаў імкнуўся паказаць праўду таго суровага і гераічнага часу, праўду,  якая адкрылася яго пакаленню, узгадаванаму вайной і балючай памяццю пра яе. Чыгрынаў казаў: “Вопыт мінулай вайны — не толькі перажыты вопыт. Гэта і навука пра будучае”.

Творчы шлях І. Чыгрынава ахоплівае больш за тры дзесяцігоддзі. У друку дэбютаваў вершам у 1952, як празаік — у 1958 годзе ў газеце «Чырвоная змена». Аўтар кніг апавяданняў і аповесцяў «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973), «Ці бываюць у выраі ластаўкі?» (1983), раманаў «Плач перапёлкі» (1972), «Апраўданне крыві» (1977), «Свае і чужыя» (1984), «Вяртанне да віны» (1992), «Не ўсе мы згінем» (1996), п’ес — «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» (1986), «Следчая справа Вашчылы» (1988), «Чалавек з мядзвежым тварам» (1988), «Звон — не малітва» (1988), «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» (1989), «Ігракі» (1989), «Прымак» (1994), кнігі крытыкі і публіцыстыкі — «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» (1983), «Паміж сонцам і месяцам» (1994). У 1984 выйшлі Выбраныя творы ў 3 тамах.

Творчая праца пісьменніка адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР (1974), ордэнам Дружбы народаў (1984),  медалём імя А. Фадзеева (1979), медалём Ф. Скарыны (1992), званнем Народнага пісьменніка Беларусі (1994).

На выставе будуць прадстаўлены матэрыялы з фондаў ДМГБЛ, сярод якіх  унікальныя фотаздымкі, рукапісы, кнігі з цікавымі аўтографамі, асабістыя рэчы – ручка, гадзіннік кішэнны, барсетка, акуляры – усяго каля 200 экспанатаў з 600 перададзеных у музей жонкай пісьменніка, а таксама матэрыялы з фондаў ЦНБ імя Я.Коласа.                                                                                                                                                         

Творчасць Івана Чыгрынава — яркая старонка ў беларускай прозе. Лепшыя апавяданні і раманы пісьменніка вылучаюцца глыбокім пранікненнем ва ўнутраны свет чалавека, значнасцю пастаўленых праблем, высокім мастацкім майстэрствам.

У мерапрыемстве возьмуць удзел даследчыкі і аматары творчасці Івана Чыгрынава, яго сябры і родныя.

Месца правядзення: Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАНБ (вул. Сурганава, 15)

Кантактны тэлефон: 334-56-21

 

Больш падрабязна csl.bas-net.by

 

А ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава “Іван Чыгрынаў. Пісьменнік і час”. Экспазіцыя прымеркавана да 80-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, грамадскага дзеяча ­­– Івана Гаўрылавіча Чыгрынава (1934-1996).

Творчасць пісьменніка - адна з яркіх старонак беларускай літаратуры. На выставе прадстаўлены выданні твораў пісьменніка, многія з якіх перакладзены на розныя мовы свету.  Імя Івана  Чыгрынава добра вядома не толькі ў літаратуры.  Рэжысёрам  І. Дабралюбавым па раманах “Плач перапёлкі”, “Апраўданне крыві”, “Свае і чужынцы” на кінастудыі “Беларусьфільм” створаны шматсерыйны тэлелевізійны фільм “Плач перапёлкі”. Паводле рамана “Плач перапёлкі”  кампазітар У. Кандрусевіч напісаў аднайменную сімфонію.

Іван Чыгрынаў добра спалучаў пісьменніцкую дзейнасць з актыўнай  грамадскай работай. У 1978 г. быў у складзе дэлегацыі БССР на XXXIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. З 1986 па 1990 год - дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. Працаваў у пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета БССР па нацыянальных  пытаннях і міжнацыянальных адносінах. Доўгі час узначальваў Беларускі фонд культуры. Быў галоўным рэдактарам часопіса “Спадчына”. На выставе экспануюцца дакументы, якія распавядаюць пра грамадскую дзейнасць І. Г. Чыгрынава.

Прыцягваюць увагу матэрыялы з сямейнага архіва, сярод якіх рукапісы, дакументы, фотаздымкі, нататнікі, асабістыя рэчы. Гэтыя ўнікальныя экспанаты прадастаўлены Людмілай Прохараўнай Чыгрынавай, жонкай пісьменніка.     

Выстава “Іван Чыгрынаў. Пісьменнік і час”.будзе экспанавацца  да  5 студзеня.

Месца правядзення: Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь (вул. Савецкая, 11)


← вярнуцца ў навіны