Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Выступ першага намесніка старшыні Алены Анісім на ХІІ з’ездзе ТБМ

2014.11.04 0

Паважаныя сябры!

Хачу перадаць прывітанне ад першага старшыні ТБМ, народнага паэта Беларусі Ніла Сымонавіча Гілевіча, які па стане здароўя сам не можа прысутнічаць на нашым з’ездзе. Яго пажаданне ўсім нам – мірным шляхам бараніць нашу мову хто дзе можа.

Шаноўныя сябры!

Мінула ўжо тры гады ад мінулага з’езда ТБМ. Перыяд быў не самы спрыяльны для нашай дзейнасці. Пастановы ў падтрымку развіцця беларускай мовы, што прымаліся на высокім дзяржаўным узроўні, шырока не агалошваліся і практычна не выконваліся. Тым не менш, мы не сядзелі склаўшы рукі, а працавалі дзеля практычнага пашырэння ўжывання дзяржаўнай беларускай мовы. Так, у 2012 г. з ініцыятывы ТБМ і непасрэднай працы сяброў арганізацыі ўпершыню ў нашай краіне былі выдадзены Правілы дарожнага руху на беларускай мове. Дзякуючы супрацы з партнёрамі беларуская мова з’явілася на дыску з экзаменацыйнымі заданнямі па Правілах дарожнага руху. Засталося дамагчыся таго, каб беларуская мова стала афіцыйнай для выбару падчас здачы экзамена на правы кіроўцаў.

Мы працягвалі таксама працу над стварэннем размоўнікаў. Напрыканцы 2013 года на ўзор “Беларуска-англійскага размоўніка” пры падтрымцы Амбасады Швецыі ў Беларусі і Шведскага Інстытута быў выдадзены “Беларуска-шведскі/шведска-беларускі размоўнік”. Гэтыя выданні могуць стаць часткай больш значнай справы – стварэнне комплексу для міжнароднай сертыфікацыі беларускай мовы. Распавяду пра гэта крыху больш. На мінулым з’ездзе мы закранулі пытанне стварэння Міжнароднага сертыфіката беларускай мовы. І на сённяшні дзень невялікай групай навукоўцаў, выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў краіны сумесна з ТБМ падрыхтаваны пробныя тэсты для ацэнкі ўзроўню валодання беларускай мовы замежнымі грамадзянамі па шасці ўзроўнях. Пяць кніг ужо выдадзены, шостая – у друку. Для паўнавартаснага сертыфіката яшчэ давядзецца папрацаваць, але мы маем надзею, што наша справа будзе падтрымана на дзяржаўным узроўні. І неўзабаве любы замежны грамадзянін зможа праверыць сваё веданне беларускай мовы і атрымаць адпаведны афіцыйны сертыфікат. У гэтым нам гатовы дапамагаць і прадстаўнікі бізнес-супольнасці.

У справаздачны перыяд мы ладзілі таксама шмат мерапрыемстваў асветна-культурніцкага накірунку. Так, старшыня Партызанскай рады ТБМ сп. Алесь Цыркуноў арганізоўваў мастацкія выставы, прысвечаныя дзейнасці нашых славутых дзеячаў. Перыядычна ў нас наладжваліся прэзентацыі кніг, цікавыя дыскусіі. Увесну гэтага года мы правялі прэзентацыю кнігі актыўнага сябра Яўгена Гучка, а таксама дыскусію з Пятром Садоўскім. Вось ужо год дзейнічае гістарычная школа ТБМ, практычна штотыдзень тут адбываюцца кінапаказы і затым абмеркаванні з старшынём нашай арганізацыі Алегам Трусавым.

Акрамя асветна-культурніцкай дзейнасці мы пры неабходнасці аказвалі сябрам ТБМ і нашым прыхільнікам кансультатыўную, а таксама юрыдычную дапамогу ў межах дзейнага заканадаўства.

Нагадаю яшчэ некаторыя нашы кампаніі, накіраваныя на захаванне пазіцый беларускай мовы ў розных сферах грамадства: збор подпісаў за захаванне беларускай лацінкі, патрабаванне пакінуць норму першаснага прысваення найменняў геаграфічным аб’ектам на беларускай мове ў законе аб назвах геаграфічных аб’ектаў і іншыя.

Шаноўныя сябры!

Пытанне пашырэння ўжывання беларускай мовы застаецца актуальным. На маю думку, у нас ёсць адзіны шлях: кансалідаваць усе сілы грамадства на глебе павагі да сваёй гісторыі, культуры, нацыянальнай мовы, рабіць самім і спрыяць іншым у стварэнні разнастайнай прадукцыі на беларускай мове. Мы павінны мець распрацаваныя ўзоры ўсіх дакументаў на беларускай мове, бланкаў, усяго, што неабходна, каб можна было карыстацца роднай мовай у любой сферы.

Вядома, не ўсё намі зроблена для таго, каб дзяржаўная беларуская мова стала паўнапраўнай гаспадыняй у сваёй краіне, тым не менш лічу, што дзейнасць нашай арганізацыі ў справаздачны перыяд была здавальняльнай.

Дзякую за ўвагу.

Алена Анісім


← вярнуцца ў навіны