Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
Мясцовыя арганізацыі

Полацкая гарадская арганiзацыя ТБМ

навіны

Аб рабоце Полацкай гарадской арганізацыі ТБМ за 2014 год

2015.01.15 0

У пачатку года выпушчаны кішэнны каляндарык з выявай будынка Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур, дзе з 2008 года месцілася Полацкая арганізацыя ТБМ. Электронны макет каляндара выканаў Ігар Палынскі, а друк зроблены на паліграфічным прадпрыемстве “Спадчына Скарыны” (дырэктар Мікалай Ільюшонак).

У дзень роднай мовы прысутных віталі песнямі Ігар Палынскі, вершамі - Віктар Мятла. А затым была праведзена тэматычная вечарына “Мілагучная і ласкавая, не згубілася ў цемры вякоў”. Яе падрыхтавалі ўдзельнікі літаратурна-музычнага аб’яднання “Крылы” (г.Наваполацк). На заканчэнне сустрэчы ўсім жадаючым прапанавалі напісаць дыктоўку па творах В.Быкава. З 10 удзельнікаў былі вызначаны тры лепшыя работы. Пераможцы атрымалі прызы.

У сакавіку сябры ТБМ наведалі Палатоўскую школу-сад Полацкага раёна (дырэктар Ядзвіга Баева). У школе створаны этнаграфічны музей, дзеці вывучаюць народную культуру, граюць на музычных інструментах, спяваюць старадаўнія песні, словам, растуць беларусамі.

21 сакавіка адбыўся справаздачна-выбарны сход. Перш, чым абмеркаваць няпростую сітуацыю, у якую трапіла арганізацыя пасля аб’яднання Полацка і раёна ў адну адміністрацыйную адзінку, адбыўся канцэрт. Ансамбль беларускай песні і музыкі “Полацкія россыпы” (кіраўнік Ядзвіга Аўласенка) выступіў з праграмай “Ты мне вясною прыснілася” (лірычная песня і раманс).

Пяць дэлегатаў прынялі актыўны ўдзел у рабоце Віцебскай абласной канферэнцыі ТБМ.

У красавіку сябры Таварыства наведалі Віцебскі абласны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, паглядзелі спектакль “Пахавайце мяне за плінтусам” па п’есе Паўла Санаева (прэм’ерны паказ).

Добры настрой, шчыры смех падарыла ўсім прысутным Раіса Цітова падчас прэзентацыі сваёй першай кнігі “Усяму свой час”. Аўтар баек і пародый умее убачыць у звычайным жыцці вясёлае і камічнае, трапным словам данесці гэта да чытача.

Праведзены творчыя сустрэчы з Дзмітрыем Пугачэўскім. Гэты неардынарны чалавек мае сем прафесій, на сваёй малой радзіме ў Дзісне стварыў творчае аб’яднанне. Падчас сустрэчы ён дзяліўся сваімі філасофскімі поглядамі на розныя жыццёвыя сітуацыі, спяваў пад гітару і дэманстраваў відэакліпы ўласнай вытворчасці. Быў прэзентаваны відэакліп “Поле жытнёвае”. 6 снежня адбыўся творчы слайд-канцэрт Дз. Пугачэўскага, дзе адзін з відэафільмаў быў прысвечаны сябрам ТБМ, а аўтар заўважыў, што той, хто сёння мае адвагу гаварыць па-беларуску, па-сапраўднаму бароніць Беларусь.

У цёплы чэрвеньскі дзень праведзена вечарына-віншаванне аднаго са старэйшых сяброў ТБМ, былога выкладчыка Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, актыўнага і нястомнага прапагандыста беларускага слова Віктара Мятлы. Шмат добрых слоў, шчырых пажаданняў, вясёлых песень прагучала у адрас 75-гадовага юбіляра ад былых калег, сяброў, аднадумцаў.

Сябры Полацкай суполкі (25 чалавек) здзеснілі вандроўку на радзіму Васіля Быкава ў вёску Бычкі на Вушаччыну і прынялі удзел у святочных мерапрыемствах з нагоды 90-годдзя з дня народзінаў вялікага пісьменніка, а таксама ушанавалі памяць Народнага паэта Рыгора Барадуліна на могілках ва Ушачах.

Вельмі насычанай і цікавай была экскурсійная паездка ў Оршу і яе ваколіцы. Дзякуючы дапамозе шчырага прыхільніка Беларушчыны Генадзя Шэпелева мы наведамі месца славутай Аршанскай бітвы, пабывалі ў Копысі, Ляўках, у музеі Уладзіміра Караткевіча і іншых месцах Оршы.

28 верасня пры поўнай зале да задавальнення прысутных адбыўся канцэрт вядомага спевака Зміцера Вайцюшкевіча.

У лістападзе ў музеі беларускага кнігадрукавання сябры ТБМ ладзілі вечарыну памяці сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Змітрака Куніцкага. Уладзімір Пятровіч Стральцоў (сапраўднае імя) вельмі хацеў бачыць надрукаваным свой пераклад знакамітай паэмы М.Ю.Лермантава “Ліцвінка”. Напярэдадні вечарыны паэма была надрукавана ў газеце “Наша слова”. Прагучаў урывак з твора, газеты былі перададзены ў сямейныя архівы сыну і сястры пісьменніка. А прысутныя аддалі належнае рэдактару “Нашага слова” Станіславу Судніку за публікацыю (у яго ёсць і свой уласны пераклад “Ліцвінкі”) і дзякавалі апладысментамі. Рады былі ўбачыць гэты твор і на сайце ТБМ у рубрыцы “Творчасць сяброў ТБМ”.

Свята сустрэчы з сапраўднай паэзіяй падарылі палачанам Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін. І “полацкія зоркі”, “полацкія кветкі”, як назваў Леанід Васільевіч малодшых школьнікаў, і старшакласнікі, і студэнты, і дарослыя (усяго праведзена тры сустрэчы) знаходзяцца пад уражаннем ад пачутага з вуснаў таленавітых сталічных гасцей.

Прадстаўнікі нашай суполкі бралі ўдзел у святкаванні 25-годдзя ТБМ у Мінску, удзельнічалі ў рабоце 12 з’езда ТБМ.

Старшыня Полацкай арганізацыі ТБМ Валянціна Крук


← вярнуцца ў навіны