Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Беларуская мова ў раёнках Гарадзенскай вобласці

2014.12.10 4

 Выява з сайта en.wikipedia.org.

У Гарадзенскай вобласці 17 раёнаў, ва ўсіх раёнах выходзяць афіцыйныя газеты, заснавальнікамі якіх з’яўляюцца мясцовыя ўлады. Гэтыя газеты, магчыма неафіцыйна, але з’яўляюцца ці то органам, ці то рупарам тых самых мясцовых уладаў, хаця маюць пэўны ўзровень самастойнасці. Самастойнасцю той раёнкі карыстаюцца па-рознаму.

У гэтым артыкуле нас цікавіць сітуацыя з беларускай мовай у некаторых газетах вобласці, што пэўным чынам характарызуе і саму газету. Будуць аналізавацца:

- “Лідская газета” (Лідскі раён, галоўны рэдактар - Кацярына Адамаўна Серафіновіч);

- “Перамога” (Дзятлаўскі раён, галоўны рэдактар - Алег Мікалаевіч Кудзінаў);

- “Іўеўскі край” (Іўеўскі раён, галоўны рэдактар - Тэрэза Іосіфаўна Барташ);

- “Полымя” (Карэліцкі раён, галоўны рэдактар - Іван Аляксандравіч Шлык);

- “Ашмянскі веснік” (Ашмянскі раён, галоўны рэдактар - Ганна Мікалаеўна Давідовіч);

- “Воранаўская газета” (Воранаўскі раён, галоўны рэдактар - Тацяна Паўлаўна Дудко);

- “Новае жыццё” (Наваградскі раён, галоўны рэдактар - Алена Яўгеньеўна Ермакова).

Не прэтэндуючы на аб’ёмнасць і ўсеахопнасць аналізу возьмем для разгляду па аднаму выпадковаму нумару кожнай газеты (“Лідская газета” - два нумары).

Разгледзім некалькі пазіцый.

Артыкулы:

- “Лідская газета”  - 39 артыкулаў і паведамленняў, на беларускай мове ні аднаго, адпаведна 0 %;

- “Перамога” - 27 артыкулаў і паведамленняў, на беларускай мове ўсе, адпаведна 100 %;

- “Іўеўскі край” - 21 артыкул і паведамленне, на беларускай мове 4, адпаведна 19 %;

- “Полымя” - 17 артыкулаў і паведамленняў, на беларускай мове 7, адпаведна 41 %;

- “Ашмянскі веснік” - 27 артыкулаў і паведамленняў, на беларускай мове 4, адпаведна 15 %;

- “Воранаўская газета” - 28 артыкулаў і паведамленняў, на беларускай мове 3, адпаведна 11 %;

- “Новае жыццё” - 19 артыкулаў і паведамленняў, на беларускай мове ўсе, адпаведна 100 %.

Рэклама:

- “Лідская газета” - 121 блок, на беларускай мове 2 (анонсы самой газеты), адпаведна 1,7%;

- “Перамога” - 109 блокаў, на беларускай мове 77, адпаведна 71 %;

- “Іўеўскі край” - 77 блокаў, на беларускай мове 2, адпаведна 2,5 %;

- “Полымя” - 20 блокаў, на беларускай мове ні аднаго, адпаведна 0 %;

- “Ашмянскі веснік” - 136 блокаў, на беларускай мове ні аднаго, адпаведна 0 %;

- “Воранаўская газета” - 45 блокаў, на беларускай мове ні аднаго, адпаведна 0 %;

- “Новае жыццё” - 40 блокаў, на беларускай мове ні аднаго, адпаведна 0 %;

Віншаванні, падзякі і спачуванні:

- “Лідская газета” - 33, на беларускай мове 3, адпаведна 9 %;

- “Перамога” - 3, на беларускай мове ўсе, адпаведна 100 %;

- “Іўеўскі край” - 4, на беларускай мове ні аднаго, адпаведна 0 %;

- “Полымя”  - 18, на беларускай мове 9, адпаведна 50 %;

- “Ашмянскі веснік” - 28, на беларускай мове 1, адпаведна 3,6 %;

- “Воранаўская газета” - 2,  на беларускай мове ні аднаго, адпаведна 0 %;

- “Новае жыццё” - 19, на беларускай мове ні аднаго, адпаведна 0 %.

Вось такі прыблізны малюнак. З нумара ў нумар працэнты будуць крыху мяняцца, але нязначна. Некалі цалкам беларускамоўная “Лідская газета” стала амаль на 100 адсоткаў рускамоўнай. У адным нумары (за 13 лістапада) няма па-беларуску нічога акрамя назвы, анонса і калантытулаў, у другім нумары (за 15 лістапада да назвы, анонса і калантытулаў дадаліся тры віншаванні, адно з іх ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў). І гэта пры тым, што ўсе карэспандэнты і галоўны рэдактар газеты выдатна валодаюць мовай.

Вось ужо сапраўды па Караткевічу: “Калі вы маеце самы беларускі горад Ліду, то атрымайце ў ім самую зрусіфікаваную прэсу”.

Разам з тым невялікая дзятлаўская “Перамога” мае нават 71 % рэкламы па-беларуску і мае той рэкламы з раёна з насельніцтвам 28,3 тысячы чалавек (2011 г.) больш чым “Лідская газета” з раёна ў 135,2 тысячы чалавек (2008 г.).

Высновы рабіць не нам, але, трэба спадзявацца, ёсць каму.

Станіслаў Суднік 

Каментары

Госць 2014-11-25 09:53:41

Шчучынская "Дзянніца", здаецца, пераважна па-беларуску выходзіць.

Госць 2014-11-25 19:15:25

Дзякуй за інфармацыю!

Госць 2014-11-26 10:20:28

"Гэтыя газеты, магчыма неафіцыйна, але з’яўляюцца ці то органам, ці то рупарам тых самых мясцовых уладаў..." Адкуль такая няўпэўненасць? Нашто тут слова "неафіцыйна", калі ў папярэднім сказе аўтар піша пра "афіцыйныя газеты, заснавальнікамі якіх з’яўляюцца мясцовыя ўлады"?

Госць 2014-11-26 20:07:07

На газетах не напісана, што яны орган, а тым больш рупар, таму і ўжыта слова "неафіцыйна", што нічога не мяняе па сутнасці.


← вярнуцца ў навіны