Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны

Мінск
Беларуская English
Увайсьці або зарэгістравацца
навіны

Выйсце з адукацыйнай праблемы ёсць - патрэбная супраца

2014.10.13 0

 Выява з сайта gigaom.com.

12 кастрычніка ў Менску адбыўся IV форум польскай адукацыі.

Удзельнікі форума прыйшлі да несуцяшальнай высновы - польскія школы ў Гародні і Ваўкавыску апынуліся пад пагрозай знішчэння. Падставай для занепакоенасці стаў праект Закона Рэспублікі Беларусь "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі". Законапраект, у прыватнасці, прадугледжвае выкладанне большасці прадметаў у школах нацыянальных меншасцяў на дзяржаўных мовах, што, па словах старшыні галоўнай рады Саюза палякаў на Беларусі Анжалікі Борыс, з'яўляецца парушэннем правоў, гарантаваных канстытуцыяй.

- Наверсе прымаюць рашэнне, якое становіцца падставай для ўвядзення зменаў. Пагроза ў тым, што больш ніякіх школ з польскай мовай навучання ў Беларусі проста не будзе. Дзеці будуць навучацца на расейскай мове.Саюз палякаў у Беларусі сабраў больш за тысячу подпісаў пад лістом да міністра адукацыі Сяргея Маскевіча з патрабаваннем не ўносіць папраўкі ў законапраект "Аб адукацыі". Подпісы за захаванне статусу польскіх школ збіраюць і бацькі дзяцей, якія наведваюць навучальныя ўстановы ў Гародні і Ваўкавыску. Пераслед настаўнікаў польскай мовы ў Беларусі з боку прадстаўнікоў мясцовай улады, неабходнасць падпісання польска-беларускай адукацыйнай дамовы, адсутнасць патрэбнай колькасці падручнікаў і немагчымасць адкрыцця школьных факультатываў польскай мовы ў рэгіёнах, густа заселеных прадстаўнікамі польскай меншасці, - гэта далёка не поўны спіс праблемаў, агучаны на форуме. Іх вырашэннем у першую чаргу павінны заняцца польскія дыпламаты - лічыць кіраўнік консульскага аддзела Амбасады Рэспублікі Польшча на Беларусі Марэк Пэндзіх.

 - Дзеля гэтага і праводзіцца форум настаўнікаў польскай мовы, каб даведацца, што іх хвалюе, у чым можам ім дапамагчы, у якім кірунку мусім наладжваць супрацу з беларускімі ўладамі, пра што трэба іх прасіць, пра што варта з імі гаварыць.

У Беларусі цягам апошніх дзесяці гадоў колькасць вучняў, якія вывучаюць польскую мову, скарацілася больш, чым на 4 000 асобаў. Адначасова назіраецца тэндэнцыя да скарачэння школ і колькасці факультатываў, а як след - і настаўнікаў польскай мовы. Пачынаючы з 2004 года, колькасць педагогаў зменшылася на 115 чалавек.

Чацвёрты форум польскай адукацыі арганізаваны амбасадай Польшчы ў Беларусі. Каля ста настаўнікаў польскай мовы і літаратуры і прадстаўнікоў трох польскіх дыпламатычных пляцовак ды грамадскіх арганізацый абмеркавалі праблемы і перспектывы развіцця польскай адукацыі ў краіне. Кажа кіраўнік консульскага аддзела Амбасады Польшчы ў Беларусі Марэк Пэндзіх.

- Галоўная мэта форуму - ацэнка сітуацыі навучання польскай мове і родных прадметаў у Беларусі як у дзяржайнай сістэме адукацыі, так і грамадскіх адукацыйных установах. Гэтыя дзве сістэмы дзейнічаюць паралельна і незалежна.

На форум польскай адукацыі не здолелі прыехаць дзясяткі настаўнікаў польскіх школ з Гародні і Ваўкавыска. Адміністрацыя навучальных установаў, паводле загаду мясцовых уладаў, пад страхам звальнення забараніла сваім падначаленым удзельнічаць у мерапры-емствах. У выніку ўдзел у форуме прынялі ў асноўным педагогі, якія выкладаюць польскую мову ў грамадскіх школах.


Такую інфармацыю распаўсюдзілі СМІ па выніках IV форума польскай адукацыі ў Беларусі. Разам з тым досвед Ліды апошніх гадоў гаворыць зусім пра супрацьлеглыя тэндэнцыі.

У Лідзе, як і па ўсёй Беларусі востра стаіць праблема беларускамоўнай адукацыі. Над гэтай праблемай пастаянна б’ецца Таварыства беларускай мовы і апошнія чатыры гады раённы аддзел адукацыі.

У 2011 годзе былі адкрыты два 1-шыя беларускія класы (12-я школа - 3 вучні і 15-я школа - 4 вучні), захаваны беларускі 1-шы клас у Першамайскім (9 вучняў) і адкрыты чатыры беларускія групы ў рускамоўных садках (No 26, No 35, No 38 г. Ліды і No 2 г. Бярозаўкі).

З 1 верасня 2012 года ў Лідзе з’явіліся 3 новыя беларускамоўныя першыя класы.

 - у 12-й школе - 5 чалавек;

 - у 16-й школе - 8 чалавек;

 - у 17-й школе - 11 чалавек.

З 1 верасня 2013 года ў Лідзе з’явіўся 1 новыя беларускамоўны першы клас з выкладаннем польскай мовы як прадмета:

 - у 16-й школе - 10 чалавек.

З 1 верасня 2014 года ў Лідзе з’явіўся 1 новыя беларускамоўны першы клас з выкладаннем польскай мовы як прадмета:.

 - у 16-й школе - 10 чалавек.

Склалася цікавая сітуацыя. Пры агульным франтальным наступе ў кірунку адкрыцця беларускамоўных першых класаў і пры правале гэтага наступу ў цэлым, намеціўся перспектыўны кірунак. У 16-й школе першыя беларускамоўныя класы адкрываюцца тры гады падрад. І апошнія два гады гэтыя класы адкрываюцца як класы з выкладаннем польскай мовы як прадмета. Менавіта спалучэнне дзвюх умоў: беларускамоўны клас і польская мова як прадмет два гады падрад дае вынік - набіраецца 10 чалавек, і аддзел адукацыі з лёгкім сэрцам адкрывае клас.

Не вядома, ці ўвайшлі гэтыя 20 перша- і другакласнікаў лідскай 16-й школы ў справаздачы пра польскую адукацыю ў Беларусі, але дакладна вядома, што ні адна польская арганізацыя палец аб палец не выцяла, каб гэтыя класы з’явіліся. А ў Лідзе і Бярозаўцы, дзе каталіцкае насельніцтва складае каля 50 адсоткаў, дзе пераважаюць сімпатыі, а не антыпатыі да Польшчы, дзе многія бацькі глядзяць у бок польскіх універсітэтаў для сваіх дзяцей, такіх класаў можа быць далёка не адзін штогод.

Такі клас можа быць у мікрараёне Рыбіноўскага - у школе No 15 ці No 17; у мікрараёне Маладзёжным, у мікрараёне Індустрыяльным; такі клас можа быць нават у векавечна рускай школе No 8 на Расляках, такі клас можа быць у Бярозаўцы. Патрэбна агітацыйная і іншая праца польскіх арганізацый.

Таварыства беларускай мовы сваю частку працы робіць штогод.

Лідскі аддзел адукацыі, пры іхнім узроўні працы, ніколі не дапусціць, каб не было нейкага там падручніка ці выкладчыка.

Дык можа гэтыя лідскія беларуска-польскія класы і ёсць той шлях да еўрапейскай адукацыі.

У свой час ТБМ звярталася да Міністэрства адукацыі з прапановай узмацніць выкладанне моваў краін-суседзяў у нашых навучальных установах. Быў атрыманы адмоўны адказ. Але лідскі досвед паказвае - ідэя жыццяздольная.

Спалучыўшы намаганні беларускай і польскай грамадскасці мы можам хоць неяк супрацьстаяць валу русіфікацыі ў адукацыі, а можа і схіліць Міністэрства адукацыі да разумення, што рускамоўная адукацыя не дасць нашай краіне патрыётаў. Рускоўная адукацыя - гэта вада на млын “русского мира”, а не беларускага свету.

Станіслаў Суднік

спецыяльна для Таварыства беларускай мовы


← вярнуцца ў навіны