Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Праект Маніфеста ў абарону незалежнасці Беларусі (дададзена заява ЛДП)

2014.12.14 1

Мы, удзельнікі Усебеларускага кангрэса, усведамляючы сваю адказнасць за лёс Беларусі, жадаючы захаваць нацыянальныя каштоўнасці і традыцыі беларускага народа, усведамляючы прыярытэт нацыянальных інтарэсаў перад прыватнымі палітычнымі амбіцыямі, кіруючыся імкненнем забяспечыць суверэнітэт і свабоду нашай Бацькаўшчыны  і вярнуць дзяржаўныя структуры Рэспублікі Беларусь на шлях служэння беларускаму народу, дзейнічаючы ў межах нашых законных правоў, прымаем наступны Маніфест.
 

* * *

Мы нагадваем, што дзяржаўны суверэнітэт нашай краіны быў абвешчаны 27 ліпеня 1990 года ў Дэкларацыі Вярхоўнага Савета Беларусі. 25 жніўня 1991 г. Дэкларацыя набыла статус канстытуцыйнага закона.

У артыкуле 1 Дэкларацыі адзначаецца, што Беларусь — суверэнная дзяржава, якая паўстала на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад'емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу.

У артыкуле 2 Дэкларацыі падкрэсліваецца, што носьбітам суверэнітэту і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў краіне з'яўляецца беларускі народ, які складаюць грамадзяне усіх нацыянальнасцяў.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, прынятая 15 сакавіка 1994 г., пацвердзіла асноўныя палажэнні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Так, у артыкуле 1 Канстытуцыі замацоўваецца, што Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку.

Аднак папраўкі, прынятыя ў выніку рэферэндумаў 1995 і 1996 гадоў, прывялі да парушэння фундаментальных нормаў Дэкларацыі і Канстытуцыі Беларусі.

Сур'ёзная пагроза суверэнітэту дзяржавы ўзнікла ў сувязі з заключэннем дамоваў з Расійскай Федэрацыяй аб стварэнні так званай «саюзнай дзяржавы», што выклікала пратэст дэмакратычнай грамадскасці і скліканне Усебеларускага з'езда 29 ліпеня 2000 года. На ім быў прыняты Акт аб незалежнасці Беларусі, у якім адзначалася, што «суверэнітэт краіны не можа быць абмежаваны або скасаваны праз рашэнні дзяржаўных асоб і органаў, а нават праз рэферэндум». У ім таксама была прызнана, што не маюць законнай сілы любыя пагадненні і рашэнні, скіраваныя на скасаванне альбо абмежаванне суверэнітэту Беларусі.

Новую  сур’ёзную пагрозу незалежнасці краіны нясе ў сабе Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе, ратыфікаваны 9 кастрычніка беларускімі ўладамі.  Шэраг палажэнняў гэтага Дагавора супярэчаць агульнапрызнаным нормам міжнароднага права, Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэтая  пагроза ўзмацняецца значнымі зменамі ў геапалітыцы, выкліканымі імкненнем кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі ўсталяваць новы сусветны парадак.

Мы заяўляем:

Беларусь — гэта наш дом, які мы адтрымалі ў спадчыну ад продкаў і павінны захаваць для нашчадкаў. Мы і наша зямля – не “шчыт”, “фарпост” ці “буфер” для суседніх дзяржаваў. Размяшчэнне замежных вайсковых кантынгентаў і базаў на тэрыторыі Беларусі недапушчальнае. Усе замежныя войскі павінны пакінуць нашу тэрыторыю.

Беларусь – краіна, якая найбольш пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы. Гэта адбіваецца на здароўі нашых суайчыннікаў. Кіраўніцтва краіны павінна спыніць шматгадовую практыку замоўчвання і ігнаравання наступстваў чарнобыльскай праблемы. Вялікую трывогу выклікае будаўніцтва атамнай электрастанцыі на тэрыторыі Беларусі, рашэнне аб якім было прынята без уліку меркавання народа.

Мы занепакоены і тым, што народ на працягу апошніх 20 гадоў фактычна пазбаўлены магчымасці абіраць сваіх прадстаўнікоў у органы мясцовай і вышэйшай улады.

Мы не можам заставацца абыякавымі да дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне. Нацыя старэе і паступова вымірае. Нам неабходна зрабіць палітычныя і эканамічныя захады, якія б давалі магчымасць для  самарэалізацыі моладзі на радзіме,  спрыялі стварэнню сям’і, заахвочвалі да нараджэння і гадавання дзяцей.

Наша зямля і яе нетры не павінны бескантрольна аддавацца ва ўласнасць ці арэнду замежным грамадзянам або дзяржавам. Усе інвестыцыйныя праекты, звязаныя з новым будаўніцтвам, павінны прымацца са згоды і пад кантролем грамадства.

* * *

Прымаючы пад увагу, што ўступленне ў сілу з 1 студзеня 2015 года Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе можа стаць асновай для страты дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, прывесці да далейшага знішчэння беларускай мовы, ператварыць Беларусь у адзін з суб'ектаў Расійскай Федэрацыі, мы патрабуем ад уладаў неадкладна скасаваць Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе або ўнесці ў яго тэкст адпаведныя змены.

Мы заяўляем, што ўсе пагадненні і дагаворы, якія былі заключаны з парушэннем Канстытуцыі і якія ставяць пад пагрозу незалежнасць нашай краіны, павінны быць перагледжаны.

Мы аб'яўляем ўсім краінам і народам, міжнародным і рэгіянальным арганізацыям, што Рэспубліка Беларусь была і застаецца суверэннай, нейтральнай і без’ядзернай дзяржавай.

Мы заклікаем палітычныя партыі, грамадскія аб'яднанні і рухі, патрыятычна настроеных грамадзян падтрымаць гэты Маніфест і далучыцца да агульнанацыянальнай кампаніі ў абарону незалежнасці нашай краіны.

Маніфест прыняты на пасяджэнні Кангрэса і адкрыты для падпісання іншымі суб'ектамі грамадзянскай супольнасці. 

 

Выстаўляем заяву Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі адносна праекта Маніфеста:

"На пасяджэнні Вышэйшага Савета і Цэнтральнага камітэта Ліберальна-дэмакратычнай партыі разгледжаны праект Маніфеста Усебеларускага Кангрэса за Незалежнасць.

Мы перакананыя, што на Кангрэс павінны быць запрошаны усе палітычныя сілы Рэспублікі Беларусь, не залежна ад палітычнай пазіцыі і іх ідэалагічных праграм, якія безумоўна лічаць галоўнай складаючай сваёй дзейнасці ўмацаванне незалежнасці і суверэнітэту нашай краіны.

ЛДПБ гатова падтрымаць праект Маніфеста шмат у чым, у першую чаргу, суверэнітэт і незалежнасць, безумоўна, пашырэнне і развіццё грамадзянскай супольнасці, выбары ў абласцях і гарадах губернатараў і мэраў гарадоў, пераход на прапарцыйна-мажарытарную сістэму выбараў дэпутатаў, Палаты прадстаўнікоў, абласных і гарадскіх Саветаў, свабодная прысутнасць прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх арганізацый у выбарчых камісіях рознага ўзроўню.

Разам з тым, мы не бачым ніякіх пагроз з боку ЕўрАзЭС, як і ад Еўрапейскага Саюза. Беларусі неабходна раўнацэннае супрацоўніцтва, як з аднымі, так і з іншымі. У будучыні гэта будзе абавязкова.

Калі ўнутры краіны будзе паразуменне паміж рознымі палітычнымі партыямі аб адзінстве абароны суверэнітэту і незалежнасці, то ў гэтым мы бачым самыя вялікія гарантыі.

Мы таму будзем вітаць Кангрэс, калі па асноўнаму стратэгічнаму пытанню мы ўсе адзіныя.

А калі як заўсёды, вузкай групай, то гэта мы лічым нашай агульнай слабасцю і ў гэтым бачым пагрозу суверэнітэту.

Перакананыя, што на такой аснове, калі пагодзяцца, трэба запрашаць прадстаўнікоў і КПБ, і БРСМ, і Белую Русь. Вось тады ўсё будзе зразумела.

У сваю чаргу, ЛДПБ гатова накіраваць 5 сваіх прадстаўнікоў на чале з першым намеснікам Старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Гайдукевічам Алегам Сяргеевічам прыняць удзел у працы Кангрэсу.

Вам вырашаць".

 

Каментары

Госць 2014-12-15 00:37:28

Падаецца, што для заявы такой арганізацыі як ТБМ аспект беларускай мовы ў гэтым дакуменце гучыць недастаткова моцна. Акрамя таго, праігнаравны развал адукацыі на беларускай мове.


← вярнуцца ў навіны