Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Бацька беларускіх гісторыкаў не забыты на Лідчыне

2014.12.16 0

 Выява з сайта be.wikipedia.org.

У канцы мінулага месяца, 28 лістапада, прайшла навуковая канферэнцыя да 230-годдзя з дня нараджэння “Бацькі беларускіх гісторыкаў” Тодара Нарбута (нарадзіўся 28 кастрычніка (8 лістапада) 1784 года). Канферэнцыю арганізоўваў Лідскі гістарычна-мастацкі музей пры падтрымцы Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ. У канферэнцыі бралі ўдзел прадстаўнікі Гародні, Ліды, Бярозаўкі, Радуні, Начы (апошнія два населеныя пункты - Воранаўскі раён), Дворышча (Лідскі р-н), магчыма і з іншых населеных пунктаў. У зале былі краязнаўцы, настаўнікі гісторыі, супрацоўнікі музея, сябры ТБМ і Таварыства польскай культуры на Лідчыне.

Прагучалі даклады:

1. "Т. Нарбут- вайсковы інжынер" - Тацяна Мікялевіч (студэнтка 2-га курса ФГКіТ ГрДУ імя Я. Купалы), г. Гародня.

2. "Археалагічныя раскопкі Т. Нарбута" - Іван Аўсяннік (студэнт 4 курса ФГКіТ ГрДУ імя Я. Купалы), г. Гародня.

3. "Уяўленне Т. Нарбута пра яцвягаў. Яцвяжскі след на Лідчыне."- Станіслаў Суднік (краязнавец, рэдактар часопіса "Лідскі Летапісец"), г. Ліда.

4. "Лідчына і Нарбут" - Ганна Некрашэвіч ( навуковы супрацоўнік ЛГММ), г. Ліда.

5. "Аматарскія даследванні прыроды Т. Нарбутам" - Леанід Лаўрэш (краязнавец, стваральнік гістарычна- краязнаўчага сайта pawet.net), г. Ліда.

6. "Паэт, фалькларыст і гісторык, антычных і іншых моў знаўца" - Алесь Хітрун (навуковы супрацоўнік ЛГММ), г. Ліда.

7. "Т. Нарбут і яго эпоха" - Віталь Куплевіч, м. Радунь (Воранаўскі р-н).

8. “Паслядоўнікі Т. Нарбута - археалагічныя даследванні Воранаўшчыны ў апошнія 30 год” - Ілья Пузаткін (студэнт 4 курса ФГКіТ ГрДУ імя Я. Купалы), г. Гародня.

9. “Агляд кніг, прысвечаных Т. Нарбуту” - Галіна Курбыка (галоўны бібліёграф Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Я. Купалы), г. Ліда.

10. Прэзентацыя 3-га выдання кнігі "Пра Нарбутаў моўлю я слова...." - Уладзімір Руль (краязнавец, паэт), в. Нача (Воранаўскі р-н).

Вяла канферэнцыю старшы навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Наталля Валынец.

Мова канферэнцыі спецыяльна не вызначалася, але ўсе даклады прагучалі па-беларуску, што праўда Іван Аўсянік зачытваў цытаты і па-расейску, а Віталь Куплевіч рабіў адступленні ў бок літоўскай мовы, якой ён валодае дасканала.

Удзельнікам канферэнцыі былі прадстаўлены рэдкія кнігі: том “Старажытнай гісторыі літоўскага народа” на літоўскай мове і “Слоўнік адроджанай прускай мовы”.

На жаль, ні адной кнігі Тодара Нарбута на беларускай мове пакуль прадставіць немагчыма.

Па арганізацыі канферэнцыя была кавалачкам Еўропы ў Беларусі. Прыбылі ўсе заяўленыя ў праграме дакладчыкі. Паслядоўнасць дакладаў не парушалася, час амаль не зацягваўся. У гэтым вялікая заслуга ў тым ліку і дырэктара музея Ганны Драб.

Па выніках канферэнцыі пакуль спланавана выданне зборніка дакладаў, а калі што, то найбольш цікавыя даклады будуць змешчаны ў “Лідскім летапісцы”.

Падчас канферэнцыі была выказана заклапочанасць тым, што ўлады ў першую чаргу Гарадзенскай вобласці не дапрацоўваюць у плане ўшанавання памяці Тодара Нарбута. У свой час за паўтара гады да юбілею старшыня ТБМ Алег Трусаў звяртаўся ў Адміністрацыю Прэзідэнта па пытанні ўшанавання памяці Т. Нарбута. Былі атрыманы пэўныя абяцанні, але нічога не зроблена. Адзінае, як паведаміў У. Руль, старшыня Гарадзенскага аблвыканкама выказаўся пра магчымасць назваць новую бальніцу ў Радуні імем слыннага лекара Станіслава Нарбута, сына Т. Нарбута. Але і гэта пакуль толькі магчымасць.

Ліст ТБМ і адказ з Міністэрства культуры:

Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта

Рэспублікі Беларусь

Кабякову А.У.

Аб неабходнасці дзяржаўнага

ўшанавання Тодара Нарбута

 

Шаноўны Андрэй Уладзіміравіч!

28 кастрычніка 2014 года спаўняецца 230 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага гісторыка 19 стагоддзя Тодара Нарбута. У 9-томнай "Гісторыі літоўскага народа" (1835 - 41) Тодар Нарбут адмежаваў нашую гісторыю ад гісторыі іншых суседніх народаў і тым самым фактычна стварыў гісторыю Беларусі яшчэ да шырокага распаўсюду самога тэрміну "Беларусь". Нарбут увёў у зварот шмат гістарычных крыніц, у тым ліку "Хроніку Быхаўца". Настаў той час, калі беларусы аддаюць належнае ўсім сваім выбітным навукоўцам, палкаводцам і дзяржаўным дзеячам. Таму годнае ўшанаванне Тодара Нарбута - гэта дзяржаўная справа. З улікам сказанага прапануем наступнае:

1. Аднавіць сядзібу Тодара Нарбута ў Шаўрах Воранаўскага раёна.

Мы прапануем у якасці першага кроку прызначыць на наступны год археалагічныя раскопкі Шаўроў з тым, каб дакладна вызначыць месцазнаходжанне сядзібы, яе рэальныя памеры і прыняць узважанае рашэнне пра аднаўленне сядзібы вялікага гісторыка. Раскопкі могуць быць выкананы студэнтамі Гродзенскага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам аднаго з выкладчыкаў-археолагаў ужо летам 2014 года.

2. Выдаць на беларускай мове 9-томную "Гісторыю" Тодара Нарбута.

3. Паставіць у Лідзе перад гістарычна-мастацкім музеем помнік Тодару Нарбуту.

4. Назваць вуліцы ў Лідзе, Воранаве, іншых населеных пунктах у гонар Тодара Нарбута.

5. Выдаць марку і мастацкі канверт да 230-годдзя Тодара Нарбута і правесці іх спецыяльнае гашэнне ў Воранаве Гродзенскай вобласці.

З павагай,

Старшыня ГА ТБМ імя Ф. Скарыны                                                                                                                  А. Трусаў.

Адказ на ліст:

ГА "Таварыства беларускай

мовы імя Францішка Скарыны"

Аб разглядзе звароту

У Міністэрстве культуры сумесна з Міністэрствам інфармацыі, Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі, Гродзенскім абласным выканаўчым камітэтам па даручэнні Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 кастрычніка 2013 года №10/535-106 разгледжаны зварот аб неабходнасці ўшанавання Тэадора Нарбута. Па выніках разгляду паведамляем наступнае.

Дзеля вызначэння месцазнаходжання і кампазіцыйнай структуры сядзібы Т. Нарбута Гродзенскім аблвыканкамам быў накіраваны ліст ва ўстанову адукацыі "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы" з прапановай аб арганізацыі ў межах археалагічнай практыкі студэнтаў у 2014 годзе правядзення раскопак у в. Шаўры Воранаўскага раёна.

Па дадзеных Міністэрства інфармацыі пытанне выдання 9-томнай "Гісторыі" Т. Нарбута патрабуе глыбокай дадатковай прапрацоўкі з Акадэміяй навук Беларусі, вывучэння попыту праз сістэму публічных бібліятэк, бібліятэк устаноў адукацыі і кніжны гандаль. Толькі пасля атрымання неабходных заключэнняў названая энцыклапедыя можа быць прапанавана для ўключэння ў адпаведны выдавецкі план.

Выраб і ўсталяванне ў г. Лідзе помніка Т. Нарбуту ў 2014 годзе не запланаваны, паколькі значныя працы па стварэнні аб'ектаў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, а таксама добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі Лідскага гістарычна - мастацкага музея праводзіліся ў рамках падрыхтоўкі да рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі "Дажынкі- 2010" і 690-годдзя горада, якое адзначалася ў верасні 2013 года. У межах апошняга мерапрыемства насупраць Лідскага гістарычна- мастацкага музея была адкрыта скульптура "Гонар Лідчыны" (аўтар Р. Груша).

Згодна з Інструкцыяй аб парадку вырабу і распаўсюджвання дзяржаўных і іншых знакаў паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь, зацверджанай пастановай Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Бсларусь ад 16 верасня 2008 г. № 38, выдатныя дзяржаўныя і палітычныя дзеячы, дзеячы навукі, культуры і мастацтваў могуць быць адлюстраваныя на дзяржаўных знаках паштовай аплаты не раней чым праз 5 гадоў насля смерці і да юбілеяў з дня нараджэнпя, кратных 25 гадам. У 2009 годдзе да 225-год з дня нараджэння Т. Нарбута быў выпушчаны мастацкі маркіраваны канверт. Гэматычныя планы выдання дзяржаўных знакаў паштовай аплаты абмежаваныя па колькасці сюжэтаў і прадугледзець усе юбілейныя даты і знакавыя падзеі не ўяўляецца магчымым. Па названых вышэй прычынах выданне марак і мастацкіх канвертаў, прысвечаных Т. Нарбуту, не ўвайшло ў тэматычны план выдання на 2014 год.

На бліжэйшых пасяджэннях Лідскага і Воранаўскага райвыканкамаў будзе разгледжана пытанне аб наданні некаторым вуліцам у населеных пунктах адзначаных рэгіёнаў імя Т. Нарбута.

Пры гэтым паведамляем, што Міністэрствам культуры ў Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт накіраваны ліст з прапановай правядзення ў 2014 годзе шэрагу культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў у гонар 230-годдзя з дня нараджэння Т. Нарбута.

Намеснік Міністра                                                                                                                                                      А.А. Яцко

Відаць, праведзеная Лідскім музеем канферэнцыя і ёсць той шэраг, пра які піша намеснік міністра.

Тым не менш на Лідчыне Тодара Нарбута не забываюць, а пытанне дзяржаўнага годнага ўшанавання памяці вялікага гісторыка з павесткі дня не здымаецца. Што-што а вуліца імя Тодара Нарбута ў Лідзе будзе. Праўда, калі?

Станіслаў Суднік

 


← вярнуцца ў навіны