Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Фотарэпартаж і справаздачны даклад з XII з'езду ТБМ

2014.11.04 0

Мінулыя гады прайшлі для сяброў ТБМ у цяжкай, штодзённай, але плённай працы на карысць Беларушчыны. 

Жыццё не стаіць на месцы, і за гэты час адышлі ў лепшы свет былы Старшыня ТБМ Генадзь Бураўкін, намеснік старшыні ТБМ і сакратар ТБМ Ірына Марачкіна, былы старшыня Менскай гарадской арганізацыі ТБМ прафесар Аляксей Саламонаў і шмат іншых сяброў і прыхільнікаў роднага слова. Сярод іх - народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін і прафесар Гарадзенскага ўніверсітэта Іван Лепешаў.

Зараз наша арганізацыя налічвае больш за 7000 чалавек. З іх у базе дадзеных Сакратарыяту па стану на 15 кастрычніка 2014 г. знаходзіцца 5945 чалавек.

Гэтыя гады былі для нас гадамі цяжкай, але стваральнай працы як у Менску, так і ў рэгіёнах нашай краіны. Найбольш актыўна працавалі рэгіянальныя актывісты Магілёва, Віцебска, Гародні, Ліды, Полацка, Наваполацка, Баранавічаў, Гомеля, Пружанаў, Паставаў, Валожына, Асіповічаў, Фрунзенскага і Ленінскага раёнаў горада Менска, мястэчка Падсвілле Глыбоцкага р-на, Шаркаўшчыны, Івянца і іншых. У нашы шэрагі актыўна ўступала моладзь, асабліва ў Менску. Пра нашу дзейнасць рэгулярна пісалі "Наша слова", "Новы час", "Наша ніва", "Народная воля", "Звязда", ЛіМ, "Камсамольская праўда ў Беларусі", "Краязнаўчая газета"  і іншыя сродкі масавай інфармацыі. Дзейнасць ТБМ таксама асвятляюць тэлеканал Белсат, радыё "Свабода", радыё "Рацыя", Еўрарадыё, партал tut.by і іншыя.

Дзякуючы намаганням маладых супрацоўнікаў БТ, на працягу справаздачнага перыяду рэгулярна (два разы на тыдзень) выходзіла ў эфір перадача, прысвечаная гісторыі беларускіх слоў і выразаў, з удзелам першага намесніка старшыні ТБМ Алены Анісім.  Беларуская мова паступова  вяртаецца ў выпускі навінаў, асабліва на мясцовым БТ, з'яўляюцца новыя праграмы з удзелам моладзі на беларускай мове. Быў створаны новы дзяржаўны канал "БТ-3", дзе беларуская мова актыўна прысутнічае. 17 лістапада 2013 г. на незалежным тэлеканале "Белсат" прайшоў 100-ты выпуск лінгвістычнай праграмы "Моўнік", заснаваны з ініцыятывы ТБМ.

Сябры ТБМ у розных рэгіёнах Беларусі і за яе межамі прымалі актыўны ўдзел у Агульнанацыянальнай дыктоўцы, прысвечанай юбілеям Кірылы Тураўскага, Максіма Гарэцкага і Васіля Быкава, паўстання Каліноўскага. У акцыі бралі ўдзел прадстаўнікі амбасадаў розных замежных краін, журналісты, навукоўцы, выкладчыкі ВНУ, студэнты і вучні. У апошнія гады набыла сталую аўдыторыю газета "Новы час", яна становіцца ўсё больш запатрабаванай, што сведчыць пра яе рост. За гэта выказваем шчырую ўдзячнасць галоўнаму рэдактару Аляксею Каралю і ўсёй рэдакцыйнай камандзе.

У мінулым годзе выйшлі 8, 9 і 10 нумары часопіса "Верасень" (галоўны рэдактар Эдуард Акулін). Нумары "Верасня" актыўна распаўсюджваюцца не толькі ў Менску, але і ў іншых рэгіёнах нашай краіны, нават за яе межамі.

Актывізавалася праца курсаў па вывучэнні беларускай мовы для розных групаў насельніцтва. Праходзілі заняткі па беларускай мове, гісторыі і літаратуры для вучняў 7-11 класаў пад кіраўніцтвам Лявона Баршчэўскага. Была арганізавана асобная група для навучання беларускай мове для дарослых, якую ўзначаліла Юлія Бажок. Заняткі адбываліся два разы на месяц. З восені 2013 г. пачалі працаваць беларуска-польскія моўныя курсы пад кіраўніцтвам спадарыні Л. Бурлевіч.

У гэтым годзе дадаліся яшчэ адны беларуска-польскія курсы для розных груп насельніцтва (кіраўнік Леанарда Мухіна) і псіхалагічныя беларускамоўныя заняткі "Школа асобаснага росту" Людмілы Дзіцэвіч.

У мінулыя гады актыўна працаваў клуб беларускага красамоўства "Прамова", кіраўнік - Аляксандр Давідовіч.

Разам з іншымі грамадскімі арганізацыямі ТБМ бярэ чынны ўдзел у праекце "Будзьма беларусамі". У Менску і ў іншых гарадах адбылося шмат розных мерапрыемстваў: прэзентацыі беларускіх кніг, сустрэчы з цікавымі асобамі. Сярод актыўных арганізатараў і выступоўцаў трэба адзначыць Алену Анісім і Эдуарда Акуліна. Летам 2013-2014 гг., нягледзячы на вакацыі, штотыднёва праходзілі ў межах кампаніі "Будзьма!" заняткі летняй гістарычнай школы "Гісторыя на вакацыях". Гэта школа актыўна дзейнічае і зараз пад назвай "Гісторыя ў падзеях і малюнках" (каардынатар Алена Анісім). З ініцыятывы Ірыны Краўчук і пры ўдзеле Алены Анісім з'явілася "Вяселле па-беларуску", калі маладыя могуць замовіць цалкам беларускамоўнае вяселле. 

Найлепшымі нашымі партнёрамі ў змаганні за Беларушчыну з'яўляюцца ЗБС "Бацькаўшчына", Таварыства беларускай культуры Літвы, Саюз беларускіх пісьменнікаў, БАЖ, ТБШ, Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.  Цягам апошняга года ў нас наладзілася сталае супрацоўніцтва з Асацыяцыяй еўрапейскага бізнесу, старшыня якой Андрэй Міцкевіч - актыўны сябар ТБМ.

У грамадстве заўважаецца падвышэнне цікавасці да вывучэння беларускай мовы і яе актыўнага ўжывання ў штодзённым жыцці. Гэтаму спрыяюць шматлікія моўныя курсы, якія стварылі і вядуць актывісты ТБМ: Алеся Літвіноўская, Глеб Лабадзенка, Аляксей Шэін, Франак Вячорка.

Надзвычай актыўна працуе анамастычная камісія ТБМ, якую ачольвае Вінцук Вячорка.

Хачу адзначыць таксама плённую дзейнасць сяброў нашай арганізацыі па захаванні і пашырэнні беларускай мовы ў транспарце. Для нас было вельмі важным адстаяць беларускую лацінку ў афармленні станцый метро, найперш перад правядзеннем сусветнага чэмпіянату па хакеі. Нягледзячы на арганізаваныя выступы прадстаўнікоў "русского мира", якія мараць пра анексію Беларусі, сумеснымі намаганнямі мы дамагліся замацавання беларускай лацінкі. 

Мы працягваем выпускаць "Наша слова" ў фармаце 8-мі палос (індэкс выдання 63865). Нягледзячы на тое, што з'яўляюцца новыя аўтары і ёсць цікавасць да публікацыі розных матэрыялаў, сітуацыя з падпіскай жадае быць лепшай. Колькасць падпісчыкаў, на жаль, даволі часта не дасягае нават тысячы чалавек, а каб газета нармальна існавала, іх павінна быць каля пяці тысяч. Тым не менш, хачу адзначыць актыўную працу па падпісцы на "Наша слова" кіраўнікоў Салігорскай і Слуцкай гарадскіх арганізацый ТБМ спадароў М. Шаравара і М. Курыльчыка. Але я вымушаны зноў звярнуцца да прысутных. Сябры! Неабходна ўсім разам пашыраць кола падпісчыкаў. З гэтай нагоды хачу выказаць словы падзякі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая двойчы на год выдзяляе сродкі на падпіску раённых і школьных бібліятэк і музеяў краіны на беларускамоўныя выданні. Дарэчы, дзякуючы намаганням грамадскасці і ў тым ліку ТБМ, аднаўляецца выданне дзіцячага часопіса "Бярозка".

У нас усталяваліся добрыя кантакты з амбасадамі ЗША, Швецыі, Польшчы, Літвы, Чэхіі, Украіны, Славакіі, Італіі, Вялікабрытаніі і Германіі, а таксама АБСЕ.

Складаная сітуацыя па-ранейшаму ў беларускамоўнай адукацыі. Тым не менш, у Менску адрадзіў сваю дзейнасць Беларускі  бацькоўскі камітэт і колькасць навучэнцаў у гімназіях, школах, асобных класаў і ў садках засталася стабільнай.

Найлепш працуюць у гэтым кірунку сябры ТБМ з Гарадзеншчыны, дзе ў 2011 годзе з'явілася 20 новых беларускамоўных класаў у рускамоўных школах. У гэтым годзе таксама створаны беларускамоўныя класы ў Гародні і Лідзе. Гэта непасрэдная заслуга Аляксея Пяткевіча, Аляксандра Кроя і Станіслава Судніка. Варта адзначыць дзейнасць Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ (кіраўнік Станіслаў Суднік).

Самая складаная сітуацыя застаецца ў г. Магілёве, дзе па-беларуску вучыцца толькі адна дзяўчынка, у Баранавічах, дзе мясцовыя ўлады не далі магчымасць вучням працягваць беларускамоўнае навучанне.

Вельмі станоўчым прыкладам з'яўляецца газета "Наша Ніва", якая рэгулярна друкуе інфармацыю пра беларускамоўныя садкі, класы, школы і гімназіі. Мы ўдзячны журналістам, якія салідарызуюцца з бацькамі і дзецьмі, што хочуць атрымаць беларускамоўную адукацыю, і дапамагаюць ім у гэтым. Напярэдадні новага навучальнага года яны падаюць інфармацыю непасрэдна ад устаноў Міністэрства адукацыі, якія садкі і школы праводзяць набор у беларускамоўныя групы і класы. У гэтым плане трэба адзначыць важную ролю "Народнай Волі".

Можна адзначыць, што нарэшце на сітуацыю з беларускай адукацыяй звярнулі ўвагу і першыя асобы нашай дзяржавы. Зусім нядаўна пра неабходнасць дабавіць гадзін на беларускую мову выказаўся кіраўнік краіны, а 16 кастрычніка на паседжанні рабочай групы, створанай для аналізу сістэмы адукацыі, якое прайшло на базе сярэдняй школы № 20 горада Барысава, віца-прэм'ер Анатоль Тозік падкрэсліў: "Гэта будзе жахліва, калі мы страцім мову. Чым мы тады будзем адрознівацца ад нашых суседзяў? Як гэта разумець, калі ў нас гісторыю і геаграфію Беларусі большасць вывучае па-руску. Грамадзянін Беларусі абавязаны валодаць дзвюма дзяржаўнымі мовамі".

Трэба спадзявацца, што ўладныя структуры пастараюцца нешта зрабіць, каб не дапусціць гэтага жаху, пра што сведчаць ужо некаторыя публікацыі ў дзяржаўных СМІ. 

Сябры ТБМ годна адзначылі 150-я ўгодкі паўстання Кастуся Каліноўскага. Толькі на старонках "Нашага слова" прайшла 91 публікацыя на гэтую тэму. Сакратарыят ТБМ з дапамогай Ігара Марачкіна выдаў разнастайныя календары з партрэтам лідара паўстання. Актыўна працавалі ў гэтым кірунку Лідская, Магілёўская, Баранавіцкая, Гарадзенская, Менская гарадскія арганізацыі, а таксама актывісты і сябры ТБМ з іншых рэгіёнаў Беларусі і замежжа.

Вось ужо пяты год кіраўнік Гарадзенскай гарадской арганізацыі прафесар Аляксей Пяткевіч з дапамогай Станіслава Судніка выдае беларускамоўны настольны перакідны краязнаўчы каляндар, заснаваны на матэрыяле Гарадзеншчыны.

У сённяшняй рэчаіснасці нам не абысціся без сталай мабільнай прысутнасці нашай арганізацыі ў інтэрнэт-прасторы. У 2012 годзе пачаў працаваць сучасны інтэрнэт-партал ТБМ. Дзякуючы яму, мы можам своечасова размяшчаць інфармацыю пра ТБМ: яе гісторыю, структуры, дзейнасць; рабіць маніторынг стану лінгвістычных правоў грамадзян і аператыўна рэагаваць на выпадкі іх парушэння; выходзіць на іншыя пласты грамадства, наўпрост незаангажаваныя ў дзейнасць нашай арганізацыі. За перыяд існавання партала на яго старонках пабывала звыш 25 тысяч чалавек з розных краін свету. Хачу выказаць асаблівую падзяку за працу партала наступным сябрам ТБМ: аўтару ідэі гэтага праекта, перакладчыку тэкстаў на англійскую мову намесніку старшыні Дзянісу Тушынскаму, адміністратарам партала Жэні Парашчанка і Юлі Бажок, рэдактару, першаму намесніку старшыні Алене Анісім. У 2013 годзе было заключана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж нашым парталам і Дзяржаўнай бібліятэкай Баварыі.

На нашым партале прадугледжаны старонкі для найбольш актыўных рэгіянальных структур ТБМ. Многія рэгіянальныя арганізацыі ўжо скарысталіся гэтай магчымасцю. Мы запрашаем усіх астатніх далучацца да гэтай працы, каб нашыя рэгіёны былі належным чынам прадстаўлены на агульным партале арганізацыі.

Актыўна займаюцца краязнаўчай і турыстычнай працай нашы сябры з Баранавічаў,  Шаркаўшчыны, Магілёва і Ліды. Яны ладзяць беларускамоўныя экскурсіі, пленэры, канферэнцыі і семінары. У гэтым плане хочацца адзначыць сяброў Рады ТБМ Аду Райчонак і Віктара Сырыцу.

Сябры Магілёўскай арганізацыі (кіраўнік Алег Дзьячкоў) у гэтым годзе годна адзначылі Еўрапейскі год моваў і наладзілі гістарычныя экскурсіі для жыхароў Беларусі на розных мовах, але беларуская мова была асноўнай.

І заклапочанасць ТБМ станам роднай мовы нарэшце пачала даходзіць да беларускага грамадства. Па выніках ліпеньскага апытання Інстытута сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук на прадмет, якія доўгатэрміновыя для краіны пагрозы (да 2030 года) бачаць грамадзяне Беларусі, былі атрыманы адказы: "Пагроза нумар адзін - змяншэнне насельніцтва з-за нізкай нараджальнасці, так адказалі 37% апытаных. На другім месцы - страта беларускай мовы, на трэцім - п'янства і алкагалізм, на чацвёртым - наплыў мігрантаў з іншых краін, на пятым - экалагічныя праблемы, на шостым - зніжэнне ўзроўню жыцця". Магчыма, што менавіта гэтыя вынікі пачынае ўлічваць дзяржава.

Улічваючы сённяшнюю інфляцыю, Рада ТБМ прыняла рашэнне з 1 студзеня 2014 г. павялічыць памер сяброўскіх складак. Трэба адзначыць, што большасць суполак ТБМ своечасова здала складкі, а таксама сабрала немалыя ахвяраванні.

Хочацца цёплым словам адзначыць нашых фундатараў і ахвярадаўцаў. Сярод іх - Андрэй Міцкевіч, Павел Бераговіч з Таліна, сям'я Прыгожыных з Масквы, Фелікс Шкірманкоў са Слаўгарада, Алег Лягушаў са станцыі Ясень Асіповіцкага раёна, Юлія Пухоўская, Павел Чайкоўскі, Ірына Прылішч, Тамара Лазарук, Анатоль Чачотка, Іван Кукавенка, Мікола Бамбіза, Валянціна Вяргей, Таццяна Навасельская, Уладзімір Джэйгала, Віктар Несцераў, Тацяна Раманюк, Дзяніс Ляўшун з Менска, Аляксандра Восіпава з Гомеля, Людвіка Таўгень з Валожына, Роза Рымар, Лілея Некраш, Зміцер Мартынчык, Сяргей Зылькоў з Гародні, Васіль Рагаўцоў з Магілёва, Антон Фурс з Паставаў, Сяргей Птушко з в. Хільчыцы Жыткавіцкага раёна, клуб "Спадчына" з в. Дварэц Дзятлаўскага раёна, сябры клуба "Прамова" з Менска,  Мар'ян Місевіч з м. Падсвілле Глыбоцкага раёна, сябры ТБМ з Наваполацка, Надзея Барт-Юрэвіч з Германіі і многія іншыя.

На працягу справаздачнага перыяду з 01.01.2012 г. па 31. 08. 2014 г. на рахунак паступіла 484 512 152 рублі. З іх ахвяраванні склалі 449 987 462 руб., складкі 34 524 690 руб. Больш падрабязна пра фінансавую справаздачу раскажа старшыня рэвізійнай камісіі.

Выйшаў у свет чарговы размоўнік "Шведска-беларускі/Беларуска-шведскі". Былі ўпершыню выдадзены на беларускай мове "Правілы дарожнага руху", вядзецца праца, каб з'явілася магчымасць па-беларуску здаваць экзамены на атрыманне правоў кіроўцы ў ДАІ.

У справаздачны перыяд вядзецца актыўная праца па стварэнні Міжнароднага сертыфіката беларускай мовы. Пра гэта больш падрабязна распавядзе першы намеснік старшыні ТБМ.

У чэрвені гэтага года ў "Галерэі"Ў" наша арганізацыя годна адзначыла 25-ыя ўгодкі свайго існавання. Былі ўручаны падзякі актывістам ТБМ. Да гэтай даты Ігар Марачкін падрыхтаваў разнастайную прадукцыю, а Святлана Багданкевіч падрыхтавала да друку "Летапіс ТБМ" за апошнія 5 гадоў.

Шаноўнае спадарства!

Дзякуй вам усім за актыўную працу на карысць беларускай мовы і нашай Бацькаўшчыны. 

Жыве наша мова і жыве Беларусь!

Старшыня ТБМ

Алег Трусаў

Здымкі: Юлія Бажок


← вярнуцца ў навіны