Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Невядомыя раней тэксты Язэпа Драздовіча сталі даступныя грамадскасці

2014.12.17 0

Язэп Драздовіч вядомы перадусім як мастак. Значна менш засвоена ягоная літаратурная спадчына. Многія яго тэксты дасюль не публікаваліся і вядомыя хіба спецыялістам. Тое тычыцца, напрыклад, некаторых рукапісаў Драздовіча, якія захоўваюцца ў Вільні, у бібліятэцы Акадэміі навук Літвы (у зборах Віленскага Беларускага Музея імя Івана Луцкевіча). Сярод іх вылучаюцца сшыткі і нават адмыслова аформленыя Драздовічам самаробныя кніжкі (сёння падобныя рэчы зазвычай называюць арт-кнігамі) з апісаннямі яго “начных візіяў” — “самнамбулістычных” (як ён сам іх акрэсліваў) падарожжаў у космас. Гэта абсалютна надзвычайныя, ні да чаго не падобныя тэксты — дэталёвая дакументацыя ўсяго ўбачанага на Марсе, Сатурне, Месяцы, з асобнымі замалёўкамі, калажамі, а таксама мапамі, на якіх пазначаны іншапланетныя краіны, гарады. Беспрэцэдэнтнасці гэтым матэрыялам дадае тое, што Драздовіч лічыў свае “візіі” цалкам рэальнымі, мяркуючы (напэўна — зусім не беспадстаўна), што валодае дарам яснабачання. Ён выключна скрупулёзна фіксаваў у сваіх нататках геаграфічныя адметнасці планет, якія наведваў, асаблівасці іх флоры, фаўны. Багата ўвагі надаваў і тамтэйшым насельнікам — больш ці менш чалавекападобным істотам, іх вонкаваму выгляду, адзенню, іх заняткам і побыту, узведзеным імі асобным будынкам і цэлым гарадам (у гэтых рукапісах процьма падрабязных апісанняў архітэктуры, інтэр’ераў іншапланетнага жытла) і інш.

Сёння з’явілася магчымасць пазнаёміць з гэтымі ўнікальнымі матэрыяламі беларускага чытача ў межах праекта “Марсіянскія хронікі Язэпа Драздовіча”. Фундатар праекта — Павел Бераговіч, вядомы бізнесмен і мецэнат, які актыўна падтрымлівае разнастайныя культурныя ініцыятывы ў Беларусі. У перспектыве плануецца правядзенне выставы жывапісных і графічных працаў Драздовіча, у якіх адлюстраванае шмат што з таго, пра што ён паведамляе ў рукапісных “справаздачах” са сваіх касмічных вандровак.

Першыя падрыхтаваныя ў межах праекта матэрыялы — урыўкі з рукапісаў “Жыццё на Марсе”, “Жыццё на планеце Сатурне” і “У чорным лабірынце (у цяснінах цырка Платона)” — размешчаныя на сайце drazdovich.by. Гэта адмысловы інтэрнэт-рэсурс, прысвечаны жыццю і творчасці Язэпа Драздовіча. Неўзабаве на сайце з’явяцца і новыя ўрыўкі з рукапісаў Драздовіча. Рыхтуюцца таксама публікацыі і ў іншых выданнях.

Лія Кісялёва і Вольга Архіпава

Над безданню, 1931 Вечар у пустэльні на Марсе, 1932 Агляд зімовых сховішчаў сатурнянамі, 1932

← вярнуцца ў навіны