Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Пяць год таму памёр віленскі беларускі дзяяч Юры Гіль

2014.10.23 0

Пяць год таму памёр віленскі беларускі дзяяч Юры Гіль

У засценку Вашунава, пры чыгунцы Маладзечна – Полацк, недалёка ад станцыі Параф’янава, стаіць незвычайная хата. Вялікімі літарамі на франтоне напісана “Жыве Беларусь!” Рукой самавука намаляваныя буслы, а знізу словы: “Бусел на хаце – мір на зямлі”. “Родны кут каханы, тут пуп мой недзе закапаны”, - яшчэ адзін надпіс.

Акуратная шыльда паведамляе, што ў хаце месціцца этнаграфічны музей “Засьцянковая хатка” Таварыства беларускай мовы Віленскага краю. Але вокны закрытыя наглуха, дзверы забітыя, двор парос бур’яном. У прыбудоўцы з дзіравым дахам мокнуць саматканыя посцілкі і віленскія газеты пачатку 90-х.

Пяць год таму гаспадар гэтай хаты-музея, Юры Гіль, адыйшоў у лепшы свет. Ён нарадзіўся ў Вашунаве падчас нямецкай акупацыі, 11 студзеня 1942 года. Стаў дарослым і паехаў у вялікі свет – служыў у Калінінградзе, вучыўся ў Мінску, настаўнічаў у Докшыцкім раёне. Пры Саветах быў у КПСС, падчас Перабудовы стаў актывістам БНФ.

У гады Перабудовы Юры Гіль пераехаў у Вільню, як і многія патрыёты, якія марылі пра адраджэнне там асяродка беларускай культуры. Ён заснаваў Таварыства беларускай мовы Віленскага краю, дбаў пра ўшанаванне памяці беларускіх дзеячоў на Віленшчыне. Пяць год быў дэпутатам самакіравання Віленскага раёна.

Юры Гіль клапаціўся пра ўшанаванне памяці беларускага паэта Францішка Багушэвіча. На радзіме паэта ў фальварку Свіраны пад Вільняй ён з аднадумцамі штогод ладзіў мерапрыемствы ў гонар Багушэвіча. Яго намаганнямі былі пастаўленыя мемарыяльныя дошкі ў фальварку Свіраны і суседняй вёсцы Савічуны. Бібліятэка і вуліца ў Савічунах былі названыя ў гонар Багушэвіча.

У наваколлі Гіль і сябры паставілі крыж у памяць паўстанцаў, палеглых у 1863 годзе. У Свіранах была ўсталяваная шыльда ў гонар каталіцкіх святароў, якія ў міжваенны час пачалі прапаведваць па-беларуску. Юры Гіль дамогся, каб адна з вуліц у мястэчку Лаварышкі была названая ў гонар Браніслава Тарашкевіча, палітыка і аўтара першай беларускай граматыкі.

Юры Гіль не забываўся і пра роднае Вашунава. “Для мяне Ты, родная Беларусь, пачынаешся на зямлі Тваёй, дзе я нарадзіўся і дзе закапаны мой пуп. Гэта Вашунава, гэта хата маіх бацькоў”, - пісаў ён. У бацькоўскай хаце Гіль стварыў этнаграфічны музей, які назваў іменем сваіх бацькоў Пятра і Феліцыі. Ён ладзіў у Вашунаве святы роднай мовы, на якія збіраліся сваякі, сябры і аднадумцы Гіля.

Яшчэ адна памятка, якую па сабе пакінуў Юры Гіль – магілы бацькоў у Параф’янаве. Над імі пастаўлены самы высокі на ўсіх могілках крыж. Помнікі падпісаныя па-беларуску. “Вы ўсё зрабілі, што змаглі, а потым побач тут ляглі. І я рабіў усё, што мог, І лягу тут у вашых ног”, - чатырохрадкоўе на магіле.

Сярод пахаванняў змешчана пліта з вершам-малітвай за Беларусь. Заклік да Міхала Арханёла. Жорнавае кола. Фігуры Дзевы Марыі і Ісуса Хрыста. Своеасаблівы сямейны некропаль, у якім Гіль выявіў любоў да бацькоў і Бацькаўшчыны. Тут быў пахаваны і сам Юры Гіль. Ён памёр 24 кастрычніка 2009 года. Сваякі дагэтуль не паставілі яму помнік.

Юрыя Гіля – беларускага патрыёта, хрысціянскага верніка і добрага чалавека – будуць памятаць не толькі сваякі, але і шматлікія сябры і аднадумцы.

Вечны супакой дай яму, Госпадзе! 

Павдле сайта westki.info


← вярнуцца ў навіны