Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Увага, пачынаем дыскусію!

2014.11.21 6

"Народная Воля" ад 18 лістапада 2014 года ў якасці дыскусіі надрукавала на 3 старонцы артыкул Вячаслава Лапціка, у якім ён крытыкуе дзейнасць ТБМ і яго кіраўніцтва. У сувязі з гэтым мы змяшчаем на нашым партале публікацыю сп. Лапціка, адкрыты ліст старшыні ТБМ Алега Трусава рэдактару "НВ" Іосіфу Сярэдзічу і адказ А. Трусава на гэтую публікацыю.

Цяпер ТБМ праводзіць сістэмны маніторынг з высвятленнем стану дзяржаўнай беларускай мовы ў розных сферах нашага жыцця. Мы разаслалі аднолькавыя запыты па гэтым пытанні ўсім раённым кіраўнікам Беларусі ў жніўні-верасні гэтага года і атрымалі зусім розныя адказы, з якіх вынікае, што сітуацыя ў кожным раёне розная. Спадзяемся, што сп. Лапцік, які настойліва прапануе ТБМ ліставацца з уладамі, будзе задаволены.

Мы спадзяемся, што наведвальнікі партала ТБМ таксама падключацца да дыскусіі, якую прапанавала "Народная Воля".

...А беларускі караван ідзе!

Мне цяжка сказаць, што зрабіў канкрэтна беларус Вячаслаў Лапцік, каб беларуская мова пашыралася ў нашай краіне.

Можа, ён арганізаваў у Мінску беларускамоўны садок ці клас, а можа і цэлую імназію, як гэтага ў свой час дамаглася Мінская гарадская арганізацыя ТБМ?

А можа, ён зрабіў і выдаў без дапамогі дзяржавы беларуска-англійскі ці беларуска-шведскі размоўнікі?

Можа, дапамог актывістам ТБМ выдаць Правілы дарожнага руху па-беларуску ці выдаў хоць адзін беларускамоўны каляндар, паштоўку ці канверт, як гэта шмат гадоў робіць ТБМ?

Спадзяюся, што ў наступным нумары “Народнай Волі” мы даведаемся пра грамадскі вычын спадара Лапціка.

А зараз я прашу сп. Сярэдзіча надрукаваць матэрыялы, прынятыя дэлегатамі ХІІ з’езда ТБМ і дасланыя беларускім уладам.

Таксама раю сп. Лапціку зазірнуць на сайт ТБМ tbm-mova.by і прачытаць нашу перапіску з уладамі. Можна таксама завітаць на сядзібу ТБМ (Румянцава, 13), дзе ёсць магчымасць азнаёміцца з чарговым выданнем “Летапіс ТБМ” за апошнія пяць гадоў і даведацца пра нашую працу, што ідзе кожны дзень і месяц ужо 25 гадоў запар.

19 лістапада 2014 г. Менск
Старшыня ТБМ Алег Трусаў

Адкрыты ліст Галоўнаму рэдактару газеты “Народная Воля” І.П. Сярэдзічу

Паважаны Іосіф Паўлавіч!

Вельмі шкада, што нягледзячы на наша запрашэнне Вы не прыйшлі ў якасці шаноўнага госця і тым больш сябра ТБМ на наш ХІІ з’езд. Але Вы вырашылі не пакінуць без увагі дзейнасць ТБМ за апошнія гады і распачалі на старонках Вашай паважанай газеты ў нумары за 18 лістапада 2014 г. дыскусію аб дзейнасці той арганізацыі, сябрам якой ужо шмат гадоў самі з’яўляецеся. За гэта Вам вялікі дзякуй! Але ў мяне засталося даўняе пытанне да Вас. Калі ж нарэшце дэмакратычная газета “Народная Воля” пяройдзе цалкам на родную беларускую мову, пра стан якой так кранальна клапоціцца ваш аўтар Вячаслаў Лапцік?

Дарэчы, у нумары за 18 лістапада 2014 года ўсе вялікія матэрыялы чамусьці надрукаваны на мове, якую так зацята бароніць “русский мир” і яго лідар спадар Пуцін. Няўжо нельга было ўзяць інтэрв’ю ў сп. Чарняўскай, унучкі знакамітага беларускага пісьменніка, па-беларуску? Ёсць яшчэ пра што напісаць сп. Вячаславу Лапціку.

У якасці адказу на публікацыю В. Лапціка прашу надрукаваць мой матэрыял "… А беларускі караван ідзе!"

З павагай,
старшыня ТБМ Алег Трусаў

Артыкул Вячаслава Лапціка ў "Народнай Волі" ад 18 лістапада 2014 года

Каментары

Госць 2014-11-22 01:33:00

Сакратарыят ТБМ не можа зрабіць тое, што павінны зрабіць самі беларусы, гэта не ворган улады.

Госць 2014-11-22 20:10:46

Я выдаў тузін беларускамоўных паштовак і адзін канверт. Можна мне пакрытыкаваць дзейнасць ТБМ? :) А калі сур'ёзна - не варта дыскутаваць з пераходам на асобы. Калі ўсё ж пераходзіць на асобы, то не варта рабіць выгляд, што ў ТБМ не ведаюць пісьменніка В. Лапціка. Кнігу напісаць цяжэй, чым каляндарык выдаць...

Госць 2014-11-23 01:09:32

Так, вельмі непрыемна, калі пачынаюцца персанальныя абразы. І яшчэ шкада, што многія беларусы заўважаюць ТОЛЬКІ дрэннае, ігнаруючы любы поспех ды пазітыў. Калі што не так, то адразу знойдзем таго, хто вінаваты (у дадзеным выпадку пад раздачу - ТБМ), а калі якое дасягненне - то яно праходзіць незаўважаным і прымаецца нібы як нешта само сабой... А герояў адразу забываем! Ганьба!!! А сп. Лапціку - дзякуй за кнігу, таварыству - асобнае дзякуй за тое, што ў такіх умоваў працягваеце працу!

Госць 2014-11-25 09:15:44

Вось і ўся дыскусія. Героям - слава, тым, хто іх забывае - ганьба. "Чатары нагі добра, дзве нагі дрэнна".

Госць 2014-11-25 19:07:07

Оруэла не забываем)

Госць 2014-11-26 09:27:25

Так, і перакладчыка "Фермы" на беларускую (Сяргея Шупу) не забываем ))


← вярнуцца ў навіны