Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Беларуская мова вачыма замежнага даследчыка

2014.11.28 0

 Здымкі з архіва сп. Міраслава Янковяка. 

Прапануем інтэрв’ю з навукоўцам, даследчыкам беларускай мовы ў Польшчы Міраславам Янковякам 

- Спадар Міраслаў, распавядзіце крыху пра сябе: дзе нарадзіліся, дзе вучыліся, кім працуеце.

- Я сам паходжу з Польшчы, паляк, нарадзіўся ў Варшаве і тут таксама мая альма-матэр – Кафедра беларускай філалогіі і Польская філалогія Варшаўскага унтверсітэта. А ўжо 11 гадоў, з 2003 г., я працую ў Інстытуце славістыкі ПАН.

- Раскрыйце таямніцу, як і калі прыйшла ў Вас зацікаўленасць да беларускай мовы. Можа, прычынай стала гісторыя сямейнага роду, а можа, аказаў уплыў хтосьці з выкладчыкаў ці нешта іншае. 

- Мы з братам заўсёды цікавіліся землямі былой Рэчы Паспалітай, «ездзілі» пальцам па карце і размаўлялі гадзінамі пра гісторыю, культуру, ды народы, якія там пражывалі. Да таго, пасля I сусветнай вайны сям’я дзядулі з боку маці выехала на Палессе ў пошуках працы, і дзядуля расказваў мне пра беларускія землі, пра беларусаў, якія вельмі добра і зычліва адносіліся да іх у гэты час. Вось і вырашыў падаць дакументы на Факультэт гісторыі і Беларускую філалогію. З гісторыяй не атрымалася, і так пачалася мая прыгода з беларускай мовай ды Беларуссю ўвогуле, якая трывае ўжо 16 гадоў.

- Што менавіта з’яўляецца прадметам Вашага даследавання?

- Моўныя памежжы, польская мова на тэрыторыі былога СССР, беларуская мова, дыялекты і гаворкі, перад усім па-за межамі Беларусі. Мяне з самога пачатку цікавілі памежжы, з усёй сваёй спецыфікай і складанасцю, а таксама феномен жыццёвасці беларускіх гаворак, якія, нягледзячы на цяжкія ўмовы, пражылі і нядрэнна захавалі сваю беларускую структуру.

- Дзе Вы ўжо былі, збіраючы матэрыял для навуковага аналізу?

- Адным з першых тэкстаў, які прачытаў у сваёй навуковай кар’еры, была справаздача Я. Карскага з паездкі 1903 года, дзе на аснове мовы ён вызначыў этнаграфічныя межы беларускага народа. Вырашыў і я паехаць шляхом Карскага 100 гадоў пазней. Найлепш даследаваў я беларускія гаворкі ў Латвіі, быў і на Падляшшы, а толькі ў гэтым годзе правёў палявыя даследаванні ў Літве, Латвіі і паўднёвай Пскоўшчыне – усё па два тыдні. На будучыню застаецца яшчэ Смаленшчына, Браншчына, ды паўночная Чарнігаўшчына...калі, зразумела, палітычныя ўмовы дазволяць. 

- Якія цікавыя высновы ўжо зроблены Вамі?

- Асабліва мяне зацікавіў феномен жыццёвасці беларускіх гаворак, якія функцыянуюць у вельмі неспрыяльных умовах. Напрыклад, такая паўднёвая Пскоўшчына. Беларускія моўныя рысы (радзей польскія) дасягаюць да лініі, дзе былі межы былой Рэчы Паспалітай і ВКЛ. Аналіз сучасных матэрыялаў са Смаленшчыны таксама гэта пацвярджае – межы ВКЛ і Рэчы Паспалітай адлюстроўваюцца да сёння ў мове жыхароў.

- Што цікавага для даследавання беларускай мовы Вы лічыце вартым увагі навукоўцаў?

- Цяжка адназначна сказаць. Думаю, трэба даследаваць усе аспекты. Для мяне асабіста важнае гэта, што датычыць беларускай мовы па-за межамі дзяржавы. Тут шмат чаго трэба яшчэ зрабіць.

- Дзе ў Польшчы можна вывучаць беларускую мову і на якім ўзроўні?

- У розных месцах, з акадэмічных, што зразумела, маем Беластоцкі ўніверсітэт, Варшаўскі, у Любліне, але курсы беларускай мовы праводзяцца і ў іншых месцах – лектараты, часам прыватныя школы, а нават выстартавала ў Польшчы МоваНанова! Толькі на Кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта беларускую мову вывучае аж 69 студэнтаў! Але, на жаль, зацікаўленасць паніжаецца з кожным годам, што выклікана і дэмаграфічнай ямай і горшым фінансаваннем уладамі вну рэдкай накіраванасці.

- Вы даволі часта бываеце ў Беларусі, мінулы раз гэта было ўлетку 2013 г. За гэты час у нашай краіне адбыліся розныя змены. Так, у метро і на вуліцах сталіцы з’явіліся надпісы з назвамі на беларускай лацінцы. Як бы Вы ацанілі гэта з пункту гледжання замежнага госця?

- Гледзячы тут толькі і выключна з пунтку гледжання турыста – ці вы можаце сабе ўявіць, што голас у мінскім Метрапалітэне кажа: «Наступная станцыя Кастрычніцкая», а чалавек бачыць надпіс на лацінцы «Октябрьская»? Не? Я таксама не! Добра, што ёсць людзі, якія актыўна запрацавалі на беларускую лацінку, дзякуй ім за гэта! Я магу гэта ацаніць толькі пазітыўна.

- Дзякуй за Вашы адказы. Мы жадаем Вам плённай працы і навуковых адкрыццяў. 

- Вельмі дзякую за запрашэнне і таксама жадаю ТБМ плённай працы ў будучыні!

 

Міраслаў Янковяк Міраслаў Янковяк У Краслаўскім раёне Латвіі На латвійска-беларускай мяжы

← вярнуцца ў навіны