Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Зборнік дакладаў “Грамадзянская супольнасьць у абароне цывілізацыйна-культурнай ідэнтычнасьці Беларусі: ад “Зробім лепш!” да “Барані сваё!”

2014.12.06 0

Выканаўчае бюро Асамблеі НДА Беларусі падрыхтавала зборнік дакладаў пашыранага круглага стала “Грамадзянская супольнасьць у абароне цывілізацыйна-культурнай ідэнтычнасьці Беларусі: ад “Зробім лепш!” да “Барані сваё!”, які прайшоў 18 верасьня 2014 году. У ім брала ўдзел першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім. Яе выступ – да вашай увагі.

Пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы як складнік абароны моўных правоў

Моўнае права можна лічыць забяспечаным пры наяўнасці некалькіх складнікаў. Юрыдычны – адпаведныя заканадаўчыя акты, якія прапісваюць моўнае права і механізм яго забеспячэння. Фактычны – наяўнасць усіх неабходных інструментаў для яго ажыццяўлення па ўсіх сферах, прыкладам, сістэму адукацыі, СМІ і г.д.

Калі разгледзець сітуацыю ў нашай краіне з пункту гледжання права беларускамоўнага грамадзяніна, то атрымліваецца наступная карціна. Юрыдычна ўсё нібыта нармальна, ёсць Канстытуцыя, іншыя законы, якія дэкларуюць права на карыстанне дзяржаўнай беларускай мовай. А вось што датычыць фактычнага ажыццяўлення, то тут мы маем справу з адсутнасцю значнай колькасці інструментаў, якія павінна стварыць дзяржава, для яго практычнай рэалізацыі. Гэта тычыцца і сістэмы адукацыі, і сферы розных паслуг (банкаўскіх, побытавых, аб’ектаў гандлю і г.д), дзе беларуская мова прысутнічае намінальна, або цалкам ігнаруецца. У такіх варунках узнікае неабходнасць грамадскага ўмяшання і прымяненне разнастайных метадаў для выпраўлення сітуацыі.

Прывяду прыклады з дзейнасці Таварыства беларускай мовы. У першую чаргу я маю на ўвазе накіраванне лістоў да адпаведных структур (дзяржаўных органаў улады, кіраўніцтву ўстаноў і да т. п.), у якіх звяртаецца ўвага на неабходнасць забеспячэння моўнага права грамадзян. Калі такія лісты ад арганізацыі не маюць уздзеяння, а ў адказ прыходзяць адпіскі, то цалкам апраўдана арганізаваць кампаніі па зборы подпісаў грамадзян па такой праблематыцы. У звязку з гэтым хачу прыгадаць такія паспяховыя кампаніі, як адхіленне зменаў у Закон аб назвах геаграфічных аб’ектаў, ужыванне беларускай лацінкі ў візуальным абліччы сталіцы і інш. Справы як быццам лакальная, але яны выклікалі значны грамадскі розгалас, падчас якога выразна праявілася гуртаванне грамадства на грунце безумоўна патрыятычнай пазіцыі.

Аднак, часта бывае і так, што ажыццяўленне моўнага права ўпіраецца, а то і робіцца немагчымым з прычыны адсутнасці беларускамоўнай версіі. І ў такім выпадку ціск на адпаведныя органы, як правіла, вынікаў не дае. Нагадаю, як гэта было прыкладам, з Правіламі дарожнага руху. На ўсе нашы лісты ў розныя адказныя дзяржаўныя ўстановы быў адказ, што ёсць версія Правілаў на беларускай мове на сайце pravo.by і гэтага дастаткова. Рабіць жа папяровае выданне ніхто не збіраўся. Наша арганізацыя ўзяла на сябе абавязак падрыхтаваць перакладны варыянт Правілаў дарожнага руху на беларускай мове, узгадніць яго з Нацыянальнай акадэміяй навук і дабіцца магчымасці выдаць дзеля практычнага выкарыстання. Трэба сказаць, што такая праца была зроблена, мы маем першыя ў незалежнай Беларусі выдадзеныя Правілы дарожнага руху на беларускай мове. Распачатая справа мела працяг, нашу ініцыятыву падтрымала прыватная кампанія, якая размясціла на сваім сайце pdd.by электронную версію ПДР на беларускай мове і падтрымлівае яе ў актуальным стане, г.зн. адразу ўносіць змены, якія з’яўляюцца ў Правілах. Акрамя таго, супольна з гэтай кампаніяй быў падрыхтаваны дыск з заданнямі для падрыхтоўкі і здачы экзамену з версіяй на беларускай мове на права кіравання аўтамабілем катэгорыі “В”. Такім чынам, не дачакаўшыся ад дзяржаўных органаў неабходных крокаў, грамадскасць сама робіць што ў яе сілах, каб запоўніць прагалы моўнага права.

Дзякуючы такім высілкам мы можам сказаць, што на сённяшні дзень любы ахвотны можа скарыстацца зробленым для таго, каб навучацца і атрымліваць правы катэгорыі “В” на беларускай мове, паколькі аўташколы маюць навучальныя дыскі з задачамі і на беларускай мове. Але застаецца нявырашаным да канца тое, што да сённяшняга дня Дзяржаўтаінспекцыя не
ўвяла ў практыку здачы экзамена выкарыстанне падрыхтаваных задач на беларускай мове. І таму мы трымаем гэта пытанне пад сваім кантролем.

Хачу таксама звярнуць увагу і на наш цяперашні клопат: выданне тэстаў па беларускай мове як замежнай для стварэння Міжнароднага сертыфіката беларускай мовы. Ужо выйшлі кнігі па трох узроўнях, астатнія тры знаходзяцца ў выдавецтве. Завяршэнне гэтай справы запатрабуе значных высілкаў і намаганняў, але і дазволіць вывесці беларускую мову на міжнародны ўзровень.

Абагульняючы, хачу зазначыць, што ў любым грамадстве права грамадзян падмацоўваецца іх воляй і жаданнем спраўдзіць гэтае права. У нашай сітуацыі гэта можа быць і патрабаванне, і ціск праз кампаніі подпісаў.

А таксама любое дзянне, накіраванае на пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы, пераклады розных прадуктаў - твораў сусветнай літаратуры, кіно, праграм для дзяцей - заснаванне і выданне СМІ на беларускай мове, стварэнне кінасцэнароў і інш. Асабліва важна, каб беларуская мова мела пашырэнне ў інавацыйных праграмах. Бо, на маю думку, з’яўленне такіх рэчаў прыцягвае ўвагу, актывізуе грамадства і спрыяе больш поўнаму забеспячэнню моўнага права.

Першы намеснік старшыні ТБМ
Алена Анісім


Пагартаць або спампаваць увесь зборнік матэрыялаў вы можаце па спасылцы.


← вярнуцца ў навіны