Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Прэзентацыя новай кнігі “Тэатр Сержука Вітушкі”

2014.12.01 0

У выдавецтве “Тэхналогія” 4 снежня 2014 года а 16-й гадзіне адбудзецца прэзентацыя новай кнігі “Тэатр Сержука Вітушкі”. Гэта выдатны падарунак для бацькоў, выхавальнікаў, а таксама ўдзельнікаў дзіцячых тэатральных гурткоў.

Кніга складаецца з дзвюх частак. Першая з іх, “Тэатр на далонях”, разлічаная на самых маленькіх гледачоў. Каментуючы яе, аўтар адзначае, што артыстамі ў гэтым тэатры будуць пальцы. “Яны збіраюцца ў шчопці, жменькі, кулачкі і паказваюць розныя фігуры. Што вельмі важна – гэткі тэатр заўсёды пад рукой: у дарозе, калі няма цацак, ці дома, калі цацкі надакучылі”. Паказы суправаджаюцца вершыкамі і песенькамі, якія раскрываюць сюжэты.

Другую частку кнігі складаюць п’есы-казкі. Яны вельмі музычныя – амаль усе персанажы там спяваюць, прычым спяваюць, як правіла, на матывы шырока вядомых песняў. Часцей за ўсё гэтыя мелодыі пазначаныя ў тэксце, але разам з тым аўтар пакідае карыстальнікам даволі шырокую прастору для ўласных музычных інтэрпрэтацый.

У прэзентацыі бяруць удзел вядомыя дзеячы культуры, выхавальнікі дзіцячых садкоў, маладыя бацькі, зацікаўленыя ў далучэнні сваіх дзяцей да роднае мовы.

Да імпрэзы супрацоўнікі “Тэхналогіі” падрыхтавалі выставу навуковых і навукова-папулярных кніг выдавецтва па беларускай гісторыі, фалькларыстыцы, музычнай культуры, мовазнаўстве.

Кантакты:
+375 17 327 19 40
+375 29 325 24 23 (Vel.)
technalohija@gmail.com
Марыя

Валер Мазынскі: “Тэксты, сабраныя ў гэтай кнізе – гатовы “Тэатр Вітушкі”. Ён мог бы яшчэ і рэжысёрам быць, бо ўсё за ўсіх зрабіў сам. Мала таго – гэтыя казкі так і просяцца ў мульцікі. Гарантую, што яны разыдуцца па самадзейных тэатрыках, як гарох рассыпаны. Тут ёсць і сучасны погляд, але захаваная і добрая беларуская традыцыя. Увесь Свет, прапушчаны праз светлае ўспрыманне жыцця Сяргеем, робіцца БЕЛАРУСКІМ!


← вярнуцца ў навіны