Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Што нам рабіць з дыялектамі і гаворкамі?

2014.11.17 0

 Выява з сайта be-x-old.wikipedia.org.

У стабільным грамадстве гэтае пытанне не ўзнікае, а калі ўзнікае, то кожны ведае адказ. У грамадстве нестабільным гэтае пытанне раз-пораз выцягваюць на паверхню, каб выкарыстаць у тых ці іншых мэтах.

Звернемся да першаасновы праблемы. Энцыклапедыя “Беларуская мова” (Мінск, “Беларуская энцыклапедыя” імя Петруся Броўкі, 1994 г., ст. 192-193) з гэтай нагоды кажа наступнае:

"Дыялектная мова (народна-дыялектная мова) - гэта мова народа (нацыі або народнасці), якая выступае ў выглядзе мясцовых гаворак. Пры наяўнасці ў народа акрамя дыялектнай яшчэ і літаратурнай мовы абедзве яны ўтвараюць адзіную сістэму мовы народа і з'яўляюцца яе разнавіднасцямі. Таму абедзвюм ім надаецца права прадстаўнічай роўнасці. Як літаратурная мова, так і любая мясцовая гаворка дыялектнай мовы з'яўляецца натуральным увасабленнем і прадстаўніком мовы пэўнага народа (а не яго "сапсаванай", "нячыстай" мовай). Але кожная з гэтых разнавіднасцей мовы мае сваю сферу ўжывання і свае формы існавання. Дыялектная мова, мясцовыя гаворкі адрозніваюцца ад літаратурнай мовы сваёй тэрытарыяльнай неадна-стайнасцю і абмежаванасцю пашырэння, звычайна вуснай формай бытавання, вузкай грамад-скай ужывальнасцю і прыналежнасцю пераважна сялянству.

Мясцовыр гаворкі, якія складаюць дыялектную мову, могуць быць блізкія паміж сабой, могуць і значна адрознівацца. Але для гаворак асобнай дыялектнай мовы характэрна пэўная агульнасць іх лёсу і этнічных адносін, якая абумоўлівае тое ці іншае падабенства іх паводле граматычнага ладу, слоўніка, па фанетычнай рэалізацыі выказванняў. Гэта агульнасць гаворак разам з іх падабенствам з'яўляецца для людзей, якія імі валодаюць, больш значнай і важнай за розніцу. Яна служыць апорай для паняцця пра асобную дыялектную мову як рэальна існуючую еднасць мясцовых гаворак і для яе вылучэння на этналінгвістычнай прасторы.

Агульнасць і падабенства мясцовых гаворак асобнай дыялектнай мовы можа быць рознага паходжання. Гэта можа абумоўлівацца іх генетычным адзінствам, агульнасцю зы- ходнай асновы або быць вынікам гістарычных ці існуючых сувязей і ўзаемадзеяння паміж сабой і з іншымі мовамі. Але гэта аб'ядноўвае і адрознівае іх ад мясцовых гаворак іншых дыялектных моў, у якіх свая падобная агульнасць і блізкасць.

У склад беларускай дыялектнай мовы ўваходзяць блізкія паміж сабой мясцовыя гаворкі беларускага народа, якія ўтварыліся на працягу агульнаўсходнеславянскай і ўласнай гісторыі ў выніку развіцця славянскай моўнай спадчыны і яе ўзаемадзеяння з мовамі суседніх народаў. Паводле падабенства мясцовыя гаворкі аб'ядноўваюцца ў розныя групы. На аснове звестак пра асаблівасці мясцовых гаворак Беларусі і іх пашырэнне ў межах рэспублікі, якія ўтрымлівае "Дыялекталагічны атлас беларускай мовы" (ДАБМ), устаноўлена наяўнасць дзвюх груповак мясцовых гаворак беларускай дыялектнай мовы - этнагенетьічнай і культурна-гістарычнай.

Першаснай і найбольш важнай з'яўляецца этнагенетычная групоўка гаворак беларускай дыялектнай мовы, якая вылучаецца на падставе аднолькавых асаблівасцей гаворак, абумоўленых адзінствам іх паходжання, адзінай старажытнай асновай (прадыялектам). Сувязі паміж беларускімі мясцовымі гаворкамі і яднанні іх па рысах, якія абумоўлены аднолькавым паходжаннем, адной зыходнай асновай, а таксама адрозненні паміж такімі групамі з'яўляюцца найбольш прыкметнымі і выразнымі. Асаблівыя рысы мясцовых гаворак розных беларускіх этнагенетычных груп выступаюць або як непасрэдная спадчына ад іх старажытных моўных "продкаў", або часцей як яе натуральная гістарычная трансфармацыя, відазмяненне. Гэта групоўка мясцовых гаворак беларускай дыялектнай мовы знаходзіцца пад увагай даследчыкаў ужо даўно (І.I. Насовіч, Я.Ф. Карскі, Маскоўская дыялекталагічная камісія, П. А. Бузук і інш.). Паводле ДАБМ, мясцовыя гаворкі ў межах Беларусі аб'ядноўваюцца ў дзве буйныя этна- генетычныя тэрытарыяльныя разнавіднасці дыялектнай мовы - паўночна-ўсходні дыялект і паўднёва-заходні. Вылучаецца таксама група сярэднебеларускіх гаворак, якая з'яўляецца міждыялектнай паводле тэрытарыяльнага пашырэння і пераходнай, паводле свайго характару. У якасці асобнай самастойнай этнагенетычнай групы ў складзе беларускай дыялектнай мовы вылучаюцца таксама палескія (заходнепалескія), або брэсцка-пінскія, гаворкі. Пауночна-ўсходні і паўднёва-заходні дыялекты разам з сярэднебеларускай групай мясцовых гаворак утвараюць асноўны масіў гаворак беларускай дыялектнай мовы. Палескія мясцовыя гаворкі з'яўляюцца перыферыйнымі. Гэта частка дыялектнай групы мясцовых гаворак беларуска-ўкраінскага сумежжа. Этна генетычныя групы мясцовых гаворак беларускай дыялектнай мовы папярэднічалі, відаць, фарміраванню яе асноўнага масіву і складанню яе ў цэлым пры фарміраванні сістэмы нацыянальнай мовы беларускага народа.

Культурна - гістарычныя еднасці, або групы мясцовых гаворак беларускай дыялектнай мовы, з'яўляюцца больш познімі ўтварэннямі. Гэта як бы вынік перагрупоўкі мясцовых гаворак па рысах аднолькавых, але набытых імі ў розных культурна-гістарычных умовах развіцця. Падобныя рысы ўзніклі або пашыраліся ў мясцовых гаворках пэўных тэрытарыяльных частак дыялектнай мовы незалежна ад іх этнагенетычнай прыналежнасці або ў працэсе іх узаемадзеяння і збліжэння ці ў сувязі з уплывам іншых моў. Гэтыя групы гаворак былі выяўлены адносна нядаўна на аснове матэрыялаў ДАБМ. У адпаведнаеці з імі мясцовыя гаворкі беларускай дыялектнай мовы (у межах Беларусі) утвараюць 5 асноўных культурна-гістарычных груп, якія, у адрозненне ад дыялектаў, былі названы дыялектнымі зонамі. Гэта паўночна-заходняя, паўднёва-ўсходняя, усходняя, заходняя і цэнтральная дыялектныя зоны. Заўважаюцца і некаторыя іншыя падобныя занальныя групы мясцовых гаворак, аднак у іх пэўнасці даследчыкі яшчэ канчаткова не пераканаліся.

Беларуская дыялектная мова выконвала і працягвае выконваць вельмі важную ролю ў складзе нацыянальнай мовы беларускага народа. На самым пачатку яго нацыянальнай гісторыі дыялектная мова, мясцовыя гаворкі былі адзіным уласна нацыянальным сродкам моўных зносін. Потым, у працэсе фарміравання сучаснай беларускай літаратурнай мовы, пэўныя групы мясцовых гавораксталі асновай яе граматычнага ладу і фанетычнай сістэмы, найважнейшай крыніцай узбагачэння і развіцця лексічных і фразеалагічных сродкаў. Ва ўзаемаадносінах мясцовых гаворак і сучаснай беларускай літаратурнай мовы можна вызначыць некалькі этапаў.

Пачынальнікі беларускай мастацкай літаратуры і публіцыстыкі арыентаваліся ў сваёй пісьмовай моўнай дзейнасці на розныя гаворкі. "Я не сцясняю свайго дыялекту, ужываючы словы і звароты агульнабеларускія. Гэтак паступаючы, я кладу ў літаратуру свой прыродны дыялект беларускай мовы, даючы найлепшае з яго. У канцы невядома яшчэ, каторы дыя- лект беларускі пераможа" (Абуховіч А. Мемуары // Беларуская літаратура XIX стагоддзя: Хрэстаматыя. Мн., 1971. С. 291). Такой, можна сказаць, полідыялектнай была беларуская літаратурная мова на працягу ўсяго 19 стагоддзя.

Істотны ўплыў на фарміраванне граматыкі і лексікі беларускай літаратурнай мовы зрабілі мясцовыя гаворкі паўночна-заходняй дыялектнай зоны, калі цэнтрам беларускай нацыянальнай культуры, нацыянальна-вызваленчых і рэвалюцыйна-дэмакратычных ідэй была Вільня. Гэта быў бурны пачатак 20 стагоддзя, перыяд станаўлення беларускай літаратурнай мовы, стваральнікамі якой былі ў першую чаргу Янка Купала і Якуб Колас.

З прыходам у беларускую мастацкую літаратуру і публіцыстыку прадстаўнікоў мясцовых гаворак Цэнтральнай Беларусі больш уплывовымі, узорнымі робяцца іх гаворкі. Сталіцай Беларусі, цэнтрам развіцця беларускай нацыянальнай культуры стаў Мінск, дзе большасць дзеячаў беларускай літаратуры, культуры, дзяржаўных дзеячаў складалі прадстаўнікі мясцовых гаворак цэнтральнай дыялектнай зоны, якая і зрабілася асновай для выпрацоўкі норм літаратурнай мовы. Дыялектная неаднастайнасць цэнтральнай дыялектнай зоны, у склад якой уваходзяць частка- мі мясцовыя гаворкі абодвух дыялек- таў і сярэднебеларускай групы, ускладняла адназначнае вырашэнне пытанняў нормы беларускай літаратурнай мовы, абумоўлівала сутыкненне і канфрантацыю рознадыялектных асаблівасцей у літаратурнай арфаэпіі, граматыцы, слоўніку. Усходняя і заходняя часткі гэтай (цэнтральнай) дыялектнай зоны супрацьпастаўляюцца таксама як часткі ўсходняй і заходняй дыялектных зон, якія маюць некаторыя свае традыцыі ў культурна-гістарычнай арыентацыі, у тым ліку і моўнай. Аднак агульныя асаблівасці, характэрныя для ўсіх гаворак цэнтральнай дыялектнай зоны, сталі грунтоўнай асновай адзінства і самабытнасці сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

У апошнія дзесяцігоддзі ў беларускай дыялектнай мове развіваюцца значныя дэструктыўныя працэсы, калі разбураюцца межы паміж групамі мясцовых гаворак, нівеліруюцца і страчваюцца іх асаблівасці, выпадаюць з ужытку і знікаюць з памяці людзей мясцовыя словы і выразы".

Прайшло 20 гадоў пасля апублікавання гэтага тэксту. 20 гадоў у незалежнай Беларусі. У гэтыя гады беларуская мова сутыкнулася з:

- жорсткай русіфікацыяй цераз многія дзесяткі тэлеканалаў, тысячы інтэрнэт рэсурсаў і іншыя СМІ;

- поўнай адсутнасцю дзяржаўнай падтрымкі;

- амаль поўнай зрусіфікаванасцю дзяржаўна-чыноўніцкага апарату;

- амаль цалкам рускамоўнай адукацыяй, якую навязала сабе само беларускае посткалгаснае грамадства;

- свабоднымі кантактамі з польскай мовай;

- масай англамоўных запазычанняў;

- стратай вёскі, як носьбіта і захавальніка мовы і г.д.

Улічваючы рэальныя суадносіны беларускамоўнага і рускамоўнага сегментаў у беларускім грамадстве мы можам канстатаваць, што менавіта руская мова стала магільшчыкам беларускіх гаворак. Дэструктыўныя працэсы, калі разбураюцца межы паміж групамі мясцовых гаворак, нівеліруюцца і страчваюцца іх асаблівасці, выпадаюць з ужытку і знікаюць з памяці людзей мясцовыя словы і выразы, стымуляваліся менавіта рускай мовай, а не літаратурнай беларускай, што павінна было б быць пры адсутнасці русіфікацыі.

І наадварот новае моўнае беларускае адраджэнне магло абапірацца ў асноўным на літаратурную мову. Тыя, хто выбіраў для сябе беларускасць, выбіралі менавіта літаратурную дасканалую беларускую мову.

Такім чынам працэсы невілявання гаворак значна паскорыліся, пра існаванне беларускіх дыялектаў можна не гаварыць зусім. Яшчэ трывае Заходняе Палессе, але вёскі пусцеюць і там, а беларускамоўныя гараджане карыстаюцца мовай блізкай да літаратурнай.

Дык што трэба рабіць з гаворкамі? А нічога, ва ўсякім разе нічога падобнага да таго, што прапануе Ян Максімюк адносна беларускай мовы на Падлессі. Ён носіцца з ідэяй стварыць так званую “Сваю мову” (Svoja mova) з групы гаворак, на якіх размаўляюць беларусы Падлескага ваяводства ў Польшчы. Гаворкі, аб'яднаныя імем "Сваёй мовы", падзяляюцца на 3 групы, у залежнасці ад таго, як паводзяць сябе зычныя d і t перад галоснымі e і i. На сённяшні час Максімюк спрабуе кадыфікаваць "Сваю мову". Для "Сваёй мовы" быў створаны алфавіт на аснове лацінскага. Па факту Максімюк адмаўляецца нават ад тэрміну “беларуская мова” і імкнецца ізаляваць беларускія гаворкі нязначнай колькасці беларускага насельніцтва ваяводства ад літаратурнай беларускай мовы. Што з гэтага выйдзе, ясна.

Калі параўнаць беларускі моўны кангламерат з дрэвам, дзе корань - старабеларуская мова і іншыя нашыя прамовы, ствол - беларуская літаратурная мова, а галіны і галінкі - гаворкі, то становіцца зразумелым - адсячы падляскія галінкі ад ствала і яны завянуць і прападуць. Мадэль дрэва робіць зразумелым і пастулат, паводле якога з гаворкамі не трэба нічога рабіць: ні змагацца з імі ,ні развіваць іх. Пакуль дрэва жывое, адны галінкі будуць засыхаць, а іншыя будуць прарастаць. Адны гаворкі будуць затухаць, іншыя будуць узнікаць (розныя слэнгі да прыкладу). Але ж пасіўнае назіранне, як адміраюць і сыходзяць у нябыт родныя з дзяцінства словы, прыймальнае не для ўсіх. Ну дык скарыстаемся формулай Абуховіча з ХІХ стагоддзя: “... я кладу ў літаратуру свой прыродны дыялект беларускай мовы, даючы найлепшае з яго”. Беларускія пісьменнікі, трэба сказаць, гэтай парадай карыстаюцца напоўніцу. Асабліва ахвотна ўкладваюцца мясцовыя словы ў вусны герояў. Купалаўскае “тудэма-сюдэма” ведае ўся Беларусь. Або мова герояў мележаўскіх твораў, без яе і людзі былі б ужо не на балоце, а так на якім-небудзь поплаве. Вельмі шырока выкарыстоўвае ў сваіх творах гаворку вёскі Вялікая Сліва з-пад Слуцка Валер Санько. Шмат словаў з беларуска-латышскага памежжа ўносіць у мову Сяргей Панізьнік. Каларыт мовы заходнебеларускіх каталіцкіх вёсак і засценкаў перадаецца ў творах тутэйшых пісьменнікаў. Мова Давыд-Гарадка праяўляецца ў вершах Леаніда Дранько-Майсюка. Тут лічыць не злічыць. 

Няхай і далей кожны, хто працуе са словам, дадае ў літаратурную мову не запазычанні з іншых моваў, не наватворы з “прышпільнай мовы”, а дадае дыялектныя словы, асабліва калі трэба запоўніць нейкі тэрміналагічны вакуум ці прабел. Прыжывецца слова ці не - тут залежыць ад многіх фактараў.

Вось “нясвіжскае” слова “сахор”. Раней пасля гэтага слова ставілі памету абл. Але ва ўсіх апошніх слоўніках такой паметы ўжо няма. Слова з абласнога стала агульнаўжывальным, хаця ў многіх месцах яго завуць і віламі. Возьмем “нясвіжскае” слова “габлі” - інструмент, падобны на сахор, толькі з 8-10 зубамі, тупымі (патоўшчанымі) на канцы, для накідвання бульбы, буракоў і  інш. Слова “габлі” адсутнічае ва ўсіх слоўніках - у акадэмічным “Слоўніку беларускай мовы” 2012 г., у “Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы” 1999 г. Не напісана пра габлі ў энцыклапедычным даведніку “Этнаграфія Беларусі”. А яно ўжываецца не толькі на Нясвіжчыне, а і ў Шчучынскім раёне і ў іншых.У Лідскім раёне не ведаюць такога слова. Што з ім рабіць? Ды нічога. Хто ўжывае, няхай ужывае - хто не, няхай кідае бульбу рукамі. Глядзіш, нехта з нясвіжцаў выдасць слоўнік, і будуць у ім “габлі”. Такое слова не згубіцца. А вось слова “пружмень” можа згубіцца. “Пружмень” ад слова “пругкі” - ток перад гумном, дзе складвалі снапы, дзе маглі іх малаціць. Няма гумнаў, няма пружменяў, але слова ўжо ўвайшло ў песню, яно гучыць і будзе жыць, пакуль жыве тая песня. Можа прычакаем, можа этнографы заўважаць і апішуць, хаця наўрад, дзе тыя этнографы ў наш час? Адышлі ў нябыт кросны, зніклі і “трапкачы”, і ў “Этнаграфіі Беларусі” пра трапкач ні слова. Але, мабыць, многім філолагам ён з дзяцінства запомніўся так добра, што трапіў ва ўсе слоўнікі. Слава агульнабеларускаму трапкачу, які выхаваў столькі выдатных беларусаў. Ну, і так далей.

Таму не трэба плакаць над дыялектамі і гаворкамі, а трэба развіваць літаратурную мову, напаўняць яе дыялектнымі словамі, рабіць гэтыя словы агульнанароднымі. І тады мы нічога не згубім, і дрэва нашай мовы будзе моцнае і здаровае.

Станіслаў Суднік

 


← вярнуцца ў навіны