Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

132-гадавіна з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа

2014.10.29 0

31 кастрычніка а 10-й гадзіне ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца дзіцячы ранішнік “Казкі жыцця”. На свяце дзеці прадэманструюць веданне вершаў Якуба Коласа, з дапамогай фальклорнага калектыва пагуляюць у беларускія народныя гульні. На свята таксама запрошана вядомая беларуская пісьменніца Раіса Баравікова. Усіх гасцей Дома Коласа чакаюць прыемныя падарункі.

3 лістапада 2014 года пройдзе ХХІХ навуковая канферэнцыя “Каласавіны” на тэму “Якуб Колас. Урокі гісторыі”, прысвечаная 100-годдзю Першай сусветнай вайны, 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 55-годдзю адкрыцця Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. З 1985 года кожную восень у дзень нараджэння Якуба Коласа Дом-музей народнага паэта збірае лепшыя сілы навуковага коласазнаўства з усёй рэспублікі і краін блізкага замежжа з мэтай даследавання і ўсебаковай прапаганды творчасці Песняра. Традыцыйна ў ёй прымуць удзел навукоўцы з розных рэгіёнаў Беларусі, супрацоўнікі ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры”, сталічных і абласных ВНУ, музеяў, а таксама госці з Расіі.

У праграме першага святочнага дня адкрыццё І блока інтэрактыўнай пляцоўкі “Паэтычны куток. Героі твораў Якуба Коласа” на мемарыяльнай сядзібе музея ў Мінску.

Пасля заканчэння работы канферэнцыі сапраўдным падарункам для удзельнікаў і гасцей канферэнцыі стане канцэртная праграма з удзелам кіраўніка ансамбля “Менскі гармонік” Івана Раманчука, на якой адбудзецца прэзентацыя песень на словы Якуба Коласа.

У 14.30 кожны жадаючы зможа ўскласці кветкі да помніка Якубу Коласу на плошчы яго імя.

4 лістапада 2014 года Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на Радзіму Песняра, дзе прадугледжана наведванне мемарыяльных сядзіб Акінчыцы, Альбуць і Смольня. У святочнай праграме: канцэрт з удзелам творчых калектываў Стаўбцоўскага раёна, ускладанне кветак да помніка Якубу Коласу ў вёсцы Мікалаеўшчына, пасадка дрэў у гонар 55-годдзя адкрыцця Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!

Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

Тэл. для даведак: 284-15-84, 284-17-02

Афіцыйны сайт: www.yakubkolas.by


← вярнуцца ў навіны