Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Першы беларускі лінгвістычны баявік

2014.12.02 0

 Выява з сайта 34mag.net.

У гэтым годзе пабачыла святло чарговая кніжка Віктара Марціновіча “Мова”. Віктар нарадзіўся ў 1977 годзе ў Ашмянах, доўгі час пісаў па-руску і даволі паспяхова. Яго творы перакладаліся на розныя мовы, сярод якіх ёсць нават фінская.

І вось мы маем добрую беларускамоўную кнігу, прысвечаную магчымай будучай Беларусі, як складовай часткі вялікай Саюзнай дзяржавы Кітая і Расіі, дзе, вядома, пануе ўсё кітайскае, а рускае мае двугасны характар. Беларуская мова цалкам забаронена, і за яе выкарыстанне, нават пасіўнае, чакае жорсткае пакаранне. Уся беларускамоўная літаратура альбо знішчана, альбо ляжыць у спецсховішчах. Беларускую мову ўлады лічаць духоўным наркотыкам і яе спажыўцы на іх думку – страшэнныя наркаманы. Тым не менш, гандляры мовы-наркотыка прывозяць кавалачкі беларускамоўных тэкстаў з-за мяжы і добра на гэтым зарабляюць. Гэтыя нарка-плыні кантралюе кітайская мафія. Каб знішчыць мову, улады ўставілі ў падпольныя тэксты, напісаныя на ёй, спецыяльны вірус, каб ліквідаваць лексічную і граматычную структуру беларускай мовы, замяніўшы яе выпадковымі сімваламі. Аднак на апошняй старонцы кнігі адна з яе гераіняў спадзяецца, што мова ажыве праз нейкі час.

Цікава, што гэтае прароцтва збываецца на нашых вачах. Выходзім у Інтэрнет і чытаем газету РУ за 26.ХІ.2014 : “У апошнія месяцы беларускія нацыяналісты дзейнічаюць значна лепей і паспяховей, чым “тытульная” апазіцыя, якую наадварот скаланаюць доўгія скандалы”. “З’явілася шмат гурткоў і таварыстваў па вывучэнні беларускай мовы, гісторыі і культуры беларусаў. Імкліва ўвайшлі ў моду “вышыванкі” – кашулі і майкі (цішоткі) з нацыянальным беларускім арнаментам”. Варта дадаць, што абвесткі аб бясплатных курсах па вывучэнні беларускай мовы друкуе рускамоўная рэкламная газета “Ва-банкъ”, якую бясплатна кідаюць па паштовых скрынках у вялікай колькасці. Наклад газеты 350 500 асобнікаў.

Такім чынам, Марціновіч вельмі своечасова “упісаўся” у тую сітуацыю з моўным адраджэннем, якое ў гэтым годзе стала актыўна пашырацца сярод “сярэдняга” класа ў Мінску і іншых вялікіх гарадах Белаурсі.

Кніга пабачыла святло, дзякуючы намаганням МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Грамадскай культурнай кампаніі “Будзьма беларусамі”. Дадатковы наклад – 700 асобнікаў выдала мінскае выдавецтва “Кнігазбор”.
Цікава, што ў добры беларускі тэкст кнігі ўстаўлена даволі шмат англійскіх слоў і нават сказаў, якія потым перакладаюцца на беларускую мову. Магчыма, аўтар паказвае нам на новую пагрозу. Замест паланізацыі і русіфікацыі нашу мову, яу і шмат іншых моваў свету, раз’ядае англамоўны вірус, з якім пакуль ніхто сур’ёзна не змагаецца.

Сярод “наркатычных” беларускамоўных тэкстаў, якімі гандлюе кітайская мафія, аўтар падае вершы Ларысы Геніюш і Уладзіміра Дубоўкі. Даюцца і цікавыя цытаты з “Запісак Самсона Самасуя” Андрэя Мрыя. Гэта таксама не выпадкова, бо гэтыя аўтары былі рэпрэсаваныя сталінскім рэжымам, а іх творы доўгі час былі пад забаронай у БССР.

Добра знаёмы аўтар кнігі з кітайскімі рэаліямі жыцця ад Пекіна да Ганконга, і вельмі трапна іх накладае на беларускую русіфікаваную рэчаіснасць, рэчаіснасць двайной акупацыі. Дзеянне кнігі адбываецца на тэрыторыі Мінска і яго сённяшняя тапаграфія і тапаніміка гучыць шмат на якіх старонках твора Віктара Марціновіча.

Вельмі цікава прадсказвае Марціновіч гістарычны лёс Расіі. Адкрыем 164 старонку і чытаем наступнае: “Потым Расія запрасіла ў мытную дамову Кітай, каб прасцей было супрацьстаяць беспрынцыпнаму і смярдзючаму Захаду. Прыкладна праз пяць гадоў пасля гэтага ніякай Расіі ўжо не было, толькі Кітай".

Такіх цікавых старонак у кнізе Віктара Марціновіча 263, і я прапаную чытачам як мага хутчэй з імі азнаёміцца.

Спецыяльна для партала ТБМ Алег Трусаў


← вярнуцца ў навіны